карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн. крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап.ч.СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.І.Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛО́ГІЯ РЭК, патамалогія,
раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсы, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фіз.-геагр. ўмовамі і гасп. дзейнасцю чалавека. Уключае гідраграфію рэк, вучэнні аб сцёку і рэчышчавых працэсах. Асн. кірунак — вывучэнне гідралагічнага рэжыму. На Беларусі першыя звесткі па гідралогіі рэк адносяцца да 11—12 ст. Перыядычныя назіранні за крыгаломам і замярзаннем рэк вядуцца з пач. 19 ст. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна і Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож на гідралагічных пастах. Рэгулярнаму вывучэнню гідралогіі рэк спрыялі работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873). У 1930 арганізавана гідраметэаралагічная служба Беларусі, з 1931 складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі, з 1940 водны кадастр. Даследаванні вядуцца ў Гідраметцэнтры Беларусі. Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, «Белмеліявадгасе», БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,
спецыяльныя войскі, прызначаныя для інж. забеспячэння мотастралк., танк. і інш. войск пры вядзенні імі баявых дзеянняў. Ёсць у арміях большасці дзяржаў. Упершыню створаны ў Францыі ў 17 ст., у Расіі — у пач. 18 ст. У СССР створаны ў ходзе арганізацыі Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну рабілі загароды на шляхах наступлення праціўніка, наладжвалі абарончыя рубяжы. Пры наступленні вялі інж. разведку, рабілі праходы ў загародах праціўніка, забяспечвалі фарсіраванне водных рубяжоў, замацаванне захопленых рубяжоў і інш. І.в. сучасных армій складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў рознага прызначэння: інж.-сапёрных, штурмавых, загараджальных і разгараджальных, інж.-дарожных, мостабуд., пантонна-маставых, пераправачна-дэсантных (амфібійных), пазіцыйных, маскіровачных, палявога водазабеспячэння, інж.-буд. і інш. У арміях некат. дзяржаў ёсць інж. часці для выкарыстання ядз.мін (фугасаў). Арганізацыйна І.в. ўваходзяць у склад аб’яднанняў, злучэнняў і часцей відаў узбр. сіл і рэзерву Гал. (Вярх.) камандавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́М,
плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.
Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс.т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл.Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).
Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЙНАЕ ДЗЕ́ЯННЕ,
сукупнасць фізіка-хім. працэсаў, якія прыводзяць да ачысткі паверхні розных рэчаў (звычайна валокнаў, тканіны) ад забруджванняў (тлушчу, пылу, сажы, бялковых і інш. рэчываў). Характэрнае для міцэлярных водных раствораў мылаў і сінт.мыйных сродкаў, абумоўленае іх высокай паверхневай актыўнасцю і здольнасцю стабілізаваць часцінкі забруджванняў у аб’ёме мыйнага раствору.
Уключае 2 асн. стадыі: поўнае змочванне забруджанай паверхні мыючай вадкасцю, што ажыццяўляецца пад уздзеяннем любых паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) і прыводзіць да пераходу часцінак забруджванняў у мыючы раствор, і стабілізацыя часцінак, якія ўтварыліся ў выніку адсорбцыі на іх ПАР і ўтварэння адсарбцыйна-сальватных слаёў, што прадухіляюць узбуйненне часцінак і іх паўторнае наліпанне на ачышчаную паверхню. Стабілізацыя абумоўлена міцэлаўтварэннем. Утварэнне міцэл ПАР у мыйным растворы прыводзіць да паглынання забруджванняў у працэсе салюбілізацыі (калоіднага растварэння). М.д. ўзмацняецца мех. уздзеяннем на паверхні рэчаў, якія адмываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНАЯ КІСЛАТА́, ортаборная кіслата,
слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °C борная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3∙mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́Р,
масавая гібель рыбы і інш.водных жывёл. Адбываецца пры памяншэнні колькасці растворанага ў вадзе кіслароду (да 5—30% нармальнага насычэння) або са з’яўленнем у вадзе атрутных рэчываў у выніку скідвання прамысл. неачышчаных сцёкавых вод ці змыву з сушы ядахімікатаў. Колькасць кіслароду памяншаецца ў вадаёмах, багатых арган. рэчывамі (напр., балотныя воды), у стаячых вадаёмах у перыяд інтэнсіўнага развіцця водарасцей («цвіценне» вады) і зоапланктону. З. бывае летам у начны час у ціхае цёплае надвор’е і зімой пад ільдом (пераважна са студзеня да красавіка).
З’ява З. звязана з празмерным эўтрафіраваннем вадаёмаў. Да недахопу кіслароду найб. адчувальныя некат. рыбы (ласасёвыя, асятровыя, акунёвыя), ракі, малюскі (бяззубкі, перлаўкі) і інш.; менш адчувальныя вугры, карасі, ліні, уюны, лічынкі хіранамід і інш. Папярэджваюць З. насычэннем вады кіслародам у працэсе яе аэрацыі, аховай вадаёмаў ад забруджвання і атрутных рэчываў, павелічэннем іх праточнасці. На Беларусі З. найчасцей у азёрах Палесся і р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЦЫ́ (Dytiscidae),
сямейства водных насякомых атр. цвердакрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Некат. віды знішчаюць лічынак камароў-крывасмокаў, інш. — малявак рыб. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. трапляюцца балацянік буры (Colymbetes fuscus), падводнік выразнакрапінкавы (Coelambus impessopunctatus), паласкун баразнаваты (Acilius sulcatus), П. аблямаваны (Dytiscus marginalis), ціннікі аблямаваны (Ilybius fuliginosus) і чорны (I. ater) і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 2 віды: П. найшырэйшы (D. latissimus) і глейнік невядомы (Rhantus incognitus).
Даўж. да 5 см. Цела авальнае, чорнае, інш. раз з жоўтымі плямамі або палосамі, верх крапінкавы або шчыгрынаваны. Галава шыр., вусікі 11-членікавыя, ніткападобныя. Брушка з 14 сегментаў. Заднія ногі доўгія, плавальныя, пярэднія кароткія, хапальныя. Дыхаюць паветрам, якое ўтрымліваюць пад надкрыламі. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем. Акукліваюцца ў глебе паблізу вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл.Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАКУЛЬТУ́РА,
развядзенне і таварнае вырошчванне каштоўных водных арганізмаў (рыб, ракападобных, малюскаў, водарасцяў). Адрозніваюць аквакультуру прэснаводную і марскую (марыкультуру). Вылучаюць 2 кірункі развіцця аквакультуры: вырошчванне каштоўных відаў рыб і беспазваночных з выкарыстаннем штучных кармоў і пашавае — на натуральнай кармавой базе ў паўкантралюемых умовах. У прэснаводнай аквакультуры выкарыстоўваюць штучныя і натуральныя вадаёмы, а таксама індустр. ўстаноўкі, у марыкультуры — прыбярэжную зону мораў. Існуе ў краінах з высокім тэхн. узроўнем рыбалоўства (Японія, Вялікабрытанія, Нарвегія) і краінах паўд.-азіяцкага і афр. рэгіёнаў. Сусветны прадукт аквакультуры складае 9,4—9,5 млн.т (на марыкультуру прыпадае каля 2/3; 1983—87).
На Беларусі аквакультура існуе ў выглядзе сажалкавага і азёрнага рыбаводства, развіваюцца індустр. формы рыбаводства на прамысл. прадпрыемствах. Функцыянуюць 21 сажалкавы, 6 азёрных рыбгасаў, 8 рыбагадавальнікаў; вырошчваюць карпа, сазана, карася сярэбранага, амура белага, таўсталобіка, стронгу радужную. Сярэднегадавы аб’ём сажалкавай рыбы складаў каля 18 тыс.т у 1986—90, 6 тыс.т у 1994, у азёрных гаспадарках 0,7 тыс.т, у індустр. рыбаводстве 1,4 тыс.т (1990).