АЛО́НАЎ (Яўген Піліпавіч) (1875, Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл. — 23.12.1929),
ветэрынарны ўрач, заснавальнік навук. ветэрынарыі на Беларусі. Герой працы (1924). Скончыў Варшаўскі вет.ін-т (1903). У 1913 арганізаваў першую на Беларусі вет. лабараторыю ў Віцебску, у 1914 — экспедыцыйнае абследаванне жывёлагадоўлі Віцебскай губ. Заснавальнік і з 1924 рэктар Віцебскага вет. ін-та, адначасова кіраўнік Вет. ўпраўлення Наркамата земляробства БССР. Навук. працы па аналізе вет.-сан. стану і прычынах хвароб с.-г. жывёлы на Беларусі. Ініцыятар распрацоўкі «Ветэрынарнага статута БССР», заснавання віцебскіх вет.-заалагічнага музея (1918), бат. сада, музея анатоміі, арніталогіі і энтамалогіі (1924).
Тв.:
Витебская губерния в ветеринарно-санитарном отношении (1903—1910). Витебск, 1912.
Літ.:
Вышелесский С. Е.Ф.Алонов // Бел. ветэрынарыя. 1929. № 10—12;
Сипко Н.Г. Ветеринарное образование в Белоруссии // Ветеринария. 1967. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЫКО́С (Armeniaca),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.
Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Еўропы. Засн. ў 1365 у Вене імператарам Рудольфам IV. Напачатку ў складзе ун-та былі 4 традыцыйныя ф-ты: вольных мастацтваў, юрыд., мед. і багаслоўскі. У 16—17 ст.ун-т падпарадкоўваўся езуітам. У 19 ст. пачаўся яго росквіт: у 1848—70 засн. большасць навук. ін-таў і кафедраў па спец. прадметах, якія існуюць і цяпер; філас.ф-т стаў цэнтрам ідэаліст.філас. плыней — пазітывізму і эмпірыякрытыцызму. У 1922 на ф-це склаўся Венскі гурток лагічных пазітывістаў. Асаблівую вядомасць набыў мед.ф-т, дзе ў 1902—38 працаваў З.Фрэйд. Ф-ты 1969/70 навуч.г.: мед., юрыд. і паліт.Навук. філасофіі і прыродазнаўчых Навук. каталіцкай і пратэстанцкай тэалогіі. Пры ун-це астр. абсерваторыя, бат. сад, б-ка (засн. 1365).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́К ((Gay-Lussac) Жазеф Луі) (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),
французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл.Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.Ж.Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).
Літ.:
Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (Hyacinthus),
манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (H. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.
Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕГАЛО́ЎНІК (Dracocephalum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўропе, нетрапічнай Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды — З. Руйша (D. ruyschiana; занесены ў Чырв. кнігу) і З. чабаракветны (D. thymiflorum). Трапляюцца ў лясах і хмызняках, на насыпах. 7 відаў — З. аўстрыйскі (D. austriacum), малдаўскі (D. moldavica), безбароды (D. imberbe), шматколерны (D. multicolor), вузлаваты (D. nodulosum), паніклы (D. nutans) і іншаземны (D. peregrinum), — інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі. Лісце ланцэтна-лінейнае або сэрцападобнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, з двухгубым вяночкам, у несапраўдных кальчаках, збліжаных у агульныя суквецці ў пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек., тэхн., меданосныя і дэкар. расліны, выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).
Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́РГ (Camargue),
рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс.га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЁТА,
горад у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хонсю каля воз. Біва. Адм. ц. прэфектуры Кіёта. Засн. ў канцы 8 ст.; да 1868 сталіца Японіі, рэзідэнцыя імператараў. 1703 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Важны прамысл., культ., гіст. і рэліг. цэнтр Японіі. Прам-сць: маш.-буд. (асабліва эл.-тэхн. і с.-г.), каляровая металургія, тэкст., швейная, хім., шкляная, керамічная, харчовая. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сць лакавых і бронзавых вырабаў, фарфору, карункаў, вышывак, прадметаў рэліг. культу. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Мед. акадэмія, маст. школы. Нац. музей «Кіёта». Бат. сад. Помнікі яп. класічнай архітэктуры і мастацтва 8—17 ст., у т. л. комплекс старога палаца імператараў Дайдайры, Нідзё — стары замак ваен. адміністрацыі, будысцкія храмы: Сайходзі, Кінкакудзі («Залаты Храм»), Карудзі, Кіёмідзу; сінтаісцкія свяцілішчы і інш.Нац. музей сучаснага мастацтва. Гал. цэнтр нац. і міжнар. турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСЛЕ́П, анемона (Anemone),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 3 віды К.: дуброўны (A. nemorosa, нар. назва белыя пералескі), казяльцовы (A. ranunculoides, нар. назва казарост жоўты), лясны (A. sylvestris), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўзгорках, схілах яроў і берагах рэк. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны як дэкар. расліны К. японскі (A. japonica) з буйнымі бела-ружовымі кветкамі, К. карончаты (A. coronaria) з белымі, ружовымі, простымі ці махрыстымі кветкамі, К. канадскі (A. canadensis) з бела-крэмавымі кветкамі.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя, травяністыя расліны, зрэдку паўкусты. Лісце прыкаранёвае, доўгачаранковае, пальчатарассечанае або раздзельнае. Кветкі адзіночныя, правільныя на кветаносных сцёблах з 3 кальчакова размешчанымі лісткамі. Калякветнік просты, венчыкападобны з 5—20 лісцікамі. Тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Меданосныя, лек., дэкар. расліны; некат. віды ядавітыя.