ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),

здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),

1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.

2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВІВА́ННЕ БАРАДЫ́»,

старадаўні земляробчы абрад у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, выполвалі ў гэтым месцы траву, надломлівалі сцябліны, скручвалі іх з кавалачкам хлеба з соллю і прыціскалі да зямлі. Паводле павер’я, заставаліся зімаваць у гэтых каласках жыцень і інш. збожжавыя духі, якія давалі жыццё сцяблінам, напаўнялі каласы зернем. Лічылася, што сіла з «барады» перадасца зямлі і забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСТРУ́ГІ,

1) выцягнутыя ў напрамку ветру вузкія і цвёрдыя снегавыя грады даўжынёй да некалькіх метраў і вышынёй 20—30 см (часам да 1,5 м). Фарміруюцца шляхам развявання гурбаў снегу. Скорасць руху каля 5 см/с. Маюць стромкія наветраныя і пакатыя падветраныя схілы. Часцей пашыраны ў палярных абласцях.

2) Скопішчы наносаў у рэчышчы ракі ў форме прыбярэжных град, якія пры разрастанні могуць ператварыцца ў пясчаныя косы.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́МЯ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Лакнея. Да 1964 Старцавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на З ад г. Слуцк, 123 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Сярэднікі. 699 ж., 277 двароў (1997). Цэхі па перапрацоўцы драўніны і садавіны. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАЦЭНО́З (ад зоа... + цэноз),

сукупнасць жывёл, якія сумесна жывуць у вызначаным біятопе; састаўная ч. біяцэнозу. Выдзяленне З. з біяцэнозу ўмоўнае, таму што жывёлы і расліны цесна звязаны ў сваім існаванні. З. адлюстроўвае спецыфіку біяцэнозу, пры даследаванні якога часта выкарыстоўваюць даныя па З. Заканамернасці, па якіх складаюцца З., заснаваны на ўзаемасувязях жывёл паміж сабой, з інш. арганізмамі (вышэйшыя расліны, мікраарганізмы і інш.) і з неарган. асяроддзем.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЖА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Вілейка, 127 км ад Мінска. 507 ж., 223 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (пач. 20 ст.). Царква.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІРЫ́ЙЦЫ (грэч. Illyriōi),

старажытнаіндаеўрапейскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Балканскага п-ва ад узбярэжжа Адрыятычнага м. да Дуная. Найб. вядомыя з гэтых плямён істры, яподы, далматы, лібурны і інш. Пасля працяглай барацьбы І. заваяваны рымлянамі ў 1 ст. да н.э. і потым моцна раманізаваны. Канчаткова асіміляваны ў час Вялікага перасялення народаў. Нашчадкамі стараж. І. некат. вучоныя лічаць сучасных албанцаў.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПО́СТ (італьян. imposta ад лац. impono кладу на, ускладаю),

1) прафіляваная арх. дэталь над слупам, лапаткай, капітэллю калоны або прафіляваны камень сцяны, якія з’яўляюцца апорай для пяты аркі. На Беларусі вядомы з 12 ст. ў культавых збудаваннях.

2) Вертыкальны элемент (вузкі прасценак) паміж дзвярным і аконным праёмамі.

3) Дадатковы элемент аконнай і дзвярной каробак для мацавання іх глухіх частак ці стыкаў фрамугі.

С.​А.​Сергачоў.

Імпост.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫ СЦЁК,

вынас цякучымі водамі з вадазбору хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў вадзе ў выглядзе іонаў і складаюць асн. масу раствораных солей (кальцыю Ca​2+, магнію Mg​2+, натрыю Na​+, калію K​+, гідракарбанату HCO3 карбанату CO32-, сульфату SO42-, хлору Cl​) на працягу пэўнага часу. Велічыня І.с. выражаецца ў тонах (т/сут, т/мес, т/год). Сумарны І.с. у акіян 5,4 млрд. т/год.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)