полацкі князь з 988, сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёй адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаўль (цяпер г.Заслаўепад Мінскам). З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў (гл.Ізяславічы). Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых епіскапстваў (991—992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць яго пячатка з надпісам, знойдзеная пры археал. раскопках у Ноўгарадзе. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку І.У. як чалавеку і хрысціяніну, першым з усходнеслав. князёў ахарактарызаваў як кніжніка: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Пражыў не больш як 25—26 гадоў. Меў 2 сыноў: Усяслава Ізяславіча і Брачыслава Ізяславіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай Xl = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІ — ом.
З-за з’явы электрамагнітнай індукцыіэл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.
2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл.Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНАЕ ДВАЯБО́Р’Е, паўночнае дваябор’е (афіц. назва Combiné nordique паўночная камбінацыя),
від лыжнага спорту, які ўключае скачкі з 70-метровага трампліна і гонку на 15 км (да 1956—18 км) на перасечанай мясцовасці. Спаборніцтвы праводзяцца ў 2 дні: у 1-ы — скачкі (з трох у залік ідуць 2 лепшыя), у 2-гі — гонка. Вынік вызначаецца сумай балаў за абодва практыкаванні.
Як від спорту ўзнік у Нарвегіі ў канцы 19 ст. У Расіі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1912 пад Пецярбургам. З 1924 уваходзіць у праграму Алімп. гульняў, з 1925 праводзяцца спаборніцтвы Кангрэса Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту (ФІС), з 1937 — чэмпіянаты свету.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1938 (г. Віцебск), рэгулярна праводзяцца з 1962. Сярод чэмпіёнаў СССР: каманды Беларусі (1982, 1986), В.Акулаў (1986, камандны залік, таксама ўладальнік Кубка СССР, 1985), С.Давідчанка (1986, камандны залік), А.Пектубаеў (1986, камандны і асабісты залікі). Каманда спарт.т-ва «Ураджай» — чэмпіён Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫЧЫ (Medici),
славуты род, які правіў у г.Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КІ́РХА,
лютэранская царква; помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Полацк Віцебскай вобл. Закладзена ў 1775 (верагодна, драўляная, няскончана). На мяжы 19—20 ст. (з 1901 існаваў прыход) узведзена мураваная кірха. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму з боку гал. фасада далучаецца 2-ярусная чацверыковая вежа, завершаная высокім 4-схільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па вуглах, з процілеглага боку — 4-гранная апсіда з рызніцай. Гал. ўваход у 1-м ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім — круглы аконны праём. Другі ярус мае 2 злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаны ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Вуглы асн. аб’ёму на гал. фасадзе і каля апсіды завершаны пінаклямі. Бакавыя фасады напачатку мелі стральчатыя аконныя праёмы, цяпер іх форма часткова зменена. У 1926 П.к. прыстасавана пад краязнаўчы музей (зроблена прыбудова да бакавога фасада, зменена ўнутр. планіроўка). Цяпер у будынку размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,
ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст.з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.
У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл.Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ДГАШЧЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bydgoskie),
у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 10 349 км², нас. 1,1 млн.чал. (1992). Адм. ц. — г.Быдгашч. Паверхня раўнінная, ландшафт азёрны. На Пн Тухольская раўніна і Краенскае паазер’е (часткі Паморскага паазер’я), на Пд Гнезненскае і Куяўскае паазер’і (ускраіны Велікапольскага паазер’я). Пашыраны марэнны рэльеф (да 206 м над узр. м.). У сярэдняй частцы тэр. Быдгашчацкага ваяводства цягнецца стараж. Тарунска-Эберсвальдская даліна. Клімат умераны, сярэднія т-ры студз. -2,5 °C, ліп. 18 °C, ападкаў каля 550 мм за год (менш, чым на астатняй тэр. Польшчы). Гал. рэкі Вісла (з прытокамі Брда і Вда) і Нотаць (бас. Одры) злучаны Быдгашчцкім каналам. Шмат азёр ледавіковага паходжання, найб. Гопла, Хажыкоўскае, Пакоскае, вадасховішча — воз. Караноўскае. Глебы пераважна падзолістыя і бурыя, найб. урадлівыя чорныя — у Куявах. Пад лесам 30% тэр., вял. масівы на Пн (Тухольскія бары). Гаспадарка прамыслова-аграрная. Развіты маш.-буд., электронная, харч., дрэваапр. і папяровая, хім., лёгкая прам-сць. Найб.прамысл. цэнтры Быдгашч, Інавроцлаў, Хайніцы, Свеце і інш.Падс.-г. ўгоддзямі 57% тэрыторыі. Вырошчваюць на Пн жыта, авёс, бульбу, кармавыя травы, на Пдцукр. буракі, рапс, пшаніцу. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЙНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
неарганічныя рэчывы, якія маюць солі калію, растваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць для павелічэння ўрадлівасці і паляпшэння якасці с.-г. прадукцыі пераважна на дзярнова-падзолістых, пясчаных і супясчаных, тарфяна-балотных і лутавых глебах. Асабліва эфектыўныя пры ўнясенні пад бульбу, цукр. буракі, лён, грэчку, бабовыя культуры, сланечнік. Колькасць калію ў К.у. паказваюць у працэнтах аксіду калію K2O.
Найб. пашыранае ўгнаенне — хларыд калію KCl мае 58—62% K2O. ВА«Беларуськалій» вырабляе дробназярністы і грануляваны KCl, які атрымліваюць абагачэннем сільвінітавай руды флатацыйным метадам (прадукт ружовага колеру; гл.Флатацыя) ці метадам растварэння і крышталізацыі (прадукт белага колеру). Для падкормкі раслін, якім патрэбны натрый (напр., цукр. буракі), выкарыстоўваюць змешаную калійную соль (30—40% K2O), што атрымліваюць мех. змешваннем тонказдробненай сільвінітавай руды KCl-NaCl з KCl, і сырыя калійныя солі — здробненая сільвінітавая руда (12—15% K2O). Падс.-г. культуры (бульба, лён, тытунь і інш.), на якасць якіх адмоўна ўплывае залішняя колькасць хлору ў глебе, уносяць бясхлорныя К.ў. — сульфат калію K2SO4 (46—50% K2O), калімагнезія (падвойны сульфат калію-магнію) K2SO4-MgSO4 (24—27% K2O). Хім.прам-сць выпускае таксама канцэнтраваныя азотнафосфарна-калійныя комплексныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 3.7.1939, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),
бел. акцёр і рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961), Ленінградскі ін-тт-ра, музыкі і кінематаграфіі (1967). Працаваў акцёрам у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1961—64), гал. рэжысёрам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і маст. кіраўніком у Гомельскім (1967—68), Магілёўскім (1970—75), Гродзенскім (1975—81) абл.драм. т-рах, Т-ры юнага гледача Беларусі (1983—89), Бел.рэсп. т-ры драмы і камедыі (1989—91), Брэсцкім рус.драм. т-ры (1991—93), у абл.драм. т-рах Бранска, Пскова, Ноўгарада. З 1993 маст. кіраўнік Гомельскага абл.драм.т-ра. Сярод роляў: Барыс Мякішаў («Пад адным небам» А.Маўзона), Шкаляр («Несцерка» В.Вольскага), Васіль Забалотны («У дзень вяселля» В.Розава) і інш.; пастановак: у Гомельскім т-ры — «Мяшчане» М.Горкага і «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча (1967); у Магілёўскім т-ры — «Паўлінка» Я.Купалы і «Клоп» У.Маякоўскага (1971), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1972); у Гродзенскім т-ры — «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага і «Беспасажніца» А.Астроўскага (1975), «Зыкавы» М.Горкага (1979); у Т-ры юнага гледача — «Паядынак» М.Матукоўскага і «Асоль» паводле аповесці А.Грына «Пунсовыя ветразі» (1984) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,
цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл.Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).
Літ.:
Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.