КАНЬЯ́К (па назве г. Каньяк),

моцны алкагольны напітак (40—60 аб’ёмных працэнтаў спірту), прыгатаваны з каньячнага спірту. Каньячны спірт атрымліваюць перагонкай сухіх (пераважна белых) вінаградных він і далейшай вытрымкай яго ў дубовых бочках. Пры вытрымцы каньячны спірт абагачаецца дубільнымі рэчывамі і набывае характэрныя для К. смак і колер.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МНЫЯ ЧЫНЫ́,

службовыя асобы ў Рускай дзяржаве ў канцы 15—17 ст.баяры, акольнічыя, думныя дваране і думныя дзякі, якія мелі права ўдзельнічаць у пасяджэннях Баярскай думы і ў рабоце думскіх камісій. Д. ч. займалі вышэйшыя пасады пры двары, удзельнічалі ў дыпламат. перагаворах, разбіралі месніцкія спрэчкі і інш.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. deletio знішчэнне),

тып храмасомнай перабудовы, у выніку якой выпадае ўнутр. ўчастак генет. матэрыялу. Плячо храмасомы з вял. Д. становіцца карацейшым, а сегмент, што выпаў, можа ўтварыць ацэнтрычнае кальцо, якое пры дзяленні клеткі знішчаецца (элімінуецца). Памеры Д. ад некалькіх нуклеатыдных пар да фрагментаў, што маюць некалькі генаў.

т. 6, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчэння паміж паралельнымі валамі пры дапамозе двух жорстка замацаваных на іх зубчастых колаў, праз якія перакінуты бясконцы ланцуг. Гарантавана ад праслізгання, мае даволі высокі (да 0,96—0,97) ккдз. Выкарыстоўваецца ў транспартных, сельскагаспадарчых і інш. машынах.

Ланцуговая перадача: 1 — бясконцы ланцуг; 2, 3 — зорачкі.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСКУНО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (4.5.1911, в. Станіславова Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). У Чырв. Арміі з 1930. З 1945 на 2-м Далёкаўсх. фронце. Падпалкоўнік Л. вызначыўся 11.8.1945 пры авалоданні вузлом супраціўлення яп. войск. Памёр ад ран.

М.А.Ласкуноў.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАРУ́КАСЦЬ,

пераважнае карыстанне левай рукой пры выкананні розных дзеянняў. Абумоўлена генетычна дэтэрмінаваным дамінаваннем правага (а не левага, як у праўшы) паўшар’я галаўнога мозга. Выяўляецца ў канцы першага года жыцця. Назіраецца ў 1—7% людзей. Леварукія дзеці ў фіз. і псіхічным развіцці не адстаюць ад праварукіх, насільнае перавыхаванне не рэкамендуецца.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОДАМІНА́НТНАСЦЬ [ад лац. со (cum) з, разам + дамінантнасць],

удзел абодвух алеляў генаў у вызначэнні адзнакі ў гетэразіготнай асобіны; прыватны выпадак дамінантнасці. Прадукты, што сінтэзуюцца пад кантролем абодвух алеляў здольны незалежна ўплываць на выяўленне адзнакі або ўзаемадзейнічаць паміж сабой (напр., узаемадзеянне алеляў пры вызначэнні групы крыві ў чалавека і жывёл).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ЦІН (Яфім Ізраілевіч) (2.9.1913, г. Магілёў — 23.8.1965),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскае ваен.-паліт. вучылішча імя Энгельса (1944). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1942 на Варонежскім, Сцяпным франтах. Мінамётны ўзвод на чале з сяржантам З. вызначыўся 24—25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг (Украіна).

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЖА́,

від ападкаў атмасферных у выглядзе вельмі дробных (дыяметр менш за 0,5 мм) кропель дажджу. Выпадае з слаістых, слаіста-кучавых воблакаў і туману. Пры адмоўных т-рах І. можа выпадаць у пераахалоджаным стане, замярзаць на паверхні зямлі і ўтвараць галалёдзіцу. На тэр. Беларусі бывае 20—40 сут за год.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМХАТЭ́П старажытнаегіпецкі архітэктар, вучоны, вярхоўны саноўнік (каля 28 ст. да н.э.). Жыў у г. Мемфіс. Кіраўнік усіх буд. работ пры фараоне Джосеры. Стварыў новы тып велічнай царскай грабніцы — ступеньчатую піраміду (выш. 60 м) і памінальны храм Джосера ў Сакары. Першы дэкарыраваў пабудовы паўкалонамі развітых маст. форм.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)