СПА́ДЧЫННАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія ўстанаўліваюць парадак пераходу правоў і абавязкаў памерлай асобы па праве атрымання спадчыны; частка цывільнага права. Вызначае падставы атрымання ў спадчыну (паводле закону і завяшчання): час і месца адкрыцця спадчыны; што пераходзіць па спадчыне; хто можа быць спадчыннікам; пераход права на прыняцце спадчыны і адмовы ад яе; прад’яўленне прэтэнзій крэдытораў спадчынадаўцы; ахова і раздзел спадчыннай маёмасці; парадак прыняцця спадчыны; выдача пасведчання аб праве на спадчыну і інш. С.п. забяспечвае бесперашкодны пераход права ўласнасці і інш. маёмасных правоў памерлага да яго спадчыннікаў. Нормы С.п. Рэспублікі Беларусь змешчаны ў цывільным кодэксе.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАФО́ІД,

група радкоў вершаванага твора з вольнай рыфмоўкай або без яе, завершаных па інтанацыйна-сінтаксічным малюнку і па думцы. С. ў большай ступені, чым строфы, валодаюць унутранай сэнсавай цэльнасцю і завершанасцю, бо характар С. вызначае не колькасць радкоў або парадак рыфмаў (як у строфах), а логіку разгортвання вобразна-паэт. думкі:

О, як лёгка ісці,
Адчуваючы матчыны рукі,
Адчуваючы крылы юнацтва,
Адчуваючы плечы каханай!
І як цяжка цягнуцца,
У далонях трымаючы толькі
Кульбаку ўспамінаў.
(М.​Танк. «...О, як лёгка ісці»)

Найб. часта С. сустракаюцца ў пазаметрычных вершах (дольнік, тактавік, Свабодны верш).

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУК Васіль Аляксандравіч (н. 23.11.1949, г. Валожын Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). З 1974 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі. З 1990 у Гродзенскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні трыбатэхн. з’яў пры стварэнні і эксплуатацыі металапалімерных сістэм, па тэхналогіі і матэрыялазнаўстве палімерных нанакампазітаў, функцыянальных матэрыялаў на аснове сумесей палімераў.

Тв.:

Материалы на основе ненасыщенных полиэфиров. Мн., 1990 (разам з Г.​Г.​Калягай);

Ингибиторы изнашивания металлополимерных систем. М., 1993 (разам з В.​А.​Гальдадэ, С.​С.​Пясецкім).

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫЛІХО́Н (Stilicho) Флавій (каля 365—22.8.408),

рымскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Па паходжанні вандал. Вызначыўся на ваен. і дыпламат. службе пры імператару Феадосію I. З 394 галоўнакамандуючы войскамі імперыі. Пасля смерці Феадосія I (395) прызначаны апекуном малалетняга імператара Ганорыя; фактычны правіцель Зах. Рым. імперыі ў 395—408. Вёў паспяховую барацьбу з варварамі ў Брытаніі, імкнуўся ўмацаваць межы па Рэйне і Дунаі. У 401 адбіў нападзенне вандалаў і аланаў. У 402—403 пад Паленцыяй і Веронай разбіў вестготаў на чале з Аларыхам I, у 406 — остготаў. Забіты ў Равене паводле загаду Ганорыя.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБО́ТНІЦКІ КАСЦЁЛ СВЯТО́ГА УЛАДЗІСЛА́ВА,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1904—07 з цэглы па фундацыі графа У.​Умястоўскага. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, 5-гранная апсіда — вальмавым, сім. сакрысціі — 2-схільнымі дахамі. Масіўная 3-ярусная вежа на гал. фасадзе завершана высокім шатром. Сцены рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, аконныя праёмы маюць стральчатыя і арачныя завяршэнні. Па баках вежы — невял. гранёныя аб’ёмы. У Вял. Айч. вайну быў часткова разбураны. У 1947 адноўлены, накрыты чарапіцай, у 1972 перакрыты бляхай.

Т.​В.​Габрусь.

Суботніцкі касцёл святога Уладзіслава.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНФІ́ЛЬЕЎ Гаўрыла Іванавіч (6.3.1857, Талін — 4.9.1928),

расійскі географ, батанік і глебазнавец, заснавальнік айчыннага балотазнаўства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883). З 1885 у дэпартаменце земляробства, удзельнік шматлікіх экспедыцый па Расіі. З 1895 у Пецярбургскім бат. садзе і адначасова ў Пецярбургскім ун-це. З 1905 праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе. Навук. працы па геаграфіі (у т. л. «Геаграфія Расіі», т. 1—4, 1916—24), занальнасці расл. покрыва, балотах і тарфяніках Палесся, морах СССР. Развіваў ідэі В.В.Дакучаева аб прыродных зонах, прапанаваў схему фіз.-геагр. раянавання еўрап. ч. Расіі (1897) і ўсёй Расіі (1903). Яго імем названы адзін з Курыльскіх а-воў.

т. 15, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́НАВА КАЛО́НА,

узведзена імператарам Траянам у Рыме ў 111—114. Архітэктар — грэк Апаладор з Дамаска. Мармуровае збудаванне вышынёй 38 м складаецца з кубічнага цокаля, базы і ствала калоны з капітэллю рымска-дарычнага ордэра. Першапачаткова Т.к. была ўвенчана бронзавым арлом, пазней — статуяй Траяна, з 1587 — статуяй апостала Пятра. Ствол Т.к. пакрываюць размешчаныя па спіралі выкананыя з вял. майстэрствам рэльефы (агульная даўжыня 200 м, вышыня 1 м), якія адлюстроўваюць вайну Траяна з дакамі. Т.к. — каштоўная крыніца звестак па гісторыі побыту і ваен. тэхнікі рымлян і дакаў; на ёй паказаны каля 2500 чал.

Да арт. Траянава калона. Агульны выгляд і фрагмент рэльефаў.

т. 15, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ДЗЕНЬ,

прамежак часу ў сем сутак. Існуе амаль ва ўсіх календарах. Уведзены на Стараж. Усходзе. У 1 ст. н. э. запазычаны рымлянамі. 7 дзён Т. атаясамлівалі з вядомымі ў той час 7 планетамі. Субота была названа днём Сатурна, а наступныя па парадку — днём Сонца, Месяца, Марса, Меркурыя, Юпітэра, Венеры. Бел. назвы паказваюць парадак дзён на Т. пасля нядзелі (дня, калі «не дзелаюць», г. зн. не працуюць): панядзелак (адразу «па нядзелі»), аўторак (уторы, г. зн. другі), серада (сярэдзіна Т.), чацвер (чацвёрты), пятніца (пяты); выключэнне — субота [ад стараж.-яўр. сабат (шабаш) — адпачынак, канец працы).

т. 16, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНІ́ЧНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ ПРА́ЦЫ,

спецыяльныя органы прафсаюзаў, якія ажыццяўлялі нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, правіл і норм па яе ахове. З утварэннем Камітэта па інспекцыі працы пры Мін-ве працы Рэспублікі Беларусь 11.4.1997 функцыі Т.і.п. перайшлі да дзярж. інспектараў працы, якім дадзены правы правяраць на аб’ектах наймальніка выкананне заканадаўства аб працы, становішча бяспекі і гігіены працы, ажыццяўляць праверкі мін-ваў і інш. органаў дзярж. кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў і наймальнікаў, выдаваць наймальніку і службовым асобам адпаведныя прадпісанні аб устараненні парушэнняў, накладваць на іх штрафы за парушэнне заканадаўства і да т.п.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́ЛД (Wald) Джордж (18.11.1906, Нью-Йорк, ЗША — 1997),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Нац. АН ЗША (1950), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Вашынгтонскі каледж Нью-Йоркскага ун-та (1927), Калумбійскі ун-т (1932, д-р філасофіі). З 1932 чл. Нац. даследчага савета ЗША, з 1934 у Гарвардскім ун-це (у 1948—68 праф. біялогіі). Навук. працы па біяхіміі, фізіялогіі і эвалюцыі зроку, па пытаннях узнікнення жыцця і біял. эвалюцыі. Выявіў шлях распаду (прыроду выцвітання) радапсіну, адкрыў вітаміны рэцінол (A1) дэгідрарэцінол (A2) у рэцэптарах сеткаватай абалонкі вока. Нобелеўская прэмія 1967 (з Р.А.Гранітам і Х.К.Хартлайнам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Дж.Уолд.

т. 16, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)