адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч.прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім.прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАМБІ́К (Moçambique),
Рэспубліка Мазамбік (República de Moçambique), дзяржава на ПдУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на З з Малаві, Замбіяй і Зімбабве, на ПдЗ з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У абмываецца Мазамбікскім пралівам Індыйскага ак.Пл. 802 тыс.км². Нас. 18 641 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г.Мапуту. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. М — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу прадстаўнікоў, які складаецца з 250 дэпутатаў, выбраных насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прызначаны прэзідэнтам урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. М. выцягнута ўздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. на 3 тыс. км. Берагавая лінія на Пн ад г. Мазамбік расчлянёная, берагі невысокія, але скалістыя і стромкія, на Пд — нізкія, плоскія, забалочаныя, з пясчанымі пляжамі і мангравымі зараснікамі. Усх. частка краіны занята ўзгорыстай, месцамі забалочанай Мазамбікскай нізінай (шыр. ад 80 км на Пн да 400 км на Пд). На Пн размешчана частка Усх.-Афр. пласкагор’я з плато Ньяса і Мазамбікскім (выш. да 2419 м), на З — плато Матабеле (г. Бінга, 2436 м — найвышэйшы пункт М.), складзеныя з гранітаў і гнейсаў, моцна парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж мяжы з ПАР — вулканічныя горы Лебомба. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., танталавыя, тытанавыя, медныя, берыліевыя, і літыевыя руды, баксіты, фасфарыты, золата, прыродны газ, азбест, вапнякі, мармур, каштоўныя камяні. Клімат на Пн субэкватарыяльны, на Пд трапічны. Сярэднія т-ры студз. на Мазамбікскай нізіне 26—30 °C, ліп. 15—20 °C, на пласкагор’і — ніжэй на 3—5 °C. Ападкаў за год 750—1000 мм на пласкагор’і і на Пд Мазамбікскай нізіны, да 1500 мм на Пн. Вільготны сезон з ліст. да крас.—мая. Буйныя рэкі: Замбезі, Лімпопа, Саві, Рувума, парожыстыя на плато і суднаходныя на нізіне. У межах М. ўсх. бераг воз. Ньяса (Малаві). Вадасховішча Кабора-Баса. Пераважаюць чырвона-бурыя глебы саваннаў, на паўн. плато — карычнявата-чырвоныя глебы сухіх лясоў, у далінах рэк — алювіяльныя. Расліннасць — саванны, на Пн рэдкалессі, на высокіх участках плато горныя лясы, па берагах буйных рэк вечназялёныя галерэйныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў; шматлікія віды пальмаў. У жывёльным свеце сланы, антылопы, зебры, насарогі, львы, леапарды, гіены і інш.Нац. паркі: в-ваў Мазамбік (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Гарангоса, Баньіне, Зінаве, Базарута, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 99,6% складаюць народы моўнай сям’і банту. на ПнУ краіны жывуць макуа, на Пд ад ракі Саві — тсонга, у бас.р. Замбезі і ў раёне воз. Ньяса — малаві, у міжрэччы Саві і Замбезі — шона. Выхадцы з Еўропы і Азіі жывуць пераважна ў гарадах (партугальцы, індыйцы, пакістанцы). Асн. частка афр. насельніцтва (50%) — прыхільнікі мясц.традыц. культаў, 30% — хрысціяне (католікі), 20% — мусульмане. Прырост насельніцтва 2,6%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены раёны на Пд і ўздоўж узбярэжжа. У гарадах жыве 35% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Мапуту — больш за 1200, Бейра — каля 350, Нампула — каля 250.
Гісторыя Найб.стараж. насельніцтва М. — бушмены і гатэнтоты, выцесненыя ў 5—8 ст. плямёнамі банту. З 8 ст. сюды праніклі арабы, якія заснавалі на ўзбярэжжы М шэраг гандл. цэнтраў. Да пач. 2-га тыс. ў міжрэччы Замбезі — Лімпопа склалася дзярж. ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вял. гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі. У 1498 М. наведаў партуг. мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны 16 ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы М. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пач. 18 ст.; у 16—19 ст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 партуг. ўладанні ў паўд.-ўсх. Афрыцы аб’яднаны ў адзімую калонію М. На працягу 19 ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая была заваявана ў пач. 20 ст. У 1951 М. абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 — яе «заморскім штатам». Грамадз. правамі карысталася толькі невял. група т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 на базе нац.-вызв.афр. арг-цый створаны Фронт вызвалення М. (ФРЭЛІМО) на чале з Э.Мандлане (з 1969 — С.Машэлам). У 1964 ФРЭЛІМО пачаў узбр. паўстанне супраць партуг. панавання і да 1974 кантраляваў значную ч. М. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў вер. 1974 паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада М. 25.6.1975 абвешчана Нар. Рэспубліка М. (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. У 1977 ФРЭЛІМО ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977), узяты курс на пабудову ў М. сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да пагаршэння эканам. становішча М. і росту незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэр.Паўд. Радэзіі (цяпер Зімбабве) Мазамбікскага нац. супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А.Длакамам, якое пачало ўзбр. барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваен. дзеянняў 1977—92 загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2 млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканам. рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 Ж.А.Чысана. У 1989 ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 дзейнічае новая канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. У кастр. 1992 падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у паліт. партыю. На ўсеагульных выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана зноў выбраны прэзідэнтам М. Дзейнічаюць паліт. партыі: партыя ФРЭЛІМО, Мазамбікскае нац. супраціўленне (РЭНАМО), Дэмакр. саюз. М. — член ААН (з 1975), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці (з 1995).
Гаспадарка. М. — аграрная краіна. З 1987 адбываецца пераход да рыначных адносін у эканоміцы. Праграма эканам. аднаўлення накіравана на развіццё сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і лёгкай прам-сці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. каля 670 дол. ЗША (1994). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае 46% ВУП. У ёй занята каля 80% эканам. актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца каля 4% тэрыторыі, пераважае лядна-агнявое земляробства. Асн. экспартныя культуры: бавоўнік (вырошчваюць у правінцыях Замбезія, Нампула, Сафала, Кабу-Дэлгаду), арэх кэш’ю (уздоўж узбярэжжа), цукр. трыснёг (даліна Замбезі), цытрусавыя, чай, какосавая пальма, сізаль, джут, тытунь. Для ўнутр. патрэб вырошчваюць кукурузу (збор 734 тыс. т, 1995), рыс (113), сорга (243), батат (72), маніёк (4,2 млн. т), арахіс, сланечнік, бананы, памідоры, фасолю, садавіну. Асн. відамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 10%. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ (Газа, Мапуту). Пагалоўе (млн. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 1,28, авечак — 0,21, коз — 0,38, свіней — 0,16. Вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — 38, свініны — 13, мяса птушкі — 29, каровінага малака — 59, казінага малака — 10. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Улоў рыбы і крэветак каля 30 тыс. т штогод. Развіта лясная гаспадарка, у т. л. нарыхтоўка драўніны каштоўных парод дрэў (эбенавае, жалезнае, ружовае). На долю прам-сці прыпадае каля 27% ВУП. У сувязі са спадам вытв-сці большая ч. прадпрыемстваў працуе на 10—40% магутнасці. Вядучая галіна — горназдабыўная. Вядзецца здабыча (тыс. т) каменнага вугалю — каля 30, баксітаў — каля 20, танталавай і жал. руды, каштоўных і паўкаштоўных камянёў (гранат, ізумруд, аквамарын, тапаз і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 465 млн. кВт гадз пераважна на ГЭС. Больш за 50% электраэнергіі экспартуецца з ПАР. Харч.прам-сць (цукр., алейная, мукамольная, кансервавая, рыбная, мясная) працуе на мясц. сыравіне. Асн. цэнтры: Мапуту, Бейра, Шымойо. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (перапрацоўка і вытв-сць вырабаў з бавоўны, копры, сізалю, джуту), трыкат., абутковая. Прадпрыемствы ў Шымойо, Нампуле, Мапуту, Бейры, Накале. Хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць угнаенняў, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, сернай к-ты, аўтапакрышак) у Мапуту і Бейры. Дрэваапр.прам-сць развіта ў Мапуту, Бейры, Нампуле (мэблевая) і ў Іньямінзе (цэлюлозна-папяровая). Ёсць невял. прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр.прам-сці па вытв-сці і рамонце трансп. сродкаў. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент) у Мапуту, Накале і інш.Даўж. чыгунак 4 тыс. км, аўтадарог 36 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км, водных шляхоў 3,8 тыс. км. Асн.трансп. магістралі служаць для транзітных перавозак паміж партамі М. і суседнімі краінамі. Гал. марскія парты: Мапуту, Бейра, Накала, Келімане. Міжнар. аэрапорты ў Мапуту і Бейры. Нафтаправод Бейра—Мутарэ (Зімбабве). Экспарт (150 млн.дол. ЗША, 1994): крэветкі, арэхі кэш’ю, бавоўна, цукар, копра, чай, цытрусавыя, драўніна, каксавальны вугаль, танталавы канцэнтрат.
Імпарт (1 млрд.дол. ЗША, 1994): нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, прамысл. сыравіна, тэкстыль, спажывецкія і харч. тавары. Асн.гандл. партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, Партугалія, Іспанія. Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляюцца пераводы ад мазамбікцаў, якія працуюць у ПАР, і зборы ад транзітных грузаў. Грашовая адзінка — метыкал.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мазамбіка.Да арт.Мазамбік. Цэнтральная частка г. Мапуту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МБІЯ (Zambia),
Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч.Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс.км². Нас. 8936 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.
Сталіца — г.Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.—крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.—кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд.ч.воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн.кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).
Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.
Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст.н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр.арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр.нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.Чылуба стаў прэзідэнтам.
У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.
Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс.т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс.т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд.кВтгадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс.кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр.з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс.т, фосфарных — 19,2 тыс.т, калійных — 8,3 тыс.т, цукру — 150 тыс.т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс.м³, паперы і кардону — 4 тыс.т, цэменту — 376 тыс.т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл.с.-г. зямель каля 7 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сцьхарч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс.т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс.т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс.т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс.км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд.дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.
Літ.:
Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;
Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Замбіі.Да арт.Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНІКО́ЎСКІ (Тодар Міхайлавіч) (1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),
бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел.нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл.Бел.нац.к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл.Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв.т-ва «Заранка», адміністратар Бел.т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-та па беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв.т-ва «Прасвета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДА́, аксід вадароду,
найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх 1H216O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл.Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.
Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH−), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.
Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт.Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (ВПК),
альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л. Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн.чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв.сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУМАВА́ННЕбетону,
выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаўнды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч.прам-сці.
Устаноўка для вакуумавання вадкіх і паўвадкіх матэрыялаў: 1 — бак; 2 — вакуумавальная вадкасць; 3 — награвальныя элементы электрападагрэву; 4 — прыстасаванне для перамешвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУММЕ́ТР,
прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч.прам-сці.
Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.
М.І.Дудо.
Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ЎСК,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. За 37 км ад Сянна, 42 км ад Віцебска. Чыг. ст. Багушэўская на лініі Віцебск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Сянном, Віцебскам, Оршай. 4,5 тыс.ж. (1995).
У 19 ст. вядомы як фальварак Багушэўка, дзе ў 1854—84 працаваў бровар. З пабудовай чыгункі Віцебск—Жлобін (1903) — чыг. ст. Багушэўская, вакол якой вырасла мяст. Багушэўск (Серакаротненская вол. Аршанскага пав.). З 1924 мястэчка Аршанскай акр. У 1926 у Багушэўску 1176 ж., у 1939 дзейнічалі арцель гнутай мэблі «Праца» (44 рабочыя) і вінзавод (34 рабочыя). З 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл., у 1939 было 3,3 тыс.ж. З ліп. 1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў сувязі з блізкасцю да лініі фронту ператварылі Багушэўск у 1943 у апорны вузел абароны; тут адбыўся Багушэўскі бой 1941. У 1924—31, 1935—60 цэнтр Багушэўскага раёна, з 1960 у Сенненскім раёне.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч.прам-сці і па сац.-быт. абслугоўванні. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў. Помнік у гонар войскаў 20-й арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arcansas),
штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс.км², нас. 2424 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра (у г. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.