ТЭРМАЭЛЕМЕ́НТ,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную ці электрычнай энергіі ў цеплавую, дзеянне якой грунтуецца на адной з тэрмаэлектрычных з’яў.

Складаецца з 2 разнародных эл. праваднікоў ці паўправаднікоў, злучаных (пайкай або зваркай) у адным месцы. Т., якія пераўтвараюць цеплавую энергію ў электрычную, заснаваны на Зеебека з’яве. Калі кантакты Т. падтрымліваюць пры розных т-рах, то ў ланцугу ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, а пры замыканні ланцуга — эл. ток. Такія Т. найб. пашыраны для вымярэння т-ры (гл. Тэрмапара) і інш. фіз. велічынь, вымярэнне якіх можна звесці да вымярэння т-ры: сілы пераменнага току, патоку праменнай энергіі, вільготнасці, ціску газу, скорасці патоку вадкасці ці газу і інш.; выкарыстоўваюцца таксама для стварэння тэрмаэлектрычных генератараў.

Дзеянне Т., якія пераўтвараюць эл. энергію ў цеплавую, заснавана на Пельцье з’яве. Пры прапусканні эл. току праз Т. на адным з яго кантактаў адбываецца паглынанне, на другім — вылучэнне цяпла. На такіх Т. заснавана работа халадзільнікаў, кандыцыянераў, тэрмастатаў тэрмаэл. тыпу.

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗМАЦНЕ́ННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫХ ВАГА́ННЯЎ,

павелічэнне інтэнсіўнасці эл. ваганняў пры захаванні іх формы (частотнага спектра, фазавых суадносін і інш.). Ажыццяўляецца з дапамогай электронных узмацняльнікаў за кошт энергіі дапаможнай (кіравальнай) крыніцы пастаяннага току ці энергіі інш. эл. ваганняў.

Адбываецца пры ўздзеянні зыходных ваганняў на крыніцу сілкавання праз электравакуумную ці паўправадніковую прыладу (электронную лямпу, транзістар, тунэльны дыёд, варыконд, мікрасхему і інш.). Узмацненне ваганняў з частатой, блізкай да нуля, ажыццяўляецца ўзмацняльнікамі пастаяннага току, якія бываюць прамога ўзмацнення і з пераўтварэннем частаты (уваходны сігнал пераўтвараецца ў нізка- ці высокачастотны з амплітудай, прапарцыянальнай велічыні зыходнага сігналу). Узмацненне сігналаў больш высокіх частот робіцца ўзмацняльнікамі нізкай (гукавой), высокай і звышвысокай частаты.

Схема ўзмацнення электрычных ваганняў: 1 — крыніца сігналу; 2 — узмацняльнік; 3 — крыніца сілкавання; 4 — нагрузка; ei — крыніца ваганняў, якія ўзмацняюцца, з унутраным супраціўленнем Ri; Rн — супраціўленне нагрузкі; I1 Uув, P1 — ток, напружанне і магутнасць на ўваходзе ўзмацняльніка; I2, Uвых, P2 — на выхадзе ўзмацняльніка; P0 — магутнасць крыніцы сілкавання.

т. 16, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМО́ЎНАЕ АСУДЖЭ́ННЕ,

адна з мер крымінальна-прававога ўздзеяння, прадугледжаная крымінальным правам Рэспублікі Беларусь. Калі пры назначэнні пакарання асобе, якая ўпершыню асуджаецца за злачынства да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў або да накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, суд з улікам характару і ступені грамадскай небяспечнасці ўчыненага і асобы вінаватага, інш. акалічнасцей справы прыйдзе да пераканання, што мэты крымін. адказнасці могуць быць дасягнуты без адбыцця назначанага пакарання праз ажыццяўленне кантролю за паводзінамі асуджанага, ён можа пастанавіць аб умоўным непрымяненні назначанага пакарання з абавязковым указаннем у прыгаворы матываў прынятага рашэння. У гэтым выпадку суд пастанаўляе не прыводзіць у выкананне назначанае пакаранне, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну асуджаны не ўчыніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязацельствы. Выпрабавальны тэрмін назначаецца ад 1 да 3 гадоў. Калі ўмоўна асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не даказаў свайго імкнення выправіцца ці ўчыніў новае злачынства, ён можа быць накіраваны для адбыцця назначанага пакарання з улікам пакарання за новае злачынства.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХОДНЕСЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,

група славянскіх моў, якая ўключае беларускую мову, рускую мову, украінскую мову. Гістарычна праз стадыю старажытнарускай мовы ўзыходзяць да праславянскай мовы. Ва У.м. шмат агульных рыс, разам з тым у іх выяўляюцца многія спецыфічныя графіка-арфаграфічныя, грамат. і лексічныя асаблівасці, якія можна прызнаць тыповымі для 2 з 3 моў або для кожнай мовы паасобку. Сярод агульных рыс У.м. — вял. пласт агульнай лексікі, аднолькавыя змяненні праслав. злучэнняў *вj, *pj, *mj у вl, рl, ml (праславянскае *zemja→бел. «зямля», рус. «земля»), *tolt, *tort (дзе t любы зычны) у поўнагалосныя формы (праслав. *goldъ→рус. «голод»), праслав. *dj→ž, *tj→č (праслав. *mеdjа→бел. «мяжа»), праясненне рэдукаваных ъ, ь у моцнай пазіцыі ў «о», «е» (старажытнарус. «сънъ»→бел., укр., рус. «сон») і інш. Графіка У.м. засн. на кірыліцы. Азбукі сучасных У.м. у аснове сваёй супадаюць, адрозніваюцца толькі некат. асаблівасцямі. Вылучэнне асобных моў у межах усх.-слав. групы адбылося ў 14—15 ст.

Літ.:

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 16, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́БУЛА (ад лац. fabula паданне, байка, казка, апавяданне),

сістэма знешняга дзеяння ў творы, якая можа перадавацца немаст. спосабам, пераказвацца. З’яўляецца падзейнай схемай сюжэта, пакідаючы па-за ўвагай нязначныя моманты знешняга дзеяння. У літ.-знаўстве служыць для канкрэтызацыі зместу твора. Ствараецца ўчынкамі, паводзінамі, дыялогамі персанажаў. Залежыць ад жанру, індывід. маст. стылю твора. Характэрна для эпічных і драм. твораў. Моцная Ф. ў творах з вострай інтрыгай, дзе характары герояў раскрываюцца праз іх справы (творы Я.​Маўра, І.​Шамякіна, У.​Караткевіча). Вострую Ф. практыкавалі рамантыкі, каб дасягнуць маст. кантрастнасці, выявіць незвычайнае ў жыцці, эмацыянальна ўздзейнічаць на чытача. У рэаліст. л-ры Ф. значна нейтралізуецца багаццем фактуры У сучаснай бел. прозе Ф. выяўляецца досыць скупа (творы І.​Пташнікава, А.​Жука, В.​Адамчыка, В.​Карамазава, І.​Чыгрынава і інш.).

Літ.:

Кожинов В. Сюжет, фабула, композиция // Теория литературы: Основные пробл в ист. освещении. М., 1964;

Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар. Мн., 1981.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 16, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНІКІ́ЙСКІЯ ПАДАРО́ЖЖЫ,

сукупнасць найб. значных падарожжаў фінікійцаў у 15—5 ст. да н.э. З’яўляюцца адной з крыніц геагр. ведаў чалавецтва. Фінікійцам належыць прыярытэт у адкрыцці і даследаваннях Зах. Міжземнамор’я. Да 15 ст. да н.э. яны плавалі да берагоў Крыта, адкрылі а-вы Эгейскага м., паўд. бераг Балканскага п-ва, в-аў Сіцылія, Балеарскія а-вы, Мальту, паўн. бераг Афрыкі, паўд.-ўсх. бераг Пірэнейскага п-ва. На мяжы 12—11 ст. да н.э. выйшлі ў Атлантычны ак., адкрылі зах. бераг Пірэнейскага п-ва. У 6—5 ст. да н.э. першыя з народаў Міжземнамор’я дасягнулі берагоў Брытаніі (падарожжа Гамількі да «Алавяных астравоў»), плавалі ўздоўж зах. берага Афрыкі. Самае значнае іх падарожжа ў канцы 7 ст. да н.э. — экспедыцыя па даручэнні егіп. цара Неха: за 3 гады яны абагнулі Афрыку і вярнуліся праз Гібралтарскі праліў («слупы Мелькарта»), здзейсніўшы плаванне больш як за 2 тыс. гадоў да Васка да Гамы.

Літ.:

Шифман И.Ш. Финикийские мореходы. М., 1965.

т. 16, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЮС (ням. Fluß літар. — паток, цячэнне),

дапаможны матэрыял, які выкарыстоўваецца пераважна ў металургічных працэсах, пры зварцы і пайцы.

У металургіі Ф. уводзіцца ў шыхту для забеспячэння вадкацякучасці, рафіновачнай здольнасці і інш. спец. уласцівасцей шлаку. Бываюць Ф. асноўныя (вапна, магнезія), кіслыя (крэменязём) і нейтральныя (гліназём, флюарыт). У ліцейнай вытворчасці Ф. (вапняк, флюарыт, даламіт, бура, крыяліт, кварцавае шкло і інш.) засыпаюць у вагранку ці інш. плавільную печ, каб выдаліць з металу шкодныя дамешкі серы і фосфару. Зварачны Ф. паляпшае якасць зварнога шва. Пры газавай і кавальскай зварцы выкарыстоўваюць буру, борную к-ту, хларыды, фтарыды, у якіх раствараюцца аксіды; пры электрашлакавай зварцы — здробнены, звычайна зярністы матэрыял складанага саставу, праз які прапускаюць эл. ток і атрымліваюць цеплату для нагрэву зварных дэталей. Пры пайцы Ф. у выглядзе парашку або пасты (хларыд цынку, хларыд амонію, каніфоль, бура і інш.) выкарыстоўваюць для ачысткі паверхняў, якія спайваюць, ад аксідаў і забруджванняў, прадухілення ўтварэння аксідаў у працэсе пайкі і г.д.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́НДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

грашовыя або матэрыяльныя сродкі, прызначаныя для падтрымання ўзнаўленчага працэсу, адаптацыі ў канкурэнтным асяроддзі, павышэння канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, абнаўлення тэхналогій, стымулявання працы работнікаў і інш. Ствараюцца ў працэсе размеркавання балансавага прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг. Прадпрыемства само размяркоўвае частку прыбытку, якая застаецца пасля абавязковых плацяжоў у бюджэт, але дзяржава можа ўплываць на размеркаванне праз стымуляванне падатковымі льготамі інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, фінансавання прыродаахоўных і дабрачынных мерапрыемстваў і інш. Парадак размеркавання прыбытку на прадпрыемстве вызначаецца ў адпаведнасці з палажэннямі, распрацаванымі і зацверджанымі кіраўніцтвам прадпрыемства, Сярод Ф.п. асн. з’яўляюцца фонды: накаплення (ствараецца з мэтай набыцця асн. фондаў вытв. і невытв. прызначэння, будаўніцтва, доўгатэрміновых інвестыцый, фінансавання выдаткаў на н.-д. і канструктарскія работы, асваенне новай тэхнікі, мадэрнізацыю і інш.); заработнай платы (уключае аплату па тарыфных стаўках і акладах работнікаў, аплату чарговых водпускаў); спажывання (ствараецца з мэтай стымулявання работнікаў, пакрыцця выдаткаў на сац. патрэбы, аказання матэрыяльнай дапамогі, аплаты пуцёвак і інш.); рэзервовы (для пакрыцця непрадбачаных выдаткаў).

Л.​М.​Нехарошава.

т. 16, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАТРЫЯНГУЛЯ́ЦЫЯ (ад фота... + трыянгуляцыя),

метад вызначэння каардынат пунктаў мясцовасці па фотаздымках. Выкарыстоўваецца для згушчэння апорнай геадэзічнай сеткі з мэтай забеспячэння здымкаў апорнымі пунктамі для складання тапаграфічных карт і вырашэння інж. задач. Бывае прасторавая (вызначаюцца 3 каардынаты пунктаў) і планавая (2 каардынаты).

Прасторавая Ф. — стварэнне мадэлей мясцовасці па стэрэапары фотаздымкаў паводле маршрутаў (маршрутная і блочная Ф.), якія злучаюцца ў агульную сістэму праз выбраныя пункты ў зонах перакрыцця здымкаў. Па гэтых жа пунктах арыентуецца агульная мадэль мясцовасці адносна геад. сістэмы каардынат. Прасторавую Ф. развіваюць аналагавым спосабам на стэрэафотаграмметрычных прыладах, аналітычным — на стэрэакампаратарах з выкарыстаннем ЭВМ, у выніку чаго атрымліваюць каардынаты пунктаў сеткі згушчэння. Найб. дакладны для прасторавай Ф. спосаб звязак, засн. на сумесным ураўненні фотаграмметрычных і геад. вымярэнняў і паказанняў прылад на борце здымачнага самалёта. У планавай Ф. выкарыстоўваецца ўласцівасць аэраздымка як цэнтральнай праекцыі, паводле якой можна пазбегнуць скажэнняў за рэльеф і нахіл здымка. Каардынаты вылічваюць аналітычным і графічным спосабам.

П.​П.​Явід.

т. 16, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛЕВАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

1) у акустыцы — удзельны акустычны імпеданс (комплекснае супраціўленне) асяроддзя для плоскіх хваль. Вызначае ўмовы адбіцця і пераламлення хваль на мяжы асяроддзя.

Для газападобнага ці вадкага асяроддзя Х.с. роўнае адносінам гукавога ціску ў бягучай плоскай хвалі да вагальнай скорасці — скорасці (адносна асяроддзя) часціц, якія пры праходжанні хвалі вагаюцца каля становішча раўнавагі. Для неабмежаванага цвёрдага асяроддзя або стрыжня Х.с. выражаецца праз адносіны напружання механічнага да вагальнай скорасці часціц асяроддзя.

2) У газавай дынаміцы — аэрагідрадынамічнае супраціўленне (гл. Гідрадынамічнае супраціўленне), якое ўзнікла пры звышгукавым цячэнні газу адносна цела. Абумоўлена стратамі энергіі на ўтварэнне ўдарных хваль. Х.с. для цяжкай вадкасці — складальныя сілы супраціўлення вадкасці руху цела. Узнікае, калі цела рухаецца каля свабоднай паверхні вадкасці ці паверхні падзелу вадкасцей з рознымі шчыльнасцямі. Абумоўлена ўтварэннем рухомым целам паверхневых хваль.

3) У электратэхніцы — адносіны напружання да сілы току ў пунктах лініі (напр., доўгай лініі), па якой распаўсюджваюцца эл.-магн. хвалі. Для павелічэння ккдз такой лініі яе нагрузку робяць роўнай (ці блізкай) да Х.с.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)