старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТАКО́ВІЧ (Аляксандр Францавіч) (25.12.1914, г. Сянно Віцебскай вобл. — 9.6.1988),
Герой Сав. Саюза (1945). Да 1940 у сельскай гаспадарцы, потым інструктар райкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бел. і 1-м Бел. франтах. Танк. ўзвод на чале са ст. лейт. П. вызначыўся ў баях за пашырэнне плацдарма на левым беразе Віслы і за г. Радам (Польшча), дзе знішчыў 2 бронетранспарцёры, 3 гарматы; захапіў 4 гарматы; у наступных баях экіпаж танка П. знішчыў 8 танкаў, 6 бронетранспарцёраў, 9 гармат, 19 кулямётных кропак і інш.Пасля вайны П. на парт. і сав. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАСЛО́ЎНАЕ ДРЭ́ВАў біялогіі,
філагенетычнае дрэва, дрэвападобная выява роднасных сувязей пэўнай прыроднай групы арганізмаў ці ўсяго арган. свету (гл.Філагенез). Адлюстроўвае сістэму арган. цел у выглядзе дрэва. Прапанаваў у 1766 вучоны П.С.Палас, які даказаў, што лінейнаступеньчатае размяшчэнне арганізмаў не адпавядае суадносінам паміж класамі жывёл. Гэта ідэя набыла папулярнасць пасля выхаду ў свет працы Ч.Дарвіна «Паходжанне відаў» (1859). Р.д. будуюць толькі для адлюстравання монафілітычнай карціны развіцця жывой прыроды (гл.Монафілія). Ідэю поліфілітычнага паходжання арган. свету ў выглядзе дрэва адлюстраваць немагчыма (гл.Поліфілія). Пры дапамозе двухмернага адлюстравання дэманструюць філагенетычныя сувязі прыблізна. Для больш дакладнага адлюстравання будуюць Р.д. ў 3 вымярэннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЖПУ́ТЫ,
раджа-путра (санскр. «сыны раджы»), прадстаўнікі адной з вышэйшых каст у Індыі (больш за 10 млн.чал.). Б.ч. кланаў Р. паходзіць ад эфталітаў, якія ўварваліся ў Паўн. Індыю ў 5—6 ст. Ў 9—12 ст. княствы на чале з раджпуцкімі дынастыямі дамінавалі на Пн Індыі. У час мусульм. заваявання (12—13 ст.) б.ч. раджпуцкіх княстваў знішчана. Да пач. 20 ст. захаваліся дробныя княствы Р. пераважна ў Раджастхане, якія пасля 1947 увайшлі ў склад Рэспублікі Індыі. Да Р. належыць дынастыя сучасных каралёў Непала — Шах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦІСЛА́Ў (? — пасля 1232),
пінскі князь. Магчыма, сын тураўскага кн.Святаполка Юр’евіча або пінскага кн.Уладзіміра. Верагодна, у 1207 удзельнічаў у паходзе на Кіеў чарнігаўскага кн. Усевалада Святаславіча. Дапамог Яраславу Інгваравічу захапіць Луцк, за што каля 1227 атрымаў г. Чартарыйск на Валыні. У 1228 галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч захапіў Чартарыйск і паланіў дзяцей Р., які ў адказ стаў ініцыятарам стварэння варожай Данілу кааліцыі. Разам з кіеўскім кн. Уладзімірам Рурыкавічам, чарнігаўскім кн. Міхаілам Усеваладавічам, тураўцамі і інш. ўдзельнічаў у паходзе на Данілу, які быў абложаны ў Камянцы. Верагодна, сынамі Р. былі пінскія князі Уладзімір і Міхаіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМО́ЎСКІ (Сцяпан Якаўлевіч) (9.11.1734, в. Стары Пагост Цвярской вобл., Расія — 18.7.1812),
расійскі астраном. Акад. Пецярбургскай АН (1767). У 1765—90 кіраўнік геагр. дэпартамента, з 1800 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. У 1803—12 апякун Казанскай вучэбнай акругі. Навук. працы па астраноміі і картаграфіі. Пасля апрацоўкі вынікаў уласных назіранняў праходжання Венеры па дыску Сонца (1761, Забайкалле; 1769, Кольскі п-аў) атрымаў блізкае да сучаснага значэнне паралакса Сонца 8″, 67. Кіраваў картаграфічнымі работамі, склаў і апублікаваў першы для Расіі каталог 62 астр. пунктаў (1802). Адзін са складальнікаў першага ў Расіі этымалагічнага слоўніка. Вядомы як перакладчык твораў Ж.Бюфона, Тацыта, Л.Эйлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖО́Ў (Уладзімір Рыгоравіч) (1.5.1914, в. Майсееўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1974),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы камандзіраў батальёнаў і штабных работнікаў (1942). У Вял.Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў у Германіі. Мотастралк. батальён на чале з маёрам Р. вызначыўся ў баях каля г. Кельцы (Польшча) у студз. 1945, калі прарваў абарону праціўніка, перарэзаў шашэйную дарогу і чыгунку на Кракаў, першы фарсіраваў р. Одэр, захапіў плацдарм і ўтрымліваў яго да падыходу падмацавання. Пасля вайны да 1962 на парт. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ НУМАРА́ЦЫЯ, рымскія лічбы,
умоўныя знакі для запісу лікаў у непазіцыйнай (рымскай) сістэме лічэння. Узніклі каля 500 да н.э. ў этрускаў і выкарыстоўваліся ў Стараж. Рыме.
Знакі для дзесятковых разрадаў: I = 1, X = 10, C = 100, M = 1000, для іх палавін: V = 5, L = 50, D = 500. Натуральны лік запісваецца камбінацыяй такіх лічбаў. Пры гэтым, калі меншая лічба стаіць пасля большай, то яны складаюцца, а калі меншая перад большай — меншая адымаецца ад большай. Напр., VI = 5 + 1 = 6, IV = 5−1 = 4. Выконваць арыфм. дзеянні над вял. лікамі ў такім запісе нязручна, таму Р.л. карыстаюцца вельмі абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНІ́Т, насмарк,
запаленне слізістай абалонкі носа. Бывае востры, хранічны, алергічны. Часта з’яўляецца сімптомам інфекц. хвароб (адру, грыпу, дыфтэрыі і інш.). Востры Р. узнікае пад уплывам агульнага і мясц. пераахаладжэння, мех. і хім. раздражняльнікаў, суправаджаецца чханнем, агульнай слабасцю, серознымі выдзяленнямі з носа. Хранічны Р. бывае пасля шматразовага вострага Р. і прыводзіць да разрастання (гіпертрафіі) або атрафіі слізістай. Прычына алергічнага Р. — уплыў на слізістыя абалонкі носа алергенаў рознага паходжання (бактэрыяльных, быт., грыбковых, расл., жывёльных і інш.). Яго працяканне прыступападобнае; у час прыступу — сверб у носе, частае чханне, вадзяністыя выдзяленні, заложанасць. Лячэнне: тэрапія, фізіятэрапія. Сярод жывёл на Р. часцей хварэе маладняк.