АРГУ́НЬ,

рака ў Расійскай Федэрацыі і Кітаі, правая састаўляючая р. Амур. Па Аргуні праходзіць ч. граніцы Расіі з Кітаем. Даўж. 1620 км, пл. бас. 164 тыс. км² Пачынаецца ў гарах В.​Хінгана, у Кітаі, пад назвай Хайлар. Цячэ пераважна ў шырокай даліне, бліжэй да вусця даліна звужаецца. Жыўленне пераважна дажджавое. Сярэдні расход вады 340 м³/сек. Ледастаў з канца ліст. да пач. мая. У бас. Аргуні 1,8 тыс. азёраў агульнай пл. 50,9 км². Нерэгулярнае суднаходства ад с. Алочы (428 км). З 2-й пал. 17 ст. па Аргуні ішлі гандл. шляхі з Сібіры ў гарады Усх. Кітая.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДЫЯ (Arkadia),

гіст. вобласць у цэнтральнай гарыстай ч. Пелапанеса ў Грэцыі. У канцы 2-га тыс. да н.э. насельніцтва Аркадыі — ахейцы, якіх выцеснілі сюды дарыйцы. З 550-х г. да н.э. пад гегемоніяй Спарты. У 371 да н.э. фіванскі палкаводзец Эпамінонд пасля перамогі над спартанцамі заснаваў у Аркадыі г. Мегалопаліс і стварыў саюз гарадоў, у які ўвайшлі таксама Мантынея, Тэгея, Архамен (з 250 да н.э. належалі Ахейскаму саюзу). У 146 да н.э. Аркадыя адышла да Рыма. У ант. л-ры і пастаралях 16—18 ст. Аркадыя апісвалася як шчаслівая райская краіна пастухоў.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РУС ((Barbarus) Іаганес) (сапр. Варэс; 12.1.1890, хутар Кійза, воласць Хеймталі, Эстонія — 29.11.1946),

эстонскі паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1914). У 1940 прэм’ер-міністр, у 1940—46 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Эстоніі. Першыя зб-кі «Фата-Маргана» (1918) і «Чалавек і Сфінкс» (1919) створаны пад уплывам сімвалізму і акмеізму. Паэзія 1930-х г. прасякнута нянавісцю да фашызму і мілітарызму (зб-кі «Свет адкрыты», 1930; «Эстонская рэспубліка», 1932; «Кульмінацыя», 1932—34; «Рыбы на сушы», 1937; «Праз парог», 1939). Аўтар патрыят. вершаў і публіцыстыкі перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Узброеныя вершы», 1943; «На франтавых дарогах», 1944).

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 12.5.1942, в. Крушнікі Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1967). Друкуецца з 1963. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Каліна пад акном» (1987), «Азірніся ў каханні» (1994), дзе ўздымае вострыя маральна-этычныя праблемы. Герой аповесці «Бронік-афганец» (нап. 1990) вяртаецца з афганскай вайны ў чарнобыльскую зону, змагаецца з раўнадушшам чыноўнікаў, каб дамагчыся праўды, памагчы людзям. Барацьба лесніка за захаванне прыроды для нашчадкаў — тэма аповесці «Княжабор» (нап. 1991). Аўтар кніг нарысаў «Надзейная змена» (1980), «Цвітуць над Прыпяццю сады» (1987, з Ю.​Герасіменкам, на рус. мове).

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С УСЕ́ВАЛАДАВІЧ [каля 1117, Горадзен (Гародня) — пасля 1151],

князь гарадзенскі. Сын кн. Усевалада Давыдавіча і Агаф’і (дачкі Уладзіміра Манамаха). Гарадзенскае княства атрымаў у спадчыну разам з братам кн. Глебам Усеваладавічам. У 1144 удзельнічаў у паходзе кіеўскага кн. Усевалада Ольгавіча на Галіцкага кн. Уладзіміра Валадаравіча. Падтрымаў кн. Ізяслава Мсціславіча ў яго барацьбе з Юрыем Далгарукім за велікакняжацкі прастол. У 1150 разам з Ізяславам хадзіў пад Дарагабуж, у 1151 войска Барыса Усеваладавіча ўдзельнічала ў аблозе Кіева, пасля ўзяцця якога гнала кн. Юрыя да Белгарада. Некаторыя даследчыкі лічаць, што летапісны Горадзен, дзе княжыў Барыс Усеваладавіч, знаходзіўся не ў Панямонні, а на ПнУ Уладзіміра-Валынскай зямлі.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІКАВА (Кіра Кір’янаўна) (20.2.1897, г. Фергана, Узбекістан — 27.4.1978),

бел. і рус. педагог, мовазнавец. Праф. (1964). Скончыла Вышэйшыя навук.-пед. курсы пры 2-м Маскоўскім ун-це (1928). З 1947 у Маскоўскім пед. ін-це замежных моў, з 1967 — заг. кафедры эксперым. фанетыкі ў Мінскім пед. ін-це замежных моў. Аўтар шэрагу даследаванняў па фанетыцы франц. мовы: інтанацыі і рытміцы, слоўным і фразавым націску; па агульных пытаннях прасодыі, інтанацыі і фанетычнай стылістыкі. У сааўт. выдала «Уводна-карэктыўны фанетычны курс французскай мовы» (1974). Пад яе навук. кіраўніцтвам падрыхтавана плеяда бел. раманістаў і фанетыстаў.

Г.​А.​Мятлюк.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка, за 5 км на Пн ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 14,2 км, найб. шыр. 1,18 км, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 34,7 км².

Катлавіна рэшткавага тыпу, круглаватая, схілы спадзістыя, пясчаныя, на У і З пад лесам, астатнія разараныя. Берагавая лінія ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі сплавінныя, на Пн высокія, разбураюцца хвалямі, на Пд і ПдУ нізкія, пясчаныя. Дно плоскае, мелкаводдзе пясчанае. Зарастае да глыб. 2 м. Упадае канал Рабінаўка; злучана пратокай з воз. Чорнае. Месца адпачынку.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Брэсцкім раёне, у бас. Серадовай Рэчкі, за 30 км на Пд ад Брэста. Пл. 0,5 км², даўж. 1,03 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 21,5 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 140 км².

Схілы катлавіны невысокія, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, з паўн. боку сплавінныя. Дно да глыб. 2 м складзена з заглееных пяскоў, глыбей — сапрапелістае. Слаба зарастае, пераважна ў паўн. і паўд.-ўсх. частках; шыр. паласы расліннасці 5—10 м. Каналамі злучана з азёрамі Рагазнянскае і Чорнае. Каля возера зона адпачынку, курорт і турбаза.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСТА́НЦЫЯ,

навукова-доследная і пед. ўстанова для вывучэння і эксперым. даследавання біял. аб’ектаў у прыродных умовах, а таксама для правядзення практычных заняткаў студэнтаў. Адрозніваюць біястанцыі па месцазнаходжанні і асаблівасцях флоры і фауны: высакагорныя, лясныя, марскія, азёрныя і інш.

Даследаванні на біястанцыях накіраваны на вывучэнне змянення біял. аб’ектаў і біяцэнозаў пад уздзеяннем гасп. дзейнасці чалавека з мэтай распрацоўкі захадаў па рацыянальным іх выкарыстанні. На Беларусі ў 1946 засн. Нарачанская біястанцыя Белдзяржуніверсітэта, якая адыгрывае значную ролю ў станаўленні і развіцці гідрабіялогіі: вядуцца работы па вывучэнні працэсаў біял. самаачышчэння, эўтрафіравання вадаёмаў і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах.

А.​П.​Астапеня.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІСЦІ́НАЎ (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; 19.10.1909, в. Іванкава Масальскага р-на Калужскай вобл. — 24.12.1982),

бел. пісьменнік. У 1910 пераехаў з бацькамі на Беларусь (в. Лебедзеўка Кармянскага р-на). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1930—32), скончыў Кінаакадэмію ў Маскве (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на кінастудыі. Літ. дзейнасць пачаў у 1926. Друкаваў вершы (пад псеўд. Міхась Чаромха), апавяданні, нарысы. Аўтар п’ес («Агні Палесся», 1931; «Мох», 1932, і інш.), аповесці «Хітрасць» (1934), сцэнарыя маст. фільма «Строгая жанчына» (1957), дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. На бел. мову пераклаў раман А.​Талстога «Пётр Першы» (1940), аповесць А.​Франса «Крэнкебіль» (1936) і інш.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)