ТРАНЗІ́ЦЫЯ (ад лац. transitio пераход, перамяшчэнне) у генетыцы, мутацыя, абумоўленая заменай азоцістай асновы ў малекуле нуклеінавай к-ты. Пры Т. адна пурынавая аснова замяняецца на другую (адэнін на гуанін, ці наадварот), або адна пірымідзінавая аснова на другую (тымін на цытазін ці наадварот). Адносіцца да генных мутацый, якія прыводзяць да змены сэнсу кадона і парушэнняў счытвання інфармацыі ў ланцужку ДНК. Часам Т. фенатыпічна не праяўляецца за кошт лішку генет. кода (адну амінакіслату кадзіруюць некалькі кадонаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́Р’Я,
рака ў Капыльскім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 35 км, пл. вадазбору 208 км².
Пачынаецца за 2 кмнаПдЗ ад в. Рымашы Капыльскага р-на, цячэ па паўн. ускраіне Капыльскай грады, вусце наУ ад в. Касцяшы Уздзенскага р-на. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, шыр. 0,5—1,5 км. Пойма роўная, асушаная. Рэчышча каналізаванае, шыр. каля 10 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 1,1 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫБЕ́ЦКАЕ ПІСЬМО́,
пісьменства, якое склалася ў 8—11 ст. у манастырах Цэнтр. Азіі на аснове індыйскага пісьма брахмі эпохі гупта. Алфавіт значна пашыраны за кошт дадатковых сімвалаў, адсутнічаюць спец. знакі для абазначэння сэнсаўтваральнай вышыні галасавога тону. Падзяляецца на кніжны і друкаваны шрыфт і на курсіўнае пісьмо, у якім таксама вылучаецца некалькі тыпаў. На аснове Т.п. развіліся некат. іншыя пісьмовыя сістэмы, напр., мангольскае пісьмо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫВЕРЫЯ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Генісарэцкае возера, Бахр-Табарыя,
возера ў гіст. вобласці Палесціна, натэр. Ізраіля (усх. ўзбярэжжа на мяжы Ізраіля і Сірыі). Размешчана ў паўн.ч. тэктанічнай упадзіны Гхор (Эль-Гор) на 212 м ніжэй узр. мора. Пл. 145 км². Глыб. да 48 м. Праз Т.в. цячэ р. Іардан. Суднаходства. Рэзерват Бет-Сайда (месца зімоўкі качак, гусей, ружовых фламінга). Назах. узбярэжжы г. Тыверыя (Ізраіль). У Бібліі (Новы запавет) Т.в. звязана з многімі падзеямі жыцця Ісуса Хрыста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРАТАГЕНЕ́З [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...генез],
фарміраванне прыроджаных парушэнняў развіцця арганізма. Абумоўлены пашкоджаннем гамет і ўздзеяннямі рознага паходжання на стадыі зародка, эмбрыёна і плода. Пры Т. мяняецца працэс размнажэння клетак, зніжаецца іх мітатычная актыўнасць. Дыферэнцыроўка клетак можа спыніцца на любым этапе і пачацца працэс росту недыферэнцыраваных клетак. Міграцыяй клетак абумоўлена ўзнікненне органа ці тканкі на незвычайным месцы. На тканкавым узроўні пры Т. гінуць асобныя клетачныя масы, запавольваецца распад тканак, што адміраюць у ходзе нармальнага эмбрыягенезу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНЕ́ЦІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі бронзы, якія ў канцы 18 — сярэдзіне 15 ст. да н.э. насялілі тэр.Цэнтр. Еўропы. Насельніцтва жыло на паселішчах, вырабляла бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні — сякеры, кінжалы, бранзалеты, шпількі, завушніцы, кольцы і інш., а таксама гліняны посуд, упрыгожаны гарыз. барознамі або зігзагападобнымі палосамі. Пахавальны абрад трупапалажэнне на бескурганных могільніках. Нябожчыкаў хавалі скурчанымі на баку ў ямах, выкладзеных камянямі. Плямёны У.к. займаліся земляробствам. У.к. зрабіла вял. ўплыў на пашырэнне бронзаліцейнай справы ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ТКІН Валерый Сцяпанавіч (14.1.1922, с. Алёшына Разанскай вобл., Расія — 25.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1941). У Вял.Айч. вайну на фронце з ліст. 1941. Камандзір стралк. роты ст. лейтэнант У. вызначыўся 25.6.1944 у баях каля в. Святое Возера Рагачоўскага р-на: ён і С.Р.Дрынь са звязкамі процітанк. гранат кінуліся пад варожы танк, чым сарвалі контратаку праціўніка. Пахаваны ў г. Рагачоў, на магіле помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАМА́РБІЯ (Hammarbya),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 1 від Х. балотная (H. paludosa). Пашырана на ўмерана халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца на тарфяных балотах, у забалочаных лясах і поймах рэк.
Шматгадовая травяністая расліна з тонкім карэнішчам, на якім штогод утвараецца клубень. Сцябло выш. 6—20 см, каля асновы яйцападобна патоўшчанае, з 2 (3—4) падоўжанымі, таўставатымі лісцікамі ў ніжняй частцы. Кветкі дробныя. жаўтавата-зялёныя, у гронках. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́РБА (Harbaugh) Грэгары (н. 15.4.1956, г. Кліўленд, ЗША),
касманаўт ЗША. Магістр у галіне фізікі. Скончыў ун-т у Х’юстане (1984). У 1987—2000 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 28.4—6.5.1991 і 11—21.2.1997 — наКК «Дыскаверы», 13—19.1.1993 — наКК «Індэвар», 27.6—7.7.1995 — наКК «Атлантыс» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правёў 34,25 сут. 4 залатыя медалі НАСА «За касмічны палёт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЕ́ЎСКІ Аркадзь Сільвестравіч (3.2.1921, в. Асееўка Мінскага р-на — 17.2.1987),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі юрыд. тэхнікум, Тамбоўскае ваен.пях. вучылішча (1942), Ленінградскую вышэйшую бранятанк. школу (1946). У Вял.Айч. вайну з 1942 наЗах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Стралк. батальён на чале з капітанам Х. вызначыўся ў студз. 1945 пры прарыве абароны праціўніка, захопе некалькіх нас. пунктаў натэр. Польшчы. Пасля вайны ў нар. гаспадарцы.