ЖАБІ́НСКАЯ (Марыя Пятроўна) (н. 22.5.1938, в. Карані Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1961), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працавала ў праектна-тэхнал. ін-це «Белмясцпрампраект», Рэсп. доме нар. творчасці, навукова-метадычным цэнтры культуры, цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Аўтар-складальнік альбомаў, каталогаў, метадычных дапаможнікаў і ілюстрацый да іх і ў т. л. да энцыклапедычных выданняў («Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя», на рус. мове, т. 4), у якіх даследуе бел.нар. мастацтва: «Мастацтва сяла Неглюбка» (1976), «Арнамент беларускіх народных тканін» (1983), «Адраджэнне забытага рамяства» (1985), «Свет вачыма дзяцей» (1992) і інш. Адна са стваральнікаў краязнаўчага музея ў в. Моталь Іванаўскага р-на (1984—87).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЧУ́ЖНЫ,
пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 12 км на З ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 200 км ад Брэста. 3431 ж., 964 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Забудоўваецца паводле генплана 1979 і праекта забудовы жылой зоны комплексу «Усходняе» (1980). Вызначаецца кампактнасцю, высокім узроўнем добраўпарадкаванасці. Жылая зона складаецца з малапавярховай секцыйнай (фарміруе грамадскі цэнтр) і сядзібнай забудовы. Шырока выкарыстаны тэрасы, веранды, лоджыі, малыя арх. формы, групы дэкар. дрэў. Кожная з вуліц адметная сваім аб’ёмна-прасторавым і каляровым вырашэннем. Зона адпачынку (скверы са стадыёнам, спарт. пляцоўкамі, малымі арх. формамі) прымыкае да ляснога масіву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫТО́МІР»,
рачны маніторсав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач.Вял.Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВО́ДНЫ МАГНІ́Т,
від электрамагніта ці саленоіда, абмоткі якіх зроблены са звышправоднага матэрыялу (гл.Звышправаднікі). Пры кароткім замыканні такой абмоткі наведзены ў ёй эл. ток захоўваецца практычна бясконца доўга.
Магн. поле незатухальнага току, які цыркулюе па абмотцы З.м., выключна стабільнае і пазбаўлена пульсацый. Абмотка З.м. траціць уласцівасці звышправоднасці пры павелічэнні т-ры вышэй за крытычную або пры дасягненні крытычнага току ці крытычнага магнітнага поля. Таму абмоткі З.м. робяць з матэрыялу з вял. крытычнымі значэннямі гэтых параметраў (сплавы ніобій—цырконій Nb—Zr. ніобій—тытан Nb—Ti; злучэнні ніобію з волавам Nb3Sn, ванадыю з галіем V3Ga і інш.). З.м. выкарыстоўваюцца для даследавання магн., эл. і аптычных уласцівасцей матэрыялаў, у эксперыментах па вывучэнні плазмы, атамных ядраў і элементарных часціц, у тэхніцы сувязі, радыёлакацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАХА́РСТВА,
вядомыя састараж. часоў у розных народаў прымітыўныя спосабы лячэння, якія суправаджаліся пэўнымі рытуаламі. Напачатку З. не аддзялялася ад народнай медыцыны, пазней ператварылася ў лекарскую магію. У аснове такой магіі — вера ў звышнатуральныя сілы, у тое, што чалавек пры пэўных умовах можа ўздзейнічаць на гэтыя сілы. Звычайна знахары выкарыстоўвалі замовы, магічныя дзеянні, травы. Некаторыя з іх валодалі пэўнымі ведамі нар. медыцыны, самі збіралі зёлкі і па стараж. рэцэптах рыхтавалі лячэбныя настоі, адвары, мазі; лячылі «рожу» (рожыстае запаленне), «вогнік» (высыпка, лішаі на скуры), а таксама такія хваробы, як «пярэпалах», «порча», «сурокі» (хваробы ад ліхога вока), «падвей» (ад скразняку), «прыстрэк», «крыкса-плакса» і інш. У наш час З. амаль выцеснена кваліфікаваным мед. абслугоўваннем і традыц.нар. медыцынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗГО́І,
1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.
2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. implicatio спляценне, перапляценне),
лагічная аперацыя, якая з двух выказванняў утварае складанае выказванне з дапамогай лагічнай звязкі, аналагічнай сэнсу злучніка, «калі..., то» (сімвалічны запіс A→B ці A⊃B; чытаецца «калі A, то B», «з A вынікае B» і інш.). Імплікатыўнае выказванне складаецца з антэцэдэнта (выказванне, перад якім падаецца слова «калі») і кансеквента (выказванне, якое ідзе за словам «то»). Адрозніваюць розныя віды І.: матэрыяльную, строгую, рэлевантную і інш. У вылічэннях класічнай логікі найб. шырока выкарыстоўваецца матэрыяльная І. (гл.Матэматычная логіка). Пры яе вызначэнні не ўлічваецца сувязь па сэнсе антэцэдэнта і кансеквента, наяўнасць якой характэрна для сказаў са злучнікам «калі..., то» ў паўсядзённай мове. Антэцэдэнт і кансеквент разглядаюцца толькі з боку іх прыкметы быць або не быць ісціннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЬ,
ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых ВНУ Расіі. Засн. ў 1804 у г. Казань Факультэты: механіка-матэм., выліч. матэматыкі і кібернетыкі, фіз., хім., глебава-біял., геал., геагр., гіст., філал., юрыд., дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура. Пры. ун-це НДІ матэматыкі і механікі, хіміі, выліч. цэнтр, астр. абсерваторыя, музеі і інш.навук. ўстановы. У ім вучыліся і працавалі М.І.Лабачэўскі, А.М.Бутлераў, М.М.Зінін, В.М.Кавалеўскі, працавалі У.М.Бехцераў, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, А.А.Кавалеўскі, К.В.Харламповіч, вучыліся Л.М.Талстой, С.Ц.Аксакаў, І.І.Лажэчнікаў і інш. Дзеячам ун-та належаць навук. адкрыцці сусв. значэння ў галіне матэматыкі, хіміі, фізікі, астраноміі і інш.навук. Выдаюцца «Вучоныя запіскі» (з 1821).