князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз звял.кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. verus сапраўдны + facio раблю),
праверка, эмпірычнае пацвярджэнне тэарэт. палажэнняў навукі праз супастаўленне іх з аб’ектамі, за якімі вядзецца назіранне, фактычнымі данымі, эксперыментам; прынцып вызначэння навук. асэнсаванасці і ісціннасці выказванняў. Вылучана прадстаўнікамі лагічнага пазітывізму, сфармулявана аўстр. філосафамі М.Шлікам у працы «Усеагульная тэорыя пазнання» (1918) і Л.Вітгенштэйнам у «Логіка-філасофскім трактаце» (1922); далей развіта ў працах Венскага гуртка. У аснове гэтага прынцыпу ляжыць тэзіс аб тым, што чалавечае пазнанне не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту, а ўсе веды можна звесці да «непасрэдна дадзенага» вяртання да нагляднага ўзроўню пазнавання і ігнаравання ідэальнага характару абстракцый. Усе навук. выказванні павінны задавальняць патрабаванне правяральнасці, або верыфіцыруемасці; любое меркаванне (гіпотэза) можа верыфіцыравацца, г.зн. яго ісціннасць можа быць даказана з дапамогай доследу або лагічнага доказу. У сучаснай л-ры верыфікацыя разглядаецца як вынік шматпланавых узаемаадносін паміж рознымі тэорыямі і данымі іх эксперыментальных праверак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГІ,
1) англійская палітычная партыя ў 17—19 ст. Узнікла ў канцы 1670-х г. як групоўка, што адлюстроўвала інтарэсы часткі дваранскай арыстакратыі і буйной гандл. і фін. буржуазіі, якая процістаяла аднаўленню каралеўскага абсалютызму. Гал. рухаючая сіла т.зв. слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя). Змагаліся за падпарадкаванне каралеўскай улады парламенту, увядзенне канстытуцыйнага праўлення і грамадз. свабод, правялі «Біль аб правах». У 1714—83 і 1830—74 правячая партыя. У 1832 правялі парламенцкую рэформу. Чаргаваліся ва ўладзе з партыяй торы. У сярэдзіне 19 ст. аб’ядналіся зінш.паліт. партыямі і стварылі ліберальную партыю Вялікабрытаніі.
2) Паліт. партыя ў ЗША у 1834—54. Выступалі супраць узмацнення федэральнай улады, за развіццё прам-сці і падтрымку банкаў на Пн і Пд. У 1840 і 1848 перамаглі на прэзідэнцкіх выбарах. У 1854 партыя распалася: паўн. вігі перайшлі ў новаствораную Рэсп. партыю, а т.зв. баваўняныя вігі — у Дэмакратычную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.Т.Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс.т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц. руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ (Валянцін Феліксавіч) (у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),
вучоны-медык, рэліг. дзеяч. Збел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, зарэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял.Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук.прац.За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;
Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.
Літ.:
Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ЎПРА́ВА,
выканаўчы орган гар. думы ў Рас. імперыі. Складалася з 2—3 асоб, выбраных думай. Узначальваў управу гарадскі галава (адначасова быў і старшынёй гар. думы). Члены ўправы лічыліся на дзярж. службе і атрымлівалі заработную плату, якую ўстанаўлівала гар. дума з фонду гар. даходаў. Гарадская ўправа мела пастаянную канцылярыю, якая падзялялася на шэраг аддзелаў, адпаведных функцыям гар. самакіравання. Пры ёй ствараліся пастаянныя і часовыя камісіі. Гарадскія ўправы займаліся пытаннямі гаспадаркі і добраўпарадкавання гарадоў, супрацьпажарнымі мерапрыемствамі, ажыццяўлялі нагляд за развіццём мясц. гандлю і прам-сці, кіравалі гар. медыцынай і нар. адукацыяй. Не валодалі прымусовай уладай, падпарадкоўваліся губернатару і міністру ўнутр. спраў, якія маглі накласці вета на любое рашэнне ці пастанову гарадской управы. У Беларусі, дзе гар. даходы былі меншыя за расходы, гарадскія ўправы выбіраліся пераважна ў губ. гарадах. У большасці пав. гарадоў функцыі гарадской управы выконваў гар. галава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУГЕНО́ТЫ (франц. huguenots ад ням. Eidgenossen саюзнікі),
прыхільнікі кальвінізму (пратэстантызму) у Францыі ў 16—18 ст., якія дамагаліся ажыццяўлення Рэфармацыі. Належалі пераважна да трэцяга саслоўя (правінцыяльная буржуазія і рамеснікі), а таксама да дваранства і феад. знаці, незадаволенай цэнтралізатарскай палітыкай каралеўскай улады. З 1562 па 1594 франц. католікі вялі крывавыя войны з гугенотамі; барацьба паміж імі атрымала назву гугеноцкіх або рэлігійных войнаў (гл. таксама Варфаламееўская ноч). Заваяваныя гугенотамі ў гэтых войнах рэліг. і паліт. правы былі замацаваны ў Нанцкім эдыкце 1598. У 17 ст. рэпрэсіі супраць гугенотаў аднавіліся. Ганенні на іх прывялі да разбурэння структур франц. пратэстантызму, да масавай адмовы і пераходу гугенотаў у каталіцтва, эміграцыі больш за 250 тыс. гугенотаў у інш. краіны. Барацьба гугенотаў за свабоду сумлення вымусіла Людовіка XVI у 1787 прызнаць правы пратэстантаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 дэкрэтам 1791 прынцып свабоды сумлення быў замацаваны канчаткова і ганенні на гугенотаў спыніліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАНДО́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
група з 4 астравоў на мяжы Ціхага ак. і Берынгава м., за 200 км на У ад п-ва Камчатка, у Камчацкай вобл. Расіі. Уключаюць астравы: Берынга (даўж. 85 км, шыр. каля 40 км), Медны (даўж. 56 км, шыр. 5—7 км), 2 маленькія астравы — Тапаркоў і скалу Арый Камень. Агульная пл. 1,8 тыс.км². Выш. да 751 м. Складзены з базальтаў і андэзітаў. Характэрны гарысты рэльеф, частыя землетрасенні. Берагі скалістыя, слаба парэзаныя. Клімат акіянічны. Лета халаднаватае. Сярэдняя т-ра паветра ў жн. 10 °C, у лют. каля -4 °C. Ападкаў каля 500 ммза год. Пераважаюць акіянічныя лугі і горная тундра; у асобных далінах — зараснікі ракітніку, рабіны, бярозы. Лежбішчы марскога коціка, сівуча. На берагах птушыныя базары. Марскі промысел, ахова і нарміраваная здабыча коціка, зверагадоўля (блакітны пясец) Населены пункт Нікольскае (в. Берынга). Адкрыты ў 1741 экспедыцыяй капітан-камандора В.Берынга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 22.7.1922, г. Арэнбург, Расія),
расійскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947) і Літ.ін-т імя Горкага (1954). Удзельнік Вял.Айч. вайны. Да 1965 служыў у Сав. Арміі. У 1981—86 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкуецца з 1945. Аўтар твораў пераважна вайскова-ваен. тэматыкі: кнігі апавяданняў і аповесцей «Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця разведчыка» (1960), «Камандзіры сівеюць рана» (1963), «Жылі-былі разведчыкі» (1970), «Не мячом адзіным» (1979), раманы «Вечны бой» (1967), «Маршальскі жэзл» (1970, за абодва Дзярж. прэмія Узбекістана 1970), «Узяць жывым!» (1975; часткова апубл. як аповесць «Такая работа», 1974), «Палкаводзец» (1982—84, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Маршал Жукаў. Яго паплечнікі і праціўнікі ў гады вайны і міру» (кн. 1, 1992), кн. публіцыстыкі «Эстафета подзвігу» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЫ́ (Talpidae),
сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.
Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.