О́КАМ (Ockham, Occam) Уільям (каля 1285, Окам, Вялікабрытанія — 10.4.1349), англійскі філосаф, паліт. публіцыст, прадстаўнік наміналізму, манах-францысканец. Вучыўся і выкладаў у Оксфардскім ун-це. У 1323 абвінавачаны ў ерасі, зняволены на 4 гады ў Авіньён, адкуль уцёк у Мюнхен, дзе жыў пры двары імператара Людвіга Баварскага, праціўніка папы. Змагаўся супраць панавання царквы над дзяржавай (прыхільнік размежавання сфер іх юрысдыкцыі), прадугадаў многія ідэі Рэфармацыі. Лічыў, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя субстанцыі і іх абс. ўласцівасці, а па-за мысленнем ёсць толькі тэрміны, т.зв. універсаліі, якія абазначаюць розныя класы імён (інтэнцыі). Сфармуляваў прынцып дваістай ісціны для кан’юнкцыі і дыз’юнкцыі і ідэю пра тое, што значэнне тэрміна поўнасцю вызначаецца яго функцыяй у выказванні. Першасным пазнаннем лічыў інтуітыўнае, а паняцці, якія не зводзяцца да інтуітыўных і вопытных ведаў, павінны выключацца з навукі («сутнасці не павінны памнажацца без неабходнасці»). Окалізм (тэрмінізм) значна паўплываў на далейшае развіццё логікі і філасофіі, асабліва на Ж.Бурыдана, Мікалая з Атрэкура, Ф.Бэкана, Т.Гобса, Дж.Лока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗВА́РКА І РЭ́ЗКА,
дугавая зварка і кіслародная, электракіслародная, плазменная (электрадугавая) рэзка металаў пад вадой. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце падводнай ч. суднаў, нафта- і газаправодаў, шлюзаў, плацін, партовых і інш. гідратэхн. збудаванняў.
Пры «мокрым» спосабе падводнай зваркі выкарыстоўваюць стальныя электроды, пакрытыя слоем воданепранікальнай абмазкі. Пры зварцы частка абмазкі, што выступае, засцерагае ад вады эл. дугу, якая ўстойліва гарыць у парагазавым пузыры, што ўтвараецца пад уздзеяннем цяпла дугавога разраду. «Мокры» спосаб з выкарыстаннем спец. паўаўтаматычнага прыстасавання распрацаваны ў Ін-це электразваркі АН Украіны (1965). Дае магчымасць атрымаць трывалыя зварныя швы. «Сухім» спосабам зварваюць металы ў спец. камерах, спушчаных пад ваду. Пры падводнай рэзцы рэзальныя апараты таксама ствараюць магутныя цеплавыя палі, якія кампенсуюць ахаладжальнае дзеянне воднага асяроддзя. П.з. і р. ўпершыню даследаваны і ажыццёўлены ў СССР (1932) пад кіраўніцтвам акад.АН Украіны К.К.Хрэнава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́БНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб умовах падобнасці аднатыпных працэсаў ці з’яў, якія адрозніваюцца маштабамі адлегласцей, скарасцей, т-р ці інш. характарыстык.
Мэта П.т. — выявіць залежнасці невядомых велічынь, істотных для зададзенага працэсу, ад зыходных даных задачы, што грунтуецца на разглядзе кожнай задачы ў характэрных для яе пераменных — безразмерных ступеневых комплексах, створаных з істотных для дадзенага класа задач параметраў (гл.Размернасцей аналіз). Размерныя фіз. параметры, што ўваходзяць у склад комплексаў, могуць мець розныя значэнні ў розных задачах, аднолькавымі павінны быць толькі безразмерныя крытэрыі падобнасці, якія складаюцца з параметраў, зададзеных паводле ўмоў задачы. Напр., характар цячэння вязкай вадкасці характарызуецца суадносінамі паміж сіламі інерцыі і сіламі вязкасці — Рэйнальдса крытэрыем. Комплексы, якія маюць пераменныя, наз.лікамі падобнасці, напр., лік Фур’е — безразмерная форма адліку часу ў задачах цеплаправоднасці. Выкарыстоўваецца ў механіцы, гідра- і аэрадынаміцы, тэорыі цеплаправоднасці, пры мадэліраванні розных з’яў і інш.
Літ.:
Гухман А.А. Введение в теорию подобия. 2 изд. М., 1973;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ,
1) гісторыка-філалагічная дысцыпліна, якая, абапіраючыся на моўныя факты, вывучае гісторыю носьбітаў мовы ў дапісьмовы перыяд іх існавання, а таксама гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры пэўнага этнасу. Напр., дзеясловы (яго) «круціць», «ломіць» — (ён) «паправіўся» ўказваюць на значнасць у свядомасці далёкіх продкаў проціпастаўлення архетыпічных катэгорый «крывы» — «прамы».
2) Сукупнасць прыёмаў і методык, што служаць выяўленню і вытлумачэнню найб.стараж. элементаў мовы, па якіх можна аднавіць пэўныя фрагменты страчаных архаічных яе падсістэм. Узнікла як адгалінаванне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і распрацаванага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду, садзейнічала ўзнікненню глотахраналогіі. Карыстаецца спецыфічным паняццем «моўны час», які вымяраецца тымі зменамі, што адбываюцца ў мове, пачынаючы з дапісьмовага стану. Вырашае некалькі тыпаў лінгвістычных задач: аналіз архаізмаў, рэканструкцыя моўных падсістэм, удакладненне генеалагічнай класіфікацыі моў, збор інфармацыі для вызначэння заканамернасці глотагенезу і інш.
Літ.:
Krahe H. Sprache und Vorzeit. Heidelberg, 1954;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т.] 1—2. Тбилиси, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЕ́ШЧАНЫЯ АСО́БЫў міжнародным праве,
асобы, якія прымусова вывезены ў перыяд 2-й сусв. вайны 1939—1945 фаш. Германіяй з акупіраваных ёю тэрыторый у інш. краіны для выкарыстання на розных работах. Праблема П.а. асабліва востра паўстала пасля вайны, калі ўзнікла пытанне пра вяртанне іх на радзіму. У час вайны СССР заключыў з шэрагам краін, што ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю, пагадненне аб лёсе гэтых асоб (11.2.1945 з ЗША і Англіяй; 29.6.1945 з Францыяй). Ген. Асамблея ААН у рэзалюцыях ад 12.2.1946 і 15.12.1946 устанавіла, што дзяржавы — чл.ААН павінны садзейнічаць паскоранай рэпатрыяцыі П.а., якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Для спрыяння вырашэнню праблемы П.а. у 1946 створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў, якая скасавана ў сувязі са стварэннем у 1951 Упраўлення вярх. камісара па справах бежанцаў. У практыцы Упраўлення вярх. камісара ўжываецца тэрмін «П.а.» таксама да некаторых катэгорый «унутраных бежанцаў» — асоб, якія нядобраахвотна пакінулі якую-н. частку сваёй краіны і вымушаны пасяліцца ў інш. яе частцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, штосац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАКЛЁН ФАШЫ́ЗМУ»,
мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., знішчаных разам з вёскамі ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну. Адкрыты 3.7.1983 (аўтары скульпт. А.Анікейчык, арх. Ю.Градаў, Л.Левін) на месцы спаленай разам з жыхарамі (67 чал., у т. л. 16 дзяцей) в. Шунеўка. Цэнтр. манумент мемарыяла — бронз. фігура жанчыны (выш. 4,75 м) з узнятымі ў праклёне рукамі, якая стаіць у праёме стылізаванай брамы (выш. 11,5 м). На канцы абламанай гарыз. перакладзіны брамы прымацаваны 3 званы, 2 з іх звоняць, а 3-і расколаты — сімвал таго, што кожны трэці жыхар раёна загінуў у гады вайны. Недалёка ад манумента зруб калодзежа, куды гітлераўцы кінулі жывымі дзяцей і настаўніцу. Над ім бронз. выява прабітага і абпаленага паветр. змея з імёнамі дзяцей, што загінулі. На месцы кожнай з 22 былых сял. сядзіб Шунеўкі — стылізаваны фундамент з 3-прыступкавым ганкам, на верхняй прыступцы якога кампазіцыя ў форме языкоў полымя з імёнамі б. гаспадароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за штоправасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.