ПА́ЛЬМЕРСТАН (Palmerston) Генры Джон Тэмпл (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САР,

пасада (урад) у ВКЛ у 14—18 ст. П. вялікі — кіраўнік справаводства канцылярыі ВКЛ. Загадваў зборам дзярж. падаткаў, Метрыкай Вялікага княства Літоўскага, выконваў дыпламат. даручэнні. П. дэкрэтавы з 17 ст. загадваў дэкрэтавымі кнігамі Метрыкі, куды заносіліся рашэнні задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда. П. двароў і валасцей загадвалі ў 16 ст. зборам падаткаў з дзярж. уладанняў. П. палявы з 16 ст. праводзіў рэгістрацыю войска ВКЛ і загадваў выдачай жалавання. П. скарбовыя з 16 ст. вялі ўлік прыходаў і расходаў скарбу (падзяляліся на прыходавых і расходавых). П. земскія з 14 ст. вялі справаводства земскіх судоў у паветах. Прызначаліся манархам з 4 кандыдатаў, абраных на павятовых сойміках. Захоўваў пячатку павета, якую прыкладаў да позваў. П. гродскія (замкавыя) з 16 ст. вялі справаводства гродскіх судоў, выконвалі натарыяльныя функцыі. П. месцкія загадвалі гар. канцылярыямі.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, на якой з роўніцы (ці шарсцяной стужкі) вырабляюць пражу. На П.м. робіцца выцягванне, кручэнне і намотка пражы — залючныя працэсы прадзення.

Мех. П.м. створана ў Вялікабрытаніі (1738). У Расіі з 2-й пал. 18 ст. былі П.м. на ільно- і бавоўнапрадзільных ф-ках. Асн. для прадзення валокнаў з’яўляецца кальцавая (верацённая) П.м., у якой роўніца (стужка) выцягваецца ў выцяжной прыладзе, скручваецца і намотваецца на патрон ці шпулю з дапамогай верацяна і бегунка. У безверацённых пнеўма-мех. П.м. роўніца (стужка) раз’ядноўваецца на асобныя валокны, якія падаюцца ў вярчальную камеру, дзе з іх фарміруецца валакністая стужачка, скручваецца ў пражу і намотваецца на бабіну. Выкарыстоўваюцца ў тэкстыльнай прамысловасці.

Схема прадзільнай машыны: 1 — кольца з бегунком; 2 — выцяжная прылада; 3 — шпулі з роўніцай; 4 — ніткаправаднік; 5 — пачынак з гатовай пражай.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАСЕ́ВІЧ (Пратасевіч-Шушкоўскі) Валяр’ян

(каля 1509, б. маёнтак Шушкова каля в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 31.12.1579),

дзяржаўны і рэліг. каталіцкі дзеяч ВКЛ. У 1532—44 пісар велікакняжацкай канцылярыі, з 1533 адначасова на духоўных пасадах. З 1544 пісар ВКЛ і сакратар вял. кн. Жыгімонта II Аўгуста. У 1549 прызначаны біскупам луцкім (пасвячоны ў 1554). З 1555 біскуп віленскі (афіцыйна з 1556). Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў час яе найб. ўздыму, але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Паставіў свой подпіс пад Віленскім прывілеем 1563. Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Люблінскую унію 1569 ад імя П. падпісаў яго прадстаўнік А.​Р.​Мялескі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў 1570 Віленскага езуіцкага калегіума (пазней Віленская акадэмія, Віленскі універсітэт).

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЕВОЛЮЦИО́ННАЯ СТА́ВКА»,

бальшавіцкая газета, орган Ваенна-рэв. к-та пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Выдавалася з 26.11.1917 да канца лют. 1918 у Магілёве на рус. мове штодзённа. З 19.12.1917 орган Цэнтр. к-та дзеючых армій і флоту (Цэкадарф). Сваёй мэтай абвяшчала «самае шырокае і падрабязнае асвятленне ўсіх бакоў салдацкага жыцця». Змяшчала дэкрэты і распараджэнні СНК, загады Вярх. галоўнакамандуючага, ВРК пры Стаўцы. Значнае месца адводзіла пытанням вайны і міру, фарміравання новай рабоча-сял. арміі. З інтэрнацыяналіст. пазіцый асвятляла канфлікты Сав. улады з бел. рухам, укр. Радай, польскім корпусам ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Друкавала паведамленні з замежнага жыцця, зводкі з франтоў, тэлеграмы тэлегр. агенцтваў, справаздачы аб разнастайных з’ездах. Пэўнае месца адводзіла асвятленню грамадска-паліт. жыцця Магілёва і губерні. Пасля эвакуацыі Стаўкі з Магілёва ў выніку наступлення герм. войск выданне спынена.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РЫН Іван Васілевіч (19.1.1817, С.-Пецярбург — 25.8.1885),

рускі акцёр і педагог. Вучань і паслядоўнік М.​Шчэпкіна. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1837), з 1862 выкладаў у ім. З 1837 у трупе Малога т-ра. Пачынаў з амплуа «першага палюбоўніка», з канца 1850-х г. перайшоў ад героіка-рамантычнага рэпертуару да характарных роляў. Найб. значныя ролі: Чацкі (1839), Фамусаў (1864; «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра, 1857; С. — рэжысёр). З інш. роляў: Петручыо, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы» і «Многа шуму з нічога» Шэкспіра), Мурамскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна). З 1874 кіраваў драм. класам Маскоўскай кансерваторыі. Са студэнтамі опернага класа кансерваторыі ажыццявіў на сцэне Малога т-ра першую пастаноўку оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1879). Аўтар п’ес, якія ставіліся ў правінцыі.

Літ.:

Рогачевский М. И.​В.​Самарин. М.; Л., 1948.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРА́ ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

неарганічныя хім. злучэнні серабра з галагенамі. Найб. пашыраны фтарыд AgF, хларыд (у прыродзе мінерал хлораргірыт) AgCl, брамід (бромаргірыт) AgBr, ёдыд (ёдаргірыт) AgJ.

Крышт. рэчывы; AgCl бясколерны, астатнія С.г. жоўтага колеру. Практычна нерастваральныя ў вадзе (за выключэннем AgF). Раствараюцца ў водным аміяку з утварэннем комплексных аміякатаў. Святлоадчувальныя; пад уздзеяннем святла раскладаюцца з вылучэннем метал. серабра. Атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з галагенамі або з канцэнтраванымі растворамі галагенавадародных кіслот, нерастваральныя — абменным узаемадзеяннем серабра нітрату з адпаведнымі растваральнымі галагенідамі. Хларыд, брамід і ёдыд выкарыстоўваюць для вытв-сці святлоадчувальных матэрыялаў (папера фатаграфічная, плёнка кіна- і фатаграфічная); хларыд як дэтэктар касм. выпрамяненняў, для вырабу элементаў аптычнай часткі інфрачырв. спектрометраў; брамід як каталізатар у арган. сінтэзе; ёдыд пры гальванічным серабрэнні, як крыніцу цэнтраў крышталізацыі вады ў воблаках пры барацьбе з градам.

т. 14, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАВУГЛЯРО́Д вугляроду дысульфід,

злучэнне серы з вугляродам, CS2.

Бясколерная вадкасць з прыемным пахам, шчыльн. 1263 кг/м³ (20 °C), tкіп 46,24 °C. На святле часткова раскладаецца, таму жаўцее і пачынае смярдзець. Сумесь пары С. з паветрам (1,25—50% С. па аб’ёме) выбухованебяспечная (захоўваюць С. пад слоем вады). Дрэнна раствараецца ў вадзе; неабмежавана змешваецца з дыэтылавым эфірам, этанолам, хлараформам, добра растварае тлушчы, алеі, смолы, каўчукі, серу, фосфар, ёд. Пры награванні (t > 150 °C) раскладаецца вадой з вылучэннем серавадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем пары серы з метанам (прыродным газам) пры 500—700 °C у прысутнасці сілікагелю або з драўняным вугалем пры 750—1000 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы і фунгіцыдаў, для вулканізацыі каўчуку, як растваральнік, экстрагент. Атрутны, пашкоджвае нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы; ГДК у атм. паветры 0,005 мг/м³.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРУ́БЕР (англ. scrubber ад scrub скрэбці, чысціць),

1) апарат, у якім прамысл. газы ачышчаюцца ад цвёрдых або газападобных прымесей шляхам прамывання вадкасцю. Бываюць з фарсункамі для распылення вадкасці, з насадкамі (керамічнымі кольцамі) і з вярчальнымі лапаткамі для перамешвання газаў з вадкасцю. З дапамогай С. улоўліваюць прадукты каксавання, робяць ачыстку газаў ад пылу (пылаўлоўліванне, газаачыстку), выдаленне з іх попелу і інш. 2) Машына барабаннага тыпу для прамыўкі карысных выкапняў вадой з мэтай ачысткі ад гліністых і інш. дамешкаў. Бываюць праматочныя, у якіх вада і матэрыял, што прамываецца, рухаюцца ў адным напрамку, і проціточныя, дзе яны перамяшчаюцца ў сустрэчных напрамках. Гл. таксама Абсорбер.

Схема скрубера: 1 — газаход; 2 — камера змешвання; 3 — прыёмны патрубак газу; 4 — фарсунка (распыляльнік вадкасці); 5 — трубаправод вадкасці; 6 — камера ачышчанага газу; 7 — помпа.

т. 14, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬСКІ Бекір Міхайлавіч (12.7.1913, Мінск — 28.9.1982),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1967), д-р тэхн. н. (1958), праф. (1961). Скончыў БПІ (1935) і працаваў там з 1946. З 1958 заг. лабараторыі, з 1959 нам. дырэктара, з 1971 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену АН Беларусі. Навук. працы па прамысл. цеплаэнергетыцы, ачыстцы газавых прамысл. выкідаў, метадах цеплавільготнай апрацоўкі матэрыялаў, працэсах пераносу цеплаты і рэчыва ва ўмовах вакууму, вызначэнні аптымальных умоў інтэнсіфікацыі сублімацыйнага абязводжвання капілярна-порыстых рэчываў, вывучэнні ўплыву тэрмадыфузіі пры тэрмічнай апрацоўцы капілярна-порыстых матэрыялаў.

Тв.:

Внешний тепло- и массообмен в процессе конвективной сушки. Мн., 1957;

Реодинамика и теплообмен нелинейно вязкопластичных материалов. Мн., 1970 (разам з З.​П.​Шульманам, В.​М.​Гарыславец);

Нестационарный теплообмен. Мн., 1974 (разам з Л.​А.​Сяргеевай, У.​Л.​Сяргеевым).

Б.М.Смольскі.

т. 15, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)