тэрмін, якім абазначаецца стан ваен.-паліт. канфрантацыі дзяржаў (груп дзяржаў), калі адкрытых ваен. сутыкненняў не адбываецца, але вядзецца гонка ўзбраенняў, ужываюцца спробы эканам. націску (эмбарга, блакада эканамічная і інш.), арганізуюцца ваен.-паліт. блокі і саюзы, ствараюцца ваен.-стратэг. плацдармы і базы. «Х.в.» паміж СССР і яго саюзнікамі з аднаго боку і ЗША і іх саюзнікамі з другога пачала выспяваць неўзабаве пасля 2-й сусв. вайны і набыла канкрэтныя рысы каля 1948. Гал. яе прычыны — несумяшчальнасць геапаліт. мэтаў ЗША і СССР, процілегласць іх сац. сістэм, засн. на ідэалогіях, якія ўзаемавыключалі адна адну. Кожная з дзвюх звышдзяржаў мела на мэце пашырэнне адпаведнага грамадскага ладу на цэлы свет. Моцным фактарам разгортвання «Х.в.» стала ядзерная зброя, манапольнае валоданне якой у першыя пасляваен. гады ЗША імкнуліся выкарыстаць як сродак паліт. націску на СССР. Адказам стала стварэнне ў СССР уласнай ядзернай зброі (1949). Гэтыя падзеі сталі пачаткам гонкі ядзерных узбраенняў. Ядзерны фактар даваў палітыкам магчымасць ствараць у сваіх краінах уяўленне аб знешняй пагрозе з боку праціўніка і тым самым забяспечваць магчымасць некантралюемага нарошчвання ваен. патэнцыялу, якое само стала мэтай палітыкі. Першым адкрытым ідэалаг. маніфестам «Х.в.» лічыцца прамова (5.3.1946, г. Фултан, ЗША) б. прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля з заклікам стварыць англа-амер. саюз для барацьбы супраць пагрозы «сусв.камуніст. тыраніі», што нібыта зыходзіла ад СССР. ЗША і іх саюзнікі ўтварылі ваен.-паліт. блокі: Арганізацыя паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО, з 1949), Арганізацыя дагавору Паўднёва-Усходняй Азіі (СЕАТО, 1954—77), Арганізацыя цэнтральнага дагавору (СЕНТО, 1955—79) і інш.СССР і яго саюзнікі праз 6 гадоў пасля НАТО стварылі Арганізацыю Варшаўскага дагавору 1955 (АВД, 1955—91). Ідэалаг. праявай «Х.в.» была вострая канфрантацыя ў сферы прапаганды, якая вялася ў сродках масавай інфармацыі. Кожны з бакоў абвінавачваў іншы ў агрэсіўных намерах і дзеяннях, недэмакратызме паліт. сістэмы, парушэннях правоў чалавека, прапагандаваў перавагі свайго ладу жыцця. Спецслужбы вялі разведвальную і падрыўную дзейнасць на тэр. дзяржаў — магчымых праціўнікаў. «Х.в.» адбывалася на фоне нац.-вызв. барацьбы народаў свету супраць каланіялізму і неакаланіялізму. СССР звычайна падтрымліваў нац.-вызваленчыя і левыя сілы, ЗША — празаходнія, т.зв. праімперыялістычныя рэжымы і рухі. Не ўступаючы паміж сабой у адкрытую вайну, СССР і ЗША (з саюзнікамі) фактычна ўдзельнічалі на баку розных дзяржаў, ваен. і паліт. сіл у лакальных і грамадз. войнах: у Кітаі (1946—49), Карэі (гл.Карэйская вайна 1950—53), В’етнаме (1964—75), на Б. Усходзе (гл.Блізкаўсходні канфлікт), у Афрыцы (Эфіопія, Ангола і інш.) і Лац. Амерыцы (Куба, Нікарагуа) і інш. Аднак сама вастрыня гэтай барацьбы часам дыктавала неабходнасць супрацоўніцтва для прадухілення перарастання яе ў сапраўдную глабальную вайну. СССР і ЗША разам выступілі супраць спроб Вялікабрытаніі і Францыі блакіраваць Суэцкі канал у час Суэцкага крызісу 1956, садзейнічалі ўрэгуляванню становішча ў Конга ў 1960—63, здолелі мірным шляхам пераадолець Карыбскі крызіс 1962, рабілі захады па абмежаванні выпрабаванняў ядзернай зброі, з 1970-х г. удзельнічалі ў правядзенні палітыкі разрадкі і ядзернага раззбраення. Гэта, аднак, не азначала спынення «Х.В.». Яна асабліва ўзмацнілася па ініцыятыве ЗША пасля ўводу сав. войск у Афганістан (снеж. 1979) і спынілася толькі ў канцы 1980 — пач. 90-х г. у сувязі з роспускам АВД і распадам СССР. Кіраўніцтва ЗША (прэзідэнты Р.Рэйган, Дж.Буш, нам. прэзідэнта па дзярж. бяспецы З.Бжазінскі) расцэньвала гэтыя падзеі як перамогу ЗША і НАТО у «Х.в.». Пасля заканчэння «Х.в.» ў свеце пачала фарміравацца новая сістэма міжнар. адносін.
Літ.:
Степанова О.Л. Холодная война: Ист. ретроспектива. М., 1982;
Батюк В.И., Евстафьев Д.Г. Первые заморозки: Сов.-американ. отношения в 1945—1950 гг.М., 1995;
Бжезинский З. Великая шахматная доска: Пер. с англ.М., 1999;
Кальвокоресси П. Мировая политика после 1945 г.: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ПІС,
перыядычнае выданне, якое публікуе навук., гіст., маст. або літ.-публіцыст. матэрыялы; як і газета, адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Ч., як правіла, арыентуецца на пэўную аўдыторыю: паводле прафес. прызначэння, узросту, прыхільнасцей, сац., сац.-паліт., дэмаграфічных і інш. прыкмет. Тыпалагічна Ч. падзяляюць на грамадска-паліт., літ.-маст., сатыр., навук.-галіновыя, навук.-папулярныя, навук.-інфарм., вытв.-тэхн., а таксама для жанчын, моладзі, дзяцей і інш. Выходзяць штотыднёва, раз у 2 тыдні, штомесяц, штоквартальна.
Першым Ч. лічыцца «Le journal des savants» («Часопіс вучоных»), які выйшаў у Францыі ў 1665; першы Ч. у Расіі — «Ежемесячные сочинения, к пользе и увеселению служащие» (1755). Выдавецкая дзейнасцьбел. студэнтаў у Пецярбургу прывяла да выпуску ў 1884 двух нумароў Ч. «Гомон». У пач. 20 ст. на Беларусі выдаваліся Ч. «Крапіва», «Саха», «Лучынка», «Раніца»; галіновыя выданні: «Белорусский учительский вестник», «Медицинское дело» (1910), «Минские врачебные известия» (1910—15), «Педагогическое дело», «Спорт» (1913); Ч. для дзяцей «Зорька» (1905—12). Бел. выдавецкае т-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» выдавала Ч. «Маладая Беларусь». Першыя бел.сав. Ч. — «Чырвоны шлях» (1918), «Белорусская криница» (1918—19), «Народная асвета», «Факел коммунизма» (абодва 1919), «Коммунистический труд» (1919—23), «Школа и культура Советской Белоруссии», «Вольны сцяг», «Вестник народного комиссариата просвещения», «Полымя», «Бюллетень Центрального бюро Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии» (1923), «Камуністычнае выхаванне»; галіновыя Ч. — «Хозяйство Белоруссии» (1920—21), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Шляхі калектывізацыі» (1925—33); пазней — «Маладняк», «Наш край», «Узвышша», «Саветы Беларусі» (1928—31) і інш. У Зах. Беларусі выдаваліся Ч. «Бальшавік», «Маланка», «Беларуская культура», «Беларускі летапіс», «Асва», «Маладая Беларусь» і інш. (гл. ў арт.Заходнебеларускі друк). У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі выходзіла каля 100 перыяд. выданняў на бел., рус., ням., укр. мовах (гл.Друк акупацыйны ў Вял.Айч. вайну, Друк падпольны ў Вял.Айч. вайну). У пасляваен. гады на Беларусі выдавалася каля 130 Ч. і інш.перыяд. выданняў тыпу Ч., у т. л.«Коммунист Белоруссии», «Полымя», «Работніца і сялянка» (з 1995 «Алеся»), «Народная асвета», «Здравоохранение Белоруссии» (з 1996 «Здравоохранение»), «Бярозка», «Беларусь», «Весці Акадэміі навук Беларусі», «Вожык», «Нёман», «Маладосць», «Сельское хозяйство Белоруссии» (з 1991 «Хозяин»), «Доклады Академии наук Беларуси», «Вясёлка», «На экранах Беларусі» (з 1996 «На экранах»), «Инженерно-физический журнал», «Тэатральны Мінск» (1961—90), «Журнал прикладной спектроскопии», «Дифференциальные уравнения», «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Родная прырода», «Мастацтва Беларусі» (з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (з 1992 «Роднае слова»), У 1990-я г. Ч. пачалі выдаваць грамадскія, культ. і інш. аб’яднанні, творчыя, прафес. саюзы і калектывы: «Веснік Беларускага экзархата», «Беларуская думка», «Пачатковая школа» (з 1991), «Пралеска», «Гаспадыня» (з 1992), «Беларускі гістарычны часопіс», «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта», «Армия», «Всемирная литература», «Вышэйшая школа», «Пазашкольнае выхаванне» (усе з 1996), «Атэстацыя», «Белорусский экономический журнал» (абодва з 1997) і інш. На 1.2.2003 на Беларусі зарэгістравана 442 ч.
Літ.:
Перыядычны друк Беларусі, 1817—1916 гг.: Бібліягр. паказ. Мн., 1960;
Перыядычны друк Беларускай ССР (1917—1958). Вып. 1. Часопісы. Мн., 1960;
Друк Беларускай ССР, 1966—1970: Статыстыч. матэрыялы. Мн., 1972;
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА ГАНДЛЮ
Даследаванне пытанняў эканомікі гандлю на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з пераходам да нэпа. Гэтыя пытанні вывучалі: Эканам. нарада пры СНКБССР, таварныя біржы (да 1927), Цэнтрабелсаюз (з 1924 Белкаапсаюз), Наркамхарч БССР. З 1924 арганізацыяй вывучэння ўнутр. рынку Беларусі, эканам. абгрунтавання рознічных цэн на прадметы нар. спажывання займаліся: Наркамунутргандаль БССР (пазней Наркамзабеспячэнне, Наркамгандаль, Дзяржплан, Мін-ва эканомікі, Мін-ва гандлю Беларусі).
У Бел ін-це нар. гаспадаркі (з 1992 Бел.эканам.ун-т) навук даследаванні па эканоміцы гандлю вядуцца з 1933 г. Распрацоўваліся пытанні эфектыўнасці гандлю, павышэння прыбытку і рэнтабельнасці, рэфармавання форм уласнасці (Р.П.Валевіч, М.К.Войцік, Г.А.Давыдава, І.М.Мікуліч, І.У.Прыгун, Н.М.Скрыба, Г.В.Траяноўская, А.І.Ярчак), таварнага абарачэння, дэцэнтралізацыі нарыхтовак, выкарыстання мясц. выдаткаў абарачэння (Р.М.Карсека, П.Э.Мезян, Дз.І.Цыганкоў, М.Ф.Сакалова), эканам. аналізу, уліку і аўдыту (Л.І.Краўчанка, Б.С.Гаўрылаў), эканомікі грамадскага харчавання (А.С.Арцём’еў, Н.М.Любіна, В.П.Яфімава-Стаднік); статыстыкі тавараабароту (А.В.Ахрамовіч), арганізацыі, тэхналогіі, эфектыўнасці гандл. працэсаў (В.А.Бесман, А.Ф.Валанцэвіч, В.В.Лагойка, В.М.Платонаў, А.Г.Роміна), кіравання гандл. прадпрыемствамі (М.І.Кабушкін, Г.А.Каралёнак), міжнар. гандлю (І.Б.Цімашэнка). З пераходам да сацыяльна-арыентаванай рыначнай эканомікі сістэмна і комплексна навук. даследаваннямі праблем эканомікі гандлю займаюцца кафедры эканомікі гандлю, кіравання прадпрыемствамі гандлю, таваразнаўства Бел.эканам. ун-та (Р.П.Валевіч, Г.Г.Гоцкі, М.М.Нямелай, А.А.Брылеўскі) і інш. У Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі вывучаліся выдаткі абарачэння, рэнтабельнасці, механізм фарміравання цэн у планавай і рыначнай эканоміцы (Г.Ц.Кавалеўскі, А.М.Шклярык, Т.М.Мярэцкая, У.І.Тарасаў, Р.П.Валевіч, Б.С.Вайцяшэнка, А.Я.Кананчук, В.М.Платонаў), вопыт выкарыстання розных форм гандлю ў гістарычным аспекце, заканамернасці развіцця рознічнага тавараабароту, паказчыкаў эфектыўнасці гасп. дзейнасці рэгіёнаў (Л.М Міхневіч, В.М.Бусько, А.І.Лучанок).
Бел. вучоныя-эканамісты вывучаюць праблемы павышэння эфектыўнасці гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтовак, эканомікі каап. гандлю. (Бел. гандлёва-эканам.ун-т спажывецкай кааперацыі, Ін-т эканомікі Белкаапсаюза), планавання тавараабароту і рэгулявання спажывецкага рынку (Н.-д.эканам.ін-т Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь). Даследуюцца пытанні дзярж. рэгулявання ўнутр. спажывецкага рынку (І.А.Когелеў, М.У.Пятровіч), суадносін попыту, прапановы і цаны на бел. рынку (А.І.Прыходчанка), станаўлення і перспектыўнага развіцця спажывецкага рынку Беларусі (М.С.Шэлег), арганізацыі, уліку і падаткаабкладання ў фірменным гандлі (Л.А.Абухава), станаўлення маркетынгу ў Беларусі (А.А.Скідан), сувязі гандлю і лёгкай прамысловасці ў сучасных умовах (У.М.Рыбакоў), кіраўніцкай дзейнасці і менеджменту ў гандлі (М.І.Кабушкін, Г.Г.Гоцкі, Г.А.Кабушкін) і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі: «Камерцыйная дзейнасць» С.М.Вінаградавай (1998), «Маркетынг у сітуацыях: (Рыначна-арыентаванае мысленне» (1997), «Механізм функцыянавання рынку» І.У.Галавачовай (1998), «Бізнес-планаванне ў гандлі» П.П.Валевіч, І.М.Мікуліч, М.М.Скрыба (2000), «Аналіз гаспадарчай дзейнасці ў гандлі» Л.І.Краўчанка (5-е выд., 2000), «Эканоміка гандлёвага прадпрыемства» (ч. 2, 2000), «Тэорыя канкурэнцыі і сучасныя фактары канкурэнтаздольнасці» Л.У.Вараб’ёвай (2002) і інш.
Літ.:
Проблемы развития товарных рынков в Республике Беларусь: Сб. науч. трудов. Мн., 1997;
Шелег Н.С. Потребительский рынок Белоруссии: этапы, проблемы, перспективы. Мн., 2001;
Приходченко О.И. Белорусский потребительский рынок: спрос, предложение и цены. Мн., 2002;
Петрович М.В. Государство, потребление, рынок. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛЬНАЕ ПРАВА
Нацыянальныя крымін.-прававыя погляды бяруць пачатак з такіх фундаментальных нарматыўных крыніц, як статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 (апошні дзейнічаў на тэр. Беларусі да 1840). У дасав. і ў сав. перыяды айч. навука крымін. права фарміравалася і развівалася ў асн. ў рэчышчы і на метадалагічнай аснове рас.крымін. права. Сістэмнае фарміраванне нац.навук. школы крымін. права звязана з расшырэннем у 1953 і 1957 паўнамоцтваў саюзных рэспублік у галіне заканадаўчага рэгулявання. Цэнтрамі падрыхтоўкі навук. кадраў і правядзення фундаментальных даследаванняў у галіне крымін. права былі Мінскі юрыдычны ін-т (1931—54), БДУ (юрыд.ф-т, 1954), Ін-т філасофіі і права АН Беларусі (з 1931), Мінская вышэйшая школа МУССССР. Навук. даследаванні ў гэты перыяд былі звязаны з рэформай крымін. заканадаўства, падрыхтоўкай Асноў крымін. заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, а пасля іх прыняцця ў 1958 — Крымінальнага кодэкса БССР (1960). Апрача дактрынальнага каменціравання кодэкса, прадметамі даследаванняў бел. вучоных сталі праблемы: стадыі здзяйснення наўмыснага злачынства, падставы і межы адказнасці за няскончаную злачынную дзейнасць (І.С.Цішкевіч); падставы і межы крымін. адказнасці за пакіданне ў небяспецы (І.І.Гарэлік); пазбаўленне свабоды як від крымін. пакарання і яго эфектыўнасць (М.А.Яфімаў) і інш. У пач. 1960-х г. на базе Ін-та філасофіі і права АН Беларусі арганізавана падрыхтоўка навук. кадраў у галіне крымін. права. Выдадзены манаграфічныя працы «Адказнасць за цялесныя пашкоджанні па савецкаму крымінальнаму праву» П.А.Дубаўца (1964), «Умовы і межы неабходнай абароны» І.С.Цішкевіча (1969), «Класіфікацыя злачынстваў, небяспечных для жыцця і здароўя» І.І.Гарэліка (1973) і інш. Пытанні крымін. адказнасці і сістэмы пакаранняў аналізаваліся ў працах Л.В.Багрый-Шахматава. У 1963 пад рэд. І.Ц.Цішкевіча і В.А.Шкурко выдадзены першы Навук.-практычны каментарый да Крымін. кодэкса БССР (апошняе перавыд. 1989).
У 1970—80-я г. аб’ектам навук. даследаванняў сталі крымін.-прававыя меры ўздзеяння, не звязаныя з пакараннем (Э.А.Саркісава, В.А.Шкурко, М.А.Яфімаў). Сувязь тэорыі крымін. права з суд. практыкай адлюстравана ў працах І.С.Цішкевіча і І.І.Гарэліка «Пытанні крымінальнага права (Агульнай часткі) у практыцы Вярхоўнага суда БССР» (1973) і «Пытанні судовай практыкі (Асаблівай часткі) у практыцы Вярхоўнага суда БССР» (1976). Распрацоўваліся такія актуальныя праблемы, як крымін.-прававыя сродкі стымуляцыі раскрыцця злачынстваў (А.У.Баркоў), крыміналізацыя грамадска небяспечных паводзін з выкарыстаннем інфарм.-вылічальных машын (М.Ф.Ахраменка), сродкі забеспячэння выканання абвінаваўчага прыгавору (В.В.Марчук), кваліфікацыя крадзяжоў маёмасці пасля прыняцця Закона аб уласнасці і уніфікацыя на яго аснове адказнасці за злачынствы супраць уласнасці (І.С.Цішкевіч, С.І.Цішкевіч). З пач. 1990-х г., ва ўмовах рэформы крымін. заканадаўства, вядуцца даследаванні ў галіне тэорыі і практыкі крымін.-прававой абароны свабоды і адпаведнага парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці (А.І.Лукашоў), аналізуюцца тэарэтычныя аспекты і прынцыпы функцыянавання інстытута крымін. адказнасці (У.М.Хоміч). Распрацаваная на кафедры крымін. права БДУ пад кіраўніцтвам У.М.Хоміча канцэпцыя рэфармавання крымін. і крымін.-выканаўчага заканадаўства стала нарматыўнай мадэллю прынятых Крымінальнага (1999) і Крымінальна-выканаўчага (2000) кодэксаў Рэспублікі Беларусь. У 2003 выдадзены «Каментарый да Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» пад рэд. А.У.Баркова.
Літ.:
Саркисова Э.А. Уголовно-правовые средства предупреждения преступлений. Мн., 1975;
Барков А.В. Уголовный закон и раскрытие преступлений. Мн., 1980;
Ефимов М.А., Шкурко В.А. Совершенствование уголовно-правовых мер борьбы с преступностью. Мн., 1980;
Хомич В.М. Теоретические проблемы уголовной ответственности (формы реализации). Мн., 1997;
Лукашов А.И. Преступления против порядка осуществления экономической деятельности: уголовно-правовая характеристика и вопросы классификации. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРОДНАЕ ПРАВА
У перыяд знаходжання Беларусі ў складзе СССР неабходнасць правядзення навук. даследаванняў у галіне міжнар. права была абумоўлена яе статусам раўнапраўнага члена ААН і інш.міжнар. арг-цый. Цэнтрам падрыхтоўкі навук. кадраў па міжнар. праве стаў Аддзел прававых навук Ін-та філасофіі і права АН Беларусі, дзе з 1950-х г. дзейнічала аспірантура па гэтай спецыялізацыі. Праблематыка навук. даследаванняў была прысвечана абгрунтаванню міжнар. правасуб’ектнасці БССР, формам яе ўдзелу ў кадыфікацыйным працэсе, дыпламат. праву, пытанням правапераемнасці міжнар. дагавораў (Я.М.Семірыхін, В.А.Круталевіч, Л.В.Паўлава, Ю.П.Броўка, Л.У.Уласава, М.М.Авакаў). Былі апубл. манаграфіі «Міжнародная правасуб’ектнасць БССР» (1967) і «Беларуская ССР — суверэнны ўдзельнік міжнародных зносін» (1974) Ю.П.Броўкі, «Правапераемнасць міжнародных дагавораў» Л.У.Уласавай (1985) і інш.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалося актыўнае фарміраванне бел. школы міжнар. права і адпаведнай сістэмы прафес. падрыхтоўкі юрыстаў-міжнароднікаў. У 1992 створана кафедра міжнар. права юрыд. ф-та БДУ і аспірантура пры ёй, у 1995 адкрыта аддзяленне міжнар. права на ф-це міжнар. адносін БДУ. У 1999 выдадзены навуч. дапаможнікі «Міжнароднае гуманітарнае права» В.Ю.Калугіна, Л.В.Паўлавай і І.В.Фісенкі, «ЮНЕСКА і правы чалавека» Л.В.Паўлавай і А.Я.Вашкевіч (2002). Міжнар. абароне правоў чалавека і міжнар.гуманіт. праву ў перыяд узбр. канфліктаў прысвечаны навуч. дапаможнік Л.В.Паўлавай і А.І.Зыбайла (2002). Апубл.зб.міжнар.-прававых дакументаў і нац. заканадаўчых актаў па пытаннях бежанцаў (2000), нарматыўных актаў па консульскіх пытаннях (2003), практыкум па міжнар. праве для бакалаўраў Л.В.Паўлавай (2003). Прадметам даследавання бел. вучоных-юрыстаў сталі такія актуальныя праблемы міжнар. права, як правапераемнасць дзяржаў у адносінах уласнасці, даўгоў і архіваў (Т.Я.Ушакова), міжнар. трацейскі суд (А.А.Папкоў), інстытуцыйны механізм міжнар. супрацоўніцтва па пытаннях інтэлектуальнай уласнасці (А.Б.Леановіч), Еўрап. Саюз як мадэль міжнар. інтэграцыі (Ю.А.Лепешкаў), юрысдыкцыя Міжнар. суда ААН (А.У.Велічкоўскі), міжнар.-прававая рэгламентацыя інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расіі (В.М.Арцёмава, А.Л.Козік, А.П.Марыкаў) і інш.Н.-д.дзейнасцьбел. вучоных-міжнароднікаў ажыццяўляецца ў рамках навук. праграм кафедры міжнар. права БДУ па тэмах: «Роля міжнароднага права ў рэфармаванні прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь» і «Міжнародная правасуб’ектнасць Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе». Аналізуюцца пытанні міжнар. абароны правоў чалавека (А.М.Старавойтаў, А.М.Жырмент), дзейнасці міжнар. арг-цый (І.А.Баркоўскі, Ю.А.Лепешкаў, В.А.Астапенка), міжнар.крымін. права (У.У.Мяркушын, І.А.Тарасаў), імунітэту дзяржаў (А.І.Краўчанка, Р.Р.Галсцян), міжнар. прыватнага права (А.В.Бабкіна, Ю.А.Кудравец, А.Б.Леановіч), суадносін міжнар. і нац. права (А.І.Зыбайла, Л.В.Паўлава). Канцэптуальныя распрацоўкі даследчыкаў публікуюцца ў «Беларускім часопісе міжнароднага права і міжнародных адносін», які выдаецца з 1996. У 2001 у БДУ створаны спецыялізаваны вучоны савет па абароне дысертацый па міжнар. праве. Бел. юрысты прымаюць удзел у міжнар. і рэсп.навук.-практ. канферэнцыях па праблемах міжнар. права, у дзейнасці экспертных груп, камісіі па імплементацыі міжнар. гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і інш.
Літ.:
Бровко Ю.П. Белорусская ССР и прогрессивное развитие международного права. Мн., 1979;
Власова Л.В. БССР в международном культурном и научно-техническом сотрудничестве. Мн., 1985;
Фисенко И.В. Борьба с международными преступлениями в международном уголовном праве. Мн., 2000;
Калугин В.Ю. Механизм имплементаций международного гуманитарного права. Мн., 2003;
Меркушин В.В. Борьба с транснациональной организованной преступностью. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
звязана з нараджэннем, шлюбам і пахаваннем чалавека, Ахоплівала сферу сямейных адносін, працоўную дзейнасць чалавека, яго побыт і жыццё, сац. і маральна-этычныя ідэалы, абрады і звычаі. Складвалася пад уплывам язычніцтва, пазней — хрысціянства. У беларусаў найлепш захавалася радзінная паэзія са спецыфічна нац. ў ёй хрэсьбіннымі песнямі. Гал. дзеючыя персанажы радзіннай абраднасці: парадзіха, бабка-павітуха, бацька нованароджанага, кум, кума. Засцерагальныя абрады і песні павінны былі ахоўваць здароўе парадзіхі і дзіцяці, а таксама забяспечыць шчаслівую долю нованароджанага, якая паводле нар. перакананняў залежала ад бабкі-павітухі, кумоў. У хрэсьбіннай паэзіі вылучаліся заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і бяседныя песні, прыгаворкі, зычэнні, тосты. Хрэсьбінныя жартоўныя песні развейвалі ідэальныя вобразы ўдзельнікаў урачыстага застолля. Найб. старажытныя — заклінальныя і велічальныя песні, якія вызначаліся ўстойлівай традыцыйнасцю вобразаў-персанажаў, паэтыкі, мелодыкі. Велічальныя песні багатыя на эпітэты, параўнанні. Асабліва каларытна абмалёўваўся вобраз бабкі, шанаванне якой падкрэслівалася трапнымі параўнаннямі. Песні пра кума і куму часта мелі жартоўна-эратычны характар. Большасць заклінальных песень звернута да бабкі, раскрываюць яе дзеянні, што скіраваны забяспечыць шчаслівую долю немаўляці; у многіх песнях яна заклінае пра гэта Бога. У застольна-бяседных творах адлюстроўваліся гасціннасць гаспадароў, урачыстасць падзеі, нацыянальна-адметныя традыцыі.
Вясельныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, тосты беларусаў суправаджалі сватанне, заручыны, выпяканне каравая, пасад і інш. этапы вяселля. У многіх выпадках падказвалі наступныя рытуальныя дзеянні. Песні, зычэнні, тосты, што выконвалі асноўныя ўдзельнікі шлюбнай урачыстасці, павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту. У час суборнай суботы (дзявочы вечар) спявалі песні з матывамі адшукання руты, каліны для вяночка, завівання вянка, развітання з сяброўкамі, непазбежнасці расставання з бацькамі. Традыцыйна склаўся каравайны рытуал з песнямі, у якіх гіпербалізуецца колькасць выкарыстаных прадуктаў, персаніфікуюцца каравай (сімвалізаваў жаніха і нявесту), печ, дзяжа, лапата і інш.; каларытна малююцца вобразы каравайніц. Спявалі песні, у якіх гучала скарга нявесты, павянчанай з нялюбым. Сумам прасякнуты песні нявесты-сіраты, якая просіць нябожчыкаў бацькоў блаславіць яе шлюб. Перад ад’ездам маладога да нявесты гучалі песні, у якіх адлюстроўваўся пераход хлопца ў стан жанатага мужчыны. Застольныя песні маглі быць лірычныя, жартоўныя, велічальныя і інш. Багатымі сродкамі маст. выразнасці жартоўныя песні добразычліва высмейвалі сватоў, дружкаў, баяр, маршалкаў і інш. удзельнікаў вяселля. Часам жартоўна супрацьпастаўляліся жаніх і нявеста.
Пахавальны і памінальны рытуал складваўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Асноўныя жанры гэтых абрадаў — галашэнні, псалмы, духоўныя вершы. Уся абраднасць прасякнута верай у замагільнае жыццё, у наяўнасць неўміручай душы ў чалавека. Хаўтурныя галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх традыцыйна выкарыстоўваліся стэрэатыпныя нар. формулы, маст. прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых. Некат. будуюцца на рытарычных пытаннях, памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў і назоўнікаў. З эмацыянальнай узрушанасцю ў галашэннях аплаквалася заўчасная смерць немаўляці, выказваліся любоў і пашана да блізкага чалавека, горыч перажыванняў, раскрывалася нялёгкае жыццё памерлага, бязмерная роспач асірацелых дзяцей, удавы, бацькоў. Песні-псалмы — творы духоўна-маралізатарскага характару. Яны бытавалі як разнавіднасць канта і выконваліся на хаўтурах, трацінах, дзевяцінах, Радаўніцу. Крыніцамі духоўных вершаў была хрысціянская апакрыфічная літаратура. Вершы перадавалі старазапаветныя і новазапаветныя сюжэты, славілі святых, праведнікаў, асуджалі грэшнікаў. Сямейна-абрадавая паэзія, цесна звязаная з жыццём, побытам, узаемаадносінамі ў грамадстве, вызначалася ўстойлівай традыцыйнасцю, жывучасцю, поліфункцыянальнасцю ў найважнейшыя вехі жыцця чалавека. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Радзінная паэзія» (1971, укладальнікі М.Грынблат, В.Ялатаў), «Вяселле. Абрад» (1978, укладальнік К.Цвірка), «Вяселле. Песні» (т. 1—6, 1980—88, укладальнікі Л.Малаш, З.Мажэйка), «Пахаванне. Памінкі. Галашэнні» (1986, укладальнікі У.Васілевіч, Т.Варфаламеева), «Вяселле. Мелодыі» (1990, укладальнікі З.Мажэйка, Т.Варфаламеева), «Радзіны. Абрад. Песні» (1998, укладальнікі Г.Пятроўская, Т.Кухаронак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГ,
горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс.ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.
Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс.чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл.«Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс.чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.
С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.М.Фантана і Г.Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.Матарнові, Н.Гербель, Г.К’яверы, М.Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.А.Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.Росі, майстар Г.Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.Фельтэн, П.Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.М.Вален-Дэламот і А.Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр.ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ, М.А.Кало, Ф.Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.Бажэнаў, В.Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.Клот, С.Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.Малышаў, А.Парланд; мазаікі В.Васняцова; маст. М.Несцераў, А.Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.Кавас; перабудова 1863, арх. В.Шротэр). У 19 ст. пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.Бенуа, А.Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх. П.Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.Бенуа, У.Шчуко, С.Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх. абодвух І.Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял.Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.Нікольскі, Н.Сцяпанаў, Н.Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.Прыбульскі, С.Аднавалаў, М.Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.Марозаў, інж. А.Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял.Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас.АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас.пед. імя А.Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.І.Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас.нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас.АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.
18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.Шастаковіча.
Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.І.Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.К.Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.І.Абрамовіч, мастак І.І.Аляшкевіч, літаратар Я.Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.Каліноўскі і К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.І.Вількіцкі, гісторык Я.Я.Замыслоўскі, мастакі С.К.Заранка, К.Хруцкі, музыканты Т.Юзафовіч-Бароўская, М.Л.Зарэмба, Ф.А.Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.М.Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.Гартны (З.Жылуновіч), А.Гурло, Я.Купала, Цётка (А.Пашкевіч), вучоныя Я.Ф.Карскі, П.В.Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел.выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел. канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ.дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.С.Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.Р.Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.І.Салярцінскі, пісьменнік Л.І.Ракоўскі, вучоныя Б.Р.Галёркін, С.Я.Лур’е, У.Ф.Міткевіч, П.Ф.Папковіч, Л.У.Шчэрба, служылі контр-адміралы В.П.Дрозд, М.Б.Паўловіч, ген.-лейт. Ф.Н.Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс.чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ.дзейнасцьмясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны (старшыня А.Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.П.Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.Казак, В.Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас.культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.Я.Краўцоў. З С.-П. звязана навук.дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.І.Алфёрава.
Літ.:
Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;
Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;
Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;
Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;
Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;
Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;
Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.
Л.У.Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).
Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА
Бел. фалькларыстыка як самастойная навука пра вусна-паэт., музычную, харэаграфічную, тэатральную нар. творчасць пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. і склалася ў 20 ст. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра нар.-паэт. творы трапляюцца ў «словах» Кірылы Тураўскага (12 ст.), летапісах і хроніках 14—16 ст., дзелавых дакументах (лісты Ф.Кміты-Чарнабыльскага, 1573—74; апісанні бел. сямейных абрадаў і ўзоры пахавальнага галашэння ў кн. «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» Я.Ласіцкага, 1582, і інш.). У 1618 С.Рысінскі апублікаваў (у Любчы, на лац. мове разам з польскімі) бел. прыказкі, запісаныя на Полаччыне і Віцебшчыне. 15 бел. песень трапілі ў рукапісны спеўнік 1733 (апубл. ў 1970 А.Макмілінам і Ц.Дрэйгам у «Оксфардскіх славянскіх запісках», т. 3). Бел. купальскую песню з апісаннем абраду змясціў А.Меер у «Апісанні Крычаўскага графства» (1786, апубл. ў 1901). У 1816—17 Віленскі універсітэт распрацаваў інструкцыю па зборы фалькл.-этнагр. матэрыялаў. Паводле яе М.Чарноўская ў 1817 апублікавала працу «Рэшткі славянскай міфалогіі, якія захаваліся ў звычаях вясковага люду на Беларусі (Магілёўская губ.)». Адзін з першых збіральнікаў і даследчыкаў бел., рус., укр. і польскага фальклору З.Даленга-Хадакоўскі распрацаваў праграму комплекснага вывучэння культуры славян, сабраў каля 3 тыс. песень (не надрукаваны). У 1837—46 Я.Чачот выдаў у Вільні 6 зборнікаў бел.нар. песень (каля 1 тыс. тэкстаў на польскай і часткова бел. мовах). Кніга 6-я пад назвай «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны» (1846) — першае асобнае выданне арыгінальных бел. песень. Багаты фалькл.-этнагр. матэрыял змясцілі А.Рыпінскі ў кн. «Беларусь» (1840) і Я.Тышкевіч у «Апісанні Барысаўскага павета» (1847). У 1-й пал. 19 ст.бел. фальклор збіралі і вывучалі Я.Баршчэўскі, К.Вуйціцкі, Л.Галамбёўскі, Т.Зан, Р.Зянькевіч, А.Кіркор, А.Міцкевіч, Р.Падбярэскі, У.Сыракомля і інш. Фалькларыстычныя працы гэтага перыяду каштоўныя фактычным матэрыялам і вял. колькасцю запісаў вусна-паэт. твораў. Аднак большая частка запісаў перакладалася на польскую або рус. мовы, перапрацоўвалася, публікавалася недакладна. Збіральніцкая дзейнасць адыграла важную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і методыкі збору нар. твораў, іх публікацыі і вывучэнні.
У 2-й пал. 19 ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як самастойнай філал. навукі. Пашырылася збіральніцкая дзейнасць, з’явіліся вял. па колькасці твораў зборнікі, запісы сталі больш дакладнымі. Выйшлі «Народныя песенькі пінскага люду» Р.Зянькевіча (1851), «Беларускія прыказкі» П.Шпілеўскага і «Народныя беларускія песні» Е.Паўлоўскай (абедзве 1853), «Віленская губерня» А.Карава (1861), «Смаленская губерня» М.Цэбрыкава (1862), «Гродзенская губерня» П.Баброўскага (1863), «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі» А.Занкевіча (1897) і інш. У зб. «Народныя рускія казкі» (1855—64) А.Афанасьеў змясціў 20 бел. казак. Фалькларыстычная дзейнасць актывізавалася са стварэннем у Вільні ў 1867 Паўн.-Зах. аддзела Пецярбургскага Рус. геаграфічнага т-ва. У «Запісках Рускага геаграфічнага таварыства па Аддзяленні этнаграфіі» надрукаваны зб. «Беларускія песні» І.Насовіча і «Беларускія народныя песні» П.Шэйна (абодва 1873).
У фалькларыстыцы 2-й пал. 19 ст. існавалі гістарычная, міфалагічная і міграцыйная тэорыі. Прыхільнікі міфалагічнай школы (А.Багдановіч, Ф.Буслаеў, М.Доўнар-Запольскі, А.Кіркор, Я.Ляцкі, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, П.Шпілеўскі, П.Шэйн і інш.) лічылі найважнейшымі ў фальклоры стараж. творы, спрыялі актывізацыі збірання і вывучэння нар.-паэт. творчасці. Пазіцыі міфалагічнай школы пэўны час падзялялі А.Весялоўскі і А.Пыпін, якія пазней сталі прыхільнікамі міграцыйнай тэорыі і сканцэнтравалі сваю ўвагу на даследаванні культурна-гіст. сувязей, на параўнальным вывучэнні вуснай паэзіі розных народаў. Станоўча паўплываў на бел. вучоных гіст. кірунак у навуцы, тэарэтыкі якога звязвалі ўзнікненне фалькл. твораў з пэўнымі гіст. падзеямі.
Абуджэнню і разгортванню сістэматычнай працы па зборы фалькл. і этнагр. матэрыялаў садзейнічала спец. праграма П.Шэйна (1867). Дзякуючы інтэнсіўнай працы шырокай сеткі карэспандэнтаў (больш за 200) ён у 1887—1902 выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (3 тамы ў 4 кнігах), дзе змясціў песні, казкі, анекдоты, драм. батлеечныя творы, апісанні абрадаў, гульняў, жылля, адзення і інш. Больш за 500 песень, пераважна вясельных, апублікаваў А.Дамбавецкі ў кн. «Спроба апісання Магілёўскай губерні» (т. 1—3, 1882—84). Своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця, культуры і побыту беларусаў стаў шматтомны «Беларускі зборнік» Е.Раманава (вып. 1—9, 1885—1912, выдадзены няпоўнасцю, частка загінула ў Вял.Айч. вайну). Ён жа апублікаваў «Магілёўскую даўніну» (вып. 1—3, 1900—03), «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12). Багаты збор бел. фальклору ў выданнях «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.Дабравольскага (ч. 1—4, 1891—1903), «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» А.Сержпутоўскага (1911). Бел.нар. творы змешчаны ў зборніку ўкр. этнографа і фалькларыста П.Чубінскага «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (т. 1—7, 1872—79). Грунтоўныя зборы па бел. фальклоры апублікавалі А.Гурыновіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Нікіфароўскі, З.Радчанка, М.Янчук і інш.Бел. фалькларыстыку папоўнілі даследаванні Я.Ляцкага па бел. міфалогіі і замовах, Дз.Булгакоўскага па песнях, прыказках, прымаўках і загадках, Ю.Крачкоўскага па дзіцячых гульнях. Збіральніцкую дзейнасць разгарнуў польскі фалькларыст М.Федароўскі. У яго фундаментальнай працы «Люд беларускі» (т. 1—3, 1897—1903; т. 4, 193 5; т. 5—6, 1958—60; т. 7, 1969; т. 8, 1981; «Вяселле», 1991) змешчаны казкі, легенды, паданні, анекдоты, песні, прыказкі, прымаўкі, павер’і, творы інш. жанраў.
У 19 — пач. 20 ст.бел. фальклор сістэматычна не даследаваўся. Пэўныя абагульненні гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. твораў пададзены ў «Гісторыі рускай этнаграфіі» А.Пыпіна (т. 4, 1892), казак — у кн. «Руская народная казка» С.Саўчанкі (1914). Аналіз асобных твораў зроблены ў працах А.Весялоўскага, А.Патабні, М.Сумцова. Першае даследаванне асн.фалькл. жанраў і іх паэтыкі ажыццявіў Я.Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916). Асобныя праблемы навукі разглядаліся ў публікацыях А.Багдановіча, А.Лабады, М.Янчука.
У 1920—30-я г. ў перыяд. друк сталі трапляць песні і прыпеўкі пра тагачасную рэчаіснасць, якія выдаваліся за фальклор. Такія творы ўвайшлі ў зб. «Ленін і Сталін у беларускай народнай творчасці» (1937), «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938) і інш.Вял. ролю ў развіцці фалькларыстыкі адыграла стварэнне ў 1929 Бел.АН (з 1936 — АНБССР, з 1991 — АН Беларусі, з 1997 — Нац.АН Беларусі) і сектара этнаграфіі і фальклору ў Ін-це гісторыі. У выніку шматлікіх экспедыцый сабраны багаты матэрыял, на аснове якога, а таксама папярэдніх публікацый рыхтаваўся да выдання 3-томны збор бел.нар. песень. Выйшаў толькі 1-ы том «Песні беларускага народа» ў 1940, складальнік М.Грынблат; рукапісы астатніх загінулі ў Вял.Айч. вайну. У гэты том увайшлі прыгонніцкія, чумацкія, бурлацкія, салдацкія, жартоўныя песні; многія з нотным запісам. У ліку найб. каштоўных выданняў даваеннага часу — «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) А.Сержпутоўскага, «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» А.Шлюбскага (ч. 1—2, 1927—28), «Народныя песні з мелодыямі» М.Гарэцкага і А.Ягорава (1928), тэарэтычныя даследаванні М.Нікольскага «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях і вераваннях беларускага сялянства» (1933) і інш. Праблемам бел. фальклору прысвечаны арт. З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Шлюбскага і інш. Значная збіральніцкая і даследчыцкая праца вялася ў Зах. Беларусі і Латвіі: «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (1929), «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» С.Сахарава (1940). Багаты фалькл. архіў АН Беларусі знішчаны ням. фашыстамі ў Вял.Айч. вайну.
У пасляваенны час аднавіў работу сектар этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі АН Беларусі. На базе яго і сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры ў 1957 створаны Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіранне, публікацыя і даследаванне бел. вусна-паэт. твораў набыло сістэмны мэтанакіраваны характар. Шырока разгарнулася збіранне фальклору перыяду Вял.Айч. вайны. Тэарэтычныя даследаванні яму прысвяцілі Л.Бараг, Г.Барташэвіч, М.Грынблат, І.Гутараў, Л.Мухарынская, А.Фядосік. Выйшлі кн. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1957, 3-е выд. 1992), «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (т. 1—4, 1959—76), «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961). Выдадзены шэраг рэгіянальных фалькл. зборнікаў: «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны» (укладальнік Н.Гілевіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (укладальнік В.Захарава, абодва 1973); «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні беларускага Палесся» (1983—84), «Песні беларускага Падняпроўя» (1999, усе З.Мажэйка, апошні — з Т.Варфаламеевай); «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць» (1989, укладальнікі В.Захарава, Р.Кавалёва, В.Ліцьвінка, У.Раговіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995, укладальнікі В.Ліцьвінка, Г.Кутырова); «Песенны фальклор Палесся» У.Раговіча (т. 1—3, 2001—04), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе» (т. 1, 2001, укладальнікі Т.Варфаламеева, В.Басько, М.Козенка і інш.), «Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік», «Народная міфалогія Гомельшчыны» (абодва 2003, укладальнікі І.Штэйнер, В.Новак) і інш. Вылучаюцца зборнікі Н.Гілевіча, у якіх у адпаведнасці з жанрава-відавой прыналежнасцю сістэматызаваны нар. творы: «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). З 1970 выдаецца серыя «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986), у якой класіфікаваны і сістэматызаваны матэрыял з экспедыцый, раней апублікаваных крыніц, архіваў, выпрацаваны прынцыпы тэксталагічнай работы, навук. каменціравання і інш. Выдадзена 45 тамоў. Звод серыі — самы поўны збор лепшых узораў нар. песень, казак, легенд, паданняў, прыпевак, прыказак, прымавак, загадак, жартаў, гумарэсак, анекдотаў, гульняў, пахавальных галашэнняў, а таксама тэарэт. матэрыялаў для вывучэння гісторыі фальклору і даследавання праблем гуманітарных навук, мастацтвазнаўства і інш. Значны ўклад у развіццё бел. фалькларыстыкі зрабілі М.Анцаў, А.Грыневіч, Г.Цітовіч, М.Чуркін і інш.
З 2-й пал. 20 ст. актывізаваліся тэарэт. даследаванні ў галіне гісторыі бел. фальклору. Выйшлі кн. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М.Нікольскага (1956), «Нарысы па беларускаму фальклору» К.Кабашнікава (1963), навуч. дапаможнікі «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966) пад рэд. М.Ларчанкі, «Беларускі фальклор: Хрэстаматыя» (1970, 4-е выд. 1996) К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі, «Беларуская народнапаэтычная творчасць» (1979), «Сімволіка беларускай народнай культуры» І.Крука (2000), падручнік К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі і інш. «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2-е выд., 2000). Грунтоўна гісторыя бел. фальклору ад старажытнасці да 1960-х г. даследавана ў калект. працы «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967). Сістэмны аналіз гістарыяграфіі найважнейшых фалькл. жанраў рус. і ў многіх выпадках бел. фальклору разгледжаны ў кн. «Гістарыяграфія рускай фалькларыстыкі. 1917—1941» А.Марозава (1999). Асноўныя заканамернасці і кірункі развіцця фальклору, змены ў яго жанравым складзе даследаваны ў манаграфіях «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969), «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981) К.Кабашнікава; нар. сатыра ў кн. «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) А.Фядосіка; паэтыка бел. фальклору ў працах «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971), «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Паэтыка беларускай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Святло народнага слова» В.Коўтун (1984); «Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя» Т.Івахненкі (2002). Даследаванню культу продкаў, архаічных рытуалаў і абрадаў на Тройцу прысвечана манаграфія В.Шарай «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002).
Асобныя віды і жанры бел. фальклору, іх паэтыка і маст. асаблівасці прааналізаваны ў манаграфіях «Наша родная песня» (1968) Н.Гілевіча, «Беларуская казка» Л.Барага (1969), «Беларуская частушка» І.Цішчанкі (1971); «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993) і «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект» (1998) А.Ліса; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» У.Васілевіча (1979); «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «Тайны народнай песні» (1994), «Святкаванне Каляд на Беларусі» (1998), «Беларускія загадкі» (2000), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001) А.Гурскага; «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.Барташэвіч (1985); «Святы і абрады беларусаў» В.Ліцьвінкі (3-е выд. 2001); «Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: Да праблем лакальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры» (2001) і «Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» (2002) В.Новак. Упершыню ў славянскай фалькларыстыцы выдадзена фундаментальнае даследаванне ў 6 кнігах з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»: «Каляндарна-абрадавая паэзія» (А.Ліс, А.Гурскі і інш.), «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (А.Фядосік, Е.Емяльянаў і інш.; абедзве 2001), «Пазаабрадавая паэзія» (А.Гурскі, Г.Пятроўская, Л.Салавей і інш.), «Народная проза» (К.Кабашнікаў, А.Фядосік, А.Цітавец і інш.; абедзве 2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы» (А.Ненадавец, А.Марозаў і інш., 2003), «Малыя жанры. Дзіцячы фальклор» (Т.Валодзіна, Г.Барташэвіч і інш., 2004). Функцыянальную прыроду абрадаў і звычаяў даследавалі Т.Валодзіна («Талака ў духоўнай культуры беларусаў», 1977), Г.Таўлай («Беларускае Купалле. Абрад, песня», 1986), А.Лозка («Беларускі народны каляндар», 1993), У.Сысоў («Беларуская пахавальная абраднасць: Структура абраду, галашэнні, функцыі слова і дзеяння», 1995, «З крыніц спрадвечных», 1997) і інш. Музычны фальклор даследавалі А.Аляхновіч, Т.Варфаламеева, З.Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, В.Ялатаў і інш., муз. інструменты — І.Назіна, танцавальны фальклор — Ю.Чурко, М.Козенка, Л.Алексютовіч, сувязь бел. літаратуры і вуснапаэт. творчасці — М.Грынчык, В.Каваленка, А.Лойка, А.Макарэвіч, А.Мальдзіс, М.Тычына, І.Чыгрын і інш. Праблемы міфалогіі сістэмна даследаваны ў працах І.Казаковай «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем (на матэрыялах беларускага фальклору)» (1990), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), А.Ненадаўца «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999). Выдадзены кнігі пра збіральнікаў бел.нар. вусна-паэт. творчасці А.Багдановіча, З.Даленгу-Хадакоўскага, М.Нікіфароўскага, Е.Раманава, А.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, М.Янчука.
Бел. фальклор збіралі і даследавалі рус. фалькларысты: П.Бяссонаў, В.Гусеў, П.Кірэеўскі, М.Краўцоў, Э.Памяранцава, В.Сакалова, І.Сахараў, І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, І.Хланта, Н.Шумада, В.Юзвенка і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, У.Вярыга, М.Гайдук, З.Глогер, Э.Дмахоўская, Я.Карловіч, О.Кольберг, К.Машынскі, Ч.Пяткевіч, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш.; чэшскія — Л.Куба, І.Поліўка, А.Чэрны, П.Шафарык. Асобныя фалькл. зборнікі апублікавалі А.Розенфельд (1904), С.Малевіч (1907). Зборнікі бел.нар. казак выдадзены на чэшскай (1957), нямецкай (1966—80), славацкай (1967), балгарскай (1964), польскай (1973, 1976, 1977) і інш. мовах. П.Айснер пераклаў на ням. мову 40 бел.нар. песень, А.Мільен — на французскую бел. калядныя, купальскія, талочныя, юраўскія і інш. песні («Песні расійскага народа»., 1893).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Яго ж. Гісторыя беларускай этнаграфіі, пачатак XX ст.Мн., 1970;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фапькларыстыка. Мн., 1987;
Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і вывучэнне нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст.Мн., 1989;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991;
Касько У.К. Святло далёкай зоркі Мн., 1997;
Саламевіч І.У. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр.давед.Мн., 1964;
Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—70). Мн., 1972.
А.С.Фядосік.
Тытульны ліст кнігі «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі». Санкт-Пецярбург. 1897.Кнігі серыі «Беларуская народная творчасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,
адна з галін бел.літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.Пагодзіна, С.Русава, І.Свянціцкага, М.Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.Горкага пра Я.Купалу, Я.Коласа ў лістах да М.Кацюбінскага і А.Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац.маст. прозы назваў Я.Коласа М.Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.Бэндэ, А.Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.Агіевіча, Ю.Пшыркова, В.Барысенкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, Н.Перкіна, Я.Усікава, В.Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.Івашына, С.Александровіча, В.Каваленкі, М.Грынчыка, Ф.Куляшова, Лойкі, М.Лазарука, Э.Гурэвіч, А.Семяновіча, В.Бечыка, К.Хромчанкі, М.Яроша, У.Казберука, Мазалькова, С.Пятровіча, В.Жураўлёва, В.Аграшкевіча, Я.Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.Коласа (А.Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.Сабаленка), мове (А.Каўрус), перакладчыцкай (В.Рагойша) і пед. (У.Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.Андраюка, П.Ахрыменкі, В.Барысенкі. П.Броўкі, Я.Брыля, В.Бурносава, Б.Бур’яна, П.Глебкі, Я.Казекі, В.Казловай, У.Калесніка, У.Карпава, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Ларчанкі, П.Панчанкі, М.Стральцова, І.Шамякіна, Р.Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выдання маст. спадчыны Я.Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.Коласа ў развіцці бел.літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).
Літ.:
Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,
навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац.муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац.муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус.муз. школы і яе адносіны да інш.нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец.навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, З.Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар.муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел.прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес.муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.Нісневіч, Б.Смольскі, Г.Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.Нісневіч, В.Сізко), муз. калектывы (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел.муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац.нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел.муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац.муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел.дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац.муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел.прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел.муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.Нісневіч, Н.Юдзеніч, Сізко, Г.Куляшова, Т.Дубкова, Г.Глушчанка, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, І.Назіна, Р.Аладава, Л.Сцяпура, В.Савіцкая, А.Друкт, Р.Сергіенка, Т.Ляшчэня, Т.Шчэрба, В.Антаневіч, А.Смагін, Н.Юўчанка, Т.Дзядзюля, Э.Алейнікава, А.Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.Нісневічы, Л.Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.Зубрыч, А.Ракава, Дз.Жураўлёў, Н.Калеснікава, Л.Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.Касцюкавец, В.Дадзіёмава, В.Пракапцова (Масленікава), А.Капілаў, А.Ахвердава, Т.Ліхач, У.Неўдах]. Узбагацілася тэарэт.л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.Цітовіч, В.Ялатаў, Мухарынская, З.Мажэйка, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел.нар. творчасці для муз.навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.Шыманскі, Мдывані, Б.Златавярхоўнікаў, Н.Сцяпанская, А.Гарахавік, К.Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Літ.:
Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып. 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;
Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;