НАВУМО́ВІЧ, Наўмовіч Міхась (н. 3.10.1922, в. Рамашкавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт. Пасля сканчэння Навагрудскай бел. гімназіі (1944) мабілізаваны ў Бел. краёвую абарону, потым у дывізію СС «Беларусь». Восенню 1944 перайшоў да франц. партызан. З канца 1944 у Андэрса арміі. З чэрв. 1945 жыў у Італіі. З 1947 у Францыі, дзе скончыў Нац. вышэйшую школу мастацтва (ф-т скульптуры, 1953) і школу фізіятэрапіі (1955) у Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзярж. і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва. Узначальваў Аб’яднанне бел. работнікаў у Францыі (з 1946), Бел. незалежніцкую арг-цыю моладзі ў Францыі (1949—52), Аб’яднанне бел. студэнтаў, Бел. аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў час. «Моладзь» (1948—54). З 1991 старшыня Беларускага хаўрусу. Аўтар больш як 10 скульпт. твораў з каменю, у т. л. помніка на магіле М.Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста (Парыж). Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950—60-я г. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Матчын дар» А.Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Малюе і акварэллю. Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).
А.С.Ляднёва.
т. 11, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБЫТО́ЎСКІ (Аляксандр) (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),
бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).
Тв.:
Rozamunda. Wilno, 1844;
Barbara. Wilno, 1844;
Jadwiga. Paryż, 1845;
Rèves d’amour de gloir et de liberté. Paris, 1845;
Katarzyna Wielka. Paryż, 1846.
Jlim.: Александровіч С.Х. Вольнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі: З гісторыі бел.-пол. літ. і грамадска-паліт. сувязей у 40-я гг. XIX ст. Мн., 1975.
С.Х.Александровіч.
т. 11, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМ (Nímes),
горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).
У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст. н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст. значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.
т. 11, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАРАСІ́ЙСК,
горад-герой у Расіі, у Краснадарскім краі, на беразе Цэмескай (Новарасійскай) бухты Чорнага м. 203,3 тыс. ж. (1996). Буйны порт. Чыг. станцыя. Прам-сць; цэм., маш.-буд. і металаапр., суднарамонтная, буд. матэрыялаў, дрэваапр., харчасмакавая. Марская акадэмія, ф-т Краснадарскага політэхн. ін-та. Гіст.-краязн. музей. У раёне мыса Мысхака («Малая Зямля») мемарыяльны ансамбль.
Засн. ў 1838 як ваен. ўмацаванне на зах. беразе Цэмескай бухты каля руін тур. крэпасці Суджук-Кале (засн. ў 1722, разбурана рус. войскамі ў 1812). У Крымскую вайну 1853—56 пацярпеў ад артыл. абстрэлаў англа-франц. эскадры. З 1866 цэнтр Чарнаморскай акругі Кубанскай вобл., у 1896—1920 — Чарнаморскай губ. З 1896 найбуйнейшы на Паўн. Каўказе порт, цэнтр экспарту збожжа, нафты, нафтапрадуктаў, цэменту. У рэвалюцыю 1905—07 была створана «Новарасійская рэспубліка». У грамадз. вайну паводле загаду У.І.Леніна ў Цэмескай бухце затоплены караблі рас. Чарнаморскага флоту, каб пазбегнуць захопу яго герм. войскамі. У 1918 заняты войскамі Добраахвотніцкай арміі ген. А.І.Дзянікіна, у 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1942—43), амаль поўнасцю разбураны.
Літ.:
Михайлов К.М. Город-герой Новороссийск. 2 изд. М., 1988.
т. 11, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРА-БАЛЕ́Т (франц. opera-ballet),
музычна-тэатральны жанр. Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 ст., камедыях-балетах, створаных Ж.Б.Люлі разам з Мальерам і інш. О.-б. вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Звычайна ўключаюць пралог і 3—4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і інш. опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфал. сюжэтамі ў О.-б. часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. Найб. яскравыя ўзоры О.-б. створаны А.Кампра («Галантная Еўропа», 1697; «Каханне Марса і Венеры», 1712), Ж.Ф.Рамо («Галантная Індыя», 1735; «Святкаванні Гебы», 1739, і інш.). Сярод твораў 19—20 ст.: «Перамога Вакха» А.Даргамыжскага (1848), «Млада» М.Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М.Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Г.В.Генцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э.Аганесяна (1976), «Вій» В.Губарэнкі (1980). На Беларусі О.-б. ставіліся ў прыватнаўласніцкіх т-рах сярэдзіны 18 ст., у т. л. «Шчаслівае няшчасце» Ф.У.Радзівіл у Нясвіжскім т-ры Радзівілаў (1752).
т. 11, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. і навук. устаноў Еўропы. Засн. з царк. школ у 1215 у Парыжы пры садзейнічанні караля Філіпа Агюста і папы рымскага Інакенція III. Меў 4 ф-ты: вольных мастацтваў, кананічнага права, медыцыны і тэалогіі. У 13—15 ст. — адзін з буйнейшых у Еўропе навуч. і навук. цэнтраў у галіне тэалогіі і юрыспрудэнцыі. У 1257 франц. тэолаг Р. дэ Сарбон заснаваў у Парыжы калеж для дзяцей з бедных сем’яў, якія жадалі вывучаць Тэалогію. У 1554 калеж атрымаў назву Сарбона. Паступова адбылося зліццё Сарбоны з тэалагічным ф-там П.у., пасля чаго іх назвы сталі сінонімамі. У 1793 ун-т паводле рашэння Канвента закрыты, у 1808 дэкрэтам Напалеона I адноўлены і атрымаў статус дзярж. ВНУ. У розны час з ім была звязана дзейнасць многіх вядомых вучоных, у т. л. А.Л.Лавуазье, Ж.Л.Гей-Люсака, Л.Пастэра, П.Ж.Кюры, Ж.Б.Перэна, П.Ланжэвэна, А.Данжуа, Л.В. дэ Бройля, Ж.Дрэша і інш. У 1972 ф-ты П.у. пераўтвораны ў 13 самастойных ун-таў, 4 з іх пераважна знаходзяцца ў старых адміністратыўных будынках Сарбоны, астатнія — у іншых кварталах Парыжа і яго прыгарадах.
Э.М.Крайко.
т. 12, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. piezō цісну, + электрычнасць),
сукупнасць з’яў у некаторых дыэлектрычных крышталях, абумоўленых узаемасувяззю паміж іх палярызацыяй (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў) і мех. дэфармацыяй. Пры дэфармацыі прамавугольнай пласцінкі з п’езаэл. крышталя на яе процілеглых гранях узнікаюць эл. зарады рознага знака (прамы п’езаэл. эфект — ПЭЭ) і наадварот — пад уздзеяннем знешняга эл. поля ў пласцінцы ўзнікаюць дэфармацыі расцяжэння, сціскання ці зруху (адваротны ПЭЭ). П. адкрыў у 1817 франц. вучоны Р.Ж.Гаюі, даследавалі ў 1880 на крышталях кварцу браты Ж. і П. Кюры.
П. характэрна для анізатропных дыэлектрыкаў з дакладнай крышталічнай структурай, якая не мае цэнтра сіметрыі. Дыэлектрыкі, якім уласціва П., наз. п’езаэлектрыкамі. З іх найб. пашыраны: монакрышталічныя — кварц (п’езакварц), сегнетава соль, п’езакерамічныя — палярызаваныя сегнетаэлектрыкі і інш. п’езаэлектрычныя матэрыялы. ПЭЭ выяўляюцца і ў некаторых высакаомных паўправадніках, якія наз. п’езапаўправаднікамі. Эфекты пераўтварэння эл. энергіі ў пругкую мех. энергію і наадварот выкарыстоўваюць для генерацыі, стабілізацыі частаты і фільтрацыі эл. сігналаў, выпрамянення і прыёму акустычных хваль у розных п’езаэлектронных, акустаэлектронных і інш. прыстасаваннях.
Літ.:
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989;
Современная кристаллография. Т. 4. М., 1981.
П.А.Пупкевіч.
т. 12, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРО́ ((Perrault) Шарль) (12.1.1628, Парыж — 16.5.1703),
французскі паэт і крытык. Брат К.Перо. Чл. Франц. акадэміі (з 1671). Па адукацыі юрыст. Аўтар пародый (паэма «Сцены Троі, або Паходжанне бурлеска», 1653), алегарычных паэм, од, пасланняў у стылі галантнай прыдворнай паэзіі. Выступаў супраць эстэтыкі класіцызму (паэма «Стагоддзе Людовіка Вялікага», 1687, дыялогі «Паралелі паміж старажытнымі і новымі...», т. 1—4, 1688—97), палемізаваў з Н.Буало (вершаваная сатыра «Апалогія жанчын», 1694). Сусв. вядомасць прынеслі казкі «Спячая прыгажуня», «Чырвоная Шапачка», «Кот у ботах», «Папялушка», «Хлопчык з ногцік» і інш. (зб. «Казкі маёй матухны Гусі», 1697). Паўплываў на развіццё сусв. казачнай традыцыі (браты В. і Я. Грым, Х.К.Андэрсен). Яго творы пакладзены на музыку (Дж.Расіні, П.Чайкоўскі, Б.Бартак, С.Пракоф’еў). На бел. сцэне паводле казак П. пастаўлены спектаклі «Дзіўныя прыгоды Ката ў ботах» (1984, Магілёўскі абл. т-р лялек), «Кот у ботах» (1988, Мінскі драм. т-р «Дзе-Я?»), «Чаравічак для Папялушкі» (1996, Мінскі малы т-р). На бел. мову яго казкі пераклалі З.Колас, Р.Яўсееў.
Тв.:
Бел. пер. — Чырвоная Шапачка. Мн., 1979;
Чарадзейныя казкі. Мн., 1993;
Рус. пер. — Сказки матушки Гусыни, или История и сказки былых времен с поучениями. М., 1991.
Г.М.Малей.
т. 12, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЙ ЕЗУІ́ЦКАЙ АКАДЭ́МП БІБЛІЯТЭ́КА Існавала з канца 16 ст. да 1820. Засн. пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Складалася з гал., навук. і польск. б-к. У 19 ст. найбагацейшы кнігазбор Беларусі (у 1811 — каля 40 тыс. тамоў). Захоўвала каралеўскія граматы (прывілеі), стараж. рукапісы і інш. дакументы, каля 90 біблій 16—17 ст. Аснову кніжнага фонду складалі выданні 16—18 ст. на польск., лац., франц., ням. мовах, у т. л. працы Арыстоцеля (Гайдэльберг, 1562), Эразма Ратэрдамскага (Амстэрдам, 1682); л-ра, выдадзеная на Беларусі, у т. л. лекцыі Ф.Пракаповіча (Магілёў, 1786), выданні Полацкай езуіцкай акадэміі па маст. рыторыцы (1788, 1816), яе «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), дысертацыя філосафа А.Доўгірда, дапаможнікі па прыродазнаўстве. Пасля закрыцця акадэміі кнігазбор перададзены манаскаму ордэну піяраў. У 1830, калі піяры былі пераведзены з Полацка ў Вільню, кнігазборы часткамі перададзены б-цы Полацкага кадэцкага корпуса (2080 кніг па дакладных навуках; у 1915 вывезены ў Сімбірск). Публічнай б-цы ў Пецярбургу перададзена 389 старадрукаў, б-кам бел. гімназій — 10 тыс. тамоў. Значную частку фондаў атрымала б-ка Віцебскай духоўнай семінарыі, якая ў 1900 перадала яе б-цы Кіеўскай духоўнай акадэміі (у камісію для перадачы ўваходзілі М.Я.Нікіфароўскі, Дз.А.Даўгяла).
В.А.Цыбуля.
т. 12, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НС у паэзіі,
невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.
У сярэдневяковай Іспаніі Р. называлі быт. песні на нар. (ісп.) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лац. мове). У 16 ст. ў франц. паэзіі Р. называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсх.-слав., у т. л. бел. л-рах. У зах.-еўрап. паэзіі былі папулярныя рамансы Ш.Мільвуа, Э.Парні. «Рамансы без слоў» назваў свой зб. П.Верлен. Падзагаловак «Р.» ёсць у вершах В.Жукоўскага «Жаданне», А.Пушкіна «Пад вечар, восенню пахмурнай» і інш.
У бел. л-ры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я.Баршчэўскага («Дзеванька»), Я.Лучыны (Р. з паэмы «Гануся»), В.Дуніна-Марцінкевіча (два Р. з камедыі «Пінская шляхта») і інш. Часам паэты пісалі Р. у разліку, што ён будзе пакладзены на музыку: «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю») М.Багдановіча, «Раманс» Ю.Гаўрука. У сучаснай бел. паэзіі тэматычныя і жанравыя межы Р. пашырыліся, узніклі сатыр. і гумарыстычны Р. («Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М.Танка).
Літ.:
Васина-Гроссман В.А. Музыка и поэтическое слово. Ч. 1—3. М., 1972—78;
Поэзия и музыка. М., 1973.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)