ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ, Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў,
афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскайгуб., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел. мовы.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1795—91 і 1801—1920 на тэр. Літвы і Беларусі (да 1840 Літоўска-Віленская губерня). Цэнтр — г.Вільня. Утворана пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). 6.2.1797 зліта са Слонімскай губ. у адну Літоўскую губерню. Адноўлена паводле ўказа Аляксандра I (9.9.1801) пры падзеле апошняй на Гродзенскую і Віленскую губ. Уключала 11 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі (Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Расіенскі, Трокскі, Упіцкі (Панявежскі), Цяльшэўскі і Шавельскі. У 1843 частка паветаў перададзена новаўтворанай Ковенскай губ. У складзе Віленскай губерні засталіся: Ашмянскі, Віленскі, Свянцянскі (Завілейскі) і Трокскі пав.; да іх далучаны з Гродзенскай губ. Лідскі, з Мінскайгуб. — Дзісенскі і Вілейскі пав. Уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897, нас. 1591,2 тыс.чал., з іх 56% беларусаў, 17,6 літоўцаў, 12,7 яўрэяў, 8,2% палякаў; паводле веравызнання: 58,8% католікаў, 27,7 праваслаўных, 12,9% іудзеяў. У 1915 пл. губерні 36 825 кв. вёрст, нас. 2083 тыс.чал. У 1920 большая частка Віленскай губерні склала Віленскае ваяводства; астатняя тэр. адышла да Літвы, невял. частка Вілейскага пав. — да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
рака ў Мінскайвобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫ (сапр.Ажгірэй) Анатоль Іўсцінавіч
(2.12.1902, ст. Пухавічы Мінскайвобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Вучыўся ў БДУ. Літ. дзейнасць пачаў у 1921. У зб-ках вершаў «Камсамольская нота» (1924, з А.Александровічам), «Чарнакудрая радасць» (1925), «Табе» (1927) услаўляў рэв. здзяйсненні. У паэт. стылістыцы Вольнага абстрактна-сімвалічная фразеалогія, штучныя неалагізмы. У некаторых ранніх вершах сум, летуценнасць. Прыгодніцкая аповесць «Два» (1924—25) прысвечана барацьбе супраць польск. акупантаў, аповесць «Антон Савіцкі» (1927) — грамадз. вайне. Штучнасць у падачы асобных фактаў і падзей, неглыбокае раскрыццё псіхалогіі герояў зніжалі маст. вартасці твораў. Аўтар паэмы «Кастусь Каліноўскі» (1925), незакончаных паэм «Сінія кветкі», «Лэя» (абедзве 1926). Адзін з аўтараў рамана «Ваўчаняты» (1925, з Александровічам і А.Дударом). Пісаў гумарэскі і фельетоны (зб. «Суседзі», 1932, пад псеўд. Алёша), драматызаваныя агітжарты, п’есы (камедыя «Ратуй, божа!», 1932, з. Р.Кобецам), сцэнарыі фільмаў («Атэль «Савой», «У агні народжаныя», 1930; «Сонечны паход», 1931, «Новая радзіма», 1935, і інш.). У 1936 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗЬу мастацтве,
раслінны арнамент у форме спіральна ці плаўна выгнутых галінак з лісцем, часам з кветкамі. Вядома ў мастацтве розных краін і эпох, часта ў геаметрызаваным выглядзе. У спалучэнні з інш.дэкар. матывамі выкарыстоўваецца ў фрызавых кампазіцыях у архітэктуры, а таксама ў скульптуры, графіцы, дэкар.-прыкладным мастацтве (разьба па дрэве, залачэнне, ткацтва, коўка, чаканка, гравіроўка па шкле і метале). На Беларусі маст. дасканаласцю вылучаецца разная вязь па дрэве алтароў касцёла езуітаў у Гродне, царскіх варот з царквы ў в. Дружылавічы (Іванаўскі р-н), рашоткі касцёла ў в. Вішнева (Валожынскі р-н), стукавая вязь касцёлаў у вёсках Міхалішкі (Астравецкі р-н) і Воўпа (Ваўкавыскі р-н).
Да арт.Вязь. Царскія вароты Мікалаеўскай царквы ў в. Дружылавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 3-я чвэрць 18 ст.Да арт.Вязь. Рашотка касцёла Марыі ў в. Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобл Пач. 17 ст.Да арт.Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1677.Да арт.Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла Іаана Хрысціцеля ў в. Воўпа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1634.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНІЦЫ (Nyctalus),
род млекакормячых сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй, Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у шыракалістых і мяшаных лясах. На Беларусі 3 віды. Найб. пашыраны вячэрніца рыжая (Nyctalus noctula), селіцца ў старых высакастволых лясах, парках, гаях, старых садах. Вячэрніца гіганцкая (Nyctalus lasiopterus) і вячэрніца малая (Nyctalus leisleri) трапляюцца радзей. Вячэрніца гіганцкая — рэдкі пералётны від (уся тэр. рэспублікі ў межах арэала, зарэгістравана знаходка ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл.); селіцца ў мяшаных насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі. Вячэрніца малая трапляецца ў лісцевых лясах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 10,4 см, хваста да 6,5, перадплечча да 6,9 см. Маса да 76 г. Вушы круглаватыя, тоўстыя, сабраныя ў складкі. Крылы вузкія, доўгія, завостраныя на канцах. Поўсць густая, шаўкавістая, зверху ад рыжага да карычневага колеру, знізу святлейшая. Кормяцца на змярканні і на досвітку насякомымі. У прыплодзе 1—2 дзіцянят. Робяць далёкія сезонныя міграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ТАВА,
вёска ў Навадворскім с/с Мінскага р-на. За 4 км на Пд ад Мінска, 1 км ад чыг. ст. Асееўка. 7791 ж. (1997).
Вядома з 16 ст. ў складзе Мінскага пав.ВКЛ. З 1567 уладанне М.Служкі, з 1600 цэнтр маёнтка. У 1791 уласнасць Мінскага кляштара бернардзінцаў. 123 дымы, 3 карчмы. Пасля далучэння да Расіі (1793) у складзе Мінскайгуб. У 1870 вёска Самахвалавіцкай воласці, 315 ж., 50 двароў; у 1897 — 450 ж., 77 двароў, нар. вучылішча, жаночая царкоўнапрыходская школа, Святадухаўская царква. У 1919 акупіравана польск. войскамі. У гэты час у вёсцы і наваколлі дзейнічаў партыз. атрад пад камандаваннем І.В.Маслыкі. З 1924 у Самахвалавіцкім р-не, у 1931—34 у адм. падпарадкаванні Мінскага гар. Савета, з 1935 у Мінскім р-не. Да 1927 і ў 1954—59 цэнтр сельсавета.
Акцыянернае т-ва Мінскага вытв. гарбарнага аб’яднання, Мінскія з-ды другаснай перапрацоўкі чорных і каляровых металаў, раённае аб’яднанне сельгасхіміі. Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Давыд Моўшавіч) (н. 23.8.1901, г. Чэрвень Мінскайвобл.),
бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі і эмбрыялогіі; заснавальнік новай нейрамарфалагічнай бел. школы. Акад.Нац.АН Беларусі (1960, чл.-кар. 1940). Д-рмед.н. (1936), праф. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1926). У 1926—75 у Мінскім мед. ін-це, адначасова з 1933 у Ін-це псіханеўралогіі, з 1954 у Ін-це фізіялогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па анатоміі і эмбрыялогіі сасудзістай і нервовай сістэм чалавека і жывёлы. Выявіў асн. заканамернасці развіцця перыферычнай нерв. сістэмы, распрацаваў тэорыю кружной шматсегментарнай і контрлатэральнай інервацыі ўнутр. органаў, даследаваў кампенсаторныя прыстасаванні ў вегетатыўнай нерв. сістэме. Распрацаваў прынцыпы ўтварэння новых нерв. і сасудзістых шляхоў, якія тэарэтычна абгрунтаваны, пацверджаны эксперыментальна і выкарыстаны ў клініцы. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Ганглиопексия и реиннервация органов. Мн., 1986 (разам з Р.В.Даніленка, Н.М.Кавалёвай);
Реиннервация поднижнечелюстной слюнной железы. Мн., 1991 (разам з С.В.Трыхманенка);
Восстановление целостности передней брюшной стенки и иннервации внутренних органов. Мн., 1994 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬ,
вёска ў Глыбаўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. За 25 км ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 75 км ад Гомеля. 240 ж., 130 двароў (1997).
Паводле археал. звестак, паселішча ў Горвалі існавала ў 12—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1503 як мястэчка. У розныя часы належала Манівідам, Сангушкам, Віленскаму капітулу, Халадоўскім, дзярж. ўласнасць. У 1535 спалена рус. войскамі, у 1654 — укр. казакамі І.Н.Залатарэнкі. У 16 — 18 ст. існаваў Горвальскі замак. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, з 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав.Мінскайгуб. У 1892 — 2146 ж. У 1926—27 цэнтр Горвальскага раёна. У Вял.Айч. вайну ў ліп. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі Горваль і загубілі 93 яе жыхароў. 19.11.1943 партызаны разграмілі каля Горваля гітлераўскую часць і ўтрымлівалі вёску да падыходу Чырв. Арміі (гл.Горвальская аперацыя 1943). Пасля вайны адноўлена.
Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. На тэр. вёскі выяўлена стаянка эпохі неаліту, каля вёскі — гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскайвобл. — 4.2.1938),
бел.паэт.Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд.Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.