геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫ РАБО́ЧЫ ЧАС,
частка рабочага часу, на працягу якога ў сферы матэрыяльнай вытв-сці ствараецца неабходны прадукт, што выкарыстоўваецца для задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей работніка і членаў яго сям’і. Прац. дзень падзяляецца на 2 часткі. Адна з іх складае час, за які рабочы стварае эквівалент вартасці сваёй рабочай сілы (Н.р.ч.), а праца, затрачаная на яго, — неабходную працу. Другая частка прац. дня па-за межамі Н.р.ч. складае прыбавачны рабочы час, а затрачаная ў гэты час праца — прыбавачную працу. Н.р.ч. ствараецца эквівалент аплаты працы і частка грамадскіх фондаў спажывання (напр., затраты на адукацыю, ахову здароўя, культуру і г. д.). Развіццё грамадскай вытв-сці, рост прадукцыйнасці працы вядзе да скарачэння Н.р.ч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно засн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАНАФО́РЫ (Pogonophora),
тып беспазваночных жывёл. Вядомы з позняга дакембрыю (каля 600 млн.г. назад). 2 кл.: вуздэчкавыя, або франуляты (Frenulata), і безвуздэчкавыя, або афрануляты (Vestimentifera, або Afrenulata), больш за 150 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, на глыб. 3—10 км, пераважна прымацаваныя.
Даўж. 5,5—150 см, дыяметр 0,1 мм — 3,5 см. Цела нітка- або чэрвепадобнае, у ахоўнай хіцінавай трубцы. Газаабмен ажыццяўляецца шчупальцамі, размешчанымі на пярэднім канцы цела. Крывяносная сістэма замкнутая.
Жыўленне адбываецца пераважна за кошт арган. рэчыва, якое сінтэзуецца аўтатрофнымі сернымі бактэрыямі, што жывуць у поласці цела П. Раздзельнаполыя.
А.М.Петрыкаў.
Паганафора: 1 — шчупальцы; 2 — галаўная лопасць; 3 — вуздэчка; 4 — другі аддзел цела; 5 — трэці аддзел цела; 6 — задні аддзел цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),
дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБЕ́НА (Албена),
прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
буйнейшы вугальны басейн на З Канады, у паўн.ч. Скалістых гор; невял. паўд.ч. басейна ў ЗША. Пл. больш за 250 тыс.км². Агульныя запасы больш як 228 млрд.т. 11 асн. вуглездабыўных раёнаў. Інтэнсіўна распрацоўваецца з 1960-х г. У зах.ч. басейна вуглі каксавальныя, антрацыты, ва ўсх.ч. — бурыя. Каксавальныя вуглі экспартуюцца ў Японію і інш. краіны, энергетычныя выкарыстоўваюцца на мясцовых эл. станцыях. На тэр. басейна таксама здабыча серы, прыроднага газу, нафты, бітумаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРАЗУ́РА (франц. embrasure),
прамавугольная, арачная або круглая адтуліна ў сценах абарончага збудавання, бранявежах для вядзення агню з гармат, кулямётаў, мінамётаў, а таксама для назірання за праціўнікам. Формы і памеры амбразуры залежаць, ад віду зброі, сектара абстрэлу (назірання), умоў стральбы. Іншы раз для закрыцця амбразуры, калі праз яе не вядуць агонь (назіраюць), ставяць бранявую засланку. У бел. абарончым дойлідстве вядома з 16 ст. (у Гродзенскім Старым, Мірскім замках, Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях і інш.). Гл. таксама Байніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),
мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял.кн.ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НІЧКАЎ (Дзмітрый Сяргеевіч) (1733—1.5.1788),
рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.