СВІ́ЛА-1,
гарадзішча жалезнага веку (6—8 ст.) і эпохі феадалізму (9 — пач. 10 ст.), каля в. Свіла 1-я Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка памерам 100 × 80 м умацавана 3 кальцавымі валамі і 2 равамі. Пры раскопках знойдзены наканечнікі стрэл, скроневыя кольцы, завушніца-лунніца, прасліцы, рэшткі глінянага посуду. На гарадзішчы выяўлены 2 грунтавыя пахаванні з абрадам трупаспалення. Знойдзеная ў гасп. яме вял. колькасць абпаленага азімага жыта з’яўляецца самым раннім сведчаннем (9 ст.) існавання гэтай культуры на Беларусі. Комплекс асн. рэчываў дае падставы меркаваць, што гарадзішча С.-1 заснавана балцкімі плямёнамі, а пазней ператворана крывічамі ў апорны пункт пры асваенні новых зямель у Падзвінні.
В.І.Шадыра.
т. 14, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАЎСТО́ЙЛІВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА, антысейсмічнае будаўніцтва,
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, здольных процістаяць сейсмічным уздзеянням пры землетрасеннях, захоўваючы свае эксплуатацыйныя якасці. Па 12-бальнай шкале сейсмічна небяспечным для будынкаў і збудаванняў лічыцца землетрасенне інтэнсіўнасцю 6 балаў, на ўчастках з сейсмічнасцю больш за 9 балаў буд-ва, як правіла, не дапускаецца.
Сейсмаўстойлівасць збудаванняў забяспечваецца выбарам спрыяльнага ў сейсмічных адносінах месца (пляцоўкі) для буд-ва (для гэтага карыстаюцца спец. сейсмічнымі картамі), распрацоўкай найб. рацыянальных канструктыўных і планіровачных схем збудаванняў, выкарыстаннем адпаведных матэрыялаў і буд. канструкцый. Сейсмічныя нагрузкі на збудаванні вызначаюцца залежна ад сейсмічнасці раёна буд-ва, характару і інтэнсіўнасці руху грунту пры землетрасенні, канструкцыйных асаблівасцей збудавання (памераў у плане, працягласці, вышыні, паверхавасці і інш).
т. 14, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАНІЗА́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ,
устанаўленне і падтрыманне рэжыму ваганняў дзвюх ці больш вагальных сістэм, пры якім іх частоты роўныя ці кратныя адна адной. Напр., С.в. адбываецца ў звязанай сістэме з 2 аўтавагальных сістэм з блізкімі частотамі — абедзве сістэмы вагаюцца з аднолькавай частатой.
Аўтагенератары, генератары пераменнага току, сінхронныя рухавікі і інш. нелінейныя сістэмы ў выніку С.в. уваходзяць у сінхронны рэжым і ўстойліва працуюць у межах вызначанай паласы частот, некалькі эл. генератараў могуць працаваць на агульную эл. сетку, некалькі радыёперадатчыкаў — на агульную антэну і інш. На С.в. заснавана работа памнажальнікаў і дзялільнікаў частаты і інш. С.в. выкарыстоўваецца і ў медыцыне, напр., пры парушэннях рытму работы сэрца хворым ужыўляюць электронны сінхранізатар сардэчнага рытму — кардыястымулятар.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
выпрамяненне эл.-магн. хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магн. полі з рэлятывісцкімі скарасцямі. Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. Лорэнца сіла). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва).
Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. Палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. Спектры аптычныя) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы. Найб. істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на С.в. ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў. Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касм. С.в. дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергет. спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магн. поля ў аддаленых абласцях Сусвету. С.в. выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.
І.С.Сацункевіч.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯ́ЛАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аднаасноўныя поліаксіамінакіслоты, вытворныя нейрамінавай кіслаты. У звязаным стане (уваходзяць у састаў глікапратэідаў, глікаліпідаў і інш.) прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл і чалавека, у некат. мікраарганізмах. У свабодным выглядзе выяўлены ў спіннамазгавой вадкасці, слізістай абалонцы страўніка, шчытападобнай залозе.
Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, не раствараюцца ў эфіры, мала — у метаноле. Моцныя к-ты. С.к. вызначаюць антыгенныя рэцэптарныя ўласцівасці паверхні клетак, удзельнічаюць ва ўзаемадзеянні клетак з вірусамі, таксінамі, гармонамі. Надаюць высокую вязкасць сакрэтам слізістых абалонак дыхальных і палавых шляхоў, страўніка, што ахоўвае іх ад мех. і хім. пашкоджанняў, пранікнення бактэрый. Узровень С.к. у крыві павышаецца пры многіх запаленчых захворваннях, інфаркце міякарда, злаякасных пухлінах і інш., памяншаецца пры некат. прыроджаных захворваннях печані.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХА́РЫУС ((Acharius) Эрык) (10.10.1757, г. Еўле, Швецыя — 14.8.1819),
шведскі батанік і медык. Праф. у Вадстэне. Распрацаваў першую класіфікацыю, у якой улічыў дыягнастычную прыкмету грыбоў — пладовыя целы. Увёў шэраг тэрмінаў, што ўжываюцца пры марфалагічных апісаннях лішайнікаў.
т. 2, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЫРКАВЫ́ КАЛЕКТЫ́Ў.
Існаваў у 1959—74 у Мінску. Першая праграма паказана 11.2.1959 пры адкрыцці Мінскага цырка. У 1961 створаны новы калектыў пад назвай Беларускі цыркавы калектыў, які падрыхтаваў праграмы «Бывайце здаровы», «Красуй, Радзіма-Беларусь!».
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная слабая няўстойлівая кіслата, HNO2. Існуе толькі ў разбаўленых водных растворах, яе солі і эфіры наз. нітрытамі. Утвараецца разам з азотнай кіслатой пры растварэнні NO2 У вадзе. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці фарбавальнікаў.
т. 1, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗА́ННЕ,
абрад выдалення крайняй плоці мужчынскага палавога члена. Узнік у першабытным грамадстве. Праводзілася пры ініцыяцыі. Захавалася ў некат. народаў Аўстраліі, Акіяніі, Афрыкі, у рэліг. рытуале іудаізму (над немаўлятамі) і ісламу (над хлопчыкамі 7—10 гадоў).
т. 1, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАГАМІ́Я (ад апа... + ...гамія),
апагаметыя, адна з формаў бясполага размнажэння (апаміксісу) у вышэйшых раслін. Пры апагаміі зародак утвараецца з клетак зарастка (у папарацяў) або зародкавага мяшка (у кветкавых раслін). Трапляецца рэдка (напр., у трыпутніка ланцэталістага).
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)