некалькі блізкіх відаў птушак сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. вядомая варона шэрая (Corvus cornix) — шматлікая аселая (у некат. мясцінах часткова пералётная); зрэдку з Зах. Еўропы залятае варона чорная (Corvus corone). Некаторыя вучоныя лічаць іх падвідамі аднаго віду (Corvus corone). Летам варона шэрая трымаецца ўзлескаў, палёў, поймаў рэк, зімой — бліжэй да жылля.
Даўж. цела ў сярэднім 47 см. У вароны шэрай апярэнне на спіне і брушку шэрае, крылы, хвост, галава і грудзі чорныя, у вароны чорнай — усё чорнае. На межах арэалаў гэтых відаў трапляюцца гібрыды пераходнай афарбоўкі. У гнездавы перыяд трымаюцца парамі, у астатні час — чародамі. Гняздуюць у лясах, парках, на дрэвах, зрэдку ў зарасніках чароту. Усёедныя. Часам разбураюць гнёзды інш. птушак, у т. л. паляўніча-прамысловых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),
атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.
Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),
падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.
Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,
мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст.пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБ’І́ (Passer),
род птушак сям. ткачыкавых атр. вераб’інападобных. 18 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, некаторыя віды завезены ў Паўн. і Паўд. Амерыку, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. месцы. Жывуць у населеных месцах, садах, парках, гаях, поймавых дубровах, на палях, у пустынях. На Беларусі 2 віды: верабей дамавы (Passer domesticus) і верабей палявы (Passer montanus), аселыя. Верабей палявы часткова вандроўны від.
Даўж. 12—18 см, маса 20—37 г. Апярэнне светла-шэрае, бураватае і чорнае. У самцоў многіх відаў чорная пляма на горле. Амаль усе чародныя, у перыяд гнездавання — каланіяльныя птушкі. Гнёзды пад дахамі, у нішах будынкаў, у дуплах, норах, на дрэвах. Калі кормяць птушанят, знішчаюць шмат шкодных насякомых. Дарослыя кормяцца пераважна зернем. Шкодзяць збожжавым культурам.
Вераб’і: 1 — дамавы (а — самка; б — самец); 2 — палявы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЙВАЛЫ (Bubalus),
род пустарогіх млекакормячых атр. парнакапытных. З віды: буйвал азіяцкі, або індыйскі (B. arnee), буйвал афрыканскі (B. caffer) і аноа, або буйвал карлікавы (B. depressicornis). Пашыраны адпаведна ў Паўд., Паўн.-Усх. Азіі, Афрыцы на Пд ад Сахары і на в-ве Сулавесі. Жывуць у вільготных, балоцістых лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, буйвал афрыканскі, акрамя таго, на раўнінах і ў гарах. Буйвал азіяцкі прыручаны і выкарыстоўваецца як малочная і рабочая жывёла ў Паўд. Азіі, на Каўказе і ў Закаўказзі, Афрыцы і Паўд. Еўропе (буйвал свойскі).
Даўж. цела 1—2,9 м, хваста 15—90 см, выш. ў карку 62—180 см, маса 150—1200 кг. Тулава цяжкае, грузнае. Есць рогі (каля 2 м). Нараджаюць 1 цяля. Раслінаедныя. Буйвал азіяцкі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ, трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares),
атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд.ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.
Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВЫЯ ТЛІ,
насякомыя атрада раўнакрылых падатрада сысучых; шкоднікі буракоў і інш.с.-г. раслін. Найб.пашыраны ва ўсіх раёнах буракасеяння 2 віды: бураковая, або бабовая, тля (Afis fabae) і бураковая каранёвая тля (Pemphigus fuscicornus). Псуюць таксама пасевы бобу, бульбы, шпінату, гарбузоў і інш. раслін, асабліва моцна насеннікі буракоў.
Бураковая тля бывае бяскрылая і крылатая, даўж. 2 мм, чорная з шызым адценнем. Да 17 пакаленняў за год. Высмоктвае сокі з раслін, у выніку лісце скручваецца і завядае, расліна адстае ў росце, зніжаецца ўраджай. Зімуе ў стадыі яец. Бураковая каранёвая тля жаўтавата-белая, даўж. да 2,5 мм. Калоніі тлей жывуць на дробных карэньчыках раслін, якія вянуць, а пры недахопе ў глебе вільгаці гінуць. Цукрыстасць цукр. буракоў зніжаецца на 3—5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФАЛА (Ictiobus),
род рыб сям. чукучанавых атр. карпападобных. Пашыраны ў бас. рэк Місуры і Місісіпі (ЗША) і Саскачэван (Канада). Малькі 3 відаў: буфалы велікаротага (рыба-буйвал; I. cyprinellus), буфалы маларотага (I. bubalus) і буфалы чорнага (I. niger) завезены ў Краснадарскі край з ЗША (1971—72), выгадаваны іх матачны статак. На Беларусі эксперым. работы па вырошчванні буфала вядуцца з 1976 у рыбакамбінаце «Любань» (Мінская вобл.) і з 1979 у Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы (Брэсцкая вобл.). Буфала жыве пераважна ў вадаёмах з запаволеным цячэннем і ў стаячых вадаёмах.
Даўж. да 1,2 м, маса болей за 45 кг. Нагадваюць сазана. Спіна цёмна-карычневая, бакі светлыя, брушка жоўтае або белаватае, плаўнікі карычнева-шэрыя. Чародныя, цеплалюбівыя. Растуць Б. хутчэй за карпаў. Усёедныя. Перспектыўныя для рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ,
1) у геамарфалогіі адносна вузкая, выцягнутая і невысокая форма рэльефу. Адрозніваюць валы: створаныя дзейнасцю хваль (берагавыя), ракі (прырэчышчавыя), ледавіка (марэнныя, напорныя), вулканаў (кальцавыя), селю (селевыя) і інш. 2) У тэктоніцы выцягнутая дадатная структура ў межах платформаў. Аб’ядноўвае лакальныя падняцці — антыкліналі, брахіантыкліналі, купалы. Даўж. да соцень км, шырыня дзесяткі км, выш. да соцень метраў. Пл. 200—10 000 км². На плітах стараж. платформаў звычайна абмежаваны флексурамі. Валы, прымеркаваныя да разломных зон, называюцца шыўнымі. Сістэма валоў, аб’яднаных агульнай падэшвай, утварае складаныя валы. На Беларусі вылучаны дзесяткі валоў даўж. 24—150 км, шыр. 3—25 км, з амплітудай падняцця 50—600 м, радзей да 1 км. Вылучаюцца пераважна па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы (фаменскай) або па паверхні крышт. фундамента. Найб.пашыраны ў Прыпяцкім прагіне. Да валоў часта прымеркаваны радовішчы нафты, газу, солі.