КАНДРАЦЮ́К ((Kondratiuk) Міхаіл) (н. 6.3.1934, в. Дубіны Беластоцкага ваяв., Польшча),

польскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1992). Скончыў ф-ты рус. (1958) і бел. (1961) філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1960 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН (у 1985—92 заг. аддзела бел. мовы). З 1992 заг. кафедры бел. філалогіі Ін-та ўсх.-слав. філалогіі (Варшава). Даследуе фанетыку, лексіку, словаўтварэнне і анамастыку гаворак Беласточчыны («Вакалізм беларуска-ўкраінскіх гаворак Гайнаўскага павета», 1964; «Назвы жыхароў, утвораныя ад назваў вёсак і гарадоў у гаворках усходняй Беласточчыны», 1972; «Анамастычныя даследаванні ў беластоцкім рэгіёне», 1981; «Беларускія і літоўскія элементы ў сістэме польскай тапаніміі і мікратапаніміі апелятыўнага паходжання», 1983, і інш.). Сааўтар «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—2, 1980—89). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (з 1991).

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.Камісаржэўскай, Літ.-маст. т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ТКІН (Мікалай Аляксеевіч) (25.12.1859, Масква — 17.12.1930),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1903). Нар. маст. Рэспублікі (1923). Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—83) у В.Пярова, выкладаў там у 1894—1917. Член Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1891), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). У ранні перыяд ствараў познаперасоўніцкія жанравыя карціны («Саперніцы», 1890; «Паклёп», 1893). Адзін з першых звярнуўся да тэмы побыту і працы рус. рабочых: «Шахцёрка», «Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце» (абедзве 1894), «Вуглякопы. Змена» (1895) і інш. Аўтар работ, прысвечаных рэв. 1905—07: «Рабочы-баявік» (1905), «Атака завода работніцамі» (1906). Пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы, імкнуўся да стварэння вобраза сав. чалавека: «За вучобу. Піянерка з кнігамі» (1926), «Селькорка» (1927).

Літ.:

Серова Г.Н. А.Касаткин. Л., 1970.

М.Касаткін. Збор вугалю беднымі на выпрацаванай шахце. 1894.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРГА́ (Іван Антонавіч) (6.10.1881, г. Носаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29.12.1952),

украінскі драматург. Засл. дз. маст. Украіны (1950). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Друкаваўся з 1904 (як тэатр. крытык). Аўтар п’ес гіст. тэматыкі: драм. казкі «Песня ў келіху» (паст. 1926), камедый «Фея горкага міндалю» (паст. 1926), «Марка ў пекле» (паст. 1928), «Гадзіншчык і курыца, ці Майстры часу» (1934, паст. БДТ-3 1935), драм. паэм «Свеччына вяселле» (1931), «Яраслаў Мудры» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Прарок» (нап. 1948, пра Т.Шаўчэнку). Сучасная яму рэчаіснасць у п’есах «Пойдзеш — не вернешся» (1936), «Імя» (1937), «Экзамен па анатоміі» (1940), «Начная трывога» (1943) і інш. Творы К. вызначаюцца філас. напоўненасцю, паглыбленай цікавасцю да маральна-этычных праблем.

Тв.:

Твори. Київ, 1976;

Рус. пер. — Исторические драмы. М., 1954.

Літ.:

Голубева З.С. Іван Кочерга. Київ, 1981.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕВЕ́ДА-І-ВІЛЬЕ́ГАС ((Quevedo у Villegas) Франсіска Гомес дэ) (26.9.1580, Мадрыд — 8.9.1645),

іспанскі пісьменнік, прадстаўнік барока (кансептызму). Вучыўся ва ун-тах Алькала-дэ-Энарэса і Вальядаліда. У сатыр. санетах, рамансах, летрыльях (пісьмы ў вершах; «Усемагутны кабальера дон Дзінэра», 1605, і інш.), першым барочным шахрайскім рамане «Гісторыя жыцця прайдзісвета па імю дон Паблас» (1626), цыкле сац.-паліт. памфлетаў «Снабачанні» (1627), зб. навел «Час адплаты, або Разумная фартуна» (1636, выд. 1650) стварыў гратэскава-фантасмагарычную і сац. дакладную карціну ісп. жыцця 17 ст. Філас. лірыка К. пазначана глыбокім трагізмам, роздумам пра марнасць быцця і стойкасць чалавечага духу.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Л., 1971;

История жизни пройдохи по имени дон Паблос // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.В.Сініла.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРА́СНЫЙ АРХИ́В»,

савецкі навук.-гіст. часопіс. Выдаваўся ў 1922—41 у Маскве на рус. мове Упраўленнем Цэнтр. архіва РСФСР пры ВЦВК (з 1929 Цэнтр. архіўнае ўпраўленне пры ЦВК СССР, з 1938 Гал. архіўнае ўпраўленне НКУС СССР) 6 разоў на год (у 1922—24 нерэгулярна, з № 8 уведзена падвойная нумарацыя). Адзін з заснавальнікаў і фактычны кіраўнік часопіса да 1932 — М.М.Пакроўскі. Друкаваліся архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі і СССР, партыі бальшавікоў, Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны 1918—22, эканам. і культ. пераўтварэнняў у СССР, міжнар. адносін, аб дзеячах кампартыі і сав. дзяржавы. Змяшчаліся таксама асобныя матэрыялы па гісторыі Беларусі з архіваў Масквы і Ленінграда: «Да гісторыі польскага паўстання 1863 г. (Невядомыя рукапісы А.Авейды)» [1933, № 2(57)], «Германскія акупанты на Палессі» [1938, № 6(91)] і інш. У «К.а.» супрацоўнічалі Б.П.Казьмін, У.І.Пічэта, Я.В.Тарле і інш. гісторыкі.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЧКО́ЎСКІ (Ігнат Юльянавіч) (16.3.1883, Вільня — 24.1.1951),

савецкі вучоны-ўсходазнавец. Сын Ю.Ф.Крачкоўскага. Акад. АН СССР (1921), Польскай АН, правадз. чл. Арабскай АН у Дамаску, ганаровы чл. Іранскай і інш. акадэмій. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1905). У 1908—10 у навук. экспедыцыях у Сірыі і Егіпце. З 1918 праф. Петраградскага ун-та. Упершыню ў свеце пачаў сістэм. вывучэнне новай і найноўшай араб. л-ры. Працы па гісторыі, філалогіі і культуры арабаў, у т. л. «Арабская культура ў Іспаніі» (1937), «Нарысы па гісторыі рускай арабістыкі» (1950), «Уводзіны ў эфіопскую філалогію» (1955). Вывучаў рус.-араб. літ. сувязі, распрацаваў план выдання збору араб. крыніц па гісторыі народаў Усх. Еўропы, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Даследаваў і помнікі стараж.-бел. мовы. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—6. М.; Л., 1955—60.

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖА́НІЧ ((Križanić) Юрый) (каля 1618, Обрх, Славенія — 12.9.1683),

харвацкі рэліг. дзеяч, публіцыст, адзін з папярэднікаў панславізму. Д-р багаслоўя (1642). Каталіцкі свяшчэннік-місіянер. Прапагандаваў ідэю «славянскага адзінства». У 1647 наведаў Маскоўскую дзяржаву. У час другога прыезду ў Маскву (1659) выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, рэліг. аб’яднанне ўсіх слав. народаў пад вяршэнствам рым. папы, палітычнае — рас. цара, намагаўся стварыць штучную агульнаслав. мову; сасланы рас. ўладамі ў г. Табольск (1661—76). У 1678 прыехаў у Вільню і ўступіў у ордэн дамініканцаў. У складзе войска Рэчы Паспалітай дапамагаў вызваляць ад тур. аблогі Вену, каля якой і загінуў. Аўтар тэалагічных, філас., мовазнаўчых і інш. трактатаў, у г.л. «Палітыка» (1663—66), «Тлумачэнне гістарычных прароцтваў» (1674).

Тв.:

Рус. пер. — Политика. М., 1965.

Літ.:

Пушкарев Л.Н. Юрий Крижанич: Очерк жизни и творчества. М., 1984.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБАННЕПЕ́САЎ (Керым) (26.10.1929, аул 1-ы Геок-Тэпе Геок-Тэпінскага р-на, Туркменістан — 1.9.1988),

туркменскі паэт. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Туркменскі ун-т (Ашхабад, 1961). Друкаваўся з 1946. Першы зб. вершаў — «Крыніца маёй сілы» (1951). У кнігах паэзіі «Спаборніцтва» (1972), «Жыццё» (1975), «Вясенні вецер» (1977), «Зямля» (1978), «На паўдарозе» (1979) роздум пра сэнс жыцця, месца мастака ў ім, пра грамадзянскі ідэал. Аўтар зб. літ.-крытычных арт. «Літаратура і жыццё» (1981), эсэ «Летнія запісы» (1986) і інш. Шматлікія яго творы сталі нар. песнямі. Пераклаў на туркм. мову вершы Н.Гілевіча, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, В.Жуковіч, Х.Жычка, М.Маляўка, Ю.Свірка, М.Танк, Л.Філімонава. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1970.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Мая Туркменія. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избр. стихи. М., 1979.

А.М.Карлюкевіч.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)