ГЛІ́НСКАЯ ((Glińska) Тэафіля) (сапр.Букатова; 1762 ці 1763, в.Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),
польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.Ф.Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».
Літ.:
Mikulski T.T. Glińska // Mikulski T. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Уведзены ў эксплуатацыю ў 1933. Размешчаны за 9 км ад Гомеля ў р.п. Касцюкоўка. У Вял.Айч. вайну часткова эвакуіраваны ў Башкірыю. Адноўлены ў 1943—45. Пазней рэканструяваны. З 1994 Гомельскае акц.т-ва «Гомельшкло». Адно з буйнейшых прадпрыемстваў па выпуску аконнага паліраванага шкла, пенашкла, шкляных тэрмаўстойлівых труб, загартаванага шкла для аўтатрактарнай прам-сці і інш. 75% паліраванага шкла ідзе на экспарт у Галандыю, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, краіны СНД. Працуе цэх прамысл. перапрацоўкі і вытв-сці бутэлек еўрап. стандарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯНЯ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ.Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ СЕ́ТКА,
сістэма газаправодаў для транспартавання гаручых газаў і размеркавання іх паміж спажыўцамі; асн. элемент сістэмы газазабеспячэння. Бываюць размеркавальныя, міжпасялковыя і ўнутрыдамавыя; у залежнасці ад колькасці ступеней ціску — адна- (у невялікіх населеных пунктах), двух- (у сярэдніх гарадах), трох- і чатырохступеньчатыя (у вял. гарадах). Гарадскія газавыя сеткі — звычайна кальцавыя (замкнутыя), што забяспечвае бесперабойнасць падачы газу пры адключэнні асобных участкаў. Геагр. становішча Беларусі абумовіла пракладку праз яе тэр. буйных магістральных газаправодаў і, як вынік, паскораную газіфікацыю яе гаспадаркі і высокую шчыльнасць газавых сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПО́ЎНЕНАЯ ЛЯ́МПА,
лямпа напальвання, балон якой запоўнены інертным газам (крыптонам або сумессю азоту з аргонам). У галагенных газанапоўненых лямпах да інертных газаў дадаюць галагены або іх злучэнні. Мае павялічаныя (у параўнанні з вакуумнымі) т-ру ніці напальвання, светлавую аддачу (галагенныя — да 30 лм/Вт) і тэрмін работы, а таксама запаволенае выпарэнне вальфраму. Газанапоўненыя лямпы вырабляюць магутнасцю ад 40 Вт і вышэй (галагенныя — да дзесяткаў кілават). Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. адкрытых прастораў, кіна- і тэлестудый, у капіравальных і праекцыйных апаратах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ЦКІ (Пётр Антонавіч) (май 1919, в. Майдан Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 21.10.1942),
Герой Сав. Саюза (1965). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У канцы 1941 накіраваны ў тыл ворага ў партыз. атрад «Перамога», які дзейнічаў на Смаленшчыне і ў Віцебскай вобл. 21.10.1942 недалёка ад чыг. ст. Крынкі Лёзненскага р-на з узрыўчаткай кінуўся пад варожы эшалон, у складзе якога было больш за 40 цыстэрнаў з гаручым; падарваў яго і загінуў сам. На месцы подзвігу абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.
2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАНКО́Ў (Іван Пракопавіч) (27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДАВІКО́Ў (Басан Бадзьмінавіч) (15.11.1910, хутар Мокрая Яльмута Пралетарскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 17.8.1983),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938), камандна-штурманскага саставу ВПС (1941), Генштаба (1955). З ліп. 1941 на Зах., Крымскім, 2-м Прыбалт., 3-м Бел., 1-м Далёкаўсх. франтах. Стралк. дывізія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Віцебска, Вільні, Каўнаса, у час прарыву абароны праціўніка ва Усх. Прусіі. Да 1961 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́ЗА (Міхаіл Міхайлавіч) (19 8.1917, в. Чапля Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 24.6.1985),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Кіеўскае танк. вучылішча (1941). У ВМФ з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40: у баі на Карэльскім перашыйку 8.2.1940 наводчык гарматы гаўбічнай батарэі матрос Гармоза з гарматы знішчыў варожыя ўмацаванні, што адкрыла шлях для наступлення сав. войск. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Волхаўскім, Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах: камандзір танка, танк. роты, у 1948—60 у органах МУСБССР.