каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс.чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ ГЛІ́НЫ,
асадкавыя тонкадысперсныя горныя пароды, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці вогнетрывалых матэрыялаў. Маюць высокую эластычнасць, звязвальную здольнасць і вогнетрываласць (не ніжэй як 1580 °C).
Вогнетрывалыя гліны складаюцца пераважна з каалініту ці блізкіх даяго мінералаў з агульнай формулай Al2O3∙2SiO2H2O. У іх трапляюцца і інш. мінералы (напр., монатэрміт, пірафіліт, гідраслюды). Вогнетрываласць (блізкая па значэнні да т-ры плаўлення) залежыць ад хім. саставу гліны. Вогнетрывалыя гліны маюць значную колькасць аксіду алюмінію Al2O3 (гліназём; 30—45%) і розныя прымесі. Зніжаюць вогнетрываласць злучэнні жалеза і аксіды шчолачных металаў.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў для металургіі, машынабудавання, як асн. кампанент для вырабу фарфору, фаянсу, керамічных плітак і тэхн. керамікі. У Беларусі радовішчы вогнетрывалай гліны на Пд Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРАНІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
афганская дзяржава ў 1747—1818. Створана ў выніку ваен. паходаў Ахмад-шаха Дурані (1747—73), які да 1761 аб’яднаў афг. (пуштунскія) землі (тэр. ядро дзяржавы — Кандагар, Газні, Кабул, Пешавар, Герат), заваяваў Паўн.-Зах. Індыю (у т. л. Кашмір), Усх. Іран, Паўд. Туркестан. Сталіца — г. Кандагар, з 1773 Кабул (перанесена пры сыне і пераемніку Ахмад-шаха Цімур-шаху, які правіў у 1773—93). Эканам. аснову дзяржавы складала феад.-дзярж. ўласнасць на зямлю (зямельныя падаткі з падуладных тэрыторый). Найб. прывілеяванае становішча ў ёй мела афг. племя абдалі (дурані; даяго належаў і вярх. правіцель — шах), якое было вызвалена ад падаткаў. Распалася ў выніку сепаратызму ханаў афг. плямён і нац.-вызв. паўстанняў падуладных неафг. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],
жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл.Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз.драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш.Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАРО́ЖВАННЕ ГРУНТО́Ў,
штучнае ахаладжэнне слабых і воданасычаных грунтоўда адмоўных т-р з мэтай іх умацавання і дасягнення воданепранікальнасці; адзін з відаў замацавання грунтоў. Выкарыстоўваецца пры буд-ве шахтаў, тунэляў, станцый метрапалітэна, падземных сховішчаў, фундаментаў, мастоў, перамычак і інш.
Для З.г. па перыметры аб’екта (напр., выемкі) прабіваюць свідравіны на адлегласці 1—3 м адна ад адной, апускаюць у іх замарожвальныя трубы (калонкі) з герметычна завараным ніжнім канцом. Унутр калонкі па трубе падаюць ахалоджаны да -20 °C і ніжэй у халадзільных машынах (устаноўках, на станцыях) раствор солей, або расол (звычайна хлорыстага кальцыю), па другой трубе адводзяць яго з мэтай цыркуляцыі. У выніку ахаладжэння вакол калонак утвараюцца слупы мёрзлага грунту, якія злучаюцца ў суцэльную сцяну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РТАР (англ. converter ад лац. converto змяняю, пераўтвараю),
металургічны агрэгат для атрымання сталі з вадкага чыгуну (прадзіманнем яго паветрам або кіслародам), а таксама чарнавога металу (напр., медзі) ці сульфідаў каляровых металаў (прадзіманнем штэйнаўтэхн. кіслародам, паветрам, інш. акісляльным газам).
Сталеплавільныя К. бываюць ёмістасцю да 400 т, маюць звычайна грушападобную форму. Адрозніваюць К. з прадзіманнем чыгуну знізу (бесемераўскія і тамасаўскія К., якія страцілі сваё прамысл. значэнне) і зверху (кіслародныя К.). Заліваюць чыгун у кіслародны К. праз гарлавіну, атрыманую сталь выпускаюць праз ляток у шлемнай частцы (К. можа паварочвацца вакол гарыз. восі спец. прыводам). К. каляровай металургіі ёмістасцю да 125 т. маюць форму пераважна гарыз. цыліндра. Гл. таксама Канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА Пётр Бластус (Бластусовіч Пётр),
выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.Л.Намыслоўскага, у зб. прыказак С.Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў дазб. «Апафегматы» Б.Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ Мікалай Андрэевіч (1898, г. Лібава, Латвія — 1944),
бел. графік. Працаваў пераважна ў кніжнай графіцы. У 1920—30-я г. працаваў у газ. «Чырвоная змена», выконваў ілюстрацыі дачас. «Іскры Ільіча» і «Беларускі піянер». Аформіў кнігі для дзяцей «Першы дзень у дзіцячым садзе» (1928), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1937), «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна, «Канёк-гарбунок» П.Яршова (абедзве 1938), «Верабейчык» Я.Герасімовіча (1939), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» К.Чорнага (1941). У 1920-я 1930-я г. працаваў і як карыкатурыст (8 пано-плакатаў «Падпал рэйхстага Ван дэр Любэ»).
Літ.:
Ціхановіч В. М.А.Малевіч. Мн., 1959.
М.А.Гугнін.
М.Малевіч. Ілюстрацыі да казкі «Канёк-гарбунок» П.Яршова, 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ (Millet) Жан Франсуа (4.10.1814, Грушы, каля г. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),
французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬЧЭР (Multscher) Ганс (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),
нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.