ПО́СТРЫГ,

пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.

Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБУЛО́ЗА,

монацукрыд з групы кетапентоз (пяцівугляродны цукар). Фосфарныя эфіры Р. (рыбулоза-5-фасфат і рыбулоза-1,5-дыфасфат) — прамежкавыя прадукты абмену вугляводаў у жывёльных і расл. арганізмах. Р.-5-фасфат удзельнічае ў пентозафасфатным цыкле. Р.-1,5-дыфасфат неабходны для фотасінтэзу ў раслінах, дзе ён удзельнічае ў звязванні і пераводзе вуглякіслага газу ў арган. форму — 3-фосфагліцэрат, які пераўтвараецца ў глюкозу, цукрозу, крухмал, цэлюлозу.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЦЭ́ВІЧ Мікалай Фёдаравіч (28.10.1914, в. Турцэвічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 14.2.1940),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-пях. вучылішча (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Камандзір узвода лейт. Т. вызначыўся 14.2.1940 у час разведкі каля воз. Суванта-Ярві: з узводам зрабіў праходы ў драцяной загародзе, атакаваў праціўніка, чым выявіў сістэму агню ворага; загінуў у гэтым баі. У яго гонар перайменавана вёска, дзе ён нарадзіўся.

т. 16, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),

філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.​Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.​Лок, Д.​Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНЕ́РАС (ісп. comuneros ад comuna абшчына),

1) паўстанне сярэдневяковых самакіравальных гарадоў Кастыліі (Іспанія) у 1520—22 супраць каралеўскага абсалютызму, у абарону гар. вольнасцей. Выклікана патрабаваннямі караля Карла I грашовых субсідый ад гарадоў. Пасля ад’езду караля ў Германію, дзе ён быў абраны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», паўстаўшыя гарады (Таледа, Сеговія, Мурсія, Авіла, Бургас, Мадрыд і інш.) аб’ядналіся ў ліп. 1520 у «Святую хунту» (цэнтр у г. Авіла), да якой далучылася ч. дваранства і духавенства. Паўстанцы патрабавалі, каб Карл I жыў у Іспаніі, рэгулярнага склікання картэсаў, пашырэння гар. самакіравання, забароны вы вазу залатой манеты за мяжу і інш. У бітве каля Вільялары (23.4.1521) сілы К. на чале з Х.​Падзілья разгромлены, ён і інш. кіраўнікі хунты ўзяты ў палон і пакараны смерцю. У 1522 паўстанне канчаткова задушана, урадавыя рэпрэсіі працягваліся да 1526.

2) Антыкалан. паўстанне ў Новай Гранадзе (цяпер Калумбія) у сак. — кастр. 1781. Паўстанцы (да 20 тыс. чал.) патрабавалі адмены каралеўскіх манаполій і памяншэння падаткаў, мелі на мэце знішчэнне ісп. калан. панавання і стварэнне рэспублікі на чале з выбарным каралём. Паўстанне задушана ісп. ўладамі, яго кіраўнікі (у т. л. Х.​А.​Галан) пакараны смерцю.

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЕ́НЦА (Rienzo) Кола ды [сапр. Габрыні (Cabrini) Нікола ды Ларэнца 1313—8.10.1354], італьянскі паліт. дзеяч. Паводле адукацыі натарыус. З 1334 жыў у Рыме, вывучаў ант. помнікі і л-ру. Падзяляў гуманіст. погляды Ф.Петраркі, марыў аднавіць дзярж. лад стараж. Рым. рэспублікі і былую веліч Рыма; у прамовах выкрываў беззаконні феад. магнатаў, якія апанавалі Рым у час авіньёнскага паланення папаў. Пасля перамогі нар. паўстання (май 1347) і абвяшчэння Рым. рэспублікі Р. абраны яе нар. трыбунам (кіраўніком). Ён адабраў у феадалаў замкі, упарадкаваў падаткі, скасаваў мытныя пошліны, 1.8.1347 абвясціў аднаўленне правоў рым. народа, а Рым — сталіцай свету. У снеж. 1347 скінуты феад. клікай Калона і ўцёк. У 1350 арыштаваны архіепіскапам Прагі (шукаў там падтрымкі імператара Карла IV) і зняволены ў папскай турме Авіньёна (Францыя); у 1352 адлучаны ад царквы. Новы папа Інакенцій IV выкарыстаў Р. для аднаўлення сваіх правоў у Папскай вобласці і накіраваў яго туды ў канцы 1353 з паліт. місіяй. 1.8.1354 Р. з дапамогай наёмнікаў увайшоў у Рым і зноў узначаліў Рым. рэспубліку. Аднак павелічэнне падаткаў, праведзенае Р. з мэтай забяспечыць утрыманне наёмных войск для барацьбы з феадаламі, і тыранічныя метады яго кіравання выклікалі нар. паўстанне 8.10.1354, у час якога ён забіты.

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1628—45 у Кітаі,

народнае паўстанне ў Кітаі ў 1-й пал. 17 ст., якое скінула дынастыю Мін. Выклікана ростам жабрацтва шырокіх сял. мас з-за недахопу ворных зямель, цяжкіх падаткаў і карупцыі чыноўніцтва. Пачалося ў 1628 у правінцыях Шэньсі і Хубэй; неўзабаве ўзнік ачаг паўстання і ў прав. Сычуань, які ўзначаліў Чжан Сяньчжун; абодва яны дзейнічалі паасобку. Кіруючыся канфуцыянскімі ідэямі сац. справядлівасці і роўнасці, паўстанцы знішчалі буйных землеўладальнікаў, чыноўнікаў і ліхвяроў, размяркоўваючы іх маёмасць сярод беднаты. Урадавыя войскі да 1638 разграмілі асн. сілы паўстанцаў, але неўраджай і голад у пач. 1640-х г. прыцягнулі да паўстання новыя нар. масы. Кіраўнік Хубэй-Шэньсійскага цэнтра паўстання (з 1636) Лі Цзычэн стварыў рэгулярную армію і пачаў ствараць уласныя органы ўлады. У пач. 1644 ён быў абвешчаны ў г. Сіянь імператарам. 25.5.1644 яго войскі ўвайшлі ў Пекін; апошні імператар дынастыі скончыў самагубствам. Тым часам У Саньгуй, камандуючы ўрадавай арміяй, якая ахоўвала паўн. мяжу, заключыў саюз з маньчжурамі і прапусціў іх войска праз Вял. кіт. сцяну. У баі 27.5.1644 маньчжуры разбілі войскі Лі Цзычэна (ён загінуў у 1645), у 1647 — войска Чжан Сяньчжуна, у Кітаі запанавала дынастыя Цын.

т. 15, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАСЦЬ,

катэгорыя, якая выяўляе неаддзельную ад быцця аб’екта яго істотную акрэсленасць, дзякуючы якой ён з’яўляецца менавіта гэтым, а не іншым аб’ектам. Адлюстроўвае ўстойлівыя ўзаемаадносіны складаных элементаў аб’екта, якія характарызуюць яго спецыфіку, што дае магчымасць адрозніваць гэты аб’ект ад іншых. Дзякуючы Я. кожны аб’ект існуе і мысліцца як нешта адмежаванае ад інш. аб’ектаў. Разам з тым Я. выяўляе і тое агульнае, што характарызуе ўвесь клас аднародных аб’ектаў.

Катэгорыя Я. ўпершыню прааналізавана Арыстоцелем, які вызначаў яе як відавое адрозненне сутнасці; ён адзначаў цякучасць якасных станаў рэчаў, іх здольнасць ператварацца ў процілеглае. Сярэдневяковая схаластыка тлумачыла т.зв. схаваныя Я. як вечныя і нязменныя «формы». На глебе механіст. светапогляду і філасофіі новага часу склаўся падзел на першасныя і другасныя Я. Г.​Гегель вызначыў Я. як лагічную катэгорыю, якая складае пач. ступень пазнання рэчаў і станаўлення свету, як непасрэдную характарыстыку быцця аб’екта. Дыялектычны матэрыялізм зыходзіць з прызнання аб’ектыўнасці і ўсеагульнасці якаснай пэўнасці рэчаў. Разам з катэгорыяй колькасці Я. утварае дыялектычнае адзінства ўнутры пэўнай меры прадмета, яны ўвесь час пераходзяць адна ў адну. Гэтае ўзаемадзеянне якаснай і колькаснай пэўнасцей прадмета выражае дыялектычны закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя.

т. 18, кн. 1, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,

становішча геагр. аб’екта адносна паверхні Зямлі, а таксама ў адносінах да інш. аб’ектаў, з якімі ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні. Дае ўяўленне аб прыродных і сац.-эканам. умовах і асаблівасцях аб’екта. Вызначаецца пры дапамозе геаграфічных каардынат. Вылучаюць фізіка-геагр. (рэльеф, клімат і інш. прыродныя ўмовы, якія накладваюць адбітак на прыроду і гісторыю), эканоміка- і транспартна-геагр. (месцазнаходжанне суадносна раёнаў з высокім эканам. развіццём), геапалітычнае становішча і інш.

А.​М.​Матузка.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСТАЦЫЯНА́РНАЯ АРБІ́ТА,

кругавая экватарыяльная арбіта штучнага спадарожніка Зямлі, які раўнамерна рухаецца па ёй з З на У, з перыядам абарачэння 24 гадз; выш. 35 810 км. Рух такога спадарожніка дакладна дапасаваны да вярчэння Зямлі вакол восі, таму ён нерухома вісіць над выбраным пунктам экватара. На арбіты, блізкія да геастацыянарнай арбіты, выводзіліся сав. спадарожнікі «Экран», «Радуга», амерыканскія — сістэмы «Інтэлсат», некат. метэаралагічныя спадарожнікі, апараты для вывучэння знешняй магнітасферы Зямлі і інш.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)