ГРАМЫ́КА Віктар Аляксандравіч (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел.АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш.Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.
Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць у хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.
Літ.:
Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ.Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЕ́НАВЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДЫ, дыены, дыалефіны, ненасычаныя вуглевадароды з 2 падвойнымі сувязямі ў малекуле. Аліфатычныя Д.в. (агульная ф-ла CnH2n−2, дзе n — колькасць атамаў вугляроду) наз.алкадыенамі, аліцыклічныя Д.в. (CnH2n−4) — цыклаалкадыенамі. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння падвойных сувязей адрозніваюць Д.в. з кумуляванымі (напр., ален H2C=C=CH2), спалучанымі (напр., бутадыен-1,3
) і ізаляванымі (напр., пентадыен-1,4
) сувязямі.
Д. в.з кумуляванымі сувязям і складаюць клас аленаў, якія лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння (паслядоўна з кожнай з падвойных сувязей), полімерызуюцца, пры награванні і дзеянні каталізатара ізамерызуюцца ў спалучаныя Д.в. ці алкіны. Д.в. з ізаляванымі сувязямі па хім. уласцівасцях практычна не адрозніваюцца ад алкенаў. Спецыфічная ўласцівасць Д.в. са спалучанымі сувязямі — здольнасць уступаць у рэакцыі цыкладалучэння (гл.Дыенавы сінтэз) і хелетропныя рэакцыі. Пры ўзаемадзеянні спалучаных Д.в. з вадародам, галагенамі і галагенавадародамі далучэнне ідзе і па канцах сістэмы спалучаных сувязей і па адной з іх. Выкарыстоўваюць у прам-сці для вытв-сці сінт. каўчукоў (бутадыен, ізапрэн і інш.), поліамідных валокнаў, лакаў, фарбаў, інсектыцыдаў, лекаў і інш. Шкодна ўплываюць на ц. н. с., у газападобным выглядзе раздражняюць слізістыя абалонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. katabolē скіданне, разбурэнне), дысіміляцыя,
сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць раскладанне ў ім уласных і тых, што паступілі з ежай (кормам), складаных арган. рэчываў на больш простыя. Непарыўна звязаны з анабалізмам і абменам энергіі ў арганізме. Суправаджаецца паступовым вызваленнем назапашанай у хім. сувязях буйных малекул энергіі, якая выкарыстоўваецца ў арганізме на сінтэз новых арган. злучэнняў, забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці (скарачэнне мышцаў, правядзенне нерв. імпульсаў, падтрыманне т-ры пела, асматычнага ціску і інш.) або назапашваецца ў форме багатых энергіяй фасфатных сувязей, пераважна адэназінфосфарнай кіслаты (гл.Акісленне біялагічнае). Цэнтр. месца ў К. займаюць гліколіз, браджэнне і працэс дыхання. Асн. канчатковыя яго прадукты — вуглякіслы газ, вада, аміяк, мачавіна, малочная кіслата. Як правіла, К. забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў. Шэраг прамежкавых прадуктаў, якія пры гэтым утвараюцца (напр. ацэтылкаэнзім А), звязваюць К. і анабалізм у адзінае цэлае, абумоўліваюць іх узаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць. У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі К. акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біялагічна актыўныя злучэнні, нерв. сістэма (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя). Паталагічнае павышэнне ўзроўню К. выяўляецца схудненнем, дыстрафіяй і інш. знешнімі прыкметамі і станам арганізма. Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, здольныя павышаць ці паніжаць інтэнсіўнасць К., выкарыстоўваюць як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт.Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах. сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэзусх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новая даўж. будынка 34 м), над паўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШУ́ТА Уладзімір Цярэнцьевіч (19.4. 1918, С.-Пецярбург — 10.6.1983),
расійскі гісторык. Чл.-кар.АНСССР (1976), д-ргіст.н. (1960), праф. (1971). Скончыў Ленінградскі ун-т (1941). З 1948 у Ін-це гісторыі АНСССР, з 1969 заг. сектара. Адначасова ў 1949—53 заг. аддзела час. «Вопросы истории», з 1968 выкладаў у Маскоўскім абл.пед. ін-це, Маскоўскім гіст.-архіўным ін-це. Даследаваў гісторыю эпохі феадалізму Расіі, Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, займаўся крыніцазнаўствам і гістарыяграфіяй. Адзін з аўтараў канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, паводле якой у 1-й пал. 13 ст. на тэр. сучаснай Літвы ўтварылася раннефеад. балцкая дзяржава, што ў сваім развіцці прайшла 3 этапы: канфедэрацыя зямель, потым іх саюз і раннефеад. манархія. Захоп. літ. феадаламі Беларусі лічыў пачаткам пераўтварэння невял. Літ. дзяржавы ў ВКЛ. Пісаў пра сінтэз грамадскага ладу Літвы са значна больш развітымі феад. ін-тамі Беларусі, але не прызнаваў за бел. землямі актыўнай ролі ў стварэнні і развіцці ВКЛ. Падтрымліваў тэзіс пра шматвяковае імкненне беларусаў да ўз’яднання з Расіяй.
Тв.:
Образование Литовского государства. М., 1959;
Древнерусское государство и его международное значение. М., 1965 (у сааўт);
Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. М., 1982 (разам з Б.М.Флорай, Г.Л.Харашкевіч);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧАНЬ,
буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін A).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕЦ МАДЭ́РН.
Склаўся на мяжы 19—20 ст. у ЗША і Германіі як адзін з кірункаў сучаснай харэаграфіі. Тэрмін «Т.м.» выцесніў назвы «вольны танец», «дунканізм», «танец басаножак», «рытмапластычны танец», «экспрэсіянісцкі», «новы маст. танец» і інш. Заснавальніца Т.м. — амер. танцоўшчыца А.Дункан (імітацыя ант. форм танца, «танец басаножак», адмаўленне ад традыц. балетнага касцюма, зварот да сімф. і камернай музыкі). Асн. прынцыпы Т.м.: увасабленне новых тэм і сюжэтаў, пошук арыгінальных выразных танц.-пластычных сродкаў, высокая ступень імправізацыі, сінтэз розных стыляў, акцэнт на індывід. вынаходлівасць харэографа. Для яго развіцця характэрны імкненне да эксперыментавання, стварэння новых стылявых канцэпцый як процістаянне традыц. балетным формам. Фарміраванне Т.м. звязана з тэарэт. працамі Ф.Дэльсарта, Р. фон Лабана, практыкамі М.Вігман, М.Грэхем, Э.Жакам-Далькрозам, К.Іосам, Р.Сен-Дэні і інш. Т.м. паступова сінтэзаваўся з класічным танцам, што найб., ярка выявілася ў творчасці балетмайстраў К.Галяйзоўскага, С.Ліфара, В.Ніжынскага, М.Фокіна, Л.Якабсона, пазней — у творчасці Дж.Баланчына, М.Бежара, Ю.Грыгаровіча, Р.Пці. У розных краінах свету сфарміраваліся і развіваюцца розныя школы і плыні. Значную ролю ў папулярызацыі і станаўленні Т.м. на Беларусі адыгрывае штогодні Міжнар. фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (з 1992). На бел. балетнай сцэне элементы Т.м. відавочны ў паст. А.Дадышкіліяні, В.Елізар’ева, Р.Паклітару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСЛЯ́ТАР (ад лац. translator пераносчык) у інфарматыцы, праграма ЭВМ для перакладу (трансляцыі) праграм з зыходнай мовы праграмавання ў інш. (аб’ектную), напр., машынную мову. Бываюць 1-, 2- і шматпраходныя (праз трансліраваную праграму).
Трансляцыя праграм з дапамогай Т.-інтэрпрэтатара суправаджаецца выкананнем зыходнага алгарытму. Т.-кампілятар ажыццяўляе трансляцыю з машынна-незалежнай мовы праграмавання высокага ўзроўню на машынную мову (ці мову асэмблера); Т.-канвертар — з зыходнай мовы высокага ўзроўню. на аб’ектыўную мову высокага ўзроўню. Асн. функцыі Т. — аналіз (лексічны, сінтаксічны і семантычны) з кантролем тэксту зыходнай праграмы і сінтэз (генерацыя) аб’ектнай праграмы. У 1-праходных Т. яго функцыі выконваюцца за 1 прагляд тэксту праграмы. У 2-праходных — сінтаксічны аналізатар распазнае канструкцыі мовы і будуе адпаведныя элементы ўнутр. прадстаўлення, пасля чаго будуецца аб’ектная праграма. Шматпраходныя Т. будуюць больш эфектыўныя (па памерах, скорасці выканання ці па аб’ёме выкарыстанай памяці) аб’ектныя праграмы, а таксама выкарыстоўваюцца для аптымізацыі праграм для розных тыпаў ЭВМ. Такія Т. патрабуюцца і для некаторых моў праграмавання з-за складанасці сінтаксічнага і семантычнага аналізаў.
Літ.:
Грис Д. Конструирование компиляторов для цифровых вычислительных машин: Пер. с англ.М., 1975;
Касьянов В.Н., Поттосин И.В. Методы построения трансляторов. Новосибирск, 1986;
Ахо А., Сети Р., Ульман Дж. Компиляторы: Пер. с англ. М. и др., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Мікалаевіч (4.8.1862, маёнтак Ахтырка пад Масквой — 12.10.1905),
расійскі філосаф і грамадскі дзеяч. Брат Я.М.Трубяцкога, бацька М.С.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1900). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), дзе з 1900 працаваў праф., з 1905 рэктарам. У 1900—05 супрацоўнічаў у час. «Вопросы философии и психологии». Адстойваў ідэю універсітэцкай аўтаноміі, актыўна ўдзельнічаў у земскім руху. Для яго філас. поглядаў характэрна спалучэнне ідэй платанізму і хрысціянства, асновай якіх ён лічыў вучэнне пра Логас. Філас. вучэнне Т. — ’«канкрэтны ідэалізм» — выкладзена ў яго працы «Асновы ідэалізму» (1896), дзе ў якасці зыходнага пункта выступае не абстрактная ідэя «чыстага быцця», а канкрэтнае існае. Прызнаваў духоўную прыроду рэальнасці; лічыў, што існае грунтуецца на разумных законах касмічнага Логаса, які ўпарадкоўвае развіццё прыроды і чалавечага грамадства; што існае папярэднічае мысленню, таму што вечная актуальная свядомасць (свядомасць Бога) папярэднічае канечнай свядомасці чалавека, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Сродкамі пазнання побач з розумам абвяшчаў вопыт і веру, якую трактаваў у адпаведнасці з правасл. традыцыяй: лічыў, што яна не супрацьстаіць розуму, а ўтварае з ім пэўнае адзінства. Аб’ектыўнасць свядомасці звязваў з ідэяй саборнасці. Саборнасць у разуменні Т. — пэўны агульначалавечы ідэал дасканалага грамадства, дзе пануе любоў як агульны найвышэйшы сінтэзсац., маральных і рэліг. прынцыпаў праваслаўя.