КО́ЛАСА ЯКУ́БА ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Засн ў 1956 у Мінску як літ. музей, адкрыты ў 1959, з 1997 сучасная назва. Размешчаны ў доме, дзе жыў Я.Колас з канца 1944 да 1956. Пл. экспазіцыі 255 м², каля 30 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Захаваны прыжыццёвы інтэр’ер кабінета і спальні, на сядзібе растуць дрэвы, пасаджаныя Я.Коласам. У фондзе рукапісаў (1597 адзінак) сшыткі з запісамі фальклору, зробленымі ў перыяд вучобы паэта ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і настаўніцтва на Палессі (1899—1904), рукапісы твораў (вершы дакастр. часу, ташкенцкага перыяду, паэм «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», «Суд у лесе» і інш.), перапіска з роднымі, знаёмымі, грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, вучонымі і інш.Фонд кінафотадакументаў налічвае 3436 адзінак. У фондзе выяўл. мастацтва (1037 адзінак) прыжыццёвыя партрэты Я.Коласа, напісаныя мастаком З.Паўлоўскім і графікам Т.Жырмунскай, карціны, падараваныя паэту ў 1952 («Зіма ў Беларусі» П.Радзімава, «Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны» Г.Гарэлавай-Азгур), творы Л.Гумілеўскага, У.Сулкоўскага, Я.Драздовіча, С.Федарэнкі, графічныя работы Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, У. і М. Басалыгаў і інш., скульптараў З.Азгура, Гумілеўскага, С.Селіханава і інш.У кніжным фондзе больш за 10 тыс. адзінак. У музеі зберагаюцца таксама прадметна-рэчавыя помнікі (864 адзінкі), дакументы (830 адзінак), архіў (547 адзінак), асабісты архіў паэта (6500 адзінак) і інш. З 1985 музей штогод праводзіць літ. свята і навук. канферэнцыю «Каласавіны». Дзейнічаюць філіялы музея на радзіме Я.Коласа ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.: мемарыяльныя сядзібы ў Смольні, Акінчыцах, Альбуці, Ластку (гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, Коласаўскі заказнік).
Літ.:
Пратасевіч М.І. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1981;
Камароўская З.М. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1989.
З.М.Камароўская.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей Рабочы кабінет Я.Коласа.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у 1897—1918 у Магілёве. Заснаваны Е.Р.Раманавым, размяшчаўся ў будынку б. бернардзінскага кляштара. Пл. экспазіцыі 140 м², больш за 6 тыс. экспанатаў, атрыманых у асн. з рызніц і царк. кладовак, з археал. раскопак Раманава (каменныя і жал. прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожанні, манеты і інш.). Сярод экспанатаў: абразы 16—18 ст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараабраднага пісьма на палатне, дошках, выразаныя з дрэва, медзі, свінцу, у т. л. абразы 17 ст. «Богаяўленне» з Петрапаўлаўскай царквы, «Раство Багародзіцы» і «Мікола Цудатворац» з Мікалаеўскай царквы і інш., некат. з іх у абкладах работы магілёўскіх майстроў А.Воўчака і П.Сліжыка; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (пераважна 18 ст., многія ў інкруставаных і каштоўных абкладах), медны пацір 17 ст. з Мікалаеўскай царквы, інкруставаная даразахавальніца 18 ст. з Крыжаўзвіжанскай царквы, шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1556, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Г.Каніскага (1758); часткі іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17—18 ст., скульптурныя выявы святых і інш.; магільныя пліты кн. Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагільныя пліты 17—18 ст. з Мікалаеўскай царквы. У бібліятэчным аддз. захоўваліся мінея 1490-х г., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16—18 ст., біблія 1751 з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764, кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17—18 ст., у т. л. «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы» Феафана Пракаповіча (1760—74). У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16—18 ст., у т. л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш. З 1919 экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.
Літ.:
Записки Северо-Западного отдела Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1. С. 224—229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял.Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.Купалу, Г.Леўчыка, І.Стаброўскага, Я.Карскага, ген. Я.Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.Абрамовіча і Р.Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.Пушкіна, «Першага вінакура» Л.Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.
Літ.:
Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;
Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА КНІГАДРУКАВА́ННЯ.
Адкрыты 7.9.1990 у г. Полацк Віцебскай вобл.; філіял Нац.Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размешчаны ў будынку б. жылога корпуса Богаяўленскага манастыра. Пл. экспазіцыі 670 м², больш за 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Тэматычныя раздзелы: развіццё пісьменства, форм і матэрыялаў кнігі; рукапісная кніга на Беларусі; жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны; Скарыніяна; кнігадрукаванне 2-й пал. 16—18 ст. і 19 — пач. 20 ст.; гісторыя кніжнай ілюстрацыі; развіццё паліграфіі. Сярод экспанатаў помнікі слав. пісьменнасці 11—13 ст., у т. л. прасліцы, фрагменты керамікі, плінфы, тынкоўкі з надпісамі, кірылічныя і лац.-польск. выданні 16 — пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1595; «Катэхізіс» Л.Зізанія, 1788; «Кніга аб веры», 1785 і інш.); выданні зах.-еўрап. друкарняў 16—19 ст. («12 прамоў» І.Фалецкага, 1558; «Фландрыя ў ілюстрацыях» А.Сандэра, 1644 і інш.); фрагмент Торы (канец 18 ст.), маст. творы, навук. працы, падручнікі, слоўнікі, часопісы, газеты, календары, альбомы, буклеты, паштоўкі і інш. выданні 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст.; выданні прыватных Кухты М. друкарні, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва, друкарань І.Мятлы і І.Дварчаніна, выдавецтва В.Ластоўскага, суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», т-ва«Адраджэнне» і інш.; працы і даследаванні пра жыццё і творчую спадчыну Скарыны, матэрыялы Скарынаўскіх чытанняў і міжнар. канферэнцый; арыгінальныя ўзоры кніжнай графікі 2-й пал. 20 ст., у т. л. ілюстрацыі У. і М.Басалыгаў, А.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага і інш. мастакоў; прадукцыя бел. выд-ваў. У экспазіцыі таксама інструменты і прылады працы мастакоў-графікаў, друкарскае і паліграф. абсталяванне; прадметы нумізматыкі, слайды, відэафільмы, звязаныя з працэсам кнігадрукавання; інтэр’еры майстэрань перапісчыка 16 ст. і друкарні канца 17 ст.
Г.П.Ладзісава.
У адной з залаў Полацкага музея беларускага кнігадрукавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Язэп) (Іосіф) Ігнатавіч (16.9.1870, в. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1934?),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, археолаг, педагог. Скончыў настаўніцкую семінарыю, Маскоўскі археал.ін-т (1914), вучыўся ў Маскоўскім юрыд. ін-це (1914—17). У 1917 адзін з лідэраў Беларускай народнай грамады. Дэлегат 1-га з’езда бежанцаў беларусаў (вер. 1917) і Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918) у Маскве. Адзін са стваральнікаў і дырэктар Будслаўскай беларускай гімназіі (1917—19). У 1919—20 у Маскве. У 2-й пал. 1920 заг.інфарм. аддзела ўпраўлення рэўкомаў Зах. фронту, дырэктар школы ў Будславе. З 1921 дырэктар Белпедтэхнікума ў Мінску, выкладчык археалогіі ў БДУ. З 1924 дырэктар музея ў Віцебску. У 1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюз вызвалення Беларусі», у 1931 высланы. Памёр у Башкортастане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРА́З (Уладзімір Германавіч) (27.4.1865, г. Оўруч Жытомірскай вобл., Украіна — 10.5.1936),
этнограф, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў сістэм. вывучэння гісторыі, этнаграфіі, культуры і быту народаў Поўначы. За прыналежнасць да партыі «Народная воля» сасланы на Калыму (1890—98). З 1921 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1932 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АНСССР. Адзін са стваральнікаў пісьменнасці, фундаментальных прац па этнаграфіі і фальклоры народаў Поўначы; аўтар першых падручнікаў, слоўнікаў, граматыкі чукоцкай мовы, манаграфіі «Чукчы» (ч. 1—2, 1934—39). Пісаў вершаваныя і празаічныя творы пад псеўданімам Тан (кн. «Чукоцкія апавяданні», 1899; «Калымскія апавяданні», 1931; аповесці «Восем плямёнаў», 1902; «Дні волі», 1906; «Ахвяра дракона», 1909; раман «Уваскрэслае племя», 1935, і інш.). Творы Багараза вызначаюцца маст. дакладнасцю, жывой нар. мовай, сувяззю з фальклорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХАТКО́Ў (Ігар Антонавіч) (н. 5.1.1958, Мінск),
бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.
Г.А.Фатыхава.
І.Бархаткоў. І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі... 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА І МУЗЕ́Й ІМЯ́ ФРАНЦІ́ШКА СКАРЫ́НЫў Лондане,
грамадска-культ. асяродак беларусаў і беларусістаў у Англіі. Афіц. адкрыты ў асобным будынку ў 1971, з 1979 мае статус незалежнай навук. установы як «уласнасці ўсіх беларусаў». Аб’ядноўвае бел. эмігрантаў і англ. навукоўцаў-беларусістаў. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні. Аснову б-кі склалі прыватныя зборы бел. святароў Ч.Сіповіча і Л.Гарошкі. Займае 8 пакояў, захоўвае каля 45 тыс. тамоў кніг, камплектаў газет і часопісаў. Экспануюцца ўзоры бел.нар. ткацтва і вышыўкі, с.-г. і хатнія прылады. Б-ка вядзе выдавецкую дзейнасць, штогод арганізуе курсы лекцый па беларусазнаўстве, сустрэчы з гасцямі з Беларусі. Узначальвае б-ку рада з дзеячаў бел. эміграцыі і англ. вучоных. Старшыня рады (з 1971) А.Надсон.
А.В.Мальдзіс.
Будынак Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).
Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.
Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл.Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.Салятыцкага і карціна мастака П.Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.Сусаніна.