зброя масавага паражэння, дзеянне якой засн. на хваробатворных уласцівасцях мікраарганізмаў — узбуджальнікаў хвароб людзей, жывёл і раслін. Аснова паражальнага дзеяння біялагічнай зброі — бактэрыі, вірусы, грыбы і таксічныя прадукты іх жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў ваен. мэтах праз жывых заражаных пераносчыкаў захворванняў (насякомых, грызуноў і інш.) або ў выглядзе парашкоў. У якасці біялагічнай зброі могуць выкарыстоўвацца ўзбуджальнікі чумы, тулярэміі, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сапу, халеры, сыпнога тыфу, натуральнай воспы, яшчуру, іржы пшаніцы, фітафторы бульбы і інш. Хваробныя мікробы і таксіны ў сумесі з вадкімі і сухімі рэчывамі могуць распырсквацца ці распыляцца з дапамогай спец. ракет, авіяц. бомбаў і кантэйнераў, артыл. снарадаў (мін) і інш. боепрыпасаў, а таксама дыверсантамі. Высокая эфектыўнасць біялагічнай зброі — у яе малой інфіцыравальнай дозе, магчымасці скрытага выкарыстання, цяжкасці індыкацыі, выбіральнасці дзеяння, моцным псіхал. уздзеянні, вял. аб’ёме і складанасці работ па ахове людзей і ліквідацыі наступстваў. Бяспека насельніцтва дасягаецца арганізацыяй калект. і індывід. засцярогі ад біялагічнай зброі (гл.Засцярога ад зброі масавага знішчэння).
Забарона выкарыстоўваць на вайне яды вядома са старажытнасці. Афіцыйна біялагічная зброя забаронена ў Дадатку да 4-й Гаагскай канвенцыі 1907 (Законы і звычаі вайны) і ў Жэнеўскім пратаколе 1925. У 1-ю сусв. вайну Германія першая зрабіла спробу выкарыстання біялагічнай зброі (заражэнне коней узбуджальнікам сапу). Перад 2-й сусв. вайной яна разам з Японіяй вяла падрыхтоўку да выкарыстання такой зброі. У пасляваен. перыяд стварэннем біялагічнай зброі займаліся пераважна краіны з таталітарнымі рэжымамі У 1972 ААН прыняла Канвенцыю аб забароне біялагічнай зброі (набыла сілу ў 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЫЙ,
імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс.Ахеменідаў дзяржаве.
Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах.ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл.Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.
Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).
Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.
Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,
нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач.Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ.Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс.узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс.англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула 1/3ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ. парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.
Літ.:
Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАФРЫКАНІ́ЗМ,
міжнародны ідэйна-паліт. рух, які ўзнік на мяжы 19 і 20 ст. сярод негрыцянскага насельніцтва ЗША і Вест-Індыі. Напачатку знаходзіўся пад моцным уплывам М.Гарві, які лічыў, што негрыцянскае пытанне можна вырашыць толькі шляхам перасялення ўсіх неграў на «гіст. радзіму» — у Афрыку. Пасля 1-й сусв. вайны рух П. ўзначаліў У.Э.Б.Дзюбуа, пад кіраўніцтвам якога пачалася арганізаваная барацьба супраць расавай дыскрымінацыі, за роўныя правы для чорных і белых. У 1919, 1921, 1923 і 1927 адбыліся панафр. кангрэсы. З 1930-х г. усё большы ўдзел у панафр. руху прымаюць выхадцы з самой Афрыкі. Сенегалец Л.Сенгор прапанаваў канцэпцыю негрыцюду — самабытнасці афр. культуры. Адначасова ў П. ўзмацнілася сацыяліст. плынь на чале з Дж.Пэдмарам. У кастр. 1945 у Манчэстэры (Вялікабрытанія) адбыўся 5-ы Панафр. кангрэс, на якім прадстаўнікі Афрыкі, у т. л. будучыя дзярж. дзеячы К.Нкрума, Дж.Кеніята, Х.К.Банда, А.Авалова, мелі ўжо больш за палавіну месцаў. Кангрэс выпрацаваў паліт. праграму ліквідацыіеўрап.калан. сістэмы ў Афрьщы і стварэння незалежных афр. дзяржаў. Гэтым быў дадзены моцны штуршок стварэнню ў афр. калоніях мясц.паліт. партый і рухаў і працэсу дэкаланізацыі Афрыкі ў 1950—60-я г. Некаторыя радыкальныя прыхільнікі П. (Нкрума) заклікалі да стварэння адзінай афр. дзяржавы, але іх ідэі знайшлі ўвасабленне толькі ў стварэнні Арг-цыі афр. адзінства (1963) і шэрагу рэгіянальных афр. міждзярж. саюзаў. 6-ы Панафр. кангрэс (Дар-эс-Салам, 1969) канстатаваў моцныя рознагалоссі ў руху П. і знікненне яго як адзінага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Папская дзяржава, Царкоўная вобласць, Царкоўная дзяржава,
тэакратычная дзяржава ў Сярэдняй Італіі на чале з папам рымскім у 756—1870. Сталіца — г.Рым. Утварылася пасля таго, як кароль франкаў Піпін Кароткі падараваў папу рымскаму Стэфану II Рымскую вобл., Равенскі экзархат (уключаў таксама Венецыю і Істрыю), Пентаполіс, Парму, Рэджыю, Мантую, герцагствы Спалета і Беневента, в-аў Корсіка. У 774 падараванне пацвердзіў Карл Вялікі. Да 888 П.в. — частка імперыі Каралінгаў, у 962—1274 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Межы П.в. неаднаразова мяняліся, гэтаму спрыяла феад. раздробленасць. У 13 ст. большасць гарадоў П.в. сталі камунамі. Уладу пап аслаблялі ератычныя рухі (Арнольда Брэшыянскага 1145—55) і паўстанні (Кола ды Рыенца ў 1347 і 1354). Асабліва іх ўлада аслабла ў перыяд Авіньёнскага паланення папаў. У 15 — пач. 16 ст. пачалося аднаўленне П.в., якое дасягнула значных поспехаў пры Аляксандру VI і Юлію II. У 16—18 ст. П.в. ператварылася ў абсалютысцкую дзяржаву. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 на яе тэр. ўтварылася Рымская рэспубліка 1798—99. У 1809—14 П.в. у складзе Франц. імперыі, адноўлена ў 1815. Пасля задушэння рэвалюцыі 1848 і ліквідацыіРым. рэспублікі 1849 у П.в. размяшчаўся (з 1849) франц.вайск. корпус. Пасля рэвалюцыі 1859—60 ад П.в. да Сардзінскага (з 1861 Італьян.) каралеўства адышлі ўсе землі, акрамя Рыма і Рымскай вобл. У 1870 П.в. стала часткай аб’яднанай Італіі. У выніку Латэранскіх дагавораў 1929 папская дзяржава адноўлена на невялікай ч. Рыма (гл.Ватыкан).
Літ.:
Лозинский С.Г. История папства. 3 изд. М., 1986;
Ковальский Я.В. Папы и папство: Пер. с пол. М., 1991.
спроба захопу ўлады ў Баварыі нацыстамі і праварадыкаламі пад кіраўніцтвам А.Гітлера і Э.Людэндорфа (далучыўся па просьбе Гітлера) 8—9 ліст. Адбыўся ва ўмовах рэв. крызісу 1923 у Германіі і пад уплывам паспяховага паходу на Рым 1922італьян. фашыстаў. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. Увечары 8 ліст. 600 узбр. нацысцкіх штурмавікоў (гл.СА) на чале з Гітлерам уварваліся ў мюнхенскую піўную залу «Бюргербройкелер» (адсюль назва путчу), дзе праходзіў афіц. мітынг з удзелам кіраўнікоў Баварыі Г. фон Кара (в.а. прэм’ер-міністра), ген. О. фон Лосава (каманд.ўзбр. сіламі) і палк. Г. фон Зайсера (нач. паліцыі); Гітлер абвясціў пачатак «нац. рэвалюцыі» і стварэнне новага ўрада. Змушаныя на словах далучыцца да «рэвалюцыянераў» і іх урада, Кар, Лосаў і Зайсер пазней здолелі ўцячы і па загадзе з Берліна мабілізавалі сілы для ліквідацыі путчу. Удзень 9 ліст. 3-тысячную калону ўзбр. путчыстаў на чале з Гітлерам, Людорфам, Г.Герынгам і інш. сустрэлі ў цэнтры Мюнхена каля 100 узбр. паліцэйскіх. Пасля кароткай перастрэлкі, у ходзе якой загінулі 16 нацыстаў і 3 паліцэйскія, путчысты разбегліся. Правал путчу стаў падставай для забароны Нацыянал-сацыялісцкай партыі (да 1925), арышту і зняволення за дзярж. здраду яго лідэраў. Але асвятленне гэтай падзеі ў друку прынесла Гітлеру і яго партыі агульнагерм. вядомасць. Няўдалая спроба путчу навяла Гітлера на думку, што ў далейшым нацысцкай партыі трэба дамагацца ўлады законнымі, парламенцкімі, а не гвалтоўнымі сродкамі.
Літ.:
Мазер В. Адольф Гитлер: Пер. с нем. Мн., 2000;
Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРЭ́С (ад лац. progressus рух наперад),
паступальнае развіццё ў грамадстве ад простага да складанага, ад менш дасканалага да лепшага, больш дасканалага стану. Ахоплівае ўсе сферы жыцця і дзейнасці людзей, увасабляецца ў навуцы і тэхніцы (гл.Навукова-тэхнічны прагрэс), у маралі, мастацтве і інш. грамадскіх з’явах; базіруецца на эканам. (вытворчых) адносінах. Можа закранаць сістэмы ў цэлым або іх кампаненты, структуры і інш. параметры ў стадыі развіцця. Паняцце, процілеглае П., — рэгрэс.
Уяўленне, што змены ў свеце, асабліва ў грамадстве, адбываюцца ў пэўным кірунку, узнікла яшчэ ў старажытнасці. Сцвярджэнні Сакрата, Платона аб гіст. тупіку сутыкнуліся з поглядамі Дэмакрыта, Геракліта, Лукрэцыя, Эпікура, якія развівалі ідэі паступальнага руху. У сярэднія вякі грамадскі П звязваўся з Богам. Сацыялісты-утапісты, асабліва А.Сен-Сімон, бачылі грамадскі П. у ліквідацыі прыватнай уласнасці і высокай тэхн. аснашчанасці вытв-сці. Рэвалюцыянеры-дэмакраты крыніцу грамадскага развіцця бачылі ў сял. рэвалюцыі, а потым у асвеце, навуцы, мастацтве, маралі.
У сучасных умовах асн. лінія грамадскага П. знаходзіць сваё выяўленне ў дэмакратызацыі і гуманізацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця і ва ўсебаковым развіцці асобы. Сац. П. мае месца ў сусветна-гіст. маштабе — пры змене цывілізацый і эпох, кожная з якіх прыносіла з сабой прагрэс.сац. перамены ў параўнанні з папярэдняй; ён характарызуецца пераадоленнем або змякчэннем сац. супярэчнасцей і канфліктаў, паляпшэннем умоў жыцця людзей. Развіццё грамадства не выключае момантаў рэгрэсу, руху назад у асобных сферах жыцця. Існуюць розныя канцэпцыі адносна П. Некаторым гісторыкі і сацыёлагі (А.Тойнбі, П.А.Сарокін) проціпастаўляюць сац. П. ідэю цыклічнага развіцця, кругавароту цывілізацый; іншыя ўяўляюць гібель цывілізацый як вынік навук.-тэхн. прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,
комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.
У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц.харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАВА МЯЦЕ́Ж 1917,
карнілаўшчына, узброенае выступленне рас.вярх. галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава супраць Часовага ўрада 25—31.8(7—13.9).1917 з мэтай устанаўлення ваен. дыктатуры ў Расіі. Пачаўся пасля заключэння ў жн. 1917 паміж ваен. міністрам А.Ф.Керанскім і Карнілавым сакрэтнага пагаднення пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона і наступным утварэнні больш моцнага Часовага ўрада ва ўмовах пагаршэння становішча на фронце (захоп Рыгі герм. войскамі) і актывізацыі курсу бальшавікоў на ўзяцце ўлады шляхам узбр. паўстання. Паводле загаду Карнілава карпусы генералаў А.М.Крымава і Дз.П.Баграціёна рушылі з Магілёва ў бок сталіцы. 26.8(8.9).1917 Часовы ўрад абвінаваціў Карнілава ў імкненні выйсці за межы дамоўленасці, загадаў яму здаць пасаду галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, які быў аб’яўлены на ваен. становішчы. У адказ Карнілаў абвінаваціў Часовы ўрад у тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае на карысць герм.ген. штаба. 28.8(10.9).1917 цэнтр. выканаўчыя к-ты Саветаў у Петраградзе выказаліся ў падтрымку ўрада ў барацьбе супраць Карнілава. Былі створаны цэнтр для ліквідацыі мяцяжу (К-тнар. барацьбы з контррэвалюцыяй) і грамадскія антыкарнілаўскія к-ты. Аднымі з галоўных кіраўнікоў і арганізатараў барацьбы з карнілаўшчынай выступілі бальшавікі. Яны пачалі мабілізацыю рабочых і салдат, атрады якіх сканцэнтраваліся пад Петраградам, Нарвай, Ноўгарадам, Псковам. Супраць карнілаўскіх войск былі накіраваны салдаты рэв. часцей петраградскага гарнізона, маракі Балт. флоту, чырвонагвардзейцы. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі салдатам і казакам карнілаўскіх часцей контррэв. сэнс карнілаўшчыны. У гэтых умовах войскі Крымава і Баграціёна пачалі далучацца да ўрадавых сіл (узбр. сутыкненняў практычна не было), усе іх часці былі вернуты на месцы сваёй дыслакацыі. Пасля ліквідацыі пагрозы ўзбр. барацьбы была створана Надзвычайная следчая камісія для высвятлення акалічнасцей удзелу ў мяцяжы вышэйшых кіраўнікоў арміі. 30.8(12.9).1917 вярх. галоўнакамандуючым прызначаны Керанскі, а яго нам. — ген. М.В.Аляксееў, які выехаў у Магілёў для перагавораў з Карнілавым. 1(14).9.1917 магілёўскі гарнізон абвясціў аб падтрымцы Часовага ўрада. Генералы Карнілаў, А.С.Лукомскі, І.П.Раманоўскі, С.А.Маркаў, І.Г.Эрдэлі, А.І.Дзянікін былі арыштаваны. Іх трымалі ў турме г. Быхаў, адкуль яны 20.11.1917 уцяклі на Дон.
Калі стала вядома пра выступленне Карнілава, у буйнейшых гарадах Беларусі пачалі ўтварацца антыкарнілаўскія к-ты. Выканком Зах. фронту ў Мінску звярнуўся з адозвай да арміі і насельніцтва з патрабаваннем падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, выказаўся за неабходнасць арышту Карнілава, устанавіў кантроль за адпраўкай войск на Петраград. З прадстаўнікоў Франтавога к-та, выканкомаў Мінскага Савета і гар. думы быў створаны Часовы рэв.к-тЗах. фронту (старшыня — эсэр А.М.Кажэўнікаў, нам. — бальшавік К.І.Ландар). Усе распараджэнні к-та рабіліся ад імя ваен. камісара Зах. фронту меншавіка У.В.Жданава. К-т сканцэнтраваў у сваіх руках агульнае кіраўніцтва ўсімі рэв. арг-цыямі Зах. фронту. Каб захаваць спакой і знізіць небяспеку, былі абмежаваны дэмакр. свабоды, уведзена цэнзура і ўсталяваны нагляд за друкарнямі Мінска, прыняты захады па недапушчэнні выкарыстання Карнілавым войск Зах. фронту, кантралявалася перамяшчэнне войск на ўсіх вузлавых станцыях Мінскай ваен. акругі. У Віцебску супраць Карнілава дзейнічала ваен. бюро. Антыкарнілаўскія к-ты (пераважна з эсэраў і меншавікоў) былі створаны і ў Гомелі, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Мазыры і інш. Бальшавікі, аўтарытэт якіх вырас у сувязі з ліквідацыяй мяцяжу, абвінавацілі Часовы ўрад і вышэйшае ваен. камандаванне у тых жа злачынствах, што і Карнілава.
Літ.:
Иоффе Г.З. «Белое дело»: Генерал Корнилов. М., 1989;
Сяменчык М.Я. Карнілаўшчына на Беларусі: На шляхах да гіст. праўды // Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі: 36. арт.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.
На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такога тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх.ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс.чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.