ДЭСІКА́ЦЫЯ (ад лац. desicco высушваю),

перадуборачнае падсушванне раслін для паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэсіканты, якія разбураюць калоіды пратаплазмы, што рэзка зніжае здольнасць клетак утрымліваць ваду, памяншае колькасць звязанай вады ў расліне і ўзмацняе выпарэнне. Выкарыстоўваюць на пасевах бавоўніку, канапель, сланечніку, рысу, пшаніцы, бульбы, насеннікаў цукр. буракоў і інш.; эфектыўная ў вільготнае надвор’е.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЭ́ЛІК»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (колькасць не абмежаваная, але не менш за 11—13 чал.) дзеляцца на пары. Хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам». Пары перабягаюць ад дрэва да дрэва (ад аднаго драўлянага прадмета да другога). «Гарэлік» іх ловіць. Калі каго зловіць, забірае сабе ў пару, хто застаўся без пары, становіцца «гарэлікам», і гульня працягваецца.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛА́ДНІКІ,

цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБА́РЫ (ад іза... + грэч. baros цяжар, вага),

1) ізалініі атмасфернага ціску.

2) Лініі, якія адлюстроўваюць раўнаважны ізабарны працэс на тэрмадынамічнай дыяграме стану. Ураўненне І. ідэальнага газу: V/T=const, дзе V — аб’ём, T — т-ра.

3) Атамныя ядры розных хім. элементаў з аднолькавым масавым лікам. Маюць розныя колькасці пратонаў і нейтронаў, аднак іх агульная колькасць аднолькавая. Гл. Ядро атамнае.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАПАКІСТА́НЦЫ,

агульная назва выхадцаў з Пд Азіі (пераважна з Індыі і Пакістана) за межамі Індастана. Агульная колькасць 6,41 млн. чал. (1992). Жывуць у Малайзіі (1,65 млн. чал.), Вялікабрытаніі (1,55 млн. чал.), ПАР, ЗША, Саудаўскай Аравіі, Сінгапуры, Аб’яднаных Араб. Эміратах, Канадзе, Танзаніі і інш. Гавораць на мовах краін пражывання, хіндзі, тамілі. Вернікі — індуісты, мусульмане-суніты, сікхі, джайны.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́ХІ (саманазва казах),

народ, асноўнае насельніцтва Казахстана (6,54 млн. чал., 1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (808 тыс. чал.), Туркменістане (87 тыс. чал.), Кыргызстане (37 тыс. чал.), Таджыкістане і Рас. Федэрацыі (635,9 тыс. чал.), у КНР (1115 тыс. чал., 1992), Манголіі (125 тыс. чал.) і інш. Агульная колькасць 9,42 млн. чал. Гавораць на казахскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВА́Я НО́РМА,

колькасць пажыўных рэчываў, неабходных свойскай жывёле для падтрымкі належнага ўзроўню яе жыццядзейнасці, прадукцыйнасці, здароўя і ўзнаўлення. Уключае 18—30 паказчыкаў: кармавыя адзінкі, абменную энергію, сухое рэчыва, сыры і засваяльны пратэін, крухмал, цукар, сырыя клятчатку і тлушч, макра- і мікраэлементы, вітаміны, а для некат. жывёл (свінні, птушкі) таксама незаменныя амінакіслоты. На аснове К.н. распрацоўваюць кармавы рацыён.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́НА,

лікавая адзінка ў грашовай сістэме Стараж. Русі. Тэрмін паходзіць ад агульнаслав. «куны» — грошы (першапачатковае значэнне — шкуркі куніцы). У 10—11 ст. колькасць серабра ў К. адпавядала ⅟25 грыўні, у 12 — пач. 14 ст., у т. зв. «безманетны перыяд», К. раўнялася разане і складала ​1/50 грыўні. У Расіі тэрмін «К.» ў дачыненні да грошай захаваўся да 17 ст.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́,

вайна, якая ў адрозненне ад сусв. вайны ахоплівае адносна невялікую колькасць дзяржаў і абмежаваны геагр. раён. Шырокае распаўсюджанне Л.в. атрымалі пасля 2-й сусв. вайны. За гэты час больш як 200 разоў па розных прычынах у свеце ўзнікалі Л.в. і ваен. канфлікты. У Л.в. часта выпрабоўваюцца і дапрацоўваюцца новыя сродкі і спосабы вядзення ўзбр. барацьбы.

т. 9, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)