САЛА́ТА, латук пасяўны,

салата-латук (Lactuca sativa),

кветкавая расліна сям. складанакветных. Пашырана па ўсіх кантынентах у культуры. Радзіма — Міжземнамор’е, родапачынальнік — латук дзікі. Стараж. агароднінная культура.

Аднагадовая разеткавая расліна. Сцябло прамастойнае, уверсе разгалінаванае, выш. 60—200 см. Лісце разеткі буйное, жаўтавата-зялёнае, суцэльнае, сядзячае, рознай формы, гладкае, маршчыністае, гафрыраванае або кучаравае, часта шчыльна змыкаецца ў качан. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя або бледна-жоўтыя, у кошыку. Плод — сямянка. Разнавіднасці С.: ліставая пасяўная (скараспелая, напр., сорт Маскоўская парніковая); ліставая кучаравая (напр., Грэнд Рапідс); вузкалістая (напр., Латук позні); качанная (сартатыпы масляналістая, напр., Майская, і храсткаваталістая, або ледзяная, напр., Ледзяная гара) з качанамі плоска-акруглай формы; даўгалістая, С. Рамэн, (напр., сорт Парыжская зялёная) з качаном падоўжана-авальнай формы. Ужываюць свежымі лісце, качан, патоўшчанае сцябло. Лісце мае ў сабе вітаміны (C, B, PP і інш.), карацін, солі жалеза, калію, фосфару, сцябло — млечны сок, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, насенне — алей. Харч., лек. расліна.

Разнавіднасці салаты: 1 — лісцевая; 2 — Рамэн; 3 — качанная.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУПЫ́ШКА ў раслін,

зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз. бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРЭ́ШНЯ, вішня птушыная (Cerasus avium),

кветкавая расліна сям. ружавых. Пашырана ў Зах. Еўропе, Зах. Азіі. Культывуецца ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я з-за пладоў — сакаўных касцянак, што рана выспяваюць. Мае шмат сартоў. На Беларусі вырошчваецца на прысядзібных участках. У дзікарослым стане асобныя дрэвы трапляюцца ў паўд. раёнах краіны сярод хмызняку, уздоўж дарог.

Лістападнае дрэва выш. да 30 м, дыям. ствала да 60 см. Жыве да 100 гадоў і болей. Крона разрэджаная, шырокапірамідальная. Лісце чаргаванае, эліптычнае, бліскучае, пілаватае па краі. Кветкі белыя, у парасоніках, распускаюцца разам з лісцем. Плод — касцянка, у культ. форм белая, жоўтая, ружовая, цёмна-чырв. ці амаль чорная. Мае цукры (11,5%), карацін, нікацінавую к-ту, жалеза. Спажываецца ў ежу, выкарыстоўваецца ў кансервавай прам-сці (лепшыя сярод кампотаў з костачкавых). У насенні 28% бялку, 30% алею, які выкарыстоўваецца ў парфумернай прам-сці. Драўніна лёгкая, мяккая, ідзе на такарныя і сталярныя вырабы. Харч., тэхн., дэкар. расліна.

Чарэшня: 1 — агульны выгляд. Сарты: 2 — Мускатная; 3 — Залатая лошыцкая; 4 — Паўночная; 5 — Красуня; 6 — Дзенісена жоўтая; 7 — Народная.

т. 17, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСНО́К (Allium sativum),

кветкавая расліна сям. цыбулевых. Радзіма — Паўд. Азія. У культуры вядомы за некалькі тысячагоддзяў да н.э., вырошчваўся ў стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. Культывуюць, у т. л. на Беларусі, сарты Ч. стрэлкавага і нястрэлкавага, ці звычайнага, у азімай і яравой формах.

Травяністая цыбульная расліна з укарочаным сцяблом. На ніжняй ч. донца цыбуліны ўтвараюцца прыдаткавыя карані. Лісце лінейнае, плоскае або з жалабком, прамастойнае ці паніклае. Кветаноснае сцябло (стрэлка) выш. 60—150 см. У суквецці фарміруюцца паветраныя цыбулінкі (культ. формы насенне не ўтвараюць). Сарты Ч. адрозніваюцца афарбоўкай, колькасцю (2—50) і велічынёй дробных цыбулін, т.зв. зубкоў. Размнажаюць зубкамі або цыбулінкамі. У зубках 6—7,9% бялкоў, 7—28 мг% вітаміну С (у лісці — да 80 мг%), 20—27% поліцукрыдаў, фітанцыды. Спецыфічны смак і пах абумоўлены эфірным алеем. Лісце і зубкі спажываюцца ў ежу; выкарыстоўваюць у кансервавай прам-сці, кулінарыі, медыцыне і ветэрынарыі. Харч., лек., тэхн. расліна.

Часнок: 1 — стрэлкавы азімы 2-га года жыцця; 2 — стрэлка (кветанос); 3, 4 — суквецці; 5 — бульбачка; 6 — зубок; 7, 8 — цыбуліны азімага стрэлкавага 2-га года; 9 — цыбуліны нястрэлкавага часнаку.

т. 17, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІЦА, мурожніца (Festuca),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і халодных паясах Зямлі, у субтропіках і горных сістэмах тропікаў. На Беларусі 12 дзікарослых і 8 інтрадукаваных відаў. Дзікарослыя — аўсяніца авечая (Festuca ovina), валіская (Festuca valesiaca), высокая (Festuca altissima), гіганцкая (Festuca gigantea), дзюнная (Festuca sabulosa), лугавая (Festuca pratensis), несапраўдная авечая (Festuca pseudovina), палеская (Festuca polesica), Рэгеля (Festuca regeliana), танкалістая (Festuca tenuifolia), чырвоная (Festuca rubra), шурпаталістая (Festuca trachyphylla); інтрадукаваныя — аўсяніца альпійская (Festuca alpina), аметыставая (Festuca amethystina), баразнаватая (Festuca sulcata), блакітная (Festuca pallens), прысадзістая (Festuca supina), разналістая (Festuca heterophylla), стракатая (Festuca varia), трысняговая (Festuca arundinacea). Па ўсёй тэрыторыі ў сухіх хвойніках, на сухадольных лугах, палянах, узлесках, травяных схілах і каля дарог трапляюцца аўсяніца авечая, лугавая, чырвоная, шурпаталістая; у цяністых лясах расце аўсяніца гіганцкая; пераважна на Пд на сухіх лугах, у разрэджаных лясах, на пясчаных грывах у поймах рэк трапляецца аўсяніца несапраўдная авечая, на пясчаных агаленнях і дзюнах — аўсяніца палеская, на саланцаватых лугах — аўсяніца Рэгеля. Рэдкія віды аўсяніцы — валіская, высокая, дзюнная і танкалістая — занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны, утвараюць шчыльныя дзярніны або маюць паўзучыя падземныя парасткі. Сцяблы прамастойныя, выш. 10—150 см, з замкнёнымі ці расшчэпленымі похвамі, ланцэтападобнымі вушкамі або без іх, з пераважна кароткімі язычкамі. Лісце лінейнае, пляскатае, складзенае ўдоўж ці згорнутае ў вузкія трубачкі, звычайна шурпатае або валасістае, рэдка голае і гладкае. Суквецці — слабараскідзістыя, сціснутыя і гронкападобныя шматкаласковыя мяцёлкі. Каласкі 2—15-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка звычайна з кароткім асцюком. Плод — зярняўка. Амаль усе віды аўсяніцы — кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для пашы, газонаў і інш. Выведзены шматлікія сарты розных відаў аўсяніцы. Некат. віды замацавальнікі рухомых пяскоў і пясчаных схілаў, дэкар. расліны.

Аўсяніца: 1 — лугавая; 2 — авечая; 3 — чырвоная; 4 — дзюнная.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)