князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел.землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),
від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАГРА́ФЫ [ад логас + ...граф(ы)],
1) першыя стараж.-грэч. гісторыкі і географы, якія пісалі гіст. прозу. З’явіліся ў вобласці Іонія ў сярэдзіне 6 ст. да н.э. Адрозніваюць старэйшае (6—1-я пал. 5 ст. да н.э.; Кадм Мілецкі, Гекатэй Мілецкі, Харон, Скілак і інш.) і малодшае (2-я пал. 5 ст. да н.э.; Ксанф, Ферэкід, Геланік і інш.) пакаленні. На аснове міфаў і паданняў яны спрабавалі ўзнавіць гісторыю грэч.полісаў, «варварскіх» краін, генеалогію арыстакратычных родаў, апісвалі чужыя землі і побыт народаў. Захаваліся фрагменты «Землеапісання» і «Генеалогіі» Гекатэя Мілецкага, «Персідскіх спраў» Харона, «Падарожжаў па Індыі» Скілака, «Лідзійскіх спраў» Ксанфа і інш. 2) Складальнікі суд. прамоў кліентаў у Стараж. Афінах (з канца 5 ст. да н.э.; Дэмасфен, Лісій і інш.) для выступленняў іх у час спрэчак у судзе. Рыхтавалі прамовы паводле характару, адукаванасці і інш. рыс кліента.
3) У эпоху позняй стараж.-рым. дзяржавы чыноўнікі імператарскай адміністрацыі, якія адказвалі за фінансы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,
ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл.Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл.Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЎША́НЕ,
заходнеславянскае племянное аб’яднанне. У 6—7 ст. засялілі сярэдняе Павісленне. Межавалі на ПнУ з яцвягамі. У 12 ст. М. згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» і ў хроніцы Гала Ананіма. Паводле ўзроўню сац.-эканам. становішча земліМазовіі адставалі ад зямель Вялікай і Малой Польшчы. У 10 ст. пры Мешку I [960—992] Мазовія ўвайшла ў склад Велікапольскай дзяржавы. Пры Баляславе II [1034—37] мазавецкая знаць дамаглася поўнага аддзялення Мазовіі ад Польшчы, выбраўшы сваім князем Маіслава (Маслава, Мацлава). Казімір I, каб падпарадкаваць Мазовію, пайшоў на саюз з вял. кіеўскім кн. Яраславам Мудрым, які ў 1041, 1043, магчыма 1039, хадзіў на М. Да 1047 супраціўленне мазавецкай знаці задушана, Маіслаў забіты, Мазовія далучана да Польшчы. З 1138 Мазовіяй валодаў Баляслаў Кучаравы, пазней яго брат Конрад. Нашчадкі апошняга валодалі Мазовіяй да 14 ст. На працягу 13—14 ст. вял.кн.ВКЛ неаднойчы хадзілі на М. У 1526 Мазовія канчаткова ўвайшла ў склад Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НЕ,
племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793надзвычайны,
апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.Л.Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр.землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.