КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),

комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.

Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш. геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАКРЫШТА́ЛЬ (ад мона... + крышталі),

асобны крышталь з адзінай неперарыўнай крышт. рашоткай. Характэрная асаблівасць М. — залежнасць большасці яго фіз. уласцівасцей ад напрамку (анізатрапія). Усе яго фіз. ўласцівасці (эл., магн., аптычныя, акустычныя, мех. і інш.) звязаны паміж сабой і абумоўлены крышт. структурай, сіламі сувязі паміж атамамі і энергет. спектрам электронаў (гл. Зонная тэорыя).

Многія М. маюць асаблівыя фіз. ўласцівасці: алмаз вельмі цвёрды, сапфір, кварц, флюарыт — надзвычай празрыстыя, ніткападобныя крышталі карунду рэкордна моцныя. Многія М. адчувальныя да знешніх уздзеянняў (святла, мех. напружанняў, магн. і эл. палёў, радыяцыі і інш.) і выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі ў квантавай электроніцы, радыёэлектроніцы, лазернай фізіцы, акустыцы і інш. Прыродныя М. трапляюцца рэдка, найчасцей маюць малыя памеры і вял. колькасць дэфектаў структуры (гл. Дэфекты ў крышталях) Таму ў электронным прыладабудаванні выкарыстоўваюць штучныя М. з дасканалай крышт. структурай, зададзенымі ўласцівасцямі і памерамі (гл. Сінтэтычныя крышталі). Створана вял. колькасць сінтэтычных М., якія не маюць прыродных аналагаў.

Літ.:

Лодиз Р.А., Паркер Р.Л. Рост монокристаллов: Пер. с англ. М., 1974;

Нашельский А.Я. Монокристаллы полупроводников. М., 1978.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́Р’Е (Pomorze),

гістарычная назва паўн. прыбалтыйскай ч. Польшчы. Складаецца з Зах. П. і Усх. (ці Гданьскага) П. У канцы 10 ст. П. насялялі памаране, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы. Зах. П. ў 1181 трапіла ў васальную залежнасць ад «Свяшчэннай Рым. імперыі», германізавана (ням. Pommern Памеранія). Да 1637 тут захоўвалася мясц. (слав.) княжацкая дынастыя. Паводле Вестфальскага міру 1648 Зах. і ч. Усх. Памераніі атрымала Швецыя, астатнюю ч. Усх. — Брандэнбургска-пруская дзяржава. Усх., ці Гданьская Памеранія (ням. Pommerellen Малая Памеранія), якую ў 1308—09 захапіў Тэўтонскі ордэн, адваявана Польшчай у выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66. У канцы 18 ст. далучана да Прусіі. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Польшчы была вернута б.ч. Усх. П. (без Гданьска з акругай). Патсдамскай канферэнцыяй 1945 зах. мяжа Польшчы ўсталявана па Одры і Нысе-Лужыцкай.

Літ.:

Historia Pomorza. T. 1—2. Poznań, 1969—84;

Dzieje Pomorza Nadwiślańskiego od VII wieku do 1945 roku. Gdańsk, 1978.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.

Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл. Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл. Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАВО́-КАБЫ́ЛІН Аляксандр Васілевіч (29.9.1817, Масква — 24.3.1903),

рускі драматург. Акад. Пецярбургскай АН (з 1902). Скончыў Маскоўскі ун-т (1838). У 1838—40 вывучаў філасофію ў германскіх ун-тах. У драматург. трылогіі «Карціны мінулага» (як трылогія паст. ў 1917 У.​Меерхольдам у Александрынскім т-ры): камедыя «Вяселле Крачынскага» (нап. 1854, паст. 1855, Малы т-р), драма «Справа» (нап. 1861, паст. 1882), камедыя-жарт «Смерць Тарэлкіна» (нап. 1869, паст. 1900) паказаў тагачасныя норавы, усёдазволенасць і бюракратызм судовых чыноўнікаў і паліцыі, трагічную залежнасць чалавека ад іх улады. Займаўся філасофіяй (аўтар уласнай «філасофіі Ўсясвету»), перакладаў творы Гегеля. Яго п’есы карысталіся папулярнасцю на Беларусі. П’есу «Вяселле Крачынскага» ставілі Дзярж. рус. драм. т-р (1933), Бел. т-р імя Я.​Коласа (1949, 1981), «Смерць Тарэлкіна» — Дзярж. рус. драм. т-р (1954), Магілёўскі абл. драм. т-р (1989), Нац. т-р імя Я.​Купалы (1996, пад назвай «Смерць Кандзіда Тарэлкіна») і інш.

Тв.:

Трилогия. М., 1966.

Літ.:

Бессараб М.Я. Сухово-Кобылин. М., 1981.

А.В.Сухаво-Кабылін.

т. 15, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЖЭ́ЎСКІ Аляксандр Леанідавіч (26.1.1897, г. Цехановец, Падляскае ваяводства, Польшча — 20.12.1964),

расійскі біяфізік, адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Скончыў Маскоўскі археал. ін-т (1917) і Маскоўскі камерцыйны ін-т (1918), вучыўся на фіз.-матэм. (1915—19) і мед. ф-тах Маскоўскага ун-та, дзе і працаваў у 1917—27. З 1925 у Лабараторыі зоапсіхалогіі Наркамата асветы Расіі, з 1931 заг. Цэнтр. н.-д. лабараторыі іанізацыі. З 1937 заг. лабараторыі Упраўлення буд-вам Палаца Саветаў. Навук. працы па даследаванні ўплыву касм. фізічных фактараў і ўздзеяння паветр. іонаў (аэронаў) на жывыя арганізмы, што выкарыстоўваецца ў т.зв. «люстры Ч.» Устанавіў залежнасць паміж цыкламі сонечнай актыўнасці і многімі з’явамі ў біясферы. Аўтар успамінаў «Усё жыццё» (1974) і зб. «Вершы» (1987).

Тв.:

Аэроионификация в народном хозяйстве. М., 1960;

Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976;

Космический пульс жизни: Земля в объятиях солнца. Гелиотараксия. М., 1995.

Літ.:

Ягодинский В.Н. А.​Л.​Чижевский, 1897—1964. М., 1987.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́ЙНА—ГА́РДЭНБЕРГА РЭФО́РМЫ,

буржуазныя пераўтварэнні ў 1807—14 у Прусіі, здзейсненыя ўрадамі Г.Ф.К.Штайна і К.А.Гардэнберга. У 1807—11 скасавана асабістая залежнасць сялян ад землеўладальнікаў пры захаванні феад. павіннасцей за карыстанне зямлёй; дазволены продаж зямлі ўласнікамі, што дало магчымасць купляць яе замежным сялянам і гараджанам; уведзены выкуп сялянамі іх павіннасцей пры ўмове ўступкі землеўладальніку ад трэці да паловы замацаванага за селянінам зямельнага ўчастка або выплаты 25-кратнага памеру гадавых плацяжоў за яго. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю рыначных адносін (капіталізму) у сельскай гаспадарцы пры захаванні буйнога дваранскага (юнкерскага) землеўладання і інш. феад. перажыткаў. У 1808 уведзена абмежаванае самакіраванне ў гарадах, створаны мін-вы ваен., унутр., замежных спраў, юстыцыі і фінансаў; у кожнай правінцыі ўведзена пасада обер-прэзідэнта — вышэйшага кіраўніка, што ўзмацніла бюракратычную цэнтралізацыю краіны. У 1810—11 уведзена свабода вытв. дзейнасці, якую раней стрымлівала цэхавая сістэма. Паводле ваен. рэформы 1807—14 скасаваны прывілеі дваранства на заняцце афіцэрскіх пасад, рэзка абмежаваны цялесныя пакаранні салдат, уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (1814), створана нац. міліцыя — ландвер.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬКО́Ў Уладзімір Васілевіч (н. 13.1.1950, в. Калагрывава Арлоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фіз. хіміі. Д-р хім. н. (1999). Скончыў Варонежскі ун-т (1972). З 1972 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (з 1989 заг. лабараторыі). З 1996 у Бел. тэхнал. ун-це (заг. кафедры). З 2001 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па накіраваным сінтэзе складаных аксідных ферамагнетыкаў і звышправаднікоў. Устанавіў залежнасць каэфіцыентаў узаемнай дыфузіі і самадыфузіі ад саставу, т-ры і парцыяльнага ціску кіслароду ў падвойных сістэмах ферашпінеляў і ферагранатаў. Вызначыў фазавыя раўнавагі і механізм рэакцый у асн. бінарных і квазібінарных сячэннях дыяграм стану ферытных і звышправодных сістэм.

Тв.:

Механизм и кинетика образования твердых растворов ферритов. Мн., 1988 (разам з Л.​А.​Башкіравым);

Введение в физическую химию. Мн., 2003 (разам з Г.​С.​Пятровым, В.​У.​Карповічам);

Growth of BaFe12O19 films formed by reactive diffusion // Joum. of Crystal Growth. 2003. Vol. 252.

т. 18, кн. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,

вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.​Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),

галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.

Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с​2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14∙10​−5 м/с​2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).

Літ.:

Грушинский Н.П. Основы гравиметрии. М., 1983.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)