АХМАДНА́ГАР,

феадальная дзяржава ў канцы 15—17 ст. ў Індыі. Заснавана намеснікам бахманідскага султана ў Джунары Малікам Ахмадам, які ў 1490 абвясціў сябе незалежным кіраўніком з тытулам нізамшаха. Назва дзяржавы ад сваёй сталіцы — г. Ахмаднагар (засн. Ў 1494). У канцы 16 — пач. 17 ст. Ахмаднагар вяла доўгія войны з Вялікімі Маголамі і ў 1636 падпарадкавана Шах-Джаханам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРА́ЦКАЕ ХА́НСТВА, Джунгарскае ханства,

феадальная дзяржава айратаў (група зах.-манг. народаў) у Джунгарыі (ч. тэр. сучаснага Паўн.-Зах. Кітая) у 17—18 ст. Склалася ў 1630-я г. ў выніку аб’яднання айрацкіх княстваў. Узмацнілася пры Батуры-хунтайджы [1635 — каля 1660]. З 1670-х г. вяло войны з маньчжурскімі феадаламі. У 1757—58, аслабленае працяглай феад. усобіцай, заваявана кітайскай дынастыяй Цын.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава ў Сірыі ў 11—8 ст. да н.э. Вядома з асіра-вавілонскіх і егіп. крыніц і Бібліі. Засн. арамеямі. У пач. 10 ст. падпарадкавана Ізраільскаму царству, з сярэдзіны стагоддзя самастойнае. З канца 10 ст. прэтэндавала на гегемонію ў Сірыі. Найб. магутнасці дасягнула ў пач. 8 ст. да н.э. У 732 да н.э. заваявана Асірыяй.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖНІ́К,

у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РПЦКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

феадальная дзяржава ў Лівоніі (тэр. паўд.-ўсх. ч. сучаснай Эстоніі з г. Тарту). Засн. ў 1224 рыжскім епіскапам Альбертам, які ўзначаліў агрэсію ням. крыжакоў у Прыбалтыку. На чале стаяў каталіцкі епіскап, буйны феадал-землеўладальнік. Феад. ўсобіцы, а таксама Рэфармацыя ў пач. 16 ст. аслабілі Д.е., і на пач. Лівонскай вайны 1558—83 яно перастала існаваць.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯРО́ВЫЯ ГРО́ШЫ,

грашовыя знакі, якім дзяржава надае ролю і сілу афіцыйных грошай. Па сутнасці з’яўляюцца дэкрэтнымі (умоўнымі) грашамі, бо іх сапраўдны кошт, які вымяраецца затратамі на выраб папяровых знакаў ці банкнот, значна ніжэйшы за паказаны на знаках наміналаў. Выкарыстоўваюцца з-за іх таннасці і зручнасці карыстання. Друкуюцца на спец. паперы, маюць некалькі ступеней аховы ад падробкі.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМАНІ́ДСКІ СУЛТАНА́Т, Бахмані,

дзяржава ў Індыі ў 1347—1525. Утвораны ў выніку паўстання дэканскіх феадалаў супраць Дэлійскага султаната. Заснавальнік Бахманідскага султаната Зафар-хан даў пачатак дынастыі Бахманідаў, сталіца Бахманідскага султаната — г. Гулбарга, з 1429 — Бідар. Улада Бахманідаў распаўсюджвалася на ўвесь Дэкан да р. Крышна на Пд. У канцы 15 — пач. 16 ст. распаўся на султанаты Ахмаднагар, Берар, Бідар, Біджапур, Галконда.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВЭЙ, Тоба Вэй, Юань Вэй,

адна з дынастый, якія кіравалі Паўн. Кітаем у час Паўднёвых і Паўночных дынастый (386—535). Засн. Тоба Гуем — правадыром племя тоба з племяннога саюза сяньбі, які заваяваў Пн Кітая ў канцы 4 ст. Пры П.В. ў Кітаі пашырыўся будызм. У 534—535 дзяржава П.В. распалася на 2 царствы: Усх. Вэй (534—550) і Зах. Вэй (535—557).

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РГАН Старажытны (Акадскі; акадскае Шарум-кен,

Шарукін), акадскі цар. У 24 ст. да н.э. засн. дзяржаву у Двухрэччы з цэнтрам у г. Акад. Паходзіў з семіцкага г. Кіш. Перамог шумерскага цара Лугальзагісі і заваяваў усе гарады-дзяржавы Двухрэчча. Армія С. дасягнула Элама, Сірыі, М. Азіі. Пры С. храмавыя гаспадаркі былі злучаны з царскімі. Дзяржава С. была першай спробай стварэння цэнтралізаванай дэспатыі.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТЫСФА́КЦЫЯ (лац satisfactio задавальненне),

1) задавальненне ў форме дуэлі, паядынку, якое ў мінулым давалася абражальнікам па патрабаванні абражанага для абароны гонару.

2) Форма міжнародна-прававой адказнасці, пры якой дзяржава-парушальнік дае задавальненне пацярпелай дзяржаве. Віды С.: выказванне спачування, публічнае прабачэнне, пакаранне вінаватых, аказанне асобых шанаванняў пацярпелай дзяржаве і да т.п. Іх выкарыстанне залежыць ад нанесенай шкоды і канкрэтнай паліт. сітуацыі.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)