МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.
Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл. гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел. дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час. «Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).
В.М.Лытнеў.
т. 11, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІКО́Ў Мікалай Іванавіч (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.
Тв.: Избранное. М., 1983.
Літ.:
Западов А.В. Новиков. М., 1968;
Мартынов И.Ф. Книгоиздатель Н.Новиков. М., 1981.
т. 11, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.
А.А.Прановіч.
т. 13, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІДО́ВІЧ Пётр Гермагенавіч (парт. псеўд. Дзюваль, Жэлье, Матрона, В.І.Зыбін, Чарвінскі, Марселец; 19.5.1874, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 16.4.1935),
рэвалюцыянер, сав. дзярж. і парт. дзеяч. За рэв. дзейнасць у 1894 выключаны з Маск. ун-та і высланы. Вучыўся ў Парыжы, працаваў у Бельгіі. Чл. Бельгійскай рабочай партыі. З 1902 агент газ. «Искра»; адзін з арганізатараў падп. друкарні «Искра» ў г. Умань (1903). Чл. Сярэднеўральскага (1903), Паўн. (1904), Бакінскага і Тульскага (1905) к-таў РСДРП. Удзельнік Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве ў 1905. У 1906—08 чл. Маск. акр. і гар. к-таў РСДРП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны і сасланы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Маск. к-та РСДРП(б), чл. Прэзідыума выканкома Массавета. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 чл. Маск. ВРК. З 1918 старшыня Массавета, з 1919 Маскоўскага губ. СНГ. Чл. ВЦВК, чл. Прэзідыума ВЦВК, ЦВК СССР. Старшыня К-та садзеяння народнасцям паўн. ускраін пры ЦВК СССР. Удзельнік ліквідацыі ўзбр. выступлення сялян Тамбоўшчыны і Кранштацкага паўстання 1921. Чл. ЦКК РКП(б) у 1921—22.
т. 15, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛСТО́ЎСТВА,
рэлігійна-філасофскі утапічны кірунак у грамадскай думцы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Узнікла пад уплывам рэліг.-філас. ідэй Л.М.Талстога. выкладзеных ім у творах «Споведзь». «У чым мая вера?» абодва 1884), «Крэйцарава саната» (1891) і інш. Талстоўцы прапаведавалі «ўсеагульную любоў», «несупраціўленне злу насіллем», планавалі пераўтварэнне грамадства шляхам рэліг.-маральнага самаўдасканалення, вялі асветную дзейнасць. Створанае ў 1884 талстоўцамі У.Р.Чартковым і П.І.Біруковым выд-ва «Пасрэднік» выдавала масавымі тыражамі кнігі для народа: творы Талстога, А.П.Чэхава, Г.І.Успенскага і інш., дапаможнікі па аграноміі, ветэрынарыі, гігіене. У Цвярской, Сімбірскай, Харкаўскай губ., у Закаўказзі ўзніклі абшчыны талстоўцаў (т.зв. «культурныя скіты»), Т. мела паслядоўнікаў у Зах. Еўропе, Японіі, Індыі (М.К.Гандзі); спробы стварэння талстоўскіх абшчын рабіліся ў 1880—1900-я г. ў Англіі і Паўд. Афрыцы. Крытыка талстоўцамі правасл. царквы, афіц. рэлігіі, пропаведзь ураўняльных прынцыпаў і збліжэнне з сектамі (малаканамі, духаборамі, штундызмам) выклікалі незадавальненне царквы і ўлады. У 1897 Т. было абвешчана шкоднай сектай, у 1901 Талстой адлучаны ад царквы, а яго паслядоўнікаў арыштоўвалі і высылалі. У хуткім часе талстоўцы спынілі сваю дзейнасць.
т. 15, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМІРО́ЎСКІ Яўген Львовіч (н. 21.4.1925, г. Кіраваград, Украіна),
расійскі гісторык-славіст, даследчык бел. л-ры. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1975). Чл.-кар. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1991), замежны чл. АН Рэспублікі Чарнагорыя (1996). Скончыў Маскоўскі завочны паліграф. ін-т (1950). Працаваў ва Усесаюзным НДІ паліграф. машынабудавання (1950—73), у 1973—82 у Дзярж. б-цы СССР імя Леніна, у 1982—93 ва Усесаюзнай кніжнай палаце. З 1993 гал. навук. супрацоўнік Рас. дзярж. б-кі. Даследуе гісторыю слав. кнігадрукавання, тэорыю кнігазнаўства. Аўтар кніг «Узнікненне кнігадрукавання ў Маскве: Іван Фёдараў» (1964), «Пачатак славянскага кнігадрукавання» (1971), «Пачатак кнігадрукавання на Украіне: Іван Фёдараў» (1974), «Пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве: Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны» (1978), «Іван Фёдараў на Беларусі» (1979), «Іван Фёдараў. Каля 1510—1583» (1985), «Іаган Гутэнберг. Каля 1399—1468» (1989), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка», «Па слядах Францыска Скарыны» (абедзве 1990). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Gesamtkatalog der Fruhdrucke in kyrillischer Schrift. Bd. 1—3. Baden-Baden, 1996—98;
Почеци штампарства ў Црној Гори. Цетинье, 1996.
Літ.:
Евгений Львович Немировский: Биобиблиогр. М., 1991.
т. 18, кн. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КАМПА́НІЯ,
кампанія (акц. т-ва, карпарацыя, аб’яднанне прадпрымальнікаў), дзейнасць якой аказвае прыярытэтны ўплыў на развіццё нац. эканомікі. Паводле віду дзейнасці адрозніваюць Н.к.: вытворчыя (перапрацоўваюць сыравіну і матэрыялы ў гатовую прадукцыю з мэтай яе рэалізацыі; могуць быць шматгаліновымі — спалучаць выпуск прадукцыі розных галін; гандлёвыя (ажыццяўляюць гандл. дзейнасць); транспартныя (аказваюць трансп. паслугі); будаўнічыя (займаюцца пераважна буд-вам); фінансавыя (спецыялізуюцца на крэдытаванні пэўных галін або прадпрыемстваў, правядзенні фін. аперацый); інвестыцыйныя (спецыялізуюцца на прыцягненні часова свабодных грашовых сродкаў дробных і сярэдніх інвестараў праз выпуск уласных каштоўных папер і размяшчэнні мабілізаваных сродкаў у каштоўныя паперы інш. юрыд. асоб для атрымання прыбытку); страхавыя (ажыццяўляюць разнастайную страхавую дзейнасць); лізінгавыя (купляюць абсталяванне і здаюць яго ў арэнду); кансалтынгавыя (прадастаўляюць паслугі па даследаванні стану рынку, распрацоўцы і ажыццяўленні маркетынгавых праграм, выкарыстанні новых метадаў менеджменту, эканам. абгрунтаванні інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, пошуку партнёраў і інш.; у айч. практыцы — таксама па рэгістрацыі фірм; могуць спецыялізавацца па функцыянальных, рэгіянальных і інш. прыкметах); інжынірынгавыя (аказваюць паслугі па арганізацыі канкрэтнай вытв-сці, выбары і асваенні абсталявання, прыцягваюць інш. пастаўшчыкоў абсталявання і падрадныя фірмы, дапамагаюць выкарыстоўваць інавацыйныя метады і перадавы замежны вопыт) і інш. Паводле спосабаў стварэння Н.к. могуць быць асацыіраваныя (маюць долю ўдзельніцтва і істотна ўплываюць на фін. палітыку) і аднаасобныя (пакет акцый належыць адной асобе). Кампанія, у склад актываў якой уваходзяць кантрольныя пакеты акцый інш. кампаній, наз. холдынгавая; кампанія, якая не можа свабодна прадаваць свае акцыі іншаземцам, — кампанія з абмежаванымі акцыямі. Ад Н.к. адрозніваюць транснацыянальныя кампаніі, што ажыццяўляюць асн. частку сваіх аперацый па-за межамі краіны, у некалькіх краінах. У наш час існуюць шматнацыянальныя кампаніі і карпарацыі з айч. арыентацыяй. На развіццё Н.к. уплываюць працэсы глабалізацыі, рост адкрытасці эканомікі, якія мяняюць іх ролю і месца ў эканам. сістэме, уцягваюць у інтэграцыйныя працэсы.
Л.М.Нехарошава.
т. 11, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДУКА́ЦЫЯ»,
легальнае т-ва асветнага кірунку ў Віцебску ў студз.—вер. 1913. Аб’ядноўвала 1268 чл. розных сац. груп і паліт. партый. Заснавальнікі і кіраўнікі: Р.Н.Шулепнікаў (старшыня), К.В.Пісарэнка (нам. старшыні), В.А.Прус. Мэта т-ва — падрыхтоўка да стварэння нар. ун-та. Сацыял-дэмакраты Віцебска выкарыстоўвалі «Адукацыю» як легальную трыбуну для рэв. прапаганды. Закрыта за антыўрадавую дзейнасць.
т. 1, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦЕ́ННІКАЎ Мікалай Данілавіч (н. 18.2.1922, Магілёў),
бел. скрыпач і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Праф. (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). З 1950 у Бел. акадэміі музыкі (у 1959—63 прарэктар). Вёў выканальніцкую дзейнасць пераважна як ансамбліст (у 1958—65 удзельнік стр. квартэта Бел. філармоніі). Пад яго кіраўніцтвам створана Дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў (зберагаецца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі).
т. 3, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛОС З НАД НЕ́МНА»
(«Głos znad Niemna»),
газета. Выдаецца ў Гродне з снеж. 1989 на польскай мове Саюзам палякаў у Беларусі (СПБ). У 1990—91 выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы пры садзейнічанні т-ва «Польская супольнасць». У 1992 выходзіла 2 разы на тыдзень, з 1993 штотыднёва. Асвятляе жыццё палякаў у Беларусі, дзейнасць СПБ, змяшчае матэрыялы па гісторыі, краязнаўстве, літ. творы.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)