ПРЫ́ЗРЭНСКАЯ ЛІ́ГА, Албанская ліга,

албанская нац. арг-цыя ў 1878—81. Створана 10.6.1878 у г. Прызрэн на сходзе прадстаўнікоў алб. знаці, гандляроў і чыноўніцтва ў знак пратэсту супраць рашэння Берлінскага кангрэса 1878 перадаць землі з алб. насельніцтвам у склад Грэцыі і Чарнагорыі. Напачатку карысталася падтрымкай тур. улад. У ліст. 1878 патрабавала аўтаноміі Албаніі ў складзе Асманскай імперыі. У жн. 1880 стварыла алб. адміністрацыю, ў студз. 1881 — Цэнтр. савет П.Л., (старшыня са жн. 1880 — Абдуль-бей Фрашэры), які абвясціў сябе часовым алб. урадам. У крас. 1881 тур. армія разбіла войскі П.л., і яна спыніла існаванне.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.

1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, ГрэцыіПаўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТ (Krētē),

востраў ва ўсх. ч. Міжземнага мора. Тэр. Грэцыі. Даўж. з З на У 260 км, шыр. ад 12 да 55 км, пл. 8,3 тыс. км². Нас. 537 тыс. чал. (1991). Рэльеф гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вял. масіваў: на У — Ласіты, або Дыкты (выш. да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на З — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е, выш. 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі, на Пд стромка абрываюцца да мора, на Пн зніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На Пд — Месарская раўніна, якая са старажытнасці была жытніцай вострава. Горы складзены пераважна з мезазойскіх вапнякоў (на З — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жал. руд, бурага вугалю. Частыя землетрасенні.

Клімат міжземнаморскі. На ўзбярэжжы сярэдняя т-ра студз. 12 °C, ліп 26 °C Ападкаў на З выпадае 800 мм за год, на У — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя снегапады, снег на вяршынях ляжыць да мая. Летняя засуха доўжыцца 6—7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расліннасць другаснага паходжання. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаннік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызнякі (маквіс). У гарах на выш. 800—1600 м трапляюцца рэдкалессі з дуба палесцінскага, хвоі калабрыйскай, платана, кіпарыса гарызантальнага. На вяршынях гор альпійскія лугі. На раўнінах і тэрасах плантацыі аліў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак. Нац. парк Самарыя (ахова горнай фауны і флоры). Захаваліся шматлікія помнікі ант. культуры і сярэдневякоўя. Асн. парты Іракліян і Ханья.

Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на К. вядомы з часоў палеаліту. К. — адзін з цэнтраў найстараж. еўрап. культуры (гл. Крыта-мікенская культура, Крыцкае пісьмо). У 3-м тыс. да н.э. тут узніклі першыя ў Еўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фест і інш.). У 2-м тыс. да н.э. ўвесь К., верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кноса ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н.э.: мела вял. флот і, паводле падання, захаванага стараж.-грэч. гісторыкамі, панавала на Эгейскім м. У 14 ст. да н.э. частка К. заваявана кааліцыяй ахейскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахейскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. У 1-м тыс. да н.э. крыцкія полісы адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Грэцыі. З 67 да н.э. ў складзе Рым. дзяржавы, з 395 н.э. — Візантыі. Належаў у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Візантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Венецыі. У перыяд венецыянскага панавання шматлікія паўстанні мясц. насельніцтва; у 15—17 ст. развівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і л-ра (В.​Карнарас) — т.зв. крыцкі рэнесанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва К. ўдзельнічала ў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97 тут адбыліся Крыцкія паўстанні супраць тур. панавання. У 1898 К. атрымаў адм. аўтаномію. Пасля Балканскіх войнаў 1912—13 паводле грэка-тур. дагавора ад 14.11.1913 далучаны да Грэцыі. У 2-ю сусв. вайну ў маі 1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі ў выніку паветрана-дэсантнай аперацыі (буйнейшая паветр. аперацыя вермахта ў час вайны). Вызвалены ў ліст. 1944.

М.​В.​Лаўрыновіч (прырода).

Краявід вострава Крыт.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛО́ГІЯ (грэч. anthologia літар. букет кветак),

зборнік літаратурных твораў (пераважна аднаго жанру) розных аўтараў пэўнай літаратуры, перыяду, літаратурнага кірунку і г.д. Вядомая са стараж. часоў на Усходзе і ў Грэцыі (складальнікам першай анталогіі лічаць грэч. паэта Мелеагра, 60 да н.э.). Бел. анталогіі бяруць пачатак ад стараж.-рускіх («Ізборнікі Святаслава» 1073, 1076). Адна з першых анталогій новага часу — «Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства» (1919). У Беларусі выйшлі «Анталогія беларускай паэзіі» (т. 1—3, 1961; т. 1—3, 1993), «Анталогія беларускага апавядання» (т. 1—2, 1967), анталогія бел. дзіцячай л-ры «Арлянятам» (т. 1—2, 1967), «Анталогія беларускай народнай песні» (1968; 2-е выд. 1975), анталогія «Беларуская балада» (1978).

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),

вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.

Акведук каля г. Нім. Францыя. 1—2 ст. н.э.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),

у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.

Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.

На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.

В.​Ф.​Валошын.

Кесоны купала Пантэона ў Рыме.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́НСКАЯ ШКО́ЛА, кірэнаікі,

філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К.ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),

1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).

2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁЛЬДЭРЛІН ((Hölderlin) Іаган Крысціян Фрыдрых) (20.3.1770, г. Лаўфен-ам-Некар, Германія — 7.6.1843),

нямецкі паэт. Папярэднік рамантызму. Вучыўся ва ун-це Цюбінгена (1788—93), вывучаў тэалогію, філасофію, ант. мастацтва, сябраваў з Г.Гегелем і Ф.Шэлінгам. Працаваў хатнім настаўнікам. Усведамленне сваёй несумяшчальнасці з рэчаіснасцю, беднасць, трагічнае каханне паўплывалі на яго душэўны стан (з 1802 псіхічна хворы). У ранніх «Цюбінгенскіх гімнах» («Гімны да ідэалаў Чалавецтва», 1790—97) апяваў свабоду, гармонію, хараство, сяброўства, даў канцэпцыю бясконцага руху чалавецтва да дасканаласці. Пераход да сталай паэзіі (2-я пал. 1790-х г.) адзначаны зваротам да ант. верша. Стараж. Эладу Гёльдэрлін успрымаў як эталон гарманічнага існавання (філас. оды і элегіі «Майн», «Некар», «Гайдэльберг», «Мая ўласнасць», паэма «Архіпелаг» і інш.). Філас.-лірычны раман «Гіперыён, ці Пустэльнік у Грэцыі» (т. 1—2, 1797—99) прасякнуты любоўю да мінулага Грэцыі і трывожным роздумам пра шляхі цывілізацыі. У цэнтры філас. трагедыі «Смерць Эмпедокла» (1798—99) праблемы пошукаў найлепшага грамадскага ладу і духоўныя супярэчнасці генія. Пераклады трагедый Сафокла, эпінікіяў Піндара стымулявалі яго пераход да т.зв. «жорсткага стылю», які стаў адметнай рысай позніх філас. гімнаў Гёдэрліна, аб’яднаных умоўнай назвай «Айчынныя песняпевы». Яны ствараюць шырокую панараму гіст. руху еўрап. цывілізацыі («Вяртанне на радзіму», «Ля вытокаў Дуная», «Рэйн», «Тытаны», «Свята міру» і інш.). Паэзія Гёдэрліна паўплывала на творчасць многіх еўрап. паэтаў. На бел. мову вершы Гёдэрліна перакладаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Рус. пер. — Сочинения. М., 1969;

Гиперион. Стихи. Письма. М., 1988.

Літ.:

Дейч А.И. Судьбы поэтов: Гёльдерлин. Клейст. Гейне. [2 изд. ]. М., 1974;

Берковский Н.Я. Гельдерлин // Берковский Н.Я. Романтизм в Германии Л., 1973;

Синило Г.В. Гельдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1919—22,

вайна Грэцыі пры падтрымцы дзяржаў Антанты (Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, ЗША) супраць Турцыі. Грэцыя, якая прэтэндавала на ч. тэр. Турцыі, аслабленай пасля 1-й сусв. Вайны, 15.5.1919 высадзіла дэсант у г. Ізмір. У ходзе наступлення (чэрв.ліп. 1920) яе войскі прарвалі абарону тур. партыз. атрадаў і прасунуліся на 150—250 км у глыб Анатоліі, уступілі ва Усх. Фракію. Акупацыя значнай ч. тэр. Турцыі (у т. л. 16.3.1920 Стамбула брыт. войскамі) актывізавала ў ёй нац.-вызв. рух (гл. Кемалісцкая рэвалюцыя). У процівагу султанскаму (стамбульскаму) у г. Анкара створаны рэв. ўрад на чале з Мустафой Кемалем (Атацюркам). Сфарміраваныя ім ваен. атрады на чале з Ісмет-пашой у выніку 2 бітваў каля с. Інёню (10.1 і 31.3.1921) часова прыпынілі грэч. наступленне. Летам 1921 грэч. сілы (96 тыс. чал.) прарвалі абарону тур. атрадаў (51 тыс. чал.) і выйшлі да р. Сакар’я, аднак у выніку бітвы 23.8—13.9.1921 былі адкінуты тур. войскам (вярх. галоўнакаманд. Атацюрк). Ва ўмовах выхаду з антытур. кааліцыі Францыі (20.10.1921) і Італіі анкарскі ўрад з ваен. дапамогай Сав. Расіі да лета 1922 рэарганізаваў і пераўзброіў свае ваен. часці, якія 26.8.1922 перайшлі ў наступленне (гал. ўдар у раёне Аф’ён-Карахісара), разбілі грэкаў каля Думлупынара (30 жн.), вызвалілі Ізмір (9 вер.), да 18 вер. — усю Анатолію. У палон трапіла 40 тыс. вайскоўцаў грэч. арміі. Паражэнне Грэцыі прывяло да хваляванняў у яе арміі (вер. 1922), адрачэння ад прастола караля Канстанціна I, пакарання смерцю 5 міністраў на чале з прэм’ерам Д.​Гунарысам.

Літ.:

Гасратян М.А., Орешкова С.Ф., Петросян Ю.А. Очерки истории Турции. М., 1983. С. 165—175.

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)