КАРУ́ЗА ((Caruso) Энрыка) (25.2.1873, г. Неапаль, Італія — 2.8.1921),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з выдатных прадстаўнікоў стылю бельканта. Вучыўся ў Г.Верджыне і В.Ламбардзі. У 1894—1920 спяваў у буйнейшых оперных т-рах свету. У 1903—20 саліст т-ра «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодаў голасам незвычайнай прыгажосці. Яго выкананне спалучала мяккі лірызм і агністы тэмперамент. Выступаў у рознахарактарных партыях (каля 80), з якіх каля 30 лічыліся лепшым выкананнем: Манрыка, Герцаг, Радамес («Трубадур», «Рыгалета», «Аіда» Дж.Вердзі), Каварадосі, Рудольф («Тоска», «Багема» Дж.Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Федэрыка («Арлезіянка» Ф.Чылеа), Лорыс («Федора» У.Джардана), Фауст («Мефістофель» А.Бойта), Надзір, Хазэ («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.Бізэ), Ліянель («Марта» Ф.Флотава). Адзін з лепшых выканаўцаў неапалітанскіх песень.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВЫ ЦЭ́НТР,
сукупнасць лакалізаваных у нервовай сістэме нейронаў, якая прымае ўдзел у ажыццяўленні рэфлексу або функцыі арганізма. У склад Н.ц. ўваходзяць ад некалькіх нейронаў (напр., сардэчны ганглій ракападобных мае 9 нейронаў) да некалькіх тысяч і мільёнаў (напр., у высокаарганізаваных жывёл). Адрозніваюць Н.ц. ядзерныя, якія кампактна размешчаны ў восевай ч.нерв. сістэмы, падсумоўваюць масавую інфармацыю, і экранныя, сабраныя ў асобныя слаі, аналізуюць дыскрэтную інфармацыю. Нейроны Н.ц., звязаныя ўзбуджальнымі і тармазнымі сінапсамі, утвараюць складаныя комплексы, т. зв. нейронныя сеткі. У кожны Н.ц. па нерв. валокнах ад органаў пачуццяў або іншых Н.ц. паступае інфармацыя ў выглядзе імпульсаў нервовых, перапрацоўваецца і камандныя імпульсы пасылаюцца да іншых Н.ц. або перыферычных органаў. Каардынаваная дзейнасць Н.ц., якія ўваходзяць у іерархічную сістэму рэгуляцыі, забяспечвае дакладнае выкананне пэўнай складанай функцыі і яе прыстасавальны характар. Гл. таксама Нервовая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕВА (Тарасевіч) Таццяна Пятроўна
(4,5.1924, г. Бранск, Расія — 13.11.1993),
расійская піяністка, кампазітар, педагог. Засл. арт. Расіі (1955). Нар.арт.СССР (1983). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. (1947, клас А.Гальдэнвейзера) і кампазіцыі (1950), з 1959 выкладала ў ёй (з 1965 праф.). З 1945 салістка Маскоўскай філармоніі. Яе выкананню былі ўласцівы высокая культура і майстэрства, тэхн. свабода. У рэпертуары фп. творы І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, Р.Шумана, І.Стравінскага, П.Чайкоўскага, А.Скрабіна, С.Рахманінава, Дз.Шастаковіча і інш. Аўтар 2 канцэртаў для фп. з арк. (1950, 1963), сімф. твораў, транскрыпцый і пералажэнняў для фп. і інш. 1-я прэмія Міжнар. конкурсу на лепшае выкананне твораў Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951. Міжнар. прэмія імя Шумана 1971 (ГДР).
Літ.:
Григорьев Л., Платек Я. Современные пианисты. 2 изд. М., 1990. С. 244—246.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),
італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГЕ́ЙЧАНКА (Эдуард Іванавіч) (н. 2.1.1941, г. Луганск, Украіна),
бел. і рас. артыст оперы (тэнар). Нар.арт. Расіі (1984). Скончыў Новасібірскую кансерваторыю (1972). З 1972 саліст Пермскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Нац.акад.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Стварыў шэраг разнапланавых вобразаў: Ленскі, Герман, Вадэмон («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Дон Карлас, Рычард, Радамес, Альфрэд («Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Аіда», «Травіята» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі) і інш. У бел. операх выканаў партыі Майстра і Іешуа («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Альфрэда Іла («Візіт дамы» С.Картэса), у радыёзапісах опер — Фіёша («Матухна Кураж» Картэса) і Штылера («Францыск Скарына» Дз.Смольскага), Тэакрыта («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага; канцэртнае выкананне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕ́ЖНЫ КРЭДЫ́Т,
крэдыт на аплату разліковых дакументаў пры наяўнасці ў плацельшчыкаў (пакупнікоў) часовых фін. цяжкасцей, што ўзнікаюць у сувязі з несупадзеннем тэрмінаў паступлення сродкаў і плацяжоў або па інш. прычынах. Выдаецца з пазыковых рахункаў, на якіх банк улічвае прадастаўленне і вяртанне крэдыту на аплату прадукцыі, аказанне паслуг і выкананне работ, на пагашэнне дэбетавага сальда па заліку ўзаемных патрабаванняў (яно ўзнікае, калі сума плацяжоў большая за суму паступленняў сродкаў, і паказваецца ў актыве бухгалтарскага балансу), дакументаў па пераразмеркаванні абаротных і інш. сродкаў, на выплату заработнай платы. Разліковымі дакументамі з’яўляюцца аформленыя ў пісьмовым выглядзе запатрабаванні або даручэнні прадпрыемстваў, аб’яднанняў, арг-цый і ўстаноў на пералічэнне грашовых сродкаў у безнаяўным парадку за адпушчаныя (адгружаныя) таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі. Асн. з іх: плацежныя запатрабаванні, плацежныя даручэнні і разліковыя чэкі (гл.Плацежны сродак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́ВА (Ала Барысаўна) (н. 15.4.1949, Масква),
расійская эстрадная спявачка. Нар.арт. Расіі (1985). Нар.арт.СССР (1991). Скончыла Муз. вучылішча імя М.Іпалітава-Іванава ў Маскве (1969), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1981). З 1970 артыстка Ліпецкай філармоніі, салістка эстр.арк. пад кіраўніцтвам А.Лундстрэма, вакальна-інстр. ансамбля «Вясёлыя рабяты», Расканцэрта. З 1988 маст. кіраўнік т-ра-студыі «Тэатр песні». У рэпертуары песні рас. і замежных кампазітараў, шмат з якіх выканала ўпершыню, уласныя песні. Яе выкананне вылучаецца драматург. пабудаванасцю, рэжысёрскай прадуманасцю кампазіцый. «Гран-пры» на Міжнар. фестывалях эстраднай песні «Залаты Арфей» (1975, Балгарыя) і «Бурштынавы салавей» у Сопаце (1978, Польшча). Здымалася ў кіно («Жанчына, якая спявае», «Прыйшла і гавару» і інш.). Яе творчасці прысвечаны тэлефільмы «Тэатр Алы Пугачовай» (1978), «У Алы» (1979), «Маналогі спявачкі» (1981) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ТНЫЯ БАЯ́РЫ, путныя слугі,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Былі ў дзярж., прыватных і царк. уладаннях. У 15—1-й пал. 16 ст.асн. павіннасцямі П.б. былі нясенне ваеннай і кур’ерскай службы, выкананне талок у час жніва і інш. У гэты час дзяржава раздавала П.б. прыватным асобам, а стан П.б. купляўся цяглымі сялянамі (баяры выкупныя). У 18 ст. П.б., якія неслі ваенную і кур’ерскую службы, наз.баярамі, баярамі ліставымі і, асабліва з 2-й пал. 18 ст., зямянамі. Назва «П.б.» замацавалася за баярамі, асн. павіннасцю якіх, дадаткова да чыншу, стала перавозка грузаў унутры і па-за межамі маёнткаў. У сувязі з тым, што ў 17—18 ст.асн. павіннасцю П.б. быў чынш, баярамі сталі называць і інш. катэгорыі сялян, якія плацілі чынш і не выконвалі паншчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА НЕ́ТРАЎ,
комплекс арганізацыйных, тэхнічных, эканам., прававых і інш. мерапрыемстваў, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне зямных глыбінь; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: выкананне ўстаноўленага заканадаўствам парадку давання нетраў у карыстанне і недапушчэнне самавольнага карыстання імі, паўнату геал. вывучэння, бяспечнае вядзенне работ па выкарыстанні нетраў (ахова атмасферы, водаў, зямной паверхні і інш. аб’ектаў ад шкоднага ўплыву работ); прывядзенне парушаных зямельных участкаў у стан, прыдатны для далейшага выкарыстання; найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і спадарожных ім кампанентаў; прадухіленне забруджвання нетраў пры падземным захоўванні, пахаванні адходаў і скіданні сцёкавых водаў; бяспечнае карыстанне нетрамі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. На Беларусі ахова нетраў знаходзіцца на стадыі арганізацыі і юрыд. афармлення. Дзярж. кантроль за аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем ажыццяўляюць органы дзярж. горнага нагляду і інш. Парадак карыстання і аховы нетраў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці, падпарадкавання і прыналежнасці замацаваны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб нетрах (праект; 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.