МАК-КЛУР (McClure) Роберт Джон (28.1.1807, г. Уэксфард, Ірландыя — 17.10.1873),

англійскі ваен. марак, даследчык Арктыкі. У 1848—53 удзельнічаў у 3 экспедыцыях, накіраваных англ. урадам да Канадскага Арктычнага архіпелага на пошукі экспедыцыі Дж.Франкліна. У 1850—52 на судне «Інвестыгейтар» прайшоў праз Берынгаў праліў у Паўн. Ледавіты ак., адкрыў паўд. і зах. берагі в-ва Банкс і пралівы, якія аддзяляюць яго ад а-воў Вікторыя і Мелвіл. У 1853—54 М.-К. і яго спадарожнікі сумесна з англ. экспедыцыяй Э.​Белчэра выйшлі ў мора Бафіна і даказалі наяўнасць Паўн.-Зах. прахода. Імем М.-К. названы праліў паміж в-вам Банкс на Пд і а-вамі Прынс-Патрык і Мелвіл на Пн.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРУТО́ВІЧ (Narutowicz) Габрыэль (17.3.1865, г. Цельшай, Літва — 16.12.1922),

польскі дзярж. дзеяч, інжынер-канструктар. Вучыўся ў Пецярбургскім (1884—86) і Цюрыхскім (1886—91) ун-тах. Праектаваў і кіраваў буд-вам ГЭС у Швейцарыі, Італіі, Іспаніі. З 1908 праф. Вышэйшай політэхн. школы ў Цюрыху. У 1-ю сусв. вайну ўзначальваў Польскі грамадскі к-т у Цюрыху, быў чл. дырэкцыі Ген. к-та дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы, т.зв. к-та ў Веве. З 1920 у Польшчы: міністр публічных работ (1920—21), міністр замежных спраў (1922). 9.12.1922 выбраны першым прэзідэнтам Польскай Рэспублікі пры падтрымцы левых, цэнтрыстаў і прадстаўнікоў нац. меншасцей, што выклікала рэзкія нападкі правых. Застрэлены ў Варшаве нацыяналістам Э.​Невядомскім.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯРУ́ДНЫХ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, спецыялізаванай на здабычы, драбленні і абагачэнні буд. каменю, здабычы друзу, жвіру, буд. пяску. На Беларусі як прамысл. галіна пачала фарміравацца пасля Вял. Айч. вайны з буд-вам спецыялізаваных прадпрыемстваў. Аб’ядноўвае больш за 350 прадпрыемстваў, найбуйнейшыя з іх Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Заслаўскі і Аршанскі драбільна-сартавальныя з-ды, Смаргонскі драбільна-сартавальны гідрамеханізаваны ’з-д. Аснова сыравіннай базы — радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу і буд. каменю. Прадукцыя выкарыстоўваецца як напаўняльнік для вытв-сці бетону, жалезабетону, пры буд-ве і рамонце чыгункі, дарог з цвёрдым пакрыццём, меліярац. сістэм і інш. Гл. таксама Адкрытая распрацоўка радовішчаў, Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

Да арт. Нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасць. Здабыча граніту на Мікашэвіцкім радовішчы.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ́ЧКІН Яўген Мікалаевіч (1.6.1930, Масква — 28.11.1993),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1978). Нар. арт. Расіі (1988). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1958). З 1958 гукарэжысёр на радыё, адначасова выкладаў у Маск. ін-це культуры (1961—64). У 1969—78 гал. муз. рэдактар кінастудыі «Масфільм». Сярод твораў: балет «Добрае сонца» (1958), опера «Я прыйшоў даць вам волю» (паводле В.​Шукшына, 1988), аперэты, мюзіклы, муз. камедыі, у т. л. «Вяселле з генералам» (паводле А.​Чэхава, 1980), «Дыліжанс з Руана» (паводле Гі дэ Мапасана, 1985), сюіты-кантаты, музыка да кінафільмаў (больш за 70) і драм. спектакляў. Аўтар папулярных песень, у т. л. «Рамонкі схаваліся», «Салодкая ягада», «Рэха кахання», «Я люблю сваю зямлю» і інш.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ВЫ БОР,

рабочы пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл. За 16 км на ПдЗ ад Светлагорска, 126 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Жэрдзь на лініі Жлобін—Калінкавічы, на аўтадарозе, якая злучае С.Б. са Светлагорскам. 2,5 тыс. ж. (2001).

Узнік як пасёлак у 1955 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства «Васілевічы 2-я» (з 1959 «Светлагорскае»). 3.7.1959 пераўтвораны ў рабочы пасёлак.

Працуюць з-д «Светлагорсккорммаш» (філіял ВА «Гомсельмаш»), сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Сасновы Бор», акц. т-ва «Светлбытсервіс»; сярэдняя і дзіцячая муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, спарт. комплекс, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАСМА́НАВА МО́РА (Tasman Sea),

ускраіннае мора Ціхага ак. паміж Аўстраліяй і в-вам Тасманія на 3, а-вамі Новая Зеландыя, Норфалк і Новая Каледонія на У. На Пн аддзелена ад Каралавага м. падняццем дна і каралавымі а-вамі і рыфамі. Пралівам Баса на ПдЗ злучана з Індыйскім ак. Пл. 3336 тыс. км². Найб. глыб. 6015 м. У сярэдняй ч. перасякаецца падводным хрыбтом. Т-ра паверхневых вод у лют. ад 27 °C на Пн да 15 °C на Пд, у жн. ад 23 °C на Пн да 9—11 °C на Пд. Салёнасць 35—35,5‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,3 м). Рыбалоўства. Гал. парты: Сідней, Брысбен, Ньюкасл (Аўстралія), Окленд, Нью-Плімут (Новая Зеландыя). Названа імем А.Я.Тасмана.

т. 15, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЗ Ілья Абрамавіч (2.9.1909—22.6.1994),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1982). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1935).

З 1932 на кінастудыі «Ленфільм», з 1945 — «Саюздзетфільм», з 1948 на Кіеўскай і Маскоўскай студыях навук.-папулярных фільмаў, з 1953 на кінастудыі імя М.​Горкага. Здымаў пераважна для дзяцей. Яго фільмы вызначаюцца лірызмам, мяккім гумарам, раскрыццём дзіцячай псіхалогіі: «Першакласніца» (1948), «Васёк Трубачоў і яго таварышы» (1955), «Незвычайнае падарожжа Мішкі Стракачова» (1959), «Рыжык» (1961), «Я купіў тату» (1963), «Я вас любіў...» (1967), «Прыгоды жоўтага чамаданчыка» (1971, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Дзівак з пятага «Б» (1972), «Вам і не снілася...» (1981), «Каранцін» (1983) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1974.

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЙДА́РАВА (Паўлікава) Людміла Фёдараўна (н. 11.2.1952, пас. Ялізава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). З 1974 працавала ў НДІ электронна-выліч. машын, у Бел. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і кіравання буд-вам пры Дзяржбудзе Беларусі, у Мінскім н.-д. праектным ін-це. У 1987—97 на Бел. тэлебачанні. Друкуецца з 1980. У вершах філас. роздум над праблемамі сучаснасці, гарадскія матывы (зб-кі «Адведзіны рамонкавай паляны», 1985; «Тваё святло», 1988; «Купанне ў росах», 1993). Аўтар паэмы «Нельга і Можна» (1988), апавяданняў. На бел. мову пераклала асобныя творы Г.​Ахматавай, М.​Валошына, М.​Лермантава, Б.​Пастарнака, М.​Цвятаевай і інш.

Тв.:

Дарт: Жыццёвыя гісторыі. Мн., 2002.

І.​У.​Саламевіч.

т. 17, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧО́РСАЎСКАЯ ДЗМІ́ТРЫЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры барока ў в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1770—76 уладальнікам маёнтка І.​Храптовічам як уніяцкая царква; буд-вам кіраваў франц. арх. Я.​Габрыэль. Храм 1-нефавы, прамавугольны ў плане, з прамавугольнымі апсідай і сакрыстыямі. На гал. фасадзе 4-калонны аркадны порцік з трохвугольным франтонам і фігурны шчыт, за якім размешчана нізкая чацверыковая вежа-званіца з 4-схільным пакрыццём. Бакавыя фасады шырокім прафіляваным карнізам падзелены на 2 ярусы: ніжні расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі і плоскімі лапаткамі ў прасценках; верхні прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і завершаны прафіляваным карнізам. У інтэр’еры сцены дэкарыраваны прафіляваным карнізам, нішамі, падвойнымі пілястрамі карынфскага ордэра.

Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква.

т. 17, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭ́ХНІКА (ад гідра... + тэхніка),

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем водных рэсурсаў, іх выкарыстаннем у нар. гаспадарцы, барацьбой са шкодным уздзеяннем вод, буд-вам і эксплуатацыяй гідратэхнічных збудаванняў (ГТЗ). Цесна звязана з гідраўлікай, гідрамеханікай, гідралогіяй, геалогіяй, гідрагеалогіяй, будаўнічай механікай, механікай грунтоў і інш.

Гідратэхніка вывучае ўплыў вадзяных патокаў на ГТЗ і рэчышчы, распрацоўвае тэорыю ўстойлівасці ГТЗ і іх асноў, метады рэгулявання рачнога сцёку. Даследуе фільтрацыю вады праз грунты, стварае метады разліку і канструявання ГТЗ і іх асноў, спосабы іх буд-ва і эксплуатацыі (гл. Гідратэхнічнае будаўніцтва). Асн. кірункі практычнай гідратэхнікі: выкарыстанне воднай энергіі (гл. Гідраэнергетыка); абвадненне, арашэнне і асушэнне с.-г. зямель (гл. Меліярацыя, Меліярацыйная навука); водазабеспячэнне населеных пунктаў і прамысл. прадпрыемстваў, ачыстка сцёкавых вод і іх адвядзенне (гл. Каналізацыя); забеспячэнне суднаходства і лесасплаву па водных шляхах, неабходных умоў для рыбнай гаспадаркі; ахова населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, ліній электраперадачы і сувязі, трансп. збудаванняў, с.-г. угоддзяў ад шкоднага ўздзеяння воднай стыхіі (наваднення, паводкі, апаўзання берагоў, утварэння яроў і інш.); ахова водных рэсурсаў ад забруджвання і вычарпання (гл. Ахова вод).

Гідратэхніка — адна з найб. старажытных галін навукі і тэхнікі. Яшчэ за 4400 г. да н.э. ў Стараж. Егіпце ствараліся каналы для арашэння зямель у даліне р. Ніл, будаваліся земляныя плаціны. У Вавілоне за 4—3 тыс. г. да н.э. ў гарадах працавалі водаправоды і артэзіянскія калодзежы. У перыяд росквіту Стараж. Грэцыі і Рыма пабудаваны водаправод у Карфагене, каналізацыя ў Рыме, пачалося асушэнне Пантыйскіх балот. За 2 тыс. г. да н.э. на тэр. сучасных Нідэрландаў будаваліся дамбы для аховы прыбярэжных тэрыторый ад затаплення. За 500—400 г. да н.э. створаны першыя суднаходныя збудаванні (канал ад Ніла да Чырвонага мора). У сярэднія вякі пашырыліся вадзяныя млыны (прыводзіліся ў дзеянне вадзянымі коламі), будаваліся сістэмы водазабеспячэння гарадоў і замкаў, суднаходныя шлюзы і порты, вяліся работы па асушэнні і арашэнні зямель. У 17—18 ст. з развіццём мануфактур звязана буд-ва плацін і гідрасілавых установак. У 2-й пал. 19 ст. развіццё гідратэхнікі звязана з вынаходствам гідраўлічных турбін і буд-вам гідраэлектрычных станцый, стварэннем водных шляхоў, асушальных і арашальных сістэм і г.д. У Расіі гідратэхніка пачала развівацца з канца 16 ст. У СССР развіццё гідратэхнікі звязана з асваеннем рэк Сібіры, Сярэдняй Азіі і Д.​Усходу, буд-вам буйных арашальных і асушальных сістэм, каскадаў ГЭС на Волзе і Каме, працяглых каналаў, з рэканструкцыяй і збудаваннем глыбакаводных шляхоў і інш. Значны ўклад у развіццё гідратэхнікі зрабілі М.​Я.​Жукоўскі, М.​С.​Ляляўскі, М.​М.​Паўлоўскі, Ф.​Р.​Зброжак, М.​А.​Веліканаў, П.​Г.​Аляксандраў, Б.​Я.​Ведзянееў, Б.​Р.​Галёркін, М.​М.​Герсяванаў, С.​Я.​Жук і інш.

На Беларусі развіццё гідратэхнікі звязана з выкарыстаннем млыноў вадзяных (вядомыя з часоў Кіеўскай Русі, пашырыліся ў 16—18 ст.), з буд-вам у 18—19 ст. Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага, Дняпроўска-Бугскага каналаў (гл. адпаведныя арт.), з дзейнасцю Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1940—50-я г. пабудаваны міжкалгасныя і калгасныя ГЭС (179), з 1960-х г. вяліся буйнамаштабныя работы па стварэнні асушальна-ўвільгатняльных сістэм, сажалкавых рыбаводных гаспадарак, водазабеспячэнні населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў і г.д. У 1976 уведзена Вілейска-Мінская водная сістэма, у 1988 — Сляпянская водная сістэма. Даследаванні ў галіне гідратэхнікі вядуцца ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. буд-ва, БПА, Брэсцкім політэхн. ін-це, БСГА і інш. Падрыхтоўка спецыялістаў-гідратэхнікаў вядзецца на ф-це энергет. буд-ва БПА, у Пінскім і Лепельскім гідрамеліярац. тэхнікумах.

Літ.:

Правдивец Ю.П., Симаков Г.В. Введение в гидротехнику. М., 1995;

Субботин А.С. Основы гидротехники. Л., 1983;

Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.

Г.​Г.​Круглоў.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)