Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЯ ВАЙНА́ 1853—56,
Усходняя вайна, вайна паміж Расіяй і Турцыяй (з лют. 1854 на баку апошняй ваявалі таксама Вялікабрытанія, Францыя, з 1855 і Сардзінскае каралеўства) за панаванне на Б. Усходзе. Асн. баі праходзілі ў раёне Крымскага п-ва (адсюль назва), Закаўказзя і Чорнага м., дапаможныя — на Балтыйскім і Белым морах, Д. Усходзе. Выцесненая Вялікабрытаніяй і Францыяй з рынкаў Б. Усходу, Рас. імперыя імкнулася аднавіць тут свае пазіцыі, узяць пад кантроль чарнаморскія пралівы і Балканы. Вялікабрытанія і Францыя намагаліся захапіць Крым, Каўказ і інш. Зачэпкай да вайны сталі спрэчкі правасл. і каталіцкай цэркваў за святыя мясціны ў Палесціне і адмова ўлад Асманскай імперыі дазволіць мець апеку над яе правасл. жыхарамі Расіі. Пасля акупацыі рас. войскамі падвасальных Турцыі княстваў Малдовы і Валахіі Турцыя 16.10.1853 абвясціла Расіі вайну. Пры спробе тур. войск прарвацца да Тыфліса яны былі разбіты рас. корпусам ген.
В.О.Бебутава ў бітве пры Башкадыклары (1.12.1853) і ў інш. месцах, а іх флот пацярпеў паражэнне ў Сінопскай бітве 1853. 4.1.1854 эскадры Вялікабрытаніі і Францыі ўвайшлі ў Чорнае м., 21.2.1854 Расія абвясціла гэтым краінам вайну. Супраць 700 тыс.рас. вайскоўцаў дзейнічалі каля 1 млн. саюзнікаў, якія былі лепш аснашчаны тэхнічна. У крас. 1854 саюзныя эскадры бамбардзіравалі Адэсу. Перад пагрозай уступлення ў вайну Аўстрыі Расія вывела войскі з Малдовы і Валахіі. 14.9.1854 брыт., франц. і тур. войскі высадзіліся ў Крыме каля г. Еўпаторыя, 20.9.1854 на р. Альма разбілі рас. армію пад камандаваннем А.С.Меншыкава і разгарнулі наступленне на Севастопаль. Пачалася Севастопальская абарона 1854—55. Рас. войскі 25.10.1854 няўдала атакавалі брыт.-тур. базу ў Балаклаве, 5.11.1854 пацярпелі паражэнне каля Інкермана. Спробы саюзнікаў захапіць Салавецкія а-вы ў Белым м. (18—19.7.1854) і г. Петрапаўлаўск-Камчацкі (30.8—5.9.1854) былі адбіты рас. гарнізонамі. 16.8.1854 брыт.-франц. флот авалодаў рас. крэпасцю Бамарзунд на Аландскіх а-вах у Балтыйскім м. На Чарнаморскім узбярэжжы саюзнікі занялі гарады Севастопаль (8.9.1855), Керч, Енікале, Анапа, Кінбурн. У Закаўказзі рас. войскі (галоўнакаманд. М.М.Мураўёў) захапілі тур. крэпасць Карс (28.11.1855), прасунуліся да г. Эрзурум і пагражалі прарывам у М. Азію, што паскорыла завяршэнне вайны і заключэнне Парыжскага мірнага дагавора 1856. К.в. выявіла ваен.-тэхн. адсталасць Расіі, абумоўленую панаваннем прыгонніцкіх адносін, выклікала абуджэнне грамадскай думкі і наблізіла правядзенне ліберальных рэформ, у т. л.Сялянскай рэформы 1861.
Літ.:
Тарле Е.В. Крымская война. Т. 1—2. 2 изд. М., 1950;
Русский Север и Россия в годы Крымской войны (1853—1856 гг.): Сб. ст. Вологда, 1979;
Пономарев В.Н. Крымская война и русско-американские отношения. М., 1993;
Крымская война. 1853—1856: (неизвестные страницы) // Родина. 1995. № 3—4.
Да арт.Крымская вайна 1853—56. Адпраўка англа-французскіх вайскоўцаў У Керч. Гравюра Сімпсана. 1856.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1911—12, Трыпалітанская вайна, Лівійская вайна,
каланіяльная вайна Італіі супраць тур. Асманскай імперыі з мэтай захопу яе паўн.-афр правінцый Трыпалітаніі і Кірэнаікі (сучасная Лівія). Баявыя дзеянні пачаліся 29.9.1911 пасля адхілення Турцыяй італьян. ультыматуму. Да канца кастр.італьян. экспедыцыйны корпус (35 тыс.чал., 72 гарматы) і ВМФ разграмілі невял. тур. гарнізоны і мясц. атрады, захапілі ўзбярэжныя гарады Трыпалі, Хомс, Табрук, Бенгазі і інш. Акупацыя выклікала ўзбр. супраціўленне мясц.араб. насельніцтва, падтрыманае атрадамі добраахвотнікаў з Туніса, Алжыра, Егіпта і інш. краін, што зацягнула вайну. У маі 1912 колькасць італьян.сухап. войск у Паўн. Афрыцы дасягнула 100 тыс.чал., ім былі прыдадзены 35 самалётаў, некалькі дырыжабляў і інш. У крас. і ліп. 1912 італьян.ВМФ бамбардзіраваў тур. гарнізоны каля праліва Дарданелы, у маі захапіў а-вы Дадэканес. Паводле Лазанскага мірнага дагавора (падпісаны 18.10.1912) Турцыя вывела свае войскі з Трыпалітаніі і Кірэнаікі, якія перайшлі пад уладу Італіі. У І.-т.в ўпершыню ў ваен. мэтах выкарыстана авіяцыя.
Літ.:
Яхимович З.П. Итало-турецкая война 1911—1912 гт. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,
вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ГРЭ́ЧАСКАЯ ВАЙНА́ 1940—41,
вайнафаш. Італіі супраць Грэцыі ў пач. 2-й сусв. вайны. 28.10.1940 італьян. войскі (87 тыс.чал., 686 гармат, 163 танкі, 380 самалётаў) уварваліся ў Грэцыю з тэр. Албаніі (акупіравана італьянцамі ў 1939). На грэка-албанскай мяжы ім процістаялі грэч. войскі (27 тыс.
чал., 220 гармат, 20 танкаў, 36 самалётаў), якія ва ўпартых баях да 7.11.1940 спынілі праціўніка. 14 ліст. ўдарная група грэч. войск (12 пях. і 2 кав. дывізіі, 3 пях. брыгады) перайшла ў контрнаступленне і да канца снеж. 1940 вызваліла тэр. Грэцыі і паўд.-ўсх. раёны Албаніі. У студз. 1941 вайна набыла пазіцыйны характар. Новае наступленне італьян. войск (26 дывізій) у сак. 1941 скончылася правалам. Уступленне ў вайну ў крас. 1941 Германіі рэзка змяніла сітуацыю на карысць Італіі. Грэч. армія вымушана была адступіць і 23.4.1941 капітулявала (гл.Балканская кампанія 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-МЕКСІКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1846—48,
вайна ЗША супраць Мексікі. З’явілася вынікам экспансіі ЗША, якія, анексіраваўшы Тэхас (29.12.1845), прэтэндавалі на Каліфорнію і Новую Мексіку. 13.5.1846 ЗША абвясцілі Мексіцы вайну. У ходзе баявых дзеянняў (1846 — пач. 1847) амер. войскі занялі Каліфорнію і значную ч.Паўн. Мексікі. У сак. 1847 амер. дэсант высадзіўся ў порце Веракрус. 14.9.1847 была захоплена сталіца Мексікі. Паводле падпісанага ў лют. 1848 у Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора, мекс.-амер. граніца прайшла па р. Рыо-Грандэ, Мексіка страціла больш за палавіну сваёй тэрыторыі (Тэхас, Новую Мексіку, ч. Арызоны, Верхнюю Каліфорнію).