КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,

вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш. Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКТЫШЫ́,

вадасховішча ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Клецкім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лактышы і Будча. Створана ў пойме р. Лань у 1977. Пл. 15,9 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 4,9 м, аб’ём вады 50,2 млн. м³. Катлавіна — частка забалочанай поймы. На працягу 9,8 км вадасховішча агароджана дамбай. Для сцёку ў вадасховішча вады з рэк Лань і Нача пабудаваны перапуск са шлюзам-рэгулятарам каля в. Лактышы. Дно плоскае, пераважна глеістае. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці меліяраваных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

Ф.​М.​Ашэраў.

Вадасховішча Лактышы.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМПО́ПА (Limpopo),

Кракадзілавая, рака ў Паўд. Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл. бас. 440 тыс. км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Індыйскі ак. Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.—лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Gulf of Mexico; Golfo de Méjico),

паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., каля паўд.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вамі Фларыда, Юкатан і в-вам Куба. Пл. 1555 тыс. км². Пераважаюць глыб. 2000—3000 м, найб. 3822 м. Берагі нізінныя, лагунныя. Прылівы сутачныя, выш. да 0,8 м. Т-ра вады на паверхні 12—25 (люты), 28—29 °C (жн.). Упадаюць рэкі Місісіпі, Рыо-Грандэ. Злучаны Юкатанскім пралівам з Карыбскім м. Сцёк вады з М.з. праз Фларыдскі прал. дае пачатак цячэнню Гальфстрым. На шэльфе здабыча нафты (Мексіканскага заліва нафтагазаносны басейн), вустрыц, крэветак, губак. Гал. парты: Новы Арлеан (ЗША), Веракрус (Мексіка), Гавана (Куба).

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні (у пелагіялі). Падзяляюць на нейстон, нектон, планктон і плейстон. Адрозніваюць голапелагічныя арганізмы, што жывуць у пелагіялі ўсё жыццё, і мерапелагічныя, якія звязаны з пелагіяллю часова (планктонныя лічынкі донных жывёл, дарослыя асобіны донных жывёл, якія падымаюцца ў тоўшчу вады пры размнажэнні). Для П.а. характэрны прыстасаванні да жыцця ў пелагіялі: газавыя пузыры (у водарасцей, сіфанафор і інш.), плавальныя пузыры (у рыб); для руху — раснічкі ў прасцейшых і плаўнікі ў рыб; тарпедападобная форма цела у нектонных арганізмаў.

Раслінныя П.а. (фітапланктон) — асн. прадуцэнты арган. рэчываў у вадаёмах; яны забяспечваюць кормам астатніх водных жывёл.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІПАЖА́РНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

комплекс інж.-тэхн. збудаванняў для захоўвання і падачы вады да месца пажару. Бывае водаправоднае (унутр. і вонкавае, высокага і нізкага ціску) і бязводаправоднае (прыродныя і штучныя вадаёмы, спец. ёмістасці для захоўвання вады).

Проціпажарныя водаправоды ў нас. пунктах і на прамысл. прадпрыемствах звычайна аб’ядноўваюць з гасп.-пітнымі і вытворчымі; самастойныя будуюць для найб. пажаранебяспечных аб’ектаў. Пры адсутнасці водаправода вада падаецца спец. пажарнай тэхнікай з вадаёмаў і ёмістасцей. З вонкавых водаправодаў вада падаецца з пажарных гідрантаў перасоўнай пажарнай тэхнікай па пажарных рукавах або спец. трубаправодах з лафетнымі стваламі або арашальнікамі. Пажарныя водаправоды ўнутры будынкаў прызначаны ў асн. для тушэння пажару на пач. стадыі.

В.​І.​Якаўчук.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГУНО́ВІЧ (Васіль Пятровіч) (н. 27.8.1934, в. Маркава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў БПІ (1957) і БДУ (1965). З 1961 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (з 1971 заг. лабараторыі). Навук. працы па матэм. мадэліраванні руху вады і дамешкаў у сістэмах вадацёкаў, стварэнні аўтаматызаваных сродкаў вымярэння колькасных і якасных характарыстык вады, па распрацоўцы вымяральных інфарм. і кіруючых сістэм для басейнаў рэк, нафтапрадуктаправодаў і інш. з выкарыстаннем касм. тэхналогій. Абгрунтаваў адзнакі вышынь сістэм дамбаў для аховы ад затапленняў у басейне р. Прыпяць.

Тв.:

Автоматизация математического моделирования движения воды и примесей в системах водотоков. Л., 1989.

т. 13, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас. р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМ,

долевая адзінка масы, роўная 0,001 кг. Пазначаецца г. 1 г з дакладнасцю да 0,2% роўны масе 1 см³ хім. чыстай вады пры т-ры яе найб. шчыльнасці (каля 4 °C).

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙКА,

мяккая скура, якую вырабляюць пераважна са шкур авечак і коз. Л. цягучая і пластычная, але няўстойлівая да ўздзеяння вады. З Л. вырабляюць галантарэйныя вырабы (напр., пальчаткі), верх абутку і інш.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)