ВІТЭРЫ́Т (ад прозвішча англ. мінералога У.Вітэрынга),
мінерал класа карбанатаў, карбанат барыю, BaCO3. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі рэдкія; часцей трапляецца ў выглядзе грубавалакністых мас, прамянёвых і шчыльных зярністых агрэгатаў. Колер белы да бясколернага, з жаўтаватым, бурым, зеленаватым адценнямі. Празрысты або прасвечвае. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 3,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных жылах з барытам і галенітам. Руда барыю і яго солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛКІН (Уладзімір Барысавіч) (9.9.1919, лясны кардон Белы ключ, Татарстан — 13.6.1997),
бел. вучоны ў галіне металургіі. Канд.тэхн.н. (1972). Сын Б.Дз.Жылкіна. Скончыў Артыл. акадэмію ў Самаркандзе (1943), Горны ін-т (1949, Ленінград). У 1973—91 у НДІ парашковай металургіі (Мінск). Навук. працы па гідраэлектраметалічнай вытв-сці нікелю, стварэнні новых фільтравальных элементаў. Распрацаваў сістэму ачысткі электралітаў нікелевай вытв-сці на аснове тытанавых фільтраў (у сааўт). Ленінская прэмія 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,
у Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Каменка. Пластавы паклад звязаны з адкладамі кампанскага яруса верхняга мелу. Мел белы і шараваты, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з рэдкімі ўключэннямі крэменю, каля ўскрышаў запясочаны. Перспектыўныя запасы 56,5 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,5—4 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 4—14,2 м. Мел прыдатны на выраб вапны, на вапнаванне глеб, як карбанатны кампанент цэментнай шыхты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДАФА́Н,
плато ў Судане, на З ад р.Белы Ніл. Пераважаюць выш. 500—1000 м, асобныя вяршыні да 1460 м (г. Тэмадынга). Выступ дакембрыйскага крышт. фундамента Афр. платформы з астраўнымі гарамі, што складзены з нубійскіх пясчанікаў. Цокальныя раўніны К. расчлянёныя далінамі часовых вадатокаў (уэдамі). Клімат субэкватарыяльны з летнімі дажджамі. Ападкаў 300—500 мм за год. Ландшафты на Пн — апустыненыя саванны, на Пд — умерана вільготныя саванны, травяністыя, з акацыямі, баабабамі, пальмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ТА,
чатырохколавы закрыты конны экіпаж. Пашыраны ў 17 — пач. 20 ст. пры дварах буйных магнатаў Еўропы і Расіі. Мела жал. рысоры, дзверцы і зашклёныя акенцы, пляцоўку для фурмана, якая адчлянялася ад кузава і ўзвышалася над пярэднім ходам. Фарбавалі ў цёмны, радзей папялісты, жоўты, белы колер, пакрывалі лакам, размалёўвалі, аздаблялі разьбой, знутры аббівалі скурай і тканінамі. Дэкор адпавядаў пэўнаму маст. стылю. Везлі К. 2—6 коней, запрэжаных папарна цугам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАБУ́ (Leptoptilos),
род птушак сям. буслоў атр. галянастых. 3 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць калоніямі на дрэвах або скалах паблізу балот.
Даўж. да 1,5 м, размах крылаў да 3 м. Спіна чорная або цёмна-шэрая, ніз цела белы. Дзюба масіўная. Галава і шыя пакрыты рэдкім пухам. На шыі голы гарлавы мяшок (у М. яванскага няма). Кормяцца жывёльным кормам, мярцвячынай. Нясуць 2—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЮНКУ́М, Мойынкум,
пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, паміж хрыбтамі Каратау і Кыргызскім на Пд і нізоўямі р. Чу на Пн. Пл. 40 тыс.км². Выш. ад 300 м на Пн да 700 м на ПдУ. Утворана ў выніку перавеву марскіх мелавых і рачных адкладаў р. Чу. Пераважаюць паўзарослыя градавыя і ўзгоркаватыя пяскі, часткова барханы. На схілах — белы саксаул, астрагалы; у паніжэннях — джузгун, палын. Зімовыя пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНЦЁР (франц. parlementaire ад parier гаварыць),
афіцыйная асоба, упаўнаважаная адным з ваюючых бакоў уступіць у перагаворы з другім бокам. Звычай пасылкі П. вядомы са старажытнасці. Прававы статус П. вызначаны Палажэннем да 4-й Гаагскай (1907) канвенцыі аб законах і звычаях сухап. вайны. П. абавязкова павінен мець адметны знак — найчасцей белы флаг. Ён і асобы, што яго суправаджаюць (трубач, гарніст або барабаншчык, перакладчык і той, хто нясе флаг), карыстаюцца правам недатыкальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАФІНО́ЗА,
трыцукрыд, які складаецца з астаткаў глюкозы, фруктозы і галактозы (C18H32O16 або C18H32O16∙5H2O). Пашырана ў раслінах (асабліва ў цукр. бураках). Салодкасць Р. складае 23% салодкасці цукрозы. Адносіцца да вугляводаў, якія не засвойваюцца арганізмам чалавека.
Белыкрышт. парашок, устойлівы да шчолачаў. Пад уплывам ферменту рафіназы Р. гідралізуецца на фруктозу і дыцукрыд мелібіёзу, ферменту эмульсіну — на цукрозу і галактозу. Выкарыстоўваецца як харч. дабаўка для атрымання сумесей вугляводаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВІЧА́НКА,
рака ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р.Волка (бас.р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 37 км². Пачынаецца на зах. схілах Мінскага ўзв. за 1 км на ПдЗ ад в. Сівіца, цячэ па Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Волка за 7,8 км на ПдУ ад в.Белы Бераг Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пойма пераважна забалочаная. Рэчышча да вусця на працягу 4,1 км каналізаванае.