«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,

часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш.). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.​Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.​Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.​Лявіцкага (Ядвігіна Ш.). Друкаваў апавяданні Я.​Піліпава, В.​Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБА́К Алесь (Аляксандр Пятровіч; н. 7.11.1934, в. Макаўчыцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у час. «Вожык», «Бярозка», газ. «Калгасная праўда», на Бел. радыё. У 1966—72 у сакратарыяце Прэзідыума Вярх. савета СССР, адначасова выкладаў бел. мову ў Літ. ін-це імя М.​Горкага. З 1972 нам. адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—95 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. У цэнтры ўвагі яго твораў маральна-этычныя праблемы. Аўтар зб. апавяд. і гумарэсак «Дарогі бываюць розныя» (1972), рамана «Трэба было жыць» (1990), кн. для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

Тв.:

Што пасееш...: Аповесць, апавяданні. Мн., 1982.

т. 13, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РСКІ Аляксей Іванавіч (8.10.1865, С.-Пецярбург ці г. Жытомір, Украіна —6.12.1942),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1892. У аповесцях «Злачынец» (1900), «Рыжык. Прыгоды маленькага бадзягі» (1901, экранізавана, 1960) з дэмакратычных пазіцый паказаны свет адрынутых — беспрытульнікаў, зняволеных, яўр. беднаты. Аповесці «Запіскі рабочага» (1906), «Чорныя людзі» (1908) пра рабочы клас. Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Растоўскія трушчобы» (1893), «У сценах турмы» (1894), «На радзіме» (1902), «Яўрэйскія апавяданні», «Дзеці вуліцы» (абодва 1909), аўтабіягр. кн. «Гісторыя майго жыцця» (ч. 1—5, 1929—34, асобнае выд. 1940) і інш.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—10. М., 1928—30;

История моей жизни. М., 1947;

Рыжик: Повесть. Мн., 1997.

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́ІНЬ, Скуіньш (Scujiŋš) Зігмундс (н. 25.12.1926, Рыга), латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ Латвіі (1973). Нар. пісьменнік Латвіі (1985). Друкуецца з 1949. Аўтар раманаў «Унукі Калумба» (1961, Дзярж. прэмія Латвіі 1965, экранізаваны ў 1965 пад назвай «Да восені далёка»), «Серабрыстыя воблакі» (1967), «Мужчына ў росквіце гадоў» (1974), «Мемуары маладога чалавека» (1981), «Выхад злодзея сэрцаў» (2001), аповесцей «Гарнастай на асфальце», «Вялікая рыба» (абедзве 1980), апавяданняў, навел, нарысаў, эсэ, успамінаў і інш. Яго прозе ўласцівы лаканічны, трапны стыль, напружаныя афарыстычныя дыялогі, незвычайныя параўнанні, цікавыя партрэты. На бел. мову асобныя апавяданні С. перакладалі В.​Рабкевіч, В.​Сёмуха, А.​Ставер.

Тв.:

Рус. пер. — Бальзам. М., 1976;

Нагота. Рига, 1981.

М.​Абала.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯПА́НАЎ Барыс Міхайлавіч (31.1.1927, г. Петрапаўлаўск, Казахстан — 27.11.1992),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1956). З 1956 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Фільмы С. вызначаюцца грамадзянскасцю, эмацыянальнасцю выразных сродкаў, моцнымі, неадназначнымі характарамі, спалучэннем рэаліст. плыні падзей з лірыка-рамант. інтанацыяй. Сярод работ: «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Альпійская балада» (1966, прыз на Міжнар. кінафестывалі ў Дэлі, 1968), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1971), «Воблакі» (1973), «Воўчая зграя» (1975), «Гарантую жыццё» (1978); фільмы «Мы наш, мы новы...» і «Мірнае лета 21 года...» (1980), «Усходні рубеж» (1982), «Чырвоны пясок» (1984) у тэлесерыяле «Дзяржаўная граніца».

А.​А.​Карпілава.

т. 15, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРО́ПКА Вітаўт (Віктар Кузьміч; н. 21.8.1961, Мінск),

бел. пісьменнік. З 1981 працаваў на Мінскім трактарным заводзе і інш. З 1990 у час. «Хрысціянская думка», «Спадчына», «Беларуская мінуўшчына»; з 1998 у «Беларускім гістарычным часопісе». Аўтар гіст. рамана «Храм без бога» (1992) пра падзеі на Беларусі ў 16 ст. Кнігі гіст.-літ. нарысаў «Імя ў летапісе» (1994) і «Уладары Вялікага княства» (1996) прысвечаны славутым постацям бел. гісторыі 10—17 ст. Зб. нарысаў «Гісторыя нашага імя» (1995) пра паходжанне назваў «Белая Русь» і «Літва». Даследуе язычніцкую культуру Беларусі.

Тв.:

Перамога ценю: Аповесці. Апавяданні. Эсэ. Мн., 1996;

Уладары Вялікага княства. 2 выд. Мн., 2002.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 17, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НЧАНКА Мікола (Мікалай Ігнатавіч; 22.6.1931, в. Забалацце Магілёўскага р-на — 19.7.2000),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1956). Настаўнічаў, працаваў у раённых газетах у Рагачове, Жлобіне, Калінкавічах, Карме Гомельскай вобл. Друкаваўся з 1958. У паэт. творах патрыят. і інтымныя матывы, сувязь з фальклорам, тэмы маладосці і дружбы. Аўтар зб-каў вершаў «Разнатраўе» (1971, на рус. мове), «Кросны» (1980), «Залаты вулей» (1986), «Жыцейка-жыта» (1990) і апавяданняў «З людзьмі — добра» (1973), «Жменька жалудоў» (1989), кніжкі-маляванкі «Лета ў серванце» (1981). Пісаў гумарэскі, байкі, частушкі, казкі. Перакладаў на бел. мову з рус., укр. і інш. моў.

Тв.:

Зраблю сонейка: Апавяданні і казкі. Мн., 1978.

т. 18, кн. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРО́МУШКІН Мікалай Несцеравіч (17.12.1904, г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл. — 10.6.1983),

рускі і бел. пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1927—29). Працаваў у Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў (1927—28), з 1932 у часопісах «Рост», «Мурзилка», выд-ве ЦДРАМ. У 1949—64 у газ. Бел. ваен. акругі «Во славу Родины». Друкаваўся з 1925. Пісаў на рус. мове. Асн. тэматыка творчасці — армейскае жыццё. Аўтар кн. апавяд. «Гітара» (1927), «Госця» (1929), «Малады чалавек» (1930), п’ес і інш. Аповесці «Гасударава ўзнагарода» (1968), «Канец двара яго вялікасці» (1969) на гіст. тэматыку. Пісаў для дзяцей. Пераклаў на рус. мову асобныя апавяданні А.​Карпюка, У.​Краўчанкі, І.​Пташнікава і інш.

т. 18, кн. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН (London) Джэк [сапр. Грыфіт

(Griffith) Джон; 12.1.1876, г. Сан-Францыска, ЗША — 22.11.1916], амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Каліфарнійскім ун-це (1896—97). Быў золаташукальнікам на Алясцы (1897—98). Друкаваўся з 1893. Вядомасць яму прынеслі т. зв. паўночныя апавяданні, у якіх дадзены яркія апісанні суровай паўн. прыроды і паводзіны чалавека ў іх: зб-кі «Сын ваўка» (1900),

«Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці марозу» (1902), раман «Дачка снягоў» (1902). Майстар анімалістычнага жанру (аповесці «Кліч продкаў», 1903, экранізацыя 1972; «Белы Ікол», 1906, экранізацыя 1946) і т.зв. марской прозы (раман «Марскі воўк»,1904, экранізацыя 1941; зб. «Апавяданні паўднёвых мораў», 1911). Пад уплывам барацьбы амер. пралетарыяту і рэвалюцыі 1905—07 у Расіі выдаў зб-кі публіцыстычных артыкулаў «Вайна класаў» (1905), «Рэвалюцыя» (1910), раман-утопію «Жалезная пята» (1908). Вяршыня творчасці Л. — аўтабіягр. раман «Марцін Ідэн» (1909) пра трагічны лёс пісьменніка з народа. Аўтар раманаў «Месячная даліна» (1913), «Маленькая гаспадыня Вялікага дома» (1916), «Сэрцы трох» (выд. 1920) і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі А.​Якімовіч, А.​Мардвілка, Н.​Саламевіч, А.​Саламевіч, У.​Чаркас.

Тв.:

Бел. пер. — Незвычайны адрывак. Мн., 1926;

Бук — паштовы сабака Мн., 1930;

Забаставаў. Мн., 1931;

Кулі. Мн., 1931;

Сказанне аб Кішы. Мн., 1938;

Смок Белью.

Мн., 1947; Кліч продкаў; Любоў да жыцця; Белы Ікол. Мн., 1997; Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—13. М., 1976; Мартин Иден: Роман; Рассказы. Мн., 1985; Маленькая хозяйка Большого дома; Сердца трех. Мн., 1987; Золотой каньон: Рассказы. Мн., 1998.

Літ.:

Балтроп Р. Джек Лондон, человек, писатель, бунтарь: Пер. с англ. М., 1981;

Стоун И. Моряк в седле: Биография Д.​Лондона: Пер. с англ. Мн., 1984.

Дж.Лондан.

т. 9, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯ́НКІ Віталь Валянцінавіч (11.2.1894, С.-Пецярбург — 10.6.1959),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Петраградскім ун-це. Аўтар навук.-мастацкіх кніг для дзяцей пра прыроду, яе таямніцы, жыццё звяроў і птушак: «Лясная газета на кожны год» (1928, 11-е выд. 1969), «Краіна звяроў» (1935), «Нашы птушкі» (1938, выд. 1967) і інш., зб-каў апавяданняў «Заечыя хітрыкі» (1941), «Кулець» і іншыя апавяданні» (1953), «Выпадковыя сустрэчы» (1947), «Птушкі свету» (1960), а таксама аповесцяў і казак. Творы Біянкі на бел. мову перакладалі З.​Верас, К.​Кірэенка, С.​Міхальчук, М.​Цэлеш, А.​Чаркасаў, А.​Якімовіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1972—75.

Літ.:

Гроденский Г. Виталий Бианки. 2 изд. М., 1966.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)