буйны ваен. флот, створаны Іспаніяй у 1586—88 для заваявання Англіі ў час англа-ісп. вайны 1587—1604. Складалася з высакабортных цяжкакіроўных караблёў, прызначаных пераважна для абардажнага бою (128 караблёў з 2,4 тыс. гармат, больш за 8 тыс. матросаў і 19 тыс. салдат). «Н.а.» пад камандаваннем герцага А.П.Медыны-Сідоніі 30.5.1588 выйшла з Лісабона, але з-за шторму затрымалася ў Ла-Каруньі да 22 ліпеня. Меншыя, але больш манеўраныя англ. караблі з моцнай артылерыяй (197 караблёў з 6,5 тыс. гармат, 12 тыс. матросаў і 4 тыс. салдат) пад камандаваннем Ч.Хоўарда і Ф.Дрэйка 31 ліп. — 8 жн. ў Ла-Маншы неаднаразова атакавалі «Н.а.» і нанеслі ёй значныя страты (патапілі каля 20 караблёў). Не дасягнуўшы мэты, ісп. флот рушыў вакол Брыт. а-воў назад у Іспанію, але каля Аркнейскіх а-воў і берагоў Ірландыі ў выніку шторму каля 40 караблёў патанулі, і ў вер. 1588 у Сантандэр вярнуліся толькі 65 караблёў з 9—10 тыс.чал. Гібель «Н.а.» падарвала марскую магутнасць Іспаніі.
Літ.:
Стенюи Р. Сокровища Непобедимой Армады: Пер. с фр.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РФАЛК (Norfolk),
уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах.ч. Ціхага ак.Пл. 36 км². Нас. 2,2 тыс.чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц. мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
вызваленчае антыфаш. паўстанне насельніцтва Парыжа ў час 2-й сусв. вайны. Адбылося 19—25 жніўня. Было кульмінацыяй руху Супраціўлення, які асабліва актывізаваўся і пашырыўся ва ўмовах паспяховых дзеянняў англа-амер. саюзнікаў у Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944 і «Оверлорд»), а таксама шэрагу паражэнняў вермахта на ўсх. фронце. Узбр. выступленне патрыётаў рыхтавалася арг-цыяй фронту ўнутр. сіл, якія ў чэрв. 1944 налічвалі 500 тыс.чал., пры актыўнай падтрымцы франц. кампартыі. Непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляў Парыжскі к-т вызвалення на чале з А.Тале; камандаваў унутр. арміяй Парыжскага р-на палк. А.Роль-Тангі. У выніку вулічных баёў патрыёты за 6 дзён вызвалілі б.ч. Парыжа. Вечарам 24 жн. ў горад увайшло падраздзяленне франц. бранятанк. дывізіі ген. Ф.Леклерка і 25 жн. аказала дапамогу парыжанам у ліквідацыі апошніх ваен. апорных пунктаў акупантаў. Гарнізон ням.-фаш. войск капітуляваў. У той жа дзень у Парыж прыбыў кіраўнік Часовага ўрада Франц. рэспублікі Ш. дэ Голь.
Да арт.Парыжскае паўстанне 1944: 1 — заклік Парыжскага камітэта вызвалення да насельніцтва сталіцы; 2 — французскія патрыёты на барыкадах у Парыжы. Жнівень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,
міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр.ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́НА (Messina),
горад у Італіі, на ПнУ в-ва Сіцылія. Адм. ц.прав. Месіна. Каля 300 тыс.ж. (1997). Порт на Міжземным м. Чыгуначным паромам праз Месінскі праліў звязаны з гарадамі Рэджа-ды-Калабрыя і Віла-Сан-Джавані. Прам-сць: суднабуд., нафтаперапр., цэм., плодакансервавая, тэкстыльная. Ун-т (з 1548). Арх. помнікі 12—16 ст. Ваенна-марская база.
Засн. каля 735 да н.э. пад назвай Занкла грэч. каланістамі з а-воў Наксас і Эўбея на месцы паселішча племя сікулаў. У 490 да н.э. заваявана Анаксіласам Рэгійскім (выхадцам з грэч. вобласці Месенія, адсюль назва). З 461 да н.э. М. — рэспубліка. У 396 да н.э. горад зруйнавалі карфагеняне. У 312 да н.э. заваяваны Агафоклам, у 282 да н.э. — мамерцінцамі (наз. Мамерціна). Пазней горадам па чарзе валодалі сарацыны (з 831), грэкі (з 1038), нарманы (з 1061), іспанцы (з 1678). У 1873 і 1903 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У 1848 бамбардзіраваны і заняты неапалітанцамі. Вызвалены ў 1860 Дж.Гарыбальдзі, увайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну ў ходзе Сіцылійскай аперацыі 1943 заняты англа-амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖО́РНАЛ ОВ БЕЛАРА́ШН СТА́ДЫЗ»
(«The journal of Byelorussian studies», «Часопіс беларускіх даследаванняў»),
часопіс Англа-беларускага т-ва ў Вялікабрытаніі. Выдаваўся ў 1965—88 у Лондане на англ. мове 1 раз у год. Рэдактары А.Макмілін (1965—71), Дж.Дзінглі (1972—79), П.Мэё (1980—88). Распаўсюджваўся ва універсітэцкія і грамадскія б-кі, навук. ўстановы, суполкі, т-вы ў Англіі, ЗША, Канадзе, Ізраілі, Германіі, Польшчы і інш. краінах Усх. Еўропы, а таксама на Беларусі (да пач. 1990-х г. знаходзіўся ў спецсховах). Дасылаўся індывід. падпісчыкам. Друкаваў працы бел. даследчыкаў на эміграцыі і замежных вучоных па гісторыі Беларусі, беларусазнаўстве, бел. культуры. літаратуразнаўстве, мовазнаўстве і інш. Публікацыі часопіса вызначаюцца грунтоўнай крыніцазнаўчай базай, выкарыстаннем шматлікіх дакументаў па гісторыі Беларусі з архіваў і б-к на Захадзе, даследаванняў, зробленых на Беларусі. У 1972—79 друкаваў «выбраную беларускую бібліяграфію» (складальнік А.Надсон) публікацый пра Беларусь замежных аўтараў і даследчыкаў на Беларусі, навук. працы ін-таў гісторыі, л-ры і мовазнаўства АН Беларусі. У раздзеле «Беларуская хроніка» (да 1980) асвятляў міжнар. дзейнасць Беларусі ў ААН, ЮНЕСКА, Міжнар. арг-цыі працы, эканам., рэліг. і грамадска-паліт. жыццё бел. дыяспары. Выйшаў 21 нумар у 6 т., у т. л. 2 здвоеныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАНЧЖО́Ў, Кантон,
горад у Кітаі. Адм. ц. правінцыі Гуандун. 3,2 млн.ж., з прыгарадамі каля 4 млн.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Чжуцзян. Прамысл. і гандл. цэнтр Паўд. Кітая, цесна звязаны з Сянганам. Пераважае тэкст. (джут, рамі, бавоўна, шоўк), харчасмакавая (цукр., плодакансервавая) і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Чорная металургія, суднабудаванне, маш.-буд. (асабліва с.-г.), хім., цэм. Прадпрыемствы. Саматужныя промыслы. Міжнар. кірмашы. Філіял АН, ун-т. Музеі, Бат. сад. Сярод арх. помнікаў — храм Гуансяосы з жал. пагадай (963). Мемар. зала Сунь Ятсена.
Вядомы з 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі — буйны гандл. порт. З 18 ст. адзіны порт Кітая для абмежаванага гандлю чужаземцаў. У час Англа-кітайскай вайны 1840—42 цэнтр масавага супраціўлення каланізатарам. У 1910 і 1911 у Гуанчжоў адбыліся антыўрадавыя паўстанні. У 1923—26 тут размяшчаліся нац.-рэв. ўрад, камандаванне нац.-рэв. арміі. У 1927 адбылося ўзбр. паўстанне супраць галінданаўскага рэжыму. У 1938—45 акупіраваны яп., у 1945—49 — гамінданаўскімі войскамі. Вызвалены ў 1949 нар.-вызв. арміяй.
Да арт.Гуанчжоў. Від на р. Чжуцзян і цэнтральную частку горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́Л,
горад, сталіца Афганістана. Адм. ц. правінцыі Кабул. Знаходзіцца ў даліне р. Кабул на выш. 1820 м. 2029 тыс.ж. з прыгарадамі і лагерамі бежанцаў (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: аўтарамонтная, буд. (у т. л. домабуд. камбінат), фармацэўтычная, метала- і дрэваапр., гарбарна-абутковая, харч., тэкстыльная. Вытв-сць дываноў. Ун-т. Політэхн.ін-т. Афганская гісторыка-філал. акадэмія, Нац.АН. Гісторыка-этнагр. музей.
Упершыню згадваецца грэч. вучоным Пталамеем (2 ст.) як Кабур або Карур — горад у Кушанскім царстве. З 6 ст.мясц. правіцелямі былі Кабул-шахі. У час араб. заваяванняў горад трапіў пад уладу халіфа Муавіі I (правіў у 661—680). Ў 9 ст. заваяваны Сафарыдамі, пазней ім валодалі Саманіды, Газневіды, Цімурыды. У 13 ст. зруйнаваны Чынгісханам. Найб. росквіту дасягнуў у 16 ст., калі Бабур зрабіў К. сталіцай (з 1504) дзяржавы Вял. Маголаў. У 1738 захоплены Надзір-шахам. З 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы, з 1773 яе сталіца. З 1818 цэнтр Кабульскага княства. У 1-ю (1838—42) і 2-ю (1878—80) англа-афг. войны акупіраваны англічанамі. З 1880 сталіца афг. дзяржавы. Значна разбураны ў час грамадз. вайны, якая працягваецца з 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н, Канстанцінас (Kōnstantinos),
імя каралёў Грэцыі ў 20 ст. з дынастыі Глюксбургаў.
Канстанцін I (2.8.1868, Афіны — 11.1.1923), кароль у 1913—17 і 1920—22, военачальнік. Сын Георга I, бацька Георга II (гл.Георг), Аляксандра і Паўла I. Камандаваў грэч. арміяй у грэка-тур. вайну 1897 і ў час Балканскіх войнаў 1912—13. Выступаў за нейтралітэт Грэцыі ў 1-ю сусв. вайну, пад націскам вярх. камісара Антанты ў г. Салонікі (з кастр. 1915 акупіраваны англа-франц. войскамі) у чэрв. 1917 адрокся ад прастола на карысць сына Аляксандра. Зноў правіў пасля смерці Аляксандра. Канчаткова адрокся ад улады пасля паражэння Грэцыі ў грэка-турэцкай вайне 1919—22.
Канстанцін II (н. 2.6.1940, каля Афінаў), кароль у 1964—74. Сын Паўла I (правіў у 1947—64). Скончыў арыстакратычны каледж Анаўрыта і Афінскі ун-т. Ваен. падрыхтоўку набыў у вучылішчах Грэцыі (1956—58). Абвешчаны каралём пасля смерці бацькі. Пасля няўдалай спробы ў снеж. 1967 спыніць устанаўленне ваен. дыктатуры на чале з палк. Г.Пападопуласам эмігрыраваў. Пазбаўлены ўлады пасля падзення ваен. дыктатуры (ліп. 1974) і правядзення рэферэндуму аб скасаванні манархіі. Алімп. чэмпіён па парусным спорце (Рым, 1960).