БРАВА́РСКАЯ (Зінаіда Іванаўна) (н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),

бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.Астроўскага), Нора («Нора» Г.Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЕ́ЛЬКА (Зінаіда Ігнатаўна) (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.Дорскага і К.Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага і «Парог» А.Дударава), Паліна («Трыбунал» А.Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш.

Т.Я.Гаробчанка.

З.І.Канапелька.
З.Канапелька ў ролі Насці.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАРЭ́ВІЧЫ, Азарэвічавы,

сям’я бел. і рус. акцёраў 18—19 ст.

Пелагея (па сцэне Жывакіна; ?, Шклоў — ?), артыстка балета. Прыгонная. Вучылася ў балетмайстра Марыядзіні. Пры мадонна балета Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1799 адпушчана на волю, выступала на пецярбургскай, потым да 1812 на маскоўскай сцэне. Маці акцёра В.І.Жывакіні.

Кацярына Лук’янаўна (?, Шклоў — пасля 1870), артыстка балета. Прыгонная. Пляменніца Пелагеі, маці Надзеі і Марыі Азарэвіч. Вучаніца балетмайстра М.Пранчынскага. Да 1799 вядучая танцоўшчыца Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 перададзена дырэкцыі Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў. У 1802 адпушчана на волю.

Надзея Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 1-я, па мужу Навіцкая; каля 1802, Пецярбург — ?), артыстка балета і драмы. Вучылася ў імператарскім тэатр. вучылішчы ў балетным класе і ў т.зв. «маладой трупе» А.Шахаўскога. У 1821—27 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне. Вызначалася ў пантамімных балетах Агюста і Ш.Дзідло.

Марыя Апалонаўна (па сцэне Азарэвіч 2-я; 1804, Пецярбург — 14.11.1888), драм. актрыса. Вучаніца Шахаўскога і К.Сямёнавай. У 1821—43 выступала на пецярбургскай імператарскай сцэне ў трагедыях і камедыях. Першая выканаўца ролі Лізы ў спектаклі «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (паст. 1831).

Да арт. Азарэвічы. Надзея Апалонаўна і Марыя Апалонаўна. Невядомыя мастакі.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНКУ́Р (Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870), французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд. т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник. Т. 1—2. М., 1964;

Братья Земганно;

Актриса Фостен. Жермини Ласерте;

М., 1972

С.В.Логіш.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК (Тамара Іванаўна) (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл. драм. т-ры. З 1975 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш; у т-ры імя Я.Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Каця («Эшалон» М.Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.Хігінса, Ж.К.Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага) і інш.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАВА (Наталія Раманаўна) (н. 21.11.1940, С.-Пецярбург),

артыстка балета. Засл. арт. Расіі (1969). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1959). З 1959 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава. З 1970 у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (Нью-Йорк), у 1972—89 адначасова ў Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. Для яе творчасці характэрны унікальная пластычнасць, дасканалае майстэрства, вонкавая вытанчанасць і ўнутр. тэмперамент. Сярод партый: Адэта—Адылія, прынцэса Фларына і Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Крыўляка і Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жар-птушка («Жар-птушка» І.Стравінскага), Манон («Манон Леско» на муз. Ж.Маснэ), Таццяна («Анегін» на муз. Чайкоўскага), у мініяцюры «Святло Месяца» на муз. К.Дэбюсі. Выступае як балетмайстар, драм. актрыса, у т. л. ў спектаклі «Двое на арэлях» У.Гібсана ў Т-ры Р.Вікцюка. Ёй прысвечаны тэлефільмы «Асалюта» (1978), «Наташа» (1985), «Вяртанне Макаравай», «Ленінградская легенда» (абодва 1989; усе Вялікабрытанія). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1965), прэмія імя Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Аўтар прац па праблемах харэаграфічнага мастацтва, аўтабіяграфіі (1979).

Літ.:

Красовская В. Н.Макарова // Ленинградский балет сегодня. Л.;

М., 1967. Вып. 1;

Н.Макарова: Восемнадцать лет спустя. М., 1993;

Clarke M., Crisp C. Ballerina: The art of women in classical ballet. London, 1987.

Н.Макарава ў мініяцюры «Святло Месяца» на музыку Дэбюсі.

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАВА (Кацярына Сяргееўна) (н. 1.2.1939, Масква),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Жонка У.Васільева. Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958, педагог Л.Герт), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980). У 1958—88 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1982 выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. З 1990 балетмайстар-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца. Выступала ў спектаклях маскоўскага Дзярж. т-ра класічнага балета і інш., у т. л. замежных, трупах. Яе творчасць адметная віртуознай тэхнікай, вытанчанай мяккасцю ліній, глыбокім псіхалагізмам. Выканала партыі Машы, Аўроры, Адэты—Адыліі («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Фрыгіі («Спартак» А.Хачатурана), Эолы («Ікар» С.Сланімскага), Шуры Азаравай («Гусарская балада» Ц.Хрэннікава), Анюты («Анюта» на муз. В.Гаўрыліна), Кацярыны, Папялушкі, Джульеты («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кігры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Музы («Паганіні» на муз. С.Рахманінава), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева). Знялася ў тэлевізійных балетах, тэлефільмах-канцэртах, маст. фільме-оперы «Травіята» (1982) і інш. Як драм. актрыса выступіла ў маст. фільме «Фуэтэ» (1986), монаспектаклі «Песня песняў» паводле «Бібліі» (1990, 1994) і інш. Творчасці М. і Васільева прысвечаны тэлефільмы «Дуэт» (1973), «I засталося, як заўсёды, недавыказанае штосьці...» (1990), франц. відэафільм «Каця і Валодзя» (1989). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1957), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964). Прэміі Г.Паўлавай (1969) і М.Петыпа (1972; Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1981. Дзярж. прэмія Расіі 1991.

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Константинова М. Е.Максимова. М., 1982;

Белова Е. Ракурсы танца: Телевизионный балет. М., 1991.

Л.А.Сівалобчык.

К.Максімава ў ролі Папялушкі.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)