ПАЛЕ́СКІЯ КО́НІ,

старажытная папуляцыя коней паўн. ляснога тыпу Бел. і Укр. Палесся. Паходзяць ад тарпанаў. У паўд., паўд.-зах. і зах. ч. арэала палепшаны заводскімі пародамі, большыя. Выкарыстаны для вывядзення беларускага запражнога каня. На Беларусі гадуюць у гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абл.

Выш. ў карку жарабцоў бел. П.к. 137 см (макс. 140), даўж. тулава 146 см, маса 392 кг; кабыл адпаведна 135 см (макс. 139,5), 141 см, 367 кг. Масці: буланая, вараная, гнядая, мышастая, рыжая і інш. Тулава кампактнае, вузкае, спіна і шыя прамыя, крыж кароткі, грудзі шырокія, глыбокія. Ногі сухія, дужыя. Даўгавечныя, пладавітыя, непатрабавальныя, трывалыя; выкарыстоўваюцца на палявых і трансп. работах.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТА́НЫ,

насычаныя ацыклічныя вуглевадароды агульнай формулы C5H12. Існуюць 3 ізамеры: П. нармальнай будовы, ці нармальны пентан CH3(CH2)3CH3, ізапентан (CH3)2CHCH2CH3 (2-метылбутан), неапентан (CH3)4C (2,2-дыметылпрапан).

Нармальны і ізапентан бясколерныя лёгкакіпячыя вадкасці (tкіп 36,07 °C і 27,85 °C адпаведна), неапентан — газ (tкіп 9,5 °C). Раствараюцца ў арган. растваральніках, не раствараюцца ў вадзе. П. ёсць у газавым кандэнсаце, нафце, прадуктах перапрацоўкі сланцавай смалы, з якіх іх вылучаюць рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць нармальны П. у арган. сінтэзе (напр., для атрымання ізапентану, амілавых спіртоў і іх эфіраў), як растваральнік; ізапентан як кампанент высокаактанавых бензінаў (тэхн. мае актанавы лік 90), сыравіну для атрымання ізапрэну. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТ асяроддзя,

адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і для змешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл. Фотаметрыя).

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМІ́ТЫ (ад грэч. sōma цела), першасныя сегменты цела,

парныя метамерныя ўтварэнні, на якія ў працэсе зародкавага развіцця падзяляецца мезадэрма (у большасці беспазваночных) або яе дарсальная ч., што прылягае да нерв. трубкі і хорды (у хордавых). Як правіла, С. паступова пашыраюцца ад пярэдняга канца цела да задняга. У хордавых кожны С. пры развіцці падзяляецца на дэрматом, міятом і склератом; з іх утвараюцца адпаведна злучальнатканкавая ч. скуры разам з яе вытворнымі, тулаўная мускулатура і восевы шкілет (у рыб і шкілет плаўнікоў). С. вызначаюць метамерыю зачаткаў эктадэрмальнага паходжання або тых, што ўтвараюцца пры ўдзеле эктадэрмы (спінальных нерв. вузлоў у пазваночных, канечнасцей у беспазваночных).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНАЛАГРА́МА,

любы носьбіт інфармацыі з сігналамі запісанай інфармацыі. У залежнасці ад характару запісанай інфармацыі і віду носьбіту С. мае назвы відэафанаграма, фанаграма і інш. Акрамя асн. інфармацыі можа мець службовыя сігналы.

Паводле спосабу і фармату запісу, канструкцыі прылад запісу-ўзнаўлення, канкрэтных носьбітаў запісу С. бывае мех., магн., аптычная і інш.; падоўжная, радковая, папярочна-радковая, нахілена-радковая, многаканальная і інш. Фармат С. вызначае яе памеры, а таксама памеры, размяшчэнне, прызначэнне і змест зон, дарожак, радкоў і слаёў запісу, фарматы кодаў і віды сігналаў. Напр., фармат DAT — лічбавая магн. фанаграма ў касеце, CD і DVD — адпаведна аптычная фанаграма і відэафанаграма на дыску.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦВІ́ГА,

рака ў Ровенскай вобл. Украіны, Столінскім р-не Брэсцкай і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 178 км, пл. вадазбору 5,3 тыс. км²; у межах Беларусі адпаведна — 112 км і 4,3 тыс. км². Пачынаецца ў Ракітнаўскім р-не Ровенскай вобл., вусце за 2 км на ПнУ ад в. Пагост Жыткавіцкага р-на. Цячэ ў межах Прыпяцкай нізіны. Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шыр. 0,5—1 км, ніжэй невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма двухбаковая, роўная, пераважна забалочаная. Рэчышча свабодна меандруе, моцназвілістае, разгалінаванае, у вярхоўі каналізаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—30 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 15, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВЫ КРЫ́ЗІС,

глыбокае разладжванне дзяржаўнай фінансавай, грашовай сістэмы. Праяўляецца ў рэзкай неадпаведнасці даходаў бюджэту іх выдаткам, нестабільнасці і падзенні валютнага курсу нац. грашовай адзінкі, узаемных неплацяжах эканам. суб’ектаў, неадпаведнасці грашовай масы ў абарачэнні патрабаванням грашовага абарачэння. Выяўляецца ў хранічным бюджэтным дэфіцыце, выклікае інфляцыю. Рост бюджэтнага дэфіцыту выклікае вял. павелічэнне дзярж. доўгу, а плата працэнтаў па ім у сваю чаргу абцяжарвае бюджэт і павялічвае яго дэфіцыт. Звязаная з бюджэтным дэфіцытам пагроза інфляцыі падрывае дзярж. крэдыт. Напружанае становішча дзярж. бюджэту і дзярж. крэдыту непазбежна цягне за сабой рост падаткаў і адпаведна зніжэнне рэальнай заработнай платы. Ф.к. звычайна звязаны з агульнымі крызісамі эканамічнымі, якія перыядычна паўтараюцца ў рыначнай эканоміцы.

т. 16, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРУАСА́Р (Froissart) Жан (каля 1337, г. Валансьен, Францыя — пасля 1404),

французскі храніст і паэт. Служыў пры двары англ. караля, потым франц. знаці. Гісторык франц. і англ. рыцарства, у «Хроніках» апісаў ваен. і паліт. падзеі 1327—1400 (гал. ч. Стогадовай вайны 1337—1453), мяняў паліт. арыентацыю адпаведна інтарэсам сваіх апекуноў (першапачаткова англічан, потым французаў). Для збору матэрыялу падарожнічаў па Англіі, Францыі, Іспаніі, Італіі, таксама выкарыстаў працы льежскага храніста Ж.​Лебеля. З канца 15 ст. «Хронікі» шмат разоў выдаваліся, аказалі ўплыў на хранаграфію (асабліва англ.) 15—16 ст. Вершы і паэмы Ф. напісаны ў духу куртуазнай літаратуры.

Тв.:

Рус. пер. — Любовный плен. М., 1994.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).

На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл. рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pv​γ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.

Адыябатны працэс: адыябата ідэальнага газу.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕЎПЛАІДЫ́Я (ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від), гетэраплаідыя,

спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз. манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі пры генет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.

Схема анеўплаідыі.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)