БЕЛАРУ́СКІЯ АКАДЭМІ́ЧНЫЯ ТВО́РЧЫЯ МАЙСТЭ́РНІ.

Засн. ў 1981 у Мінску як творчая майстэрня жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР. З 1983 сучасная назва. Кіраўнік М.Савіцкі. Створаны таксама майстэрні скульптуры (з 1983, кіраўнік З.Азгур, з 1994 — Л.Гумілеўскі), графікі (з 1987, кіраўнік Г.Паплаўскі). У майстэрнях маладыя мастакі з вышэйшай адукацыяй на працягу 3 гадоў удасканальваюць сваё прафес. майстэрства. Сярод выпускнікоў: В.​Альшэўскі, В.​Баранаў, І.​Бархаткоў, А.​Грышкевіч, А.​Дранец, Л.​Журавовіч, А.​Задорын, Р.​Заслонаў, У.​Кожух, В.​Ксяндзоў, П.​Лук, А.​Савіцкі, А.​Фралякоў, Ф. і В.​Янушкевіч і інш.

А.​М.​Савіцкі.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ ((Bielski) Іахім) (каля 1540, в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 8.1.1599),

польскі храніст і пісьменнік. Сын Марціна Бельскага. Вучыўся ў лютэранскай акад. гімназіі ў Бжэгу. З 1588 каралеўскі сакратар. У 1597 выдаў «Хроніку Польшчы» — грунтоўную пераробку з дапаўненнямі адной з кніг «Хронікі ўсяго свету» бацькі, якая даведзена да 1586 і асвятляе падзеі з пазіцый шляхты. Магчыма, з’яўляецца аўтарам «Далейшага працягу Польскай хронікі», дзе выкладзены падзеі 1587—98 (выд. ў Варшаве ў 1851). У творы падрабязна апісаны падзеі, звязаныя з Налівайкі паўстаннем 1595—96.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЛ ((Beadle) Джордж Уэлс) (22.10.1903, Уаху, штат Небраска, ЗША — 9.6.1989),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Небраскі (1926) і Корнелскі (1931) ун-ты. З 1931 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1936 у Гарвардскім ун-це. З 1937 праф. Станфардскага ун-та, у 1946—61 — Каліфарнійскага тэхнал. ін-та, да 1968 прэзідэнт Чыкагскага ун-та. Навук. працы па біяхім. генетыцы. Адзін з аўтараў (1941) фундаментальнай канцэпцыі: «адзін ген — адзін фермент» (кожны ген адказвае за сінтэз толькі аднаго фермента). Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Э.Тэйтэмам і Дж.Ледэрбергам).

Дж.У.Бідл.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІН ((Bean) Алан) (н. 15.3.1932, Уілер, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС. Скончыў Тэхаскі ун-т (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. З Ч.​Конрадам і Р.​Горданам здзейсніў 14—24.11.1969 палёт на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Конрадам) на яго паверхню. 28.7—25.9.1973 разам з О.​Гэрыётам і Дж.​Лусмам ажыццявіў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (з выхадам у адкрыты космас). Агульная працягласць палёту 69,7 сут. Уладальнік 11 сусв. рэкордаў у галіне касм. палётаў. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр. нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.​Г.​Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСАВЫ́ АПАРА́Т,

сукупнасць анатамічных структур, з дапамогай якіх у чалавека і жывёл з лёгачным дыханнем утвараюцца гукі. Складаецца з галасавых звязак — складкі са злучальнай тканкі на ўнутр. паверхні бакавых сценак гартані. Прамежак паміж імі — галасавая шчыліна. Ва ўтварэнні гукаў удзельнічаюць дыхальныя шляхі (трахея, бронхі), а таксама лёгкія. На адценні гукаў уплываюць глотка, насавая поласць з прыдаткавымі пазухамі, ротавая поласць. Паветра з лёгкіх выходзіць праз галасавую шчыліну, ад гэтага звязкі вібрыруюць і ўтвараюць гукавыя хвалі. Змена шырыні галасавой шчыліны і ступені нацягнутасці галасавых звязак уплывае на вышыню і моц гуку.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм трансмісіі аўтамабіляў і інш. самаходных машын (трактароў, камбайнаў), які перадае вярчальны момант ад рухавіка на паўвосі і павялічвае цягавае намаганне на вядучых колах.

Уяўляе сабой зубчастую перадачу, адзінарную, у якой вярчэнне перадаецца з малога канічнага зубчастага кола на большае канічнае, або двайную — з малога канічнага зубчастага кола на большае канічнае і далей з малога цыліндрычнага на большае цыліндрычнае. Двухступеньчатая галоўная перадача складаецца з дзвюх перадач з рознымі перадатачнымі суадносінамі.

Галоўная перадача (двайная): 1, 2 — канічныя зубчастыя колы; 3, 4 — цыліндрычныя зубчастыя колы.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́РЫ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА З МАЛДО́ЎСКІМ КНЯ́СТВАМ 15—16 ст. Заключаліся паміж вял. князямі ВКЛ і малд. гаспадарамі, вызначалі асновы ўзаемаадносін паміж дзвюма дзяржавамі. Вядомы дагаворы 1415, 1431 (з удзелам Тэўтонскага ордэна), 1435, 1437, 1442, 1447, 1496, 1499, 1518, 1551, 1554. Паводле гэтых дагавораў ВКЛ нязменна захоўвала з Малдовай мір, нягледзячы на тое, што звязаная з ёй уніяй Польшча часта ваявала з Малдовай і імкнулася ўцягнуць у баявыя дзеянні войска ВКЛ (напр., у 1509 і 1532). Заключэнне дагавораў дэманстравала таксама незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

А.​В.​Белы.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЛІЯ́К (Ніна Львоўна) (н. 7.8.1908, С.-Пецярбург),

спявачка (сапрана) і педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1932; клас К.​Дарліяк, маці Д.), з 1935 выкладала ў ёй, стварыла школу камерных спеваў (праф. з 947). Адна з буйнейшых сучасных камерных спявачак. З 1935 выступала ў канцэртах, у т. л. ў ансамблі з мужам — С.Рыхтэрам. Выконвала рамансы і оперныя арыі рус. і замежнай класікі, вак. лірыку сучасных кампазітараў, у т. л. ўпершыню шэраг твораў С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча і інш. Сярод вучаніц Г.​Пісарэнка, Т.​Тугарынава, А.Ільіна.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІЛАРЫ́БАЎ (Цімафей Ерамеевіч) (14.5.1901, с. Гусава Растоўскай вобл., Расія — 13.11.1970),

вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1941), праф. (1943). Скончыў мед. ф-т Растоўскага ун-та (1925). З 1930 у хірург. клініцы мед. ін-та ў Растове, з 1941 гал. хірург эвакуацыйных шпіталяў у Кіславодску. З 1945 у Днепрапятроўскім, з 1960 у Мінскім мед. ін-тах. Навук. працы па лячэнні трафічных язваў, ваенна-палявой хірургіі, пластыцы сасудаў, перасадцы залоз унутр. сакрэцыі на сасудах, па аднаўленчай хірургіі.

Тв.:

Пластика свободным кожным лоскутом. Мн., 1968 (разам з А.​І.​Катом).

т. 5, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)