ІВАНО́Ў (Валерый Кірылавіч) (н. 4.1.1948, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. дасягненні ў жанры песні (найб. вядомыя цыкл песень-балад «Будзьце абавязку верныя»; песні «Пахне чабор», «Тапаліны звон», «Гуляць дык гуляць», «Раз ды разок...», «Ты ды я, ды мы з табой», «Каханая» і інш. на вершы бел. паэтаў). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Элегія аб чацвёртай бярозе» на вершы М.Танка (1976); 2 сімфоніі (1974, 1980), сімф. паэма «Прысвячэнне старому гораду» (1979); 2 канцэрты, у т. л.для трубы з арк. (1992); цыкл муз. карцін «Зямля бацькоў» (1977—81); драм. паэма «Сымон-музыка» дляарк.нар. інструментаў (1983); п’есы для цымбальнага, у т. л. «Спеў дуброў» (1978), эстр. аркестраў, музыка да тэатр. і радыёпастановак, кіна- і тэлефільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ПЕЧ,
электратэрмічная ўстаноўка для плаўкі металаў і сплаваў індукцыйным нагрэвам. У прам-сці выкарыстоўваюцца пераважна тыгельныя і канальныя печы.
Тыгельная І. п. складаецца з індуктара (саленоіда) і плавільнага тыгля. Сілкуецца эл. токам прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты (гл.Высокачастотная печ). Выкарыстоўваюцца звычайна для плаўкі сталі і чыгуну. Канальныя І. п. маюць стальны асяродак, які праходзіць праз унутр. поласць індуктара. Сілкуюцца токам прамысл. частаты. Прызначаны пераважна для выплаўкі каляровых металаў і сплаваў. Ёмістасць І.п. да некалькіх соцень тон. Вызначаюцца высокай скорасцю нагрэву, чысцінёй атрыманага прадукту, лёгкасцю рэгулявання т-ры, малым угарам металу, магчымасцю вядзення плаўкі ў ахоўным газавым асяроддзі або вакууме (гл.Вакуумная печ).
Індукцыйныя печы: а — канальная са стрыжнем (1 — кальцавы жолаб з расплаўленым металам, 2 — стрыжань-магнітаправод, 3 — абмотка індуктара); б — вакуумная з нахільным тыглем (1 — тыгель, 2 — абмотка, 3 — расплаўлены метал, 4 — уліўніца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРАВА́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая мае на мэце ўстанаўленне працяглых вытв. сувязей прадпрыемстваў па сумесным вырабе канчатковай прадукцыі. К.в. можа быць галіновае (паміж прадпрыемствамі адной галіны прам-сці), міжгаліновае, унутрызаводскае (паміж цэхамі прадпрыемства), унутрыраённае (паміж прадпрыемствамі аднаго эканам. раёна) і міжраённае. К.в. вынікае са спецыялізацыі вытворчасці і мае тыя ж 4 формы: прадметнае, калі заводы пастаўляюць галаўному прадпрыемству вырабы, што ідуць на камплектаванне канчатковай прадукцыі; падэталёвае, калі галаўны з-д атрымлівае ад прадпрыемстваў-сумежнікаў асобныя дэталі і вузлы для гатовай прадукцыі; тэхналагічнае, калі адзін з-д выконвае для другога асобныя тэхнал. аперацыі або пастаўляе пэўныя паўфабрыкаты; функцыянальнае, калі спецыялізаванае прадпрыемства па аказанні паслуг выконвае дляінш. прадпрыемстваў функцыі па абслугоўванні вытв-сці (рамонт абсталявання і інш.). К.в. дазваляе больш поўна выкарыстоўваць усе перавагі спецыялізацыі і канцэнтрацыі і скарачаць працягласць вытв. цыкла па вырабе канчатковай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Восіп) (Юзаф) Антонавіч (1757, б. хутар Казлоўскі, Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл. — 11.3.1831),
кампазітар. Муз. адукацыю атрымаў у капэле св. Яна ў Варшаве. З 1775 настаўнік музыкі М.К.Агінскага ў Слоніме. У 1786—96 афіцэр рус. арміі. У 1799—1819 у Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу (з 1803 дырэктар музыкі). У апошнія гады жыцця разам з дачкой арфісткай М.Казлоўскай кіраваў хорам і аркестрам графа Мурамцава ў Прапойску (сучасны г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). Адзін з пачынальнікаў рус. раманса (найб. каштоўны зб. «Расійскія песні» з 30 твораў на тэксты рус. паэтаў). Аўтар героіка-патрыят. паланэзаў для хору і аркестра, у т. л. «Гром перамогі, гучы», манум. «Рэквіема» (1798), уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу длярус. праграмнага сімфанізму, музыкі да трагедый У.Озерава, Я.Княжніна, П.Каценіна і інш. Наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫІ,
часовыя саслоўныя паліт. саюзы ў Рэчы Паспалітай для дасягнення пэўнай мэты. Узніклі ў Польшчы ў 14 ст., у ВКЛ у 16 ст. Былі адна- і шматсаслоўныя. З 16 ст. існавалі пры каралях для падтрымкі іх рашэнняў і К., накіраваныя супраць каралёў. Калі да К. далучаліся ўсе ваяводствы ці большасць іх, яна наз. генеральнай і магла выконваць функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. Кіруючым органам К. была вальная рада, якая адпавядала сейму і выбіралася канфедэрацкімі сеймікамі. Узначальваў К. і вальную раду маршалак. Дляўнутр. бяспекі і захавання цэласнасці дзяржавы К. стваралі каптуровыя суды і канфедэрацкія суды. Генеральныя К. маглі стварацца асобна ў Польшчы і ВКЛ. У 18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічалі Віленская канфедэрацыя 1716, Слуцкая канфедэрацыя 1767, Радамская канфедэрацыя, Барская канфедэрацыя, Таргавіцкая канфедэрацыя. Стварэнне К. забаранялася навечна сеймам 1717, Чатырохгадовым сеймам 1788—92, Канстытуцыяй 3 мая 1791, але яны ўсё ж узнікалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАП ((Kapp) Эўген) (26.5.1908, г. Астрахань, Расія — 29.11.1996),
эстонскі кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1956). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Талінскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1931, клас А.Капа), з 1945 выкладаў у ёй (з 1947 праф., у 1952—64 рэктар). Аўтар першых эст.сав. оперы «Агні помсты» (паст. 1945) і балета «Калевіпоэг» (паст. 1948). З інш. твораў: оперы «Пясняр свабоды» (паст. 1950), «Рэмбрант» (паст. 1975), «Зімовая казка» (дзіцячая, паст. 1958), балет «Золатапапрадухі» (дзіцячы, паст. 1956); араторыя «Эрнст Тэльман» (1977); кантаты; 3 сімфоніі (1942—64), 6 сюіт і 4 уверцюры длясімф. аркестра; канцэрты для фп, (1970), флейты (1976), канцэрціна для скрыпкі (1973), флейты (1965) з аркестрам; камерна-інструментальныя творы; хар. і сольныя песні; музыка да кінафільмаў. Сярод вучняў Э.Тамберг. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1952. Дзярж. прэміі Эстоніі 1948, 1950, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЮ́Г (Валянцін Афанасьевіч) (9.6.1931, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 10.1.1997),
расійскі хімік-арганік. Акад.Рас.АН (1979; чл.-кар. 1968). Замежны чл.АН Беларусі (1995). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал.ін-т (1954), дзе і працаваў. З 1959 у Ін-це арган. хіміі Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1987 дырэктар), адначасова ў Новасібірскім ун-це (у 1978—80 рэктар). З 1980 віцэ-прэзідэнт Рас.АН і старшыня яе Сібірскага аддзялення. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэакцый ізамерызацыі замешчаных араматычных злучэнняў, выкарыстанні ЭВМдля рашэння структурных задач арган. хіміі. Устанавіў асаблівасці будовы і заканамернасці пераўтварэння карбакатыёнаў, што паслужыла асновай колькаснай тэорыі малекулярных перагруповак. Распрацаваў новыя спосабы атрымання і выкарыстання арган. злучэнняў розных тыпаў (для інгібіравання акісляльнай дэструкцыі палімераў, як дабаўкі для паляпшэння рэалагічных уласцівасцей нафтаў і інш.). Ленінская прэмія 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
зброя далёкага бою, прызначаная для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для ўступлення з ім у рукапашны бой. Складаецца са снарада і механізма для кідання або толькі са снарада. У эпоху позняга палеаліту з’явіўся першы ўзор спецыялізаванай К.з. — лук. У антычнасці распаўсюдзілася кідальная артылерыя ў выглядзе машын рознай канструкцыі, якія кідалі снарады значнай вагі (гл.Кідальныя машыны). У той час узнік арбалет — механізаваны лук, прымацаваны да ложа-прыклада. Па-ранейшаму выкарыстоўваліся прашча і лук. На Беларусі выкарыстоўваліся практычна ўсе віды К.з., вядомыя ў старажытнасці. З пашырэннем агнястрэльнай зброі К.з. траціць актуальнасць.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Медведев А.Ф. Ручное метательное оружие (лук и стрелы, самострел) VIII—XIV вв. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ЛЬНЫ БЛОКЭВМ,
частка ЭВМ, прызначаная для каардынацыі супольнай работы працэсара, знешніх, запамінальных і інш. блокаў і прылад машыны ў адпаведнасці з алгарытмам яе функцыянавання. Мае рэгістры адрасоў і камандаў, лічыльнік камандаў, дэшыфратар аперацый, пульт кіравання для ўзаемадзеяння чалавека з машынай і інш., што забяспечвае захоўванне і расшыфроўванне камандаў, фарміраванне і перадачу інш. прыладам кіравальных сігналаў, неабходных для рэалізацыі выліч. працэсу.
Асн. функцыя К.б. — кіраванне выкананнем камандаў і аперацый. Выбарка камандаў з праграмы ажыццяўляецца натуральным (у парадку іх паступлення; рэалізуецца лічыльнікам камандаў) ці прымусовым (па адрасе з папярэдняй каманды ўмоўнага або безумоўнага пераходу) спосабам. Развіццё структуры і архітэктуры ЭВМ, сістэм інтэрпрэтацыі ўваходнай мовы прывяло да значнага павелічэння патокаў кіравальнай інфармацыі, таму да К.б. дадаткова далучаюць блокі папярэдняга прагляду камандаў, аналізу праграм, мікрапраграмнага кіравання, дынамічнай адрасацыі віртуальнай памяці і інш., што пераўтварае яго ў асобны працэсар перапрацоўкі кіравальнай інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі длятэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.