БОК ((Bock) Фёдар фон) (3.12.1880, г. Костшын, Польшча — 3.5.1945),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал ням.-фаш. арміі (1940). Службу пачаў у 1898. Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1919 на камандных і штабных пасадах у рэйхсверы. Выступаў за пераўзбраенне Германіі і ўстанаўленне фаш. дыктатуры. У 2-ю сусв.вайну 1939—45 камандуючы групай армій «Поўнач» (1939, Польшча), групай армій «Б» (1940, Францыя). З чэрв. 1941 на сав.-герм. фронце, камандуючы групай армій «Цэнтр», якая ў чэрв.—жн. 1941 акупіравала тэр. Беларусі. У снеж. 1941 пасля паражэння ням.-фаш. войскаў пад Масквой зняты з пасады. У студз.—ліп. 1942 камандуючы групамі армій «Поўдзень» і «А», потым у распараджэнні вярх. камандавання вермахта. Загінуў у час налёту англа-амер. авіяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з канца 1941 да вер. 1943 у г.п. Брагін і в. Савічы Брагінскага р-на. Групы ў Брагіне (15 чал., кіраўнікі П.Р.Зяновіч, М.Л.Дубіна, С.І.Рэпчанка) і Савічах (19 чал., кіраўнікі С.І. і Ф.І.Філіпенкі, Ф.А.Загаранскі) наладзілі сувязь з партызанамі, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, перашкаджалі фашыстам вывозіць моладзь у Германію, разграмілі варожы гарнізон і маслазавод у Савічах. Пасля арышту і расстрэлу асн. складу падпольшчыкаў патрыёты з новым папаўненнем узмацнілі дапамогу партызанам, агітацыю ў славацкіх падраздзяленнях праціўніка. У час разгрому партызанамі варожага гарнізона ў Брагіне спалілі друкарню, вывелі са строю электрастанцыю і перайшлі ў партыз. атрад імя Катоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Брэсце пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля і Брэсцкага падп. гаркома ЛКСМБ. Першая падп.арг-цыя (кіраўнікі груп Г.К.Баннікаў, Л.В.Папова, Б.М.Пікус, М.А.Шошчыц) дзейнічала з пач. вайны. Восенню 1941 большасць падпольшчыкаў арыштавана. У жн. 1941 рашэннем гар.парт.к-та створана 2-я падп.арг-цыя на чале з У.А.Несцярэнкам, члены якой арганізоўвалі збор зброі, боепрыпасаў і адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі на чыгунцы, здабывалі разведданыя, медыкаменты. У 1942 частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, астатнія (каля 30 чал.) прымалі ўдзел у рабоце патрыят. падполля або дзейнічалі самастойна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941.
Сфарміравана 5—6 ліп. ў Вял.Айч.вайну. 9—11 ліп. разам з войскамі Чырв. Арміі вяло баі ў час Віцебска абароны 1941. Складалася з 4 батальёнаў (2 тыс.чал.): Асаавіяхіма (участак уздоўж берага Зах. Дзвіны ў раёне Мазурына, паўн.-ўсх. ўскраіна Віцебска, дзе 11 ліп. 1-я рота батальёна амаль уся загінула каля в. Журжава), Кастрычніцкага (баі на тэр. прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы і інш.), Першамайскага (цэнтр горада на левым беразе Зах. Дзвіны, дзе адбіваў неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку), Чыгуначнага (раён воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы і інш.). 11 ліп. апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з сав. войскамі, многія ўліліся ў іх рады, частка пайшла да партызан і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ», Суражскія «вароты»,
40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял.Айч.вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел.партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.
І.П.Хаўратовіч.
Помнік у гонар Віцебскіх «варот» у в. Заполле Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,
каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс.чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ДО́МУ РАДЗІВІ́ЛАЎ»
(«Archiwum domu Radziwiłłów»),
зборнік гістарычных дакументаў, што захоўваліся ў канцы 19 ст. ў нясвіжскім архіве Радзівілаў. Выдадзены ў 1885 у Кракаве. Складаецца з 3 комплексаў перапіскі за 1571—1633 на лац. і польскай мовах: сямейная і прыватная карэспандэнцыя М.К.Радзівіла Сіроткі; перапіска канцлера ВКЛ, гетмана вял. кароннага Я.Замойскага і канцлера ВКЛ, гетмана вял.літ. Л.Сапегі з Радзівіламі. Зборнік асвятляе ўнутр. і знешнюю палітыку кіруючых колаў ВКЛ, дае звесткі пра Люблінскую унію 1569, Інфлянцкую вайну 1558—82, рокаш Зебжыдоўскага, Брэсцкую унію 1596, рэфармацыю на Беларусі і ў Літве, падрыхтоўку Статута ВКЛ 1588, паўстанне С.Налівайкі 1595—96. Змешчаны «Адманіторыум» (1603) — маральна-павучальнае і гасп.-дзелавое настаўленне спадкаемцам Радзівіла Сіроткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ТРЭ́ЦІў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 19.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты. Камандуючыя: ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі, з лютага 1944 Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі, з крас. 1945 ген. арміі І.Х.Баграмян; чл.ваен. савета ген.-лейт. В.Е.Макараў; нач. штаба ген.-палк. А.П.Пакроўскі. У розны час уваходзілі арміі: 3, 5, 21, 28, 31, 33, 39, 43, 48, 50, 2-я і 11-я гвардз., 5-я гвардз.танк., 1-я і 3-я паветраныя. Франтавая газ. «Красноармейская правда». Войскі фронту разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Віцебска-Аршанскую, Мінскую, Вільнюскую, Каўнаскую (гл. адпаведныя арт.), Гумбіненскую, Інстэрбургска-Кёнігсбергскую, Кёнігсбергскую аперацыі, удзельнічалі ў Мемельскай і Усх.-Прускай аперацыях. 15.8.1945 фронт расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦКАЯ АБАРО́НА 1943—44,
баі партыз. брыгад Сенненскай (камандзір В.С.Лявонаў) і 1-й імя К.Заслонава (камандзір Л.І.Сяліцкі) па абароне аэрадрома ў саўгасе Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял.Айч.вайну. Праз аэрадром ішло забеспячэнне з сав. тылу партызанаў, што дзейнічалі ў Сенненскім і суседніх раёнах. Для яго ліквідацыі акупанты накіроўвалі ў снеж. 1943 карны батальён (каля 300 салдат), у лютым карны батальён (каля 600 салдат), артыл. батарэю і ў сак. 1944 мотастралк. дывізію, зводны полк з паліцэйскіх гарнізонаў Сенненскага, Багушэўскага і Бешанковіцкага р-наў. Пасля апошняга бою партызаны, якіх фашысты адцяснілі на З ад аэрадрома, стварылі новую паласу абароны на зах. беразе р. Усвейка і ўтрымлівалі яе да мая 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,
старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар.т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч.вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віду прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.