МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),

гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс. чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.

Літ.:

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус. геагр. т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.​П.​Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус. геагр. т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.​В.​Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.​В.​Лявіцкага віленскі губернатар Дз.​М.​Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.​К.​Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.​Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.​Ф.​Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.​М.​Бацюшкаў, Я.​Ф.​Галавацкі, М.​І.​Гарбачэўскі, Ф.​М.​Дабранскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Ю.​Ф.​Крачкоўскі, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, У.​Г.​Сакалоў, А.​М.​Семянтоўскі, І.​А.​Сербаў, М.​М.​Чуркін, П.​В.​Шэйн, А.​М.​Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.

Літ.:

Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.

М.​Ф.​Шумейка, В.​Ярмоленка.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).

Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.​Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Т.​І.​Чарняўская, В.​Ф.​Марозаў.

Полацкі Богаяўленскі манастыр.

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,

міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б. СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач. ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач. жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.​Снегур) і Расіі (Б.​Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт. Малдова.

М.​Г.​Нікіцін, У.​І.​Грынюк.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТМІКА (ад. грэч. rhythmikos які адносіцца да рытму) у вершаскладанні, 1) рытмічнае разгортванне слоўных адзінак у часе, характэрнае для асобнага верша, твора, цыкла, зборніка або ўсёй творчасці пэўнага аўтара.

2) Раздзел вершаскладання, які вывучае рытмічную будову нац. верша ў яго гіст. развіцці ці ў кантэксце. Звычайна Р. афармляецца ў выглядзе метрычных схем і графікі памераў. Асн. памеры: ямб, харэй, спандэй, пірыхій, дактыль, амфібрахій, анапест. Яны выкарыстоўваюцца для апісання і характарыстыкі рытмічнай пабудовы, аднак гэта сістэма недастатковая. Ствараючы твор, паэт звычайна не кіруецца пэўнай схемай, таму для аналізу верша магчыма выкарыстанне і муз. прыёмаў, прымаючы пад увагу, што Р. ў паэзіі суадпаведная Р. ў музыцы. Есць тэорыя акустычнай метрыкі, якая грунтуецца на аб’ектыўных даных, атрыманых з дапамогай пэўных прыбораў. Але ўсе гэтыя тэорыі не могуць будавацца без уліку семантыкі тэксту, значэння слоў у вершы. Вывучэнне еўрап. Р. пачалося ў антычнасці. Найб. поўна Р., названая «прасодыяй», распрацавана ў эпоху Адраджэння. На Беларусі першыя спробы распрацоўкі Р. звязаны з імёнамі Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага. У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся працы Я.​Карскага, І.​Насовіча, М.​Багдановіча. Іх традыцыі працягвалі Я.​Барычэўскі, Ю.​Бярозка, А.​Вазнясенскі, У.​Дубоўка. Сістэматычнае вывучэнне Р. пачалося ў канцы 1960-х г., калі з’явіліся спец. працы М.​Грынчыка, В.​Рагойшы, І.​Ралько, М.​Янкоўскага, А.​Яскевіча і інш. Яны стварылі аснову для вывучэння Р. як эстэт. з’явы, распрацавалі асн. прынцыпы аналізу, хоць і сёння многія пытанні, звязаныя з рытміка-кампазіцыйнай арганізацыяй верша, інтанацыяй, мелодыкай не вывучаны.

Р. ў музыцы, 1) сукупнасць муз. гукаў і іх спалучэнняў, якія характарызуюць асаблівасці рытму ў пэўным стылі (аўтара, эпохі), жанры ці асобным творы і інш. (напр., Р. бел. карагодна-гульнявой песні).

2) Вучэнне пра рытм. Самаст. частка ант. і сярэдневяковай тэорыі музыкі; пазней адзін з важных элементаў вучэння пра кантрапункт і форму музычную. У сучаснай сістэме муз. адукацыі адзін з асн. раздзелаў элементарнай тэорыі музыкі і аналізу муз. твораў.

3) Сістэма маст. выхавання рытмавага пачуцця; вучэбная дысцыпліна, засн. на спец. фіз. практыкаваннях пад музыку. Садзейнічае развіццю муз. слыху і памяці. Выпрацоўвае адчуванне пластыкі муз. руху, яго памеру і тэмпу. Можа выкарыстоўвацца для выпраўлення фіз. недахопаў чалавека (у выглядзе аэробікі). Распаўсюджана ў Зах. Еўропе. Пашыраецца і на Беларусі.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), М.​В.​Шыманскі (музыка).

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАФА́ (грэч. strophe літар. — паварот) у вершаскладанні, рытміка-сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, звязаных найчасцей агульнай рыфмай або паўторам клаўзул.

У ант. паэзіі, якая не ведала рыфмаў, С. арганізоўвала метрыка — строга ўпарадкаванае размяшчэнне вершарадоў пэўных памераў (гл. Антычнае вершаскладанне). У пазнейшым вершы, у т. л. ў сучасным сілаба-танічным, метрычная арганізацыя С. часткова засталася — у ёй нярэдка ў строгай паслядоўнасці паўтараюцца разнастопныя радкі аднаго памеру. Асн. ў страфічнай будове — рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнка ў межах, аналагічных С., а таксама інтанац.-сінтакс. еднасць, дзякуючы якой С. набываюць адносную сэнсавую завершанасць і самастойнасць, выразна аддзяляюцца адна ад адной міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ і графічна (прагаламі). Розныя спалучэнні метрычнай, рытмічнай, інтанац.-сінтакс. будовы радкоў і рыфмоўка забяспечваюць вял. магчымасці страфічнай арганізацыі верша. Толькі рознае размяшчэнне ў С. вершаваных радкоў пэўных памераў і разнастайная рыфмоўка далі магчымасць М.​Багдановічу стварыць 93 (паводле І.​Ралько) віды С.

Характар С. залежыць ад ідэйнай задумы, намераў аўтара, яго схільнасцей, творчай культуры, канкрэтнага зместу і жанру твора. У лірычных вершах і паэмах С. звычайна простыя з 2, 3, 4 і 5 радкоў, а ў буйных вершаваных творах з развітай архітэктонікай — складаныя, у аснове якіх тыя ці інш. камбінацыі простых С. Аднолькавыя рыфмы застаюцца ў межах адной С., але ў некат. класічных формах яны своеасаблівым ланцужком звязваюць усе С., пераходзячы ад адной да другой, напр. у тэрцынах.

Наяўнасць пэўных відаў С. залежыць ад багацця нац. традыцый, сувязей роднай л-ры з л-рамі інш. народаў. У залежнасці ад колькасці радкоў адрозніваюць С. 2-радковыя (двухрадкоўе, элегічны двуверш), 3-радковыя (трохрадкоўе) і г.д. да дзесяцірадкоўя. Асобныя простыя С., паўтараючыся ў розных камбінацыях, утвараюць новыя складаныя С.: адзінаццацірадкоўе, дванаццацірадкоўе, чатырнаццацірадкоўе (анегінская страфа), шаснаццацірадкоўе. Пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі С. (раўнастрофны верш), аднак частка вершаў не дзеліцца на паасобныя С. і складаецца з 1 С. (аднастрофны верш) або некалькіх страфоідаў. Бывае, што ў творы адны С. змяняюцца другімі без відавочных заканамернасцей (разнастрофны верш) або С. адсутнічаюць (астрафічны верш). Асабліва багатая страфічная арганізацыя ў вершах Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, У.​Дубоўкі, М.​Танка, Р.​Барадуліна, Н.​Гілевіча, Я.​Сіпакова. Пра страфічныя формы бел. верша гл. ў арт. Строфіка.

Літ.:

Гл. да арт. Вершаскладанне, Строфіка.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́РЦА,

цэнтральны орган крывяноснай сістэмы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных (членістаногіх, малюскаў), які забяспечвае рытмічнымі скарачэннямі кровазварот. Тыпы С. адрозніваюцца марфалагічна: пульсуючыя сасуды ў кольчатых чарвей, галатурый, насякомых, ланцэтніка; ампулярныя дадатковыя С. (у насякомых, галаваногіх малюскаў, міксін); лімфатычныя С. ў рыб, амфібій, рэптылій; трубчастыя (у большасці членістаногіх, ракападобных, абалоннікаў); камерныя (у малюскаў і пазваночных; двухкамерныя — у рыб; трохкамерныя — у земнаводных; чатырохкамерныя — у кракадзіла, птушак, млекакормячых).

С. чалавека — полы мышачны орган, заключаны ў калясардэчную сумку (перыкард). Размешчана паміж лёгкімі ў міжсценні грудной поласці, мае форму зрэзанага конуса. У дарослага чалавека даўж. С. 10—15 см, сярэдняя маса 250 г у жанчын, 330 г у мужчын. Перагародка падзяляе С. на правую і левую палавіны (правая ў пярэдняй частцы цела, левая — у задняй). Кожная з палавін мае перадсэрдзе (уверсе) і размешчаны пад ім жалудачак. «Шкілет» С. складаецца са шчыльнай валакністай злучальнай тканкі (з участкамі храстковай), утвораны мембраннай перагародкай, фібрознымі трохвугольнікамі і кольцамі. З ім звязаны клапаны сэрца і прымацавана большасць мышачных валокнаў. Сценка С. ўтворана папярочна-паласатай сардэчнай мышачнай тканкай (міякардам), якая звонку абкружана эпікардам, унутры выслана эндакардам. Рух крыві ў адным напрамку забяспечваецца сардэчнымі клапанамі, якія адкрываюцца толькі ў адным напрамку (з перадсэрдзяў у жалудачкі і з жалудачкаў у артэрыі). С. дарослага чалавека скарачаецца 55—70 разоў за мін і пераганяе за гэты час 4,5—5 л крыві. Кожны цыкл сардэчнай дзейнасці складаецца са скарачэння (сістала) перадсэрдзяў, потым жалудачкаў і паўзы (дыястала), у час якой сардэчная поласць напаўняецца крывёю і аднаўляецца скарачальная энергія С. Дзейнасць С. рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Сардэчная мышца валодае аўтаматызмам (можа скарачацца і без удзелу ц. н. с.). С. забяспечваецца крывёю каранарнымі (вянечнымі) артэрыямі, якія ўтвараюць густую капілярную сетку; інервуецца галінкамі блукальнага і сімпатычнага нерваў. Хваробы С. чалавека вывучае кардыялогія.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Основы сравнительной анатомии позвоночных животных. 4 изд. М., 1947;

Новиков И.И. Сердце и сосуды: Онтогенез и восстановление нейрорегуляторной системы. Мн., 1990;

Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1992.

А.​С.​Леанцюк.

Сэрца чалавека: 1 — правы жалудачак; 2 — правая вянечная артэрыя; 3 — правае вушка; 4 — перыкард (адрэзаны); 5 — верхняя полая вена; 6 — аорта; 7 — плечагалаўны ствол; 8 — левая агульная сонная артэрыя; 9 — лёгачны ствол; 10 — левае вушка; 11 — пярэдняя міжжалудачкавая галіна левай вянечнай артэрыі; 12 — вялікая вена сэрца; 13 — левы жалудачак.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКАЯ ВАЙНА́ 1939-40,

вайна Сав. Саюза супраць Фінляндыі 30.11.1939—12.3.1940. У сакрэтным пратаколе да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Фінляндыя была аднесена да сферы інтарэсаў СССР. Падставай для вайны стала адмова фін. ўрада адсунуць дзярж. граніцу далей ад Ленінграда (праходзіла за 32 км ад горада), за што СССР прапаноўваў Фінляндыі ўдвая большую тэр. ў Карэліі. Непасрэднай зачэпкай для пачатку ваен. дзеянняў стаў артыл. абстрэл 26.11.1939 сав. тэрыторыі каля фін. пас. Майніла (які бок вёў агонь, не высветлена), у якім СССР абвінаваціў Фінляндыю. 30.11.1939 войскі Ленінградскай ваен. акругі (каманд. камандарм 2-га рангу К.​А.​Мерацкоў) пачалі наступленне. Вайна фармальна не аб’яўлялася, аднак СССР афіцыйна разарваў дыпламат. адносіны з Фінляндыяй. 1.12.1939 абвешчана пра стварэнне ў занятым Чырв. Арміяй фін. г. Тэрыёкі (цяпер Зеленагорск) нар. ўрада Фінляндскай Дэмакр. Рэспублікі на чале з О.​В.​Куусіненам (існаваў да канца вайны). Вайна працягвалася 105 дзён ва ўмовах моцных маразоў і высокага снежнага покрыва. Ваен. аперацыі адбываліся амаль на ўсім працягу сав.-фінляндскай мяжы ад Балтыйскага да Баранцава мораў. Больш паспяхова дзейнічала на Крайняй Поўначы 14-я армія (каманд. камкор В.​А.​Фралоў) пры падтрымцы Паўн. флоту (флагман 2-га рангу беларус В.​П.​Дрозд). Іншыя злучэнні ў пач. ваен. дзеянняў цярпелі няўдачы і неслі вял. страты. Фін. армія (галоўнакаманд. маршал К.​Манергейм) упарта супраціўлялася. Гал. баі разгарнуліся на Карэльскім перашыйку, дзе была пабудавана моцная абарончая «Манергейма лінія» глыбінёй да 90 км. Дзеянні Чырв. Арміі тут падтрымліваў Балтыйскі флот (агнём артылерыі), у складзе якога дзейнічаў падшэфны карабель БССР лідэр эсмінцаў «Мінск». Спроба прарваць «лінію Манергейма» з ходу поспеху не мела. 7.1.1940 створаны Паўночна-Заходні фронт (каманд. камандарм 1-га рангу С.​Д.​Цімашэнка) у складзе 7-й (каманд. Мерацкоў) і 13-й (камандармам 2-га рангу У.​Д.​Грэндаль) армій. На 1.2.1940 войскі Чырв. Арміі мелі 40 дывізій (975 675 чал.); фін. армія мела на Карэльскім перашыйку 9 дывізій і 1 кав. брыгаду (усяго больш за 300 тыс. чал.). З 11 лют. да 12 сак. 1940 войскі Чырв. Арміі прарвалі «лінію Манергейма», 12 сак. авалодалі г. Выбарг (Вііпуры). У той жа дзень у Маскве быў падпісаны мірны дагавор, паводле якога граніца на Пн ад Ленінграда адсоўвалася на лінію Выбарг—Сортавала; да СССР адышлі Карэльскі перашыек, шэраг астравоў у Фінскім заліве, невял. тэр. з г. Куалаярві і ч. п-авоў Рыбачы і Сярэдні на Баранцавым м.; Сав. Саюзу перадаваўся ў арэнду на 30 гадоў п-аў Ханка на Балтыйскім м. з правам стварэння на ім ваен.-марской базы. Страты Чырв. Арміі ў С.-ф.в. склалі 126 875 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і памерлымі ад ран і хвароб; санітарныя страты значна большыя. Паводле даных рас.-фін. даследавання «Зімовая вайна» (Кн. 1. М., 1999. С. 326) у фін. палон трапіла каля 6 тыс. воінаў Чырв. Арміі, з якіх 5 572 чал. вернуты ў СССР пасля заключэння мірнага дагавора (з іх 350 чал. асуджаны на смяротнае пакаранне, 4 354 — на зняволенне ў папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 5 да 8 гадоў). Страты фін. арміі склалі 66 400 чал. забітымі, прапаўшымі без вестак і параненымі, 1 100 чал. палоннымі (847 з іх вернуты ў Фінляндыю).

За баявыя заслугі каля 70 злучэнняў і часцей Чырв. Арміі ўзнагароджаны ордэнамі Каля 50 тыс. чад. адзначаны ўзнагародамі СССР. Сярод узнагароджаных ураджэнцы Беларусі: флагман 2-га рангу Дрозд, камандзір падводнай лодкі У.​С.​Дзянісаў, намеснік нач. палітупраўлення Балт. флоту М.​А.​Торык, каманд. Ладажскай ваен. флатыліяй П.​А.​Трайнін, камандзір эсмінца «Грымячы» А.​І.​Гурын, нам. каманд. войскамі Бел. асобай ваен. акругі Ф.​І.​Кузняцоў, нач. тылу Паўн.-Зах. фронту І.​І.​Трутко і інш. Удзельнікамі вайны былі бел. пісьменнікі К.​Крапіва, В.​Вітка, В.​Вольскі. М.​Калачынскі, М.​Пянкрат. 412 удзельнікаў вайны ўдастоены звання Героя Сав. Саюза, у т. л. 20 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі: П.​Р.​Алейнікаў, Цз.Д.​Валенцік, Б.​В.​Воўк (пасмяротна), І.​І.​Валасевіч, М.​М.​Гармоза, А.​І.​Дыдышка, П.​В.​Кандрацьеў, І.​П.​Кірпічоў, І.​М.​Кобзун, В.​Дз.​Кучаравы (пасмяротна), І.​М.​Максіменя, І.​В.​Матрунчык, Р.​С.​Пінчук, М.​В.​Рапейка (пасмяротна), І.​М.​Саламонікаў, М.​П.​Сінюцін, М.​Ф.​Турцэвіч (пасмяротна), А.​Р.​Целяшоў (пасмяротна), С.​І.​Чарняк, С.​Я.​Ялейнікаў (пасмяротна).

Далучэнне ў выніку С.-ф.в. стратэгічна важных тэрыторый каштавала СССР не толькі вял. чалавечых ахвяр, але і падрыву яго міжнар. аўтарытэту. Сусв. грамадскасць расцаніла вайну супраць Фінляндыі як агрэсію, у выніку чаго СССР у снеж. 1939 быў выключаны з Лігі Нацый. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ўзмацнілася прагерм. арыентацыя Фінляндыі, якая потым выступіла супраць СССР на баку Германіі.

Літ.:

«Зимняя война», 1939—1940. Кн. 1—2. М., 1999;

Советско-финская война 1939—1940 гг. Мн., 1999;

Тайны и уроки зимней войны 1939—1940. М., 2000;

Россия и СССР в войнах XX в.: Потери вооруженных сил: Стат. исслед. М., 2001. С. 200;

Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2;

Кушнер В., Фісуноў В. Савецка-фінляндская вайна 1939—1940 гг. // Бел. гіст. часоп. 2000. № 1.

Г.​Дз.​Бабусенка.

т. 14, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ РУСЬ,

гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.​Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.​Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.​Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял. кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст. зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус. тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.​М.​Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.​Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).

Літ.:

Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.​Сагановіч. Мн., 1991;

Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,

наступальныя аперацыі сав. войск у жн.—снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял. Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.

Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд. ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.​Ф.​Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.​С.​Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.​Я.​Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер. ген. арміі Ф.​І.​Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.​Д.​Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.​І.​Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.

Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.​Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.—вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.—снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).

У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл. Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял. Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн. чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.

А.​С.​Харэбін.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)