ВЫ́СЫЛКА,

1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.

2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́ТА,

возера на мяжы Расонскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Дрыса і Палата, за 45 км на ПнУ ад Полацка, сярод лясных масіваў. Пл. 4,68 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 1,6 км. Пл. вадазбору 26 км². Схілы катлавіны выш. 4—1 м. Берагі месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Востраў пл. 3,6 га. На З злучана ручаём з воз. Глыбочына, на Пд выцякае р. Вядзеціца.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ СВЯТО́Е,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка (выцякае з возера), за 9 км на З ад г. Сянно. Пл. 0,77 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 17,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, пойма (шыр. да 200 м) забалочаная. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарасло.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКІ МІР 1745.

Заключаны 25.12.1745 y Дрэздэне паміж Прусіяй (кароль Фрыдрых П) з аднаго боку, Аўстрыяй (эрцгерцагіня Марыя Тэрэзія) і Саксоніяй (курфюрст Аўгуст III) — з другога. Завяршыў 2-ю Сілезскую вайну (гл. Сілезскія войны) — частку вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. Паводле яго Аўстрыя ўступіла Прусіі амаль усю Сілезію, а Фрыдрых II пагадзіўся прызнаць герм. імператарам мужа Марыі Тэрэзіі Франца Стафана Латарынгскага. Умовы Д.м. пацвердзіў Ахенскі мірны дагавор 1748.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МІЛЬТАН ((Hamilton) Александэр [11.1.1755) (1757?),

в. Невіс, Сент-Кітс і Невіс — 12.7.1804], дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць 1775—83 карыстаўся папулярнасцю як аратар і публіцыст. У 1776—81 у арміі, сакратар Дж.Вашынгтона. Лідэр партыі федэралістаў з 1789. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі на англ. ўзор. У 1789—95 міністр фінансаў. Адстойваў неабходнасць цэнтралізаванай дзяржавы, якая спрыяе развіццю капіталіст. сістэмы гаспадаркі. Ініцыятар заключэння нявыгаднага для ЗША дагавора (1794) з Англіяй.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1229, Смаленская гандлёвая праўда,

гандлёвае і паліт. пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з аднаго боку і Рыгай і Гоцкім берагам (Готландам) — з другога. Дагавор замацоўваў мірныя добрасуседскія адносіны бакоў, вызначаў меры адказнасці за злачынствы супраць прыезджых, рэгламентаваў парадак разгляду судовых спраў. Усім купцам гарантаваўся вольны гандаль і свабоднае карыстанне воднымі шляхамі па ўсёй Зах. Дзвіне, яе прытоках, па вадзе і па беразе.

Я.​А.​Юхо.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЛІ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная перавязь з левага верхняга кута ў ніжні правы, на перавязі 3 чырвоныя 4-пялёсткавыя (або 5-пялёсткавыя) ружы; клейнод — 2 чорныя валовыя рагі, паміж імі 3 пастаўленыя адна над адной ружы. Існуе варыянт герба: поле чырвонае. Паводле падання, узнік у пач. 11 ст. У ВКЛ існаваў з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 130 шляхецкіх родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

А.​К.​Цітоў.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ПРАВАСЛА́ЎНАГА БЕЛАРУ́СА»,

рэлігійна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў ліст.снеж. 1931 у Вільні на бел. мове. Асн. задачу бачыў у аднаўленні і станаўленні бел. праваслаўнай царквы, выказваў заклапочанасць яе станам у Зах. Беларусі і БССР, імкнуўся спалучаць каштоўнасці хрысціянства з бел. ідэяй. Выступаў за дэмакратызацыю царквы, з пазіцый абнаўлення праваслаўя разглядаў гісторыю рэлігіі ў Беларусі, негатыўна ацэньваў унію. Друкаваў хроніку царк. жыцця ў Зах. Беларусі. Выйшлі 2 нумары.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛБІЦА,

радовішча глін у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., за 1,7 км на ПнЗ ад в. Кеўлічы, каля р. Голбіца. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага зледзянення. Гліны чырвона-бурыя, цёмна-карычневыя, пластычныя, з невял. колькасцю буйназярністых часцінак. Разведаныя запасы 11,9 млн. м³, перспектыўныя 32,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,6—22,3 м, ускрыты 1,5—5,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць цэглы.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЕР ((Geyer) Фларыян) (каля 1490, г. Гібельштат, Германія — 10.6.1525),

адзін з кіраўнікоў паўстанцаў у Сялянскую вайну 1524—26 у Германіі. Імперскі рыцар. У 1519—23 на вайск. і дыпламат. службе ў магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага. Вясной 1525 узначаліў адзін з рэв. сял. атрадаў у Франконіі (т.зв. «Чорны атрад»), Дамогся пашырэння паўстання на 9 гарадоў. Выступаў за скасаванне прывілеяў дваранства і царквы. Забіты ў час задушэння паўстання войскамі Швабскага саюза.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)