БЕЛА́З,

марка кар’ерных аўтамабіляў-самазвалаў, спец. колавых трансп. сродкаў для металургічных прадпрыемстваў і аэрадромных цягачоў, якія выпускаюцца Беларускім аўтамабільным заводам. Самазвалы вырабляюцца з колавай формулай 4×2 (гл. Аўтамабіль) для розных клімат. і дарожных умоў, з гідрамех. ці электрамех. трансмісіямі, з рознымі мадэлямі рухавікоў і каробак перадач.

З 1995 вырабляюцца: кар’ерныя самазвалы БелАЗ-7540 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75405, -75407 грузападымальнасцю 30 т з рухавіком ЯМЗ-240ПМ2 магутнасцю 309 кВт (420 к.с.); БелАЗ-7548 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75485, -75489 (42 т) з рухавіком ЯМЗ-8401.10-02 (405 кВт, ці 550 к.с.); БелАЗ-7549 (80 т) з рухавіком 6ДМ-2ПБ (809 кВт, ці 1100 к.с.); БелАЗ-7512 і яго мадыфікацыі БелАЗ-75124, -75125, -75128 (120 т) з рухавіком 8ДМ-21АМ (956 кВт, ці 1300 к.с.); БелАЗ-75215 (180 т) з рухавіком 12ЧНІА-26/26 (1691 кВт, ці 2300 к.с.); БелАЗ-7530 (200—220 т) з рухавіком Дэтройт Дызель 16V-149TIB (1641 кВт, ці 2200 к.с.). З рухавіком ЯМЗ-8424.10-01 (312 кВт, ці 425 к.с.) выпускаюцца: аэрадромны цягач БелАЗ-74211 (4 × 4) для буксіроўкі самалёта масай да 210 т; шлакавоз БелАЗ-7920 (6 × 2) грузападымальнасцю 80 т для транспарціроўкі вадкага шлаку ў каўшах на металургічных прадпрыемствах; цяжкавозы БелАЗ-7921, -7924 (14 × 4; 140—150 т) для ўнутрызаводскіх перавозак тэхнал. грузаў; франтальны пагрузчык БелАЗ-7820 (10 т).

А.​С.​Рукцяшэль.

Да арт. БелАЗ. Шлакавоз БелАЗ-7920.
Да арт. БелАЗ. Кар’ерны самазвал БелАЗ-7549.

т. 2, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФРА́КЦЫЯ СВЯТЛА́,

з’ява агінання святлом контураў непразрыстых цел, якая прыводзіць да парушэння законаў геаметрычнай оптыкі. У больш шырокім сэнсе Д.с. — сукупнасць эфектаў, якія назіраюцца пры распаўсюджванні святла ў асяроддзі, з яўна выражанымі неаднароднасцямі.

Д.с. тлумачыцца праяўленнем хвалевых уласцівасцей святла і адбываецца, калі святло праходзіць праз вузкія шчыліны і адтуліны ў непразрыстых экранах ці каля краёў непразрыстых цел (памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі святла). Дыфракцыйная карціна з’яўляецца вынікам інтэрферэнцыі дыфрагаваных хваль і вызначаецца суадносінамі паміж памерамі перашкод ці адтулін і даўжынёй хвалі святла і характарызуецца адпаведным размеркаваннем інтэнсіўнасці. Разлік найпрасцейшых дыфракцыйных карцін робіцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу. Пры Д.с. ад кропкавай крыніцы (сферычная хваля) на круглай адтуліне ці круглым экране (дыфракцыя Фрэнеля) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных кольцаў (дыфракцыйны відарыс перашкоды). Пры дыфракцыі плоскай светлавой хвалі на вузкай шчыліне (дыфракцыя Фраўнгофера) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных палос (дыфракцыйны відарыс крыніцы святла). Д.с. на дыяфрагмах і аправах аб’ектываў абмяжоўвае раздзяляльную здольнасць аптычных прылад (мікраскопаў, тэлескопаў і інш.). На Д.с. заснавана дзеянне дыфракцыйных рашотак, узнаўленне галаграфічных відарысаў і інш выкарыстанні галаграфіі.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.

К.​М.​Грушэцкі.

Да арт. Дыфракцыя святла. Размеркаванне інтэнсіўнасці (1) і дыфракцыйная карціна (2) пры дыфракцыі Фраўнгофера на вузкай шчыліне шырынёй b, φ — вугал дыфракцыі.
Да арт. Дыфракцыя святла. Дыфракцыйная карціна пры дыфракцыі Фрэнеля на круглай адтуліне (1) і круглым экране (2).

т. 6, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грузінскае пісьмо. Грузінскі алфавіт.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.

Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл. Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб. стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл. Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;

Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грэчаскае пісьмо. Грэчаскі алфавіт.

т. 5, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),

сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.

Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.​Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.​Рамазанавым і Р.​Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш. Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш. Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.​Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.

Да арт. Клот. П.​Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.
Да арт. Клот. М.​К.​Клот. На раллі. 1872.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (сапр. Сарокін) Глеб Паўлавіч

(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1940), нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.​Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.​Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш. Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.

Літ.:

Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

А.​В.​Сабалеўскі.

Г.П.Глебаў. Мастак І.​Ахрэмчык. 1943.
Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».
Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМАЗА́Н (Арнольд Кандратавіч) (н. 14.6.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967, курс Р.​Качаткова). З 1967 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Мастацтву П. ўласцівы тэатр.-жыццёвая дакладнасць вобразаў, вонкавая завершанасць малюнка, мяккі гумар, пластычнасць, музыкальнасць. Стварыў разнапланавыя характары ў нац. драматургіі: Адольф Быкоўскі, Растрага («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.​Купалы), Лейзер («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Гарык («Пагарэльцы» А.​Макаёнка), Адвернік («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Міхалка Багдалевіч ’(«Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх), Падзерын, Косця, Дружыннік («Плач перапёлкі», «Госці», «Звон — не малітва» І.​Чыгрынава), Буслай, Кузьма, Першы селянін («Парог», «Вежа», «Князь Вітаўт» А.​Дударава), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева). Сярод інш. роляў: Кудраш, Бадаеў, Дасужаў («Навальніца», «Лес», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), купец Абдулін («Рэвізор» М.​Гогаля), Алёшка («На дне» М.​Горкага), Калібан, Эгей («Бура», «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), Доктар («Нежанаты мнагажэнец» Мальера), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Незнаёмец («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Удра («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна). Зняўся ў бел. кіна- і тэлефільмах: «Я, Францыск Скарына», «Іван Макаравіч», «Хроніка ночы», «Нас выбраў час», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Вазьму твой боль», «Імяніны», «Чужая бацькаўшчына», «Клетка малпы», «Момант ісціны», «Мая справа цялячая», «Пушча», «Птушкам крылы не ў цяжкасць», «Хам», «Залаты рэйс», «Інтэрпол», «Легенда Белай вежы» і інш.

Р.​І.​Баравік.

А.К.Памазан.
А.Памазан (у цэнтры) у ролі Міхалкі Багдалевіча.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. ў Мінску. Вядомы 2 тыпы М.к.: гаршковая 15—16 ст. і каробчатая 1-й пал. 16 — пач. 20 ст. Раннія віды гаршковай М.к. маюць прамавугольнае ці круглае вусце; больш познія, т.зв. міскавыя, — ніжэйшыя, з шырэйшым вусцем. Каробчатая кафля 1-й пал. 16 ст. тэракотавая, з квадратнай вонкавай пласцінай памерам 14 × 14 см, аздоблена геам. арнаментам у выглядзе пукатай або глыбокай контррэльефнай разеткі. З 2-й пал. 16 ст. пашырана масавая вытв-сць каробчатай кафлі (зберагаліся фрагменты гліняных штампаў-форм для выціскання ўзору). У 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі сценную, паясную, карнізную кафлю, каронкі, балясіны (тры апошнія тыпы мелі складанапрафіляваную вонкавую пласціну, што рабіла паверхню печаў рэльефнай). Вырабы пакрывалі палівай, найчасцей зялёнай. Выраблялі таксама паліхромную кафлю. У аздабленні М.к. выкарыстоўвалі геам. і расл. арнаменты, партрэтныя, геральдычныя, зааморфныя адлюстраванні, выявы міфалагічных істот, коннікаў, надпісы і інш. М.к. канца 17 — пач. 18 ст. мае вонкавую пласціну без рамкі, аздоблена рэльефным дывановым арнаментам. Кафля сярэдзіны 18 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрыта зялёнай або карычневай палівай; у 1-й пал. 18 ст. ў аздабленні выкарыстоўвалі рознакаляровыя эмалі. Кафля 19 ст. пераважна гладкая, пакрытая белай эмаллю; у вырабах канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы стылю мадэрн. Іл. гл. таксама да арт. Кафля.

В.​Е.​Собаль, У.​В.​Угрыновіч.

Да арт. Мінская кафля. Паліваная кафля з геаметрычным і выяўленчым сюжэтам. 17 ст.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.
Да арт. Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.

Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб. стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.

На тэр. Беларусі найб. стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс. г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл. Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн. ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц. нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар. маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц. народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл. маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл. Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская кераміка і г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-ва мясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл. Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.

Літ.:

Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;

Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр. М., 1982;

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.​Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.​Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.​Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.
Да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)